Разгляд кадравых пытанняў
- 11
- 2
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Дзенісенку Віктара Аляксандравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан;
Лукашэвіча Сяргея Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія;
Чарнецкага Андрэя Міхайлавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Карэя.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Кулака Віталя Уладзіміравіча - старшынёй Камянецкага райвыканкама;
Краўчука Вадзіма Васільевіча - старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама;
Міхеенка Аляксандры Мікалаеўны - старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама;
Семянычава Яўгена Алегавіча - кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска;
Андрэйчанкі Уладзіслава Уладзіміравіча - дырэктарам СТАА "Мабільныя ТэлеСістэмы";
Грамады Валерыя Іванавіча - Першым намеснікам Міністра культуры;
Саракача Сяргея Аляксандравіча - Намеснікам Міністра культуры;
Паўлючэнка Наталлі Віктараўны - Першым намеснікам Міністра працы і сацыяльнай абароны;
Берднікавай Юліі Мікалаеўны - кіраўніком Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;
Дзербіна Аляксея Паўлавіча - дырэктарам Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі;
Дубінскай Кацярыны Эдуардаўны - дырэктарам рэдакцыйна-выдавецкай установы "Выдавецкі дом "Педагагічная прэса";
Арлова Мікалая Валер'евіча - членам Віцебскага аблвыканкама;
Бабічава Уладзіміра Генадзьевіча - членам Віцебскага аблвыканкама.
Назначаючы новых паслоў Беларусі ў Таджыкістане, Бразіліі і Рэспубліцы Карэя, Аляксандр Лукашэнка падрабязна пацікавіўся, як падбіраліся кандыдатуры дыпламатаў. "Вы ж разумееце, што мы памыляцца не можам у назначэнні паслоў", - сказаў ён Міністру замежных спраў Уладзіміру Макею.
Кіраўнік МЗС запэўніў, што ўсе людзі абсалютна надзейныя і прафесійна падрыхтаваныя, кандыдатуры грунтоўна абмяркоўвалі, наконт гэтага было некалькі раўндаў сустрэч на розных узроўнях. Добра зарэкамендавалі сябе новыя паслы і на папярэдніх месцах работы.
Што датычыцца Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: гэта не проста дружалюбная краіна, але з яе лідарам Эмамалі Рахмонам Кіраўніка беларускай дзяржавы звязвае асабістая дружба. "У нас практычна няма сакрэтаў адзін ад аднаго. Гэта паказаў і мой апошні трохдзённы візіт. Таму вам будзе, з гэтага боку, лёгка працаваць", - сказаў ён, звяртаючыся да Віктара Дзенісенкі.
З іншага боку, адзначыў Прэзідэнт, ёсць вялікі патэнцыял для развіцця гандлю з Таджыкістанам, канкрэтныя напрамкі, па якіх можна дабаўляць у супрацоўніцтве.
"Галоўнае для любога пасла - гэта гандлёва-эканамічныя адносіны. З палітыкай жа ў нас з Таджыкістанам наогул няма праблем, як і па іншых краінах, куды вы паедзеце", - сказаў беларускі лідар.
Ён таксама выказаўся на тэму супрацоўніцтва з Бразіліяй: "Магутнейшая, вялізная дзяржава. І нам трэба пашыраць сваю прысутнасць там. Хаця б патроху. Я маю на ўвазе гандлёва-эканамічныя адносіны. У палітыцы будзеце бачыць, наколькі гэта магчыма". На гэтым напрамку Кіраўнік дзяржавы ў тым ліку разлічвае на падтрымку Расіі. "МЗС павінен дапамагчы. Тут і праз Расію, у БРІКС - праз гэту арганізацыю. Расіяне могуць дапамагчы па многіх напрамках, асабліва ў Бразіліі і асабліва цяпер, калі ўвогуле яны стараюцца нам дапамагчы ў гэты санкцыйны перыяд. І для іх цяжкі перыяд, і для нас гэта нялёгка. Але, як бачыце, спраўляемся. Думаю, справімся. І Бразілія ў гэтым спісе павінна быць адной з асноўных дзяржаў, за кошт чаго мы зможам стабільна сябе тут адчуваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца Карэі, з імі трэба сапраўды супрацоўнічаць. Цяпер трэба, разам з МЗС каб скаапераваліся і намецілі асноўныя напрамкі нашага супрацоўніцтва. Яны ідуць насустрач. Ім цікава гэта пляцоўка вялізная ў цэнтры Еўропы. Таму трэба падтрымліваць з імі адносіны", - адзначыў беларускі лідар.
Прымаючы кадравыя рашэнні па назначэнні кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб правядзенні рэферэндуму і падкрэсліў, што арганізаваць гэты працэс - задача ў тым ліку і мясцовых органаў улады. "У кожнага свае будуць функцыі, але мэта будзе адна", - сказаў беларускі лідар.
"Старшыням райвыканкамаў і супрацоўнікам вертыкалі ўлады давядзецца, вядома, нялёгка. Наперадзе ў нас рэферэндум. Нам давядзецца праводзіць яго, пераконваць людзей, хоць напружвацца мы асабліва не будзем. Мы проста людзям раскажам, якія перамены нас чакаюць у сувязі са змяненнем Канстытуцыі, каб нас не папракнулі, што мы тут утрымліваем дзіка ўладу пасінелымі рукамі, як я часта гавару, і вось пад сябе робім гэту Канстытуцыю. Ніхто пад сябе нічога рабіць не збіраецца. Як абяцалі, так і правядзём рэферэндум", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу чыноўнікаў на неабходнасць работы з людзьмі: "Калі мы хочам падтрымкі з боку насельніцтва, з боку беларускага народа, дык трэба працаваць з народам. Вось такія вось задачы".
Гаворачы ў цэлым аб задачах у рабоце кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў ліку прыярытэтаў для іх заўсёды будзе заставацца сельская гаспадарка. Шмат пытанняў у гэтай сферы і цяпер, у перыяд завяршэння ўборачнай кампаніі, асабліва з улікам умоў надвор'я, што ўскладніліся за кошт дажджоў. "Цяпер трэба не празяваць. Вы бачыце, што восень нам падкінула нямала праблем, асабліва дажджы (мінулы тыдзень і гэты тыдзень будзе дажджлівым). Выйсці з гэтага трэба будзе", - абазначыў кола пытанняў Кіраўнік дзяржавы.
Падыходзіць да завяршэння ўборачнай і вызначацца са спосабамі перапрацоўкі, захоўвання ўраджаю неабходна па-гаспадарску і зыходзячы з асаблівасцей рэгіёна, перакананы беларускі лідар. "Кукуруза - за кошт яе мы павінны дабраць збожжа, якое нам патрэбна. Але асабліва не трэба маліцца на збожжа. Калі ёсць магчымасць і вы бачыце, што неабходна мець сілас з кукурузы, значыць, трэба нарыхтоўваць і сілас. Проста трэба на месцы разабрацца, што кожнай гаспадарцы патрэбна, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Але галоўнае, каб быў парадак і дысцыпліна, нічога нельга страціць. Усё, што вырашчана, трэба сабраць".
"Што датычыцца дзяржзаказу, то тут праблем няма ні па адной з культур. Практычна дзяржзаказ выкананы. Таму дзяржава і людзі будуць забяспечаны збожжам у патрэбных колькасцях", - падкрэсліў Прэзідэнт.