Дзмітрый Баскаў назначаны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу
- 8
- 2:43
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Дзмітрыя Баскава членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Аб сваім рашэнні Кіраўнік дзяржавы паведаміў асабіста 14 верасня ў час рабочай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці, на якой прысутнічала і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
"Мною прынята рашэнне ўчора аб накіраванні яго да Вас сенатарам. Па квоце Прэзідэнта. Яшчэ ў нас чатыры вакансіі там. Я думаю, што ён будзе ў нас у парламенце, у верхняй палаце дарэчы. Чалавек ён здольны, гэта я ведаю. Я яго накіроўваю туды не толькі таму, што гэта патрыёт, адданы краіне чалавек (такіх мы не крыўдзім і не кідаем, гэта ўсім зразумела), але я яго хачу бачыць там яшчэ як чалавека здольнага. Ён разумны, дасведчаны. У жыцці ён хапіў гора, без бацькі вырас. Маці ў яго ў царкве працуе. Ведаю, што гэта чалавек шчыры. А тое, што там пра яго пішуць... Ну, б'юць па тых, хто побач, - Качанава, Эйсмант, Баскаў, Латышонак, і пайшло-паехала (А каго больш? Усе астатнія там, на заднім плане, хоць і ім таксама хапае). Але б'юць па іх, мы гэта цудоўна разумеем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дзмітрый Баскаў у верхняй палаце парламента будзе займацца сацыяльнымі пытаннямі, а таксама спартыўнай тэматыкай. "Ён будзе чалавекам больш свабодным у гэтым плане. Ну і як эксперт. І чалавек на нагах заўсёды - і дапаможа, і падкажа, і праедзе. Твая галоўная задача - дапамагаць людзям. Усё! Ну і, вядома, "хвост" спартыўны за табой. Спортам давядзецца займацца. І падказаць, і параіць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Дзмітрыя Баскава.
Прэзідэнт адзначыў, што ўжо ёсць кандыдатура на пасаду старшыні Федэрацыі хакея Беларусі: "Ёсць у нас кандыдатура на Федэрацыю хакея. Учора вы сустракаліся з чалавекам. Я думаю, ён згодзіцца. Вельмі вопытны, разумны чалавек, які прайшоў палітычную загартоўку. Трэба будзе яму дапамагчы. Ён вялікі спартсмен, але не хакеіст. Але тым не менш ён добры ўпраўленец. Я не буду тут апярэджваць падзеі. Калі ён згодзіцца, трэба будзе яму дапамагчы".
"Ну, а для цябе гэта такі, будзем шчыра казаць, пэўны ўзлёт у тваім узросце. Думаю, што за час работы ў Сенаце краіны вопыту палітычнага назапасіш. Патрыятызму ў цябе хапае, адданасці Беларусі ў цябе цераз край, дай бог кожнаму. А далей ужо твая справа вызначацца, як быць далей", - рэзюмаваў беларускі лідар, звяртаючыся да Дзмітрыя Баскава.