Наведванне Нацыянальнага музея Амана
- 14
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 снежня ў Маскаце наведаў Нацыянальны музей Амана.
Нацыянальны музей размешчаны насупраць султанскага палаца Аль-Алам. Дэкрэт аб будаўніцтве новага будынка музея быў выдадзены 20 лістапада 2013 года. Яго афіцыйнае адкрыццё адбылося 30 ліпеня 2016 года.
Агульная плошча музея складае 13,7 тыс. кв.м, з якіх 4 тыс. кв.м выдзелены пад 14 выставачных залаў: "Зямля і людзі", "Хараство Іслама", "Аман і свет", галерэі марской гісторыі, зброі і брані, дагістарычнай і старажытнай гісторыі, нематэрыяльнай спадчыны, Афладжа (ірыгацыйная сістэма ў Амане) і іншыя. Пад часовыя выстаўкі выдзелена 400 кв.м.
У 2018 годзе паміж Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі і Нацыянальным музеем Султаната Аман падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні, праводзіцца абмен выстаўкамі. "Упэўнены, што прадаўжэнне практыкі ўзаемных выставак нацыянальных музеяў нашых краін адкрые новыя гарызонты для ўмацавання сувязей паміж Беларуссю і Аманам, пашырэння магчымасцей абмену вопытам даследчыкамі і спецыялістамі ў галінах навукі, культуры і музейнай справы. Жадаю кіраўніцтву і супрацоўнікам музея новых поспехаў і дасягненняў. Няхай ваша ўдзячная работа дапамагае адкрываць новыя нязведаныя старонкі мінулага, прадаўжае натхняць будучыя пакаленні на захаванне і вывучэнне багацейшай спадчыны Амана", - гаворыцца ў запісе Аляксандра Лукашэнкі ў Кнізе ганаровых гасцей музея.
Экскурсію для Кіраўніка дзяржавы правёў генеральны сакратар музея Жамаль аль-Мусаві. "Кажуць, тут наш беларус ёсць!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы яго ля ўвахода ў музей.
Справа ў тым, што маці Жамаля аль-Мусаві - ураджэнка Беларусі, а сам ён выдатна гаворыць па-руску.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Мінску пачынаюць будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага музея гісторыі, а таму важна паглядзець, як такія музеі ўладкаваны ў іншых краінах свету, вывучыць вопыт. "Можа, калі пад'едзеце, падкажаце, што як", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы. Жамаль аль-Мусаві заявіў аб гатоўнасці садзейнічаць у гэтым пытанні.
Што датычыцца Нацыянальнага музея Амана, ён падпарадкоўваецца Султану Амана і з'яўляецца стратэгічнай установай. "Мы займаемся пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці. Пытаннямі, хто мы ў глабальным свеце", - расказаў кіраўнік музея.
"Гэта і для нас важна", - пацвердзіў Прэзідэнт.
Пасля наведвання музея Аляксандр Лукашэнка і Султан Хайсам бен Тарэк Аль Саід прадоўжылі стасункі ў палацы Аль-Алам. "Вось якраз цяпер буду сустракацца з Султанам. Мы вызначым некалькі канкрэтных напрамкаў ужо не супрацоўніцтва, а нашых дзеянняў. І мы пачнём гэта рабіць да таго, як ён прыедзе да нас", - паведаміў журналістам Аляксандр Лукашэнка.
Ён растлумачыў, у ходзе перагавораў напярэдадні яны з Султанам Амана вызначыліся стратэгічна. "А вось цяпер мы з ім сустрэнемся ў такой рабочай абстаноўцы і пагаворым аб канкрэтных праграмах і праектах. Яны ўжо напрацаваны", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы створым міжурадавую камісію або камітэт, выпрацуем дарожную карту, план. У будучым годзе Султан паабяцаў прыехаць у Беларусь. І да гэтага часу мы выпрацуем дарожную карту. І не толькі будзем чакаць яе зацвярджэння, але і сёе-тое зробім практычна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Султан прапанаваў стратэгічныя напрамкі супрацоўніцтва. Для нас вельмі важна, каб мы вызначылі пункт. Порт, можа, яшчэ нешта будзем глядзець. І адтуль пайшлі нашы тэхналогіі, якія ў Амане патрэбны. Таму мы будзем на беларускіх тэхналогіях ствараць тут сумесныя прадпрыемствы і будзем рухацца на захад, на ўсход, на поўнач адсюль з Індыйскага акіяна, прадаючы свае тавары, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі добрую прапанову ўнёс Султан - стварыць тут хаб - такі цэнтр беларускіх тавараў. І я ўчора яму шчыра сказаў, што вырабляць мы навучыліся шмат чаго. Гандляваць - яшчэ не вельмі. Ну а яны здаўна (умеюць гандляваць. - Заўвага). І ў гэтым плане паабяцалі нам аказаць дапамогу. Словам, закрытых тэм наогул не было. Інтарэс вялікі ў Амана да Беларусі. Мы, напэўна, не вельмі актыўнічалі тут".
"Гандлюючы спачатку таварамі, мы гатовы тут ствараць сумесныя прадпрыемствы і пашыраць тут вытворчасць і разам гандляваць на гэтым шляху. Гэта датычыцца вельмі многіх прадуктаў, тавараў. Мы аб гэтым публічна не гаворым па пэўных прычынах", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо быў з візітам у Амане 17 гадоў таму, і ўжо тады пазнаёміўся з Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам, які цяпер з'яўляецца Султанам Амана. "Ён тады мяне сустракаў, суправаджаў. Таму мы ўжо з ім знаёмы. І нам лёгка было весці перагаворы", - падзяліўся Кіраўнік дзяржавы.