Наведванне Аршанскага мясакансервавага камбіната і Аршанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў
- 18
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня прадоўжыў рабочую паездку па Віцебскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы наведаў Аршанскі мясакансервавы камбінат і Аршанскую фабрыку мастацкіх вырабаў.
У час паездкі Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што чакае вынікаў ад работы па развіцці Аршанскага раёна. "У канцы года якраз гэтай тэмай зоймемся. Вы адкажаце за кожны квадратны метр", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні аднаму гораду ў Беларусі не ўдзяляецца такая ўвага, як Оршы. "У мяне ж і Гродна, і Брэст ёсць. Я сюды прыехаў - папісваюць ужо: а калі Прэзідэнт захад наведае?" - дадаў ён.
Паводле слоў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва, у Аршанскім раёне сапраўды ўжо зроблена шмат, у рэгіёне будуюцца ўнікальныя аб'екты.
Наведваючы мясакансервавы камбінат, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як будзе наладжаны рабочы працэс у новым цэху і што будзе са старымі вытворчымі і гаспадарчымі будынкамі. Як далажылі Прэзідэнту, іх збіраюцца зносіць, частку тэрыторыі перададуць гораду.
"Трэба разумна падысці. Перш за ўсё падумаць, патрэбна вам гэта тэрыторыя будзе ў перспектыве або не, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Зрабіць тут, як ты гаворыш, цукерку трэба. Цэх дзіцячага харчавання, як мне дакладвалі, добры. Пакінем моцныя памяшканні, выставім абсталяванне, калі трэба, - і выкарыстоўваць. Трэба падысці па-гаспадарску, разумна".
Што датычыцца новага цэха, то гэта, як расказалі Прэзідэнту, будзе не проста частка вытворчасці. Па сутнасці, пад яго дахам змесцяцца два мясакамбінаты. Паводле слоў выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара камбіната Максіма Бакурава, гэта адзіны такі праект у краіне. Прадукцыйнасць новага цэха будзе ў два разы вышэйшая за цяперашнія магутнасці. На вытворчасці прадугледжана ўсё да дробязей, каб у выніку прадукцыя задавальняла любога заказчыка.
Прэзідэнт пацікавіўся наяўнасцю сыравіны для поўнай загрузкі новых цэхаў. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што работа па нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці ў сыравінных зонах пачалася загадзя, каб да канца 2022 года забяспечыць 75-80 працэнтаў сыравіны для камбіната з яго ўласнай сыравіннай зоны.
Асобна Прэзідэнт спытаў пра рэалізацыю прадукцыі мясакансервавага камбіната. Як расказаў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Максім Бакураў, прадпрыемства цалкам закрывае патрэбнасці Беларусі ў дзіцячых кансервах. Аднак па цане і якасці цяжка канкурыраваць з прадукцыяй, напрыклад, расійскіх вытворцаў. Значна палепшыць сітуацыю дапаможа будаўніцтва і ўвядзенне ў строй сучасных цэхаў забою і перапрацоўкі свіней і буйной рагатай жывёлы, перакананы выконваючы абавязкі гендырэктара.
Заслухаўшы даклады аб развіцці прадпрыемства і перспектывах работы будуемага цэха, Прэзідэнт папрасіў падаць яму яго папку. Як аказалася, у ёй знаходзілася поўная інфармацыя аб будаўніцтве гэтага аб'екта. Па бягучых планах цэх хочуць здаць у лістападзе гэтага года. Хоць першапачаткова яго планавалі ўвесці ў эксплуатацыю да 1 ліпеня. Але з-за шэрага акалічнасцей - як суб'ектыўных, так і аб'ектыўных - работы завяршыць не ўдалося. "Вы правалілі, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Значыць, знайсці маё рашэнне: там канкрэтна - адказныя, хто пасадамі, хто галавой за што адказвае. За невыкананне даручэння павінны адказаць асабіста".
Што стала прычынай зрыву тэрмінаў, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кожнага з дакладчыкаў. Тут жа было прынята рашэнне назначыць новага кіраўніка прадпрыемства - ім стане цяперашні выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Максім Бакураў. "Але гэта толькі таму, што не зусім ты вінаваты ў правале гэтай будоўлі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Значыць, раю табе: займіся цэнамі не толькі на будаўніцтва (тут дзяржаўнае прадпрыемства будуе, але тым не менш), асабліва па прыватных і іншых структурах. Глядзі кожную спецыфікацыю. Бяры любых спецыялістаў, лічы цэны", - абазначыў Кіраўнік дзяржавы шэраг задач кіраўніку камбіната.
Губернатару і віцэ-прэм'еру Аляксандру Субоціну было даручага кантраляваць правядзенне адміністрацыйных працэдур, у тым ліку прыняцце рашэнняў па тэндарах. "У спрошчаным варыянце: сёння запрасілі жадаючых - за суткі вырашылі. Каб не цягаліся месяцамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з будуемымі аб'ектамі на прадпрыемстве, наведаў цэх вытворчасці кансерваў для дзіцячага харчавання і склад гатовай прадукцыі. Тут зноў была закранута тэма рэалізацыі прадукцыі Аршанскага мясакансервавага камбіната, у прыватнасці, наконт складанасцей работы з некаторымі гандлёвымі сеткамі, якія патрабуюць сабе працэнт за арганізацыю рознічнага гандлю. Прэзідэнт запатрабаваў разабрацца ў сітуацыі і ўстараніць усе складанасці.
У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка наведаў Аршанскую фабрыку мастацкіх вырабаў. Галоўным пытаннем візіту Прэзідэнта стаў далейшы лёс фабрыкі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб прапанове "Белвеста" па куплі гэтага прадпрыемства для далейшай арганізацыі на яго плошчах вытворчасці абутку. Аднак Прэзідэнт прыняў рашэнне перадаць фабрыку Аршанскаму льнокамбінату да жніўня гэтага года.
"Фабрыка з 1 жніўня паступае ў распараджэнне льнокамбіната", - аб'явіў аб сваім рашэнні Кіраўнік дзяржавы, азнаёміўшыся са станам спраў на фабрыцы. Як аказалася, ён не адпавядаў уяўленням аб сучаснай вытворчасці. Прэзідэнт даручыў у кароткія тэрміны навесці парадак на гэтым аб'екце, стварыць нармальныя ўмовы для работы людзей. "Да канца года фабрыка павінна мець прэзентабельны выгляд", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Калектыву Кіраўнік дзяржавы даручыў перадаць: "Да канца года тут зарплата будзе больш-менш нармальная. Людзі ў нас працавітыя - давай ім работу, яны будуць працаваць і трэба ім заплаціць". Таксама Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў у бліжэйшы час назначыць дырэктара фабрыкі (цяпер гэта пасада вакантная). Прэзідэнт паабяцаў яшчэ раз асабіста наведаць фабрыку і праверыць, як выконваюцца яго даручэнні. Што датычыцца інтарэсаў "Белвеста", то Аляксандр Лукашэнка даручыў знайсці для прадпрыемства ўчастак, прыдатны для арганізацыі вытворчасці абутку.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на захаванне рабочага калектыву фабрыкі, дзе працуе шмат швачак. На такіх спецыялістаў на рынку працы ў Беларусі вялікі попыт. Тым больш што работнікі фабрыкі маюць навыкі работы з ільнянымі тканінамі. "Мы вельмі дрэнна працуем з лёнам. Мы робім выдатныя тканіны пры ўсіх іх недахопах, і ў свеце ўжо няма гэтых тканін. Гэта цяжкая, працаёмкая вытворчасць, - сказаў беларускі лідар. - Мы робім добрыя тканіны. І, дарэчы, вырабы з тканіны ўмеем адшываць. Але мала. Трэба агрэсіўней працаваць. І пандэмія - не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло - яна вам дапаможа, людзі будуць браць, калі мы разгорнемся".