Разгляд кадравых пытанняў
- 17
- 2
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Калача Уладзіміра Віктаравіча - памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Мінскай вобласці;
Васільева Аляксандра Паўлавіча - начальнікам УА "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь";
Шастайлу Аляксандра Іванавіча - начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Замосціка Віктара Іванавіча - старшынёй Ельскага райвыканкама;
Прановіча Аляксандра Васільевіча - старшынёй Мядзельскага райвыканкама;
Палякова Мікалая Аляксандравіча - кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна г.Мінска;
Пятрушы Дзмітрыя Віктаравіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Керамін";
Касцечкі Міхаіла Іванавіча - генеральным дырэктарам закрытага акцыянернага таварыства "Беларуская нафтавая кампанія";
Ягорава Аляксея Уладзіміравіча - рэктарам УА "Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт";
Раманюка Мікалая Мікалаевіча - рэктарам УА "Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт";
Унсовіча Аляксандра Мікалаевіча - рэктарам УА "Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт";
Драгуна Кірыла Леанідавіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Мюнхене (Федэратыўная Рэспубліка Германія);
Варанкова Руслана Мікалаевіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Нью-Ёрку (Злучаныя Штаты Амерыкі);
Разянкова Дзмітрыя Юр'евіча - членам Гродзенскага аблвыканкама;
Багдановіча Дзмітрыя Міхайлавіча - генеральным дырэктарам Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі;
Меляшчэні Аляксея Віктаравіча - генеральным дырэктарам Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні;
Федарэнкі Яўгена Пятровіча - начальнікам аддзела падрыхтоўкі сумесных вучэнняў і трэніровак упраўлення сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі цэнтра планавання прымянення і падрыхтоўкі войскаў (Калектыўных сіл) АДКБ Аб'яднанага штаба АДКБ.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што важная якасць упраўленца - быць адданым свайму народу і дзяржаве.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што па некаторых кандыдатурах шмат разоў вяртаў дакументы на дадатковы разгляд, каб чыноўніка, які прэтэндуе на тую ці іншую пасаду, вывучылі яшчэ раз. "Нават вось Кіраўнік Адміністрацыі сёння раніцай даведаўся, што ён (былы намеснік Старшыні КДБ Уладзімір Калач. - Заўвага) будзе назначаны памочнікам Прэзідэнта. У мяне было тысяча пытанняў, але на ўсе пытанні я атрымаў адказы. Апошні адказ быў ад яго цяперашняга начальніка: учора позна вечарам ён мне далажыў пра гэтага генерала, - раскрыў некаторыя падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка. - Мы вельмі акуратна падыходзім да падбору кадраў".
"Мінулы год нас шмат чаму навучыў, таму на чале ўлады павінны быць дастойныя людзі. Гэта так званая дэмакратыя, якой наогул у свеце няма... Ужо ўсе пераканаліся ў гэтым, і дзякуй богу, што пераканаліся. І калі мы зыходзілі з таго, што трэба свабоду даць пры назначэнні, нейкае конкурснае саперніцтва павінна быць, павінны быць прафесіяналы і гэтак далей - усё гэта правільна. Павінны быць прафесіяналы, вось вы - прафесіяналы. Але не менш важная якасць у кожнага з вас - вы павінны быць адданымі свайму народу і дзяржаве", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу назначэнцаў: "Калі вы прыйшлі ў кабінет да Прэзідэнта, то вы не павінны забываць, што ў краіне ёсць Прэзідэнт. Ён можа некаму не падабацца, але калі вы назначаецеся гэтым Прэзідэнтам (я гэта дыпламатам гаварыў), то вы прадстаўляеце Прэзідэнта на тым ці іншым участку. Вы з'яўляецеся тварам гэтага Прэзідэнта. А я ніколі не падводзіў тых, каго назначаў. І вас таксама я ніколі не падвяду. У гэтым можаце не сумнявацца".
Прэзідэнт выказаўся аб спробах абвінаваціць яго ў карупцыйных злачынствах. "Можна толькі нейкія фэйкі да мяне "прышыць". Але не тое, што яны (апаненты ўлады. - Заўвага) там гавораць, асабліва звязанае з карупцыйнымі праяўленнямі і іншае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пачынаў сваю палітычную кар'еру з дэпутацкай дзейнасці, узначальваў камісію Вярхоўнага Савета па барацьбе з карупцыяй і "вычышчаў гэту дрэнь". "Гавораць, што ўлада людзей псуе, - гэта не да мяне, таму што я чалавек вясковы, які вырас на вуліцы", - сказаў Прэзідэнт.
Прымаючы рашэнне аб назначэнні Міхаіла Касцечкі генеральным дырэктарам ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія", Кіраўнік дзяржавы абазначыў галоўныя задачы ў рабоце БНК на бліжэйшы час.
"Што датычыцца нафтавай кампаніі, вы ведаеце, якія там працэсы адбываюцца, асабліва ў сувязі з гэтымі адмарозкамі на Захадзе, - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да новага кіраўніка БНК. - Але, я думаю, няма невырашальных пытанняў. Трэба заняць сваё месца на гэтым рынку".
"Я, як чалавек дзяржаўны, за што мяне часта крытыкуюць, раблю стаўку больш за ўсё на дзяржаўныя прадпрыемствы. Думаю, вы там вызначыцеся, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Інтарэсаў там перасякаецца шмат. Не дай бог, вы не вытрымаеце гэтага. Вы павінны быць сумленным, прыстойным і правесці дзяржаўную лінію".
Прыярытэты ў рабоце Прэзідэнт таксама абазначыў новаму генеральнаму дырэктару ААТ "Керамін" Дзмітрыю Пятрушы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наведваў гэта прадпрыемства, добра інфармаваны аб яго рабоце і лічыць вельмі перспектыўным. "Але ў нас ёсць шэраг пытанняў да кіраўнікоў, якія там працавалі, да кіравання гэтым прадпрыемствам. Кіраванне ніякае. Зыходзячы з мінулага года, мы бачылі шэраг недахопаў па тым, як паводзілі сябе асобныя работнікі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Усё гэта залежыць ад нас, ад упраўленцаў - якімі быць нашым падначаленым, як яны сябе паводзяць - гэта ўсё залежыць ад нас".
Прэзідэнт перакананы, што новы кіраўнік справіцца з пастаўленымі задачамі, а дзяржава, у сваю чаргу гатова аказаць неабходную падтрымку. "У мяне гэта прадпрыемства на кантролі. Многае давялося мне там зрабіць па мадэрнізацыі. Яны робяць добрую прадукцыю, проста трэба як мае быць разгарнуцца і заняць свой рынак, - адзначыў ён. - Удасканальваць трэба, новую прадукцыю трэба, не адставаць ад моды. Працаваць там можна і трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Назначаючы новых рэктараў ВНУ, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў першую чаргу чакае ад іх навядзення дысцыпліны і парадку ва ўстановах адукацыі.
"З ВНУ мы будзем разбірацца, і вельмі сур'ёзна, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы са многімі рэктарамі ВНУ рассталіся, таму што асноўная бяда - прыйшоў у крэсла рэктар, "укінуўся" і забыў, што ў цябе тысячы маладых чалавек, будучыня нашай краіны. Студэнт - гэта будучая эліта нашага грамадства. Вынік мы таксама ўбачылі ў мінулым годзе".
У Беларусі з боку дзяржавы аказваецца значная падтрымка як сістэме адукацыі, так і навучэнскай моладзі, падкрэсліў Прэзідэнт. І гэта, на яго думку, заслугоўвае ўзаемнага дастойнага, паважлівага стаўлення з боку студэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка арыентаваў рэктараў у першую чаргу на работу са студэнтамі. "Кіраванне і арганізацыя працэсаў - гэта галоўнае, - заявіў ён. - Калі рэктар на месцы, то і ў ВНУ будзе парадак. Вось я ад вас буду патрабаваць перш за ўсё парадак ва ўніверсітэце. А ўсім студэнтам, якія да вас прыйдуць, вы павінны ўбіць у галаву, што гэта іх краіна".
"Тое ж самае і на прадпрыемствах, у іншых установах, арганізацыях. Там рабочыя, тут студэнты. І ты як кіраўнік павінен іх весці за сабой. Калі няма выніку, вінаваты перш за ўсё ты", - дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца калектываў, куды прыйдуць новыя рэктары, то Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў сваё перакананне, што не трэба адразу мяняць кадры, а трэба ім даць магчымасць праявіць сябе. "Ты прыйшоў у новы калектыў, на прадпрыемства. Разбярыся, пачні з намеснікаў, дай ім шанц. Але калі гэта здраднікі - ім не месца на прадпрыемстве. Яны ўсё роўна вылезуць. Не паўтарыце маіх памылак: я шмат каму многае дараваў і яны потым вылезлі, - адзначыў беларускі лідар. - Мінулы год - лакмусавая паперка для ўсіх нас. Мы іх убачылі".
Звяртаючыся да рэктараў ВНУ, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў наступным годзе сферы адукацыі будзе ўдзелена асаблівая ўвага. "Увесь будучы год да 1 верасня мы прысвецім адукацыі.Трэба завяршыць усе пачынанні і так званыя рэформы, якія мы збіраліся правесці. Пачынаючы ад падручніка і заканчваючы навучальным працэсам, удзельнікамі гэтых працэсаў - усё мы павінны пералапаціць, паглядзець, што мы павінны пакінуць, што трэба зняць, адчысціць адукацыю ад усяго лішняга і вывесці яе на новы ўзровень", - паставіў задачу беларускі лідар.
"І Міністэрства (адукацыі. - Заўвага), і Адміністрацыя (Прэзідэнта. - Заўвага), і Урад павінны для сябе спланаваць да 1 верасня будучага года зняць усе праблемы, якія назбіраліся ў адукацыі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку важных момантаў, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу, Прэзідэнт назваў цэнтралізаванае тэсціраванне, арганізацыю навучальнага працэсу, працаўладкавання выпускнікоў, заключэння кантрактаў, дагавораў з тымі, хто паступае на платнае, бясплатнае навучанне. "Ну і галоўнае - дысцыпліна, парадак у навучальным працэсе. Дысцыпліна не толькі ў тым, што нехта выскачыў і "Магутны Божа" спяваў на вуліцы або ў будынку. Не ў гэтым пытанне. Калі мы не ўзварухнём адукацыю, мы будзем неканкурэнтныя, нашы студэнты, нашы спецыялісты будуць неканкурэнтныя на рынку, нават у Беларусі. А ўсе ж хочуць на Захадзе, яшчэ недзе папрацаваць. Мы не супраць. Пажадана, каб папрацаваў, вопыту набраўся і назад вярнуўся. Вось у чым пытанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму трэба на прадмет сучасных падыходаў выпрацаваць крытэрый і перабудаваць нашу адукацыю. І за будучы год да 1 верасня мы павінны будзем гэта зрабіць", - падагульніў беларускі лідар. Ён таксама звярнуў увагу, што да канца бягучага года трэба завяршыць працэсы па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя: "Па ахове здароўя мы расставім усе кропкі над "і" да канца гэтага года".
Пры назначэнні новых рэктараў ВНУ размова ішла пра сітуацыю ў адукацыйнай сферы, дзе Кіраўнік дзяржавы бачыць шэраг праблем, над устараненнем якіх трэба будзе працаваць. На злобу дня, улічваючы летнюю Алімпіяду, што праходзіць у Японіі, Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра спорт: "Як бачыце, Алімпіяда... Дык у нас і ў спорце шмат пытанняў. Мы фінансуем спорт больш, чым любая іншая краіна. Але што атрымалася? Мы фінансуем фізкультуру і спорт, але забылі аб тым, што краіне і народу хочацца бачыць спартсменаў з медалямі".
Выйсце з сітуацыі, якая склалася, Прэзідэнт бачыць у тым, каб сканцэнтраваць падтрымку на асобных відах спорту і камандах, якія сапраўды здольныя даваць вынік. "Трэба з усёй гэтай масы фізкультурна-спартыўнай, у якую мы ўкладваем велізарныя грошы, выбіраць асобныя каманды, спартсменаў і ўкладваць у іх сродкі, якія заўтра дадуць вынік. Вось гэта не зроблена. Таму нібыта і нядрэнна, усе займаюцца спортам, а медалёў няма. Чаму? Таму што не ўкладваем, зярняты гэтыя не выбіраем і не вырошчваем іх. Таму гэта сацыяльная сфера мае патрэбу ў сур'ёзнай рэформе", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я часта гавару: ведаеце, чаму мы часам у спорце не выйграём, яшчэ нешта? У адукацыі нехта гаворыць, што дрэнна, добра... Не галодныя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і ў якасці прыкладу прывёў спартсменаў з афрыканскіх краін. Яшчэ адзін прыклад, на які спаслаўся кіраўнік дзяржавы, - Сербія: "Таленавітая нацыя, такая як мы. Але чаму вынікі такія? Таму што яны ведаюць: калі яны перамогуць на Алімпіядзе, на чэмпіянаце свету, значыць, яны будуць мець усё. Не перамогуць - будуць недзе хадзіць, кавалак хлеба шукаць. А мы ўсіх падтрымліваем".
"Паглядзіце, што робяць нашы спартсмены, асабліва іх жонкі! - звярнуў увагу Прэзідэнт. - У чэмпіянаце футбола некаторыя людзі, футбалісты атрымліваюць велізарныя сумы грошай. А навошта жонкам працаваць? Яны сядзяць і тыкаюць у гэтыя айфоны. І ўсе - за БЧБ. Ад гультайства. Гэта не толькі мая выснова. Ёсць людзі, якія назіраюць за гэтымі працэсамі, і мне адкрыта кажуць: каму мы грошы плацім?"
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што многія краіны нават не падтрымліваюць матэрыяльна спартсменаў за алімпійскія медалі. "У Нарвегіі, найбагацейшай краіне, яны не плацяць, а спартсмен лічыць за гонар выступаць за сваю краіну, і медалі ўжо ёсць. А мы ўсё гэта перавялі ў грошы", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён запэўніў, што не супраць фінансавых выплат, але яны павінны быць заслужанымі. "Я не супраць, калі таленавіты, прывёз краіне славу, медалі, ордэны - атрымлівай усё. Вось табе зямельны ўчастак, будуй дом, вось табе за медаль вялікія грошы мы плацім, - сказаў беларускі лідар. - Спартсмен, сапраўдны спартсмен павінен жыць добра. Астатнія павінны цягнуцца да гэтага, тады будзе вынік".
"Гэта ўжо на злобу дня я гавару пра спорт, паколькі ўсе мы сядзім, глядзім чэмпіянат, некаторыя краіны, не буду іх называць, у тры-пяць разоў меншыя за нашу маюць залатыя ўзнагароды. А мы ўсё радуемся, што мы ў фінал трапілі... Але тут з трэнерамі трэба разабрацца. Першая віна - гэта трэнер. Калі ён са спартсменамі працаваў як трэба і настроіў на вынік, будзе вынік", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, лейтматывам сённяшніх назначэнняў стала барацьба за суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. "Гэта наша краіна і мы яе нікому не павінны аддаць - лейтматыў усіх гэтых назначэнняў", - сказаў ён.
Прэзідэнт упэўнены, што ўсе прысутныя сёння ў яго кабінеце - сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. "Гэта вопытныя людзі. Прафесіяналізм - гэта перш за ўсё вопыт. Гэта не тое, што некаторыя "саплівыя" там ходзяць, школу сяк-так скончылі, адукацыі ніякай, і яны сёння хочуць, як яны кажуць, "на мерсах раз'язджаць і быць у шакаладзе". Але для таго, каб багата жыць (асабліва ў рыначных умовах, чаго яны вельмі хочуць), трэба сапернічаць і выйграваць - перш за ўсё мазгамі, ведамі, працавітасцю - у такіх, як яны, па ўзросце. Вось і ўся формула", - абазначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму я ведаю, што вы людзі дастойныя, і вельмі хачу, каб у вас атрымалася гэта работа, з кім бы вы ні працавалі. Хто б ні быў у вас начальнікам, вы павінны быць прафесійнымі людзьмі, адданымі сваёй дзяржаве - гэта раўназначна "заўсёды адстойвалі сваё меркаванне". І калі трэба некага абараніць - значыць, трэба абараніць, у вас будзе нямала падначаленых. Нельга кідаць адных тых людзей, якія заслугоўваюць падтрымкі. Прынамсі, вы заўсёды знойдзеце ў мяне такую падтрымку", - яшчэ раз звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.