Наведванне Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання ў Гатаве
- 40
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 23 сакавіка ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне".
Прыбыўшы на прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу спытаў, якія плошчы займае завод. Паводле слоў генеральнага дырэктара Вольгі Палітыка, прадпрыемства размясцілася на тэрыторыі 27 га, аднак сёння палова тэрыторыі незадзейнічана. Там стаяць пустыя і непрыдатныя будынкі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына і ў свайго памочніка Аляксандра Косінца, чаму да гэтага часу не вырашана пытанне з гэтымі тэрыторыямі. Задача ж ставілася яшчэ ў 2014 годзе ў час мінулага наведвання завода Прэзідэнтам. "Чаму не было вырашана гэта пытанне?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Меркаванні ў кіраўніцтва прадпрыемства і чыноўнікаў разышліся: адны выступаюць за знос будынкаў і аддачу зямель пад новыя вытворчасці, нехта лічыць, што старыя цэхі неабходна мадэрнізаваць і такім чынам пашырыць гарбарную вытворчасць. Але канчатковага рашэння няма.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з гэтым пытаннем і навесці парадак на гэтай тэрыторыі, каб землі не прападалі.
На прадпрыемстве Кіраўніку дзяржавы далажылі аб стане і перспектывах развіцця гарбарнай галіны ў цэлым, а таксама аб стратэгіі развіцця самога завода.
Некалькі гадоў таму тут была праведзена маштабная мадэрнізацыя, але, як аказалася, вынікі, на якія было арыентавана прадпрыемства, дасягнуты не былі. На гэта вялікі ўплыў аказала і кан'юнктура рынку. У папярэднія гады ў айчынных вытворцаў абутку былі вялікія планы па выпуску прадукцыі, на што і разлічваў гарбарны завод у Гатаве. Аднак гэтыя планы не былі выкананы, адпаведна, прадпрыемства рэалізавала меншы аб'ём скуры, чым чакалася.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гарбарная вытворчасць - найважнейшая галіна эканомікі, і загубіць яе нельга.
Старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна прызнала, што галіна працуе недастаткова эфектыўна. На яе думку, галоўная праблема - у "недастатковых кампетэнцыях" кіраўнікоў.
Паводле слоў віцэ-прэм'ера Юрыя Назарава, ёсць прапанова стварыць гарбарна-абутковы вытворча-гандлёвы холдынг пад эгідай аднаго з вытворцаў. Гэта дасць магчымасць вырашыць усе праблемы завода ў Гатаве. "У нас 78 спажыўцоў скуры. А вы хочаце сыравіну аддаць аднаму. Дзе тут добрасумленная канкурэнцыя?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Генеральны дырэктар Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання Вольга Паліціка заявіла, што прадпрыемства можа забяспечыць айчынных спажыўцоў сыравінай. Але развіццю завода перашкаджаюць Br8 млн запазычанасці, што "вісяць на шыі", перад мясакамбінатамі за пастаўленую сыравіну.
На прадпрыемстве Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці скураных тавараў, узорамі вырабляемай прадукцыі і гатовымі вырабамі з яе. Затым Кіраўнік дзяржавы правёў на заводзе імправізаваную нараду.
"Настаў час адказваць - вы ўносіце прапановы, якія выключаюць прынятыя рашэнні. Ні адно з даручэнняў не выканана, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Вось яна галіна - на адным прадпрыемстве. Тут трэба перапрацаваць усе шкуры, якія ёсць у Беларусі. Вы перапрацавалі? Не. Вы забяспечылі скурсыравінай абутковую, мэблевую, галантарэю і іншае? Не забяспечылі".
Вяртаючыся да прапаноў Урада, Прэзідэнт папрасіў не цямніць - размова ідзе аб прыватызацыі прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што перш чым прадаць завод, неабходна ўзгадніць гэта рашэнне з працоўным калектывам, а затым з мясцовай уладай. Потым дакументы паступаюць ва Урад, дзе прымаецца адпаведнае рашэнне. Затым яно ўносіцца на разгляд Прэзідэнту і ён зацвярджае альбо не зацвярджае яго.
Аднак работнікі завода ў Гатаве прагаласавалі супраць продажу прадпрыемства, у райвыканкама і аблвыканкама таксама знайшліся заўвагі да праекта. "На наш погляд, інвестар на гэта прадпрыемства патрэбны, але продаж аднаму з ігракоў рынку абмяжоўвае канкурэнцыю", - растлумачыў губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын.
Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў, даручыў Ураду аказаць неабходную падтрымку заводу ў Гатаве, каб ён змог сканцэнтравацца на сваёй рабоце. Для гэтага трэба падтрымаць прадпрыемства фінансава: выдзеліць Br8-9 млн на выплату пратэрмінаванай запазычанасці перад мясакамбінатамі за пастаўленую скураную сыравіну, а таксама амаль $2 млн на будаўніцтва ачышчальных збудаванняў - без вырашэння гэтага пытання прадпрыемства таксама не зможа нармальна функцыянаваць. "Трэба разумець, што гэта наша прадпрыемства, і шкуры, якія яно купляе, таксама на нашых прадпрыемствах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ўдзяляць гэтаму напрамку ў эканоміцы трэба адпаведную ўвагу. "Ніякай прыватызацыі гэтага прадпрыемства быць не можа. Перапрацоўка скураной сыравіны - гэта стратэгічная галіна нашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы не можам, які б ні быў добры чалавек, у адны рукі аддаваць усю сыравіну. Вы ж разумееце, да чаго гэта можна прывесці", - дадаў Прэзідэнт. Тым больш, паводле яго слоў, умовы былі не самыя лепшыя для прадпрыемства і дзяржавы.
"Я прыеду праз год, і не дай бог гэта песня захаваецца", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Грошы прадпрыемству дастануцца не дарма: завод узяў на сябе строгія абавязацельствы. "80% (скурсыравіны. - Заўвага) вы павінны перапрацаваць, каб задаволіць патрэбнасці абутнікаў, мэбельшчыкаў, галантарэі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы ў цэлым аб рэалізацыі розных праектаў у краіне і падтрымцы тых ці іншых прадпрыемстваў, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што прымае рашэнні зыходзячы з двух інтарэсаў - дабрабыту грамадзян і пабудовы моцнай дзяржавы.
"Паверце, я ніколі асабістых інтарэсаў не прад'яўляў. У мяне няма "залатога дна", няма нічога - усё хлусня, гэта карцінкі. У мяне было толькі адно: каб простыя людзі мелі нешта ад нашых праектаў. І другое - дзяржава. Мы адбыліся як дзяржава. Я не магу яе загубіць. Вось мае інтарэсы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што, толькі зыходзячы з гэтых патрабаванняў, гатовы падтрымліваць розныя праекты і прадпрыемствы.
Адна з праблем гарбарнай галіны - высокі імпарт сыравіны. Тыя ж айчынныя вытворцы абутку не аддаюць перавагу беларускай скуры. Усяго ў краіне каля 80 прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць гэту сыравіну ў сваёй вытворчасці. "Ва Урад на гэтым тыдні запрасіце ўсіх спажыўцоў, стварыце "карпарацыю". Іх задача - прымусіць кіраўніка гэтага прадпрыемства (гарбарнага завода ў Гатаве. - Заўвага) рабіць тое, што ім патрэбна. Але пры гэтым яны на працягу года павінны прыйсці да таго, каб спажываць толькі беларускую сыравіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён нагадаў аб патрабаваннях да выкаранення пасрэдніцтва і сваіх строгіх падыходах да гэтай праблемы.
У своеасаблівую асацыяцыю, акрамя вытворцаў скураных вырабаў, таксама можна ўключыць мясакамбінаты (пастаўшчыкоў скураной сыравіны) і саміх перапрацоўшчыкаў, прапанаваў Прэзідэнт. Так, на яго думку, можа быць выпрацавана адзіная палітыка па развіцці гарбарнай галіны, каб зменшыць аб'ёмы імпарту.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады аб рабоце іншых гарбарных заводаў і развіцці ў краіне гэтай галіны ў цэлым. Ён пацікавіўся, якія пытанні яшчэ застаюцца і якія неабходны рашэнні. Адказным службовым асобам былі дадзены адпаведныя даручэнні.
"І апошняе, на злобу дня. Усе хочуць паўнамоцтваў. Гэта Урада і губернатара рашэнне павінна было быць (па гарбарным заводзе ў Гатаве. - Заўвага). Вы хочаце паўнамоцтваў, а адказнасці не несяце. Вы павінны былі глыбока прапрацаваць гэта пытанне ва Урадзе і ўнесці прапановы. І забудзьце: "А, мы цяпер паглядзім, як яна зробіць ці не". Ад працоўнага калектыву, старшыні райвыканкама да Урада - пракантраляваць усё жалезна", - падагульніў Прэзідэнт.
Пазней, сустракаючыся з работнікамі Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваё рашэнне і раскрыў некаторыя падрабязнасці прапанаванай здзелкі. "Пытанне ў тым, што вашу сыравіну спажываюць у Беларусі 78 прадпрыемстваў: адзенне, абутак і гэтак далей. Урад уносіць прапанову вас прадаць аднаму з іх. Гэта будзе справядліва для астатніх 77? Не. Я веру: чалавек прыйшоў з добрымі намерамі. Гэта сёння, а заўтра, калі ён будзе гаспадаром, ён будзе дыктаваць іншым прадпрыемствам свае ўмовы. Гэта ўжо не раўнапраўная канкурэнцыя", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі дзяржава не спраўляецца з нейкім прадпрыемствам, тады можна пайсці на прыватызацыю. Але ў дадзеным выпадку ў гэтым няма неабходнасці. "Дзяржава можа вырашыць праблемы, якія тут засталіся, - заявіў Прэзідэнт. - Папрасілі прыватызаваць прадпрыемства і прадаставіць вялікія льготы - гэта значыць, падаткі плаціць не будуць. А льготы роўныя той суме, якую мы павінны ўкласці ў мадэрнізацыю? Які ж сэнс? Таму ўсе рашэнні прыняты для таго, каб вы маглі працаваць".
"Старайцеся працаваць і ўтрымліваць гэта прадпрыемства ў сваіх руках. Вашых дзяцей нідзе не чакаюць. Таму зрабіце добрае прадпрыемства, каб тут маглі працаваць вашы дзеці і атрымліваць нармальную зарплату", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне аднаго з работнікаў прадпрыемства аб імпарце скураной сыравіны, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прымаць тыя ці іншыя меры па абароне ўласнага рынку трэба акуратна, каб не нашкодзіць партнёрскім адносінам з іншымі дзяржавамі. Так, калі забараніць пастаўкі той ці іншай прадукцыі ў Беларусь, напрыклад, з Расіі або Турцыі, то яны могуць гэтак жа адказаць адносна экспартуемых беларускіх тавараў. "Таму майце на ўвазе: трэба настройвацца на канкурэнцыю. Гэта (абарона ўнутранага рынку ад імпарту. - Заўвага), ведаеце, такая двухбаковавострая зброя. Я ведаю, як умеюць адказваць. І мы не махіна. Мы - сярэднееўрапейская невялікая дзяржава", - падкрэсліў беларускі лідар.
Супрацоўнікі завода таксама падзякавалі Прэзідэнту за вырашэнне пытання па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. "Мы павінны вырашыць гэту праблему. Гэта - галоўнае. У Гатаве ж жывуць людзі. Таму гэта вельмі важнае дзяржаўнае пытанне. Мы паціху, у гэтым годзе, зробім першы крок. А далей пастаянна будзем працаваць, таму што там немалыя грошы , - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што будуць вырашаны і іншыя пытанні, якія ўзнімаюцца грамадзянамі, напрыклад, жыллёвае. "У вас ёсць зараджанасць на работу. Гэта ўжо добра. Да майго прыезду тут пахадзіла шмат людзей. І мне распісалі ўсе вашы настроі. У вас нядрэнны калектыў. Таму вам трэба і дапамагчы, таму што вы некалі вернеце гэта спаўна - падаткамі і іншае, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы дамовіліся, што губернатар дапаможа вам пабудаваць жыллё, колькі мы зможам, арэнднага перададзім, а вы наймайце потым людзей: будуць у вас працаваць - будуць жыць у доме. Таму і ў гэтым плане трэба аказаць падтрымку. Так, можна на аўтобусе вазіць аднекуль людзей, але калі падумаць, сабраць усе затраты, то гэта для вашага прадпрыемства будзе даражэй, чым пабудаваць дом. Гэта значыць мы прынялі комплекснае рашэнне".
Пытанне адной з работніц датычылася заклікаў шэрага эколагаў адмаўляцца ад выкарыстання натуральных скуры і футра на карысць штучных матэрыялаў. "Вы гатовы сёння замяніць натуральны абутак на штучны? Я не гатовы. Вось у мяне чаравікі "Марко". Я толькі іх нашу абутак. Тканіна - "Камволь". Паліто пашылі тут - беларускае. Слухайце, выдатная якасць. І натуральны абутак мы будзем вырабляць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца заклікаў эколагаў і абаронцаў жывёл, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што людзі не адмовяцца ад ужывання ў ежу мяса, адпаведна, будуць і шкуры, якія трэба перапрацоўваць. "Мы з гэтай скуры, паколькі ялавічыну ядзім, будзем шыць абутак", - сказаў ён.
"Ніхто не адмовіцца ад натуральнай скуры", - упэўнены Прэзідэнт. Адпаведна, будуць перспектывы і ў прадпрыемстваў, якія працуюць па гэтым профілі.
Закранаючы пытанне магчымасці дадатковага павышэння пенсійнага ўзросту, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што новых рашэнняў адносна пенсійнага ўзросту ў Беларусі не плануецца. "Усе рашэнні прыняты. У гэтым напрамку будзем дзейнічаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што можна было б зрабіць пенсійны ўзрост і, напрыклад, з 50 гадоў. "Але толькі вы не забывайце, што пасля 50 гадоў нас з вамі будуць утрымліваць нашы дзеці", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Адпаведна, узрасла б нагрузка, узносы ў пенсійны фонд. "Але ні адна маці, ні адзін бацька ніколі не скажа: няхай за мяне там плацяць мае дачка або сын. Скажуць: ды я лепш папрацую 3-5 гадоў", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы мяне зразумейце. Я з простых людзей, простай сям'і. У мяне маці была даяркай, і я ведаю, што такое гэта жыццё. І сам 10 гадоў кароў даіў. Але мы не павінны свае праблемы перакладваць на дзяцей. Хто яго ведае, як яшчэ складзецца жыццё нашых дзяцей. Вось у чым праблема, а не таму, што мы хочам з вас там сарваць нейкія грошы", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы прынялі ўсе рашэнні (адносна пенсійнага ўзросту. - Заўвага). Я сам хутка буду пенсіянерам разам з вамі. Што ж я буду да 80 гадоў працаваць, а з 80 на пенсію пайду? На самалёт буду ўзбірацца, яшчэ ўпаду на гэтых прыступках", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Работнікі гарбарнага прадпрыемства падарылі Кіраўніку дзяржавы вялікую карту Беларусі, якая зроблена з розных тыпаў скуры. "Дазвольце Вам на памяць падарыць карту нашай любімай адзінай Беларусі. Яна зроблена са скуры, выпушчанай у Гатаве. Так, тут розныя віды скуры. Так і мы ўсе розныя, - сказала гендырэктар прадпрыемства Вольга Паліціка, прадстаўляючы падарунак. - Няхай упрыгожвае Вашу рэзідэнцыю. А Вам - здароўя, цярпення".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэты падарунак зойме дастойнае месца ў Палацы Незалежнасці. "Вось ты наглядзелася гэтых фільмаў... Рэзідэнцыя... Гэта ў Палацы Незалежнасці будзе. Гэта ж твая рэзідэнцыя, гэта ваш дом. Я ў Палацы Незалежнасці знайду месца. Гэта арыгінальна", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падзякаваў за падарунак і пажадаў усім доўгага жыцця.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава не шкадуе сродкаў для выратавання жыццяў і здароўя людзей. "Помніце, што на лячэнне людзей ад COVID мы патрацілі мільярды долараў. Што, мне гэтыя грошы лічыць, калі чалавек у рэанімацыі ляжыць... Вось я 12 разоў быў у рэанімацыі, глядзеў на гэтых людзей. Ніякіх грошай не шкада, каб толькі ім дапамагчы", - заявіў беларускі лідар.
Ён таксама закрануў пытанне вакцынавання насельніцтва. "Адна вакцына расійская каштуе $19. Палічыце, колькі трэба. Дамовіўся я з імі, што па іх тэхналогіі мы ў сябе будзем вырабляць гэту вакцыну. Яна нядрэнная вакцына. Літаральна праз тыдзень пачнём вырабляць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ў гэтым плане няма дзікага ажыятажу, як у шэрагу замежных краін. "Больш таго, мы дамовіліся з кітайцамі. Яны нам прыслалі партыю (цэлы самалёт) кітайскіх вакцын. Вельмі добрая, кажуць. І яшчэ яны нам прысылаюць, гэта бясплатна, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - І згодны, што мы ў іх купім, але ў іх даражэй".
"Таму нам цяпер нялёгка, але мы вытрымаем", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама нагадаў аб памятных мерапрыемствах, якія прайшлі нядаўна ў Хатыні, падкрэсліўшы тыя цяжкасці і жах, з якім сутыкнуліся людзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: "Стаіш у Хатыні і думаеш: бедныя людзі! У глухой гэтай вёсачцы займаліся сваімі справамі. І раптам прыйшлі падонкі, акружылі, у хлеў загналі, спалілі. Вось гэта была катастрофа".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў карных аперацыях удзельнічалі не толькі немцы, але і калабарацыяністы. "Вось гэта была катастрофа. Ты жывеш у вёсцы, у цябе дзеткі. Недзе немцаў забілі - прыйшлі, усю вёску спалілі, выразалі. Куды было дзявацца гэтым гаротнікам? Вось гэта была праблема. І мы гэта павінны помніць", - сказаў Прэзідэнт.
"Заўсёды ў нас былі і добрыя часы, і дрэнныя часы. Незалежнасць, я вам казаў, каштуе дорага. Але прадацца, уступіць унутр якой-небудзь дзяржавы, напэўна, ні адзін з вас не захоча. А я больш за ўсіх не хачу. Таму што першы Прэзідэнт гэтай дзяржавы, якую я разам з вамі рукамі гэтымі ляпіў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.