Перагаворы з Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам
- 28
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Султан Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саід 15 снежня ў Маскаце правялі перагаворы.
Лідары краін абмеркавалі стан і перспектывы развіцця адносін, напрамкі, па якіх можна надаць дадатковы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву. Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняліся меркаваннямі па актуальным міжнародным парадку дня.
Перагаворам папярэднічала цырымонія сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам. У якасці месца цырымоніі традыцыйна была выбрана палацавая плошча.
Цікава, што хоць фармат візіту Прэзідэнта Беларусі рабочы, але ўвесь цырыманіял практычна цалкам адпавядае статусу афіцыйнага або дзяржаўнага візіту. Ганаровая варта, выкананне гімна, залпы артылерыйскіх гармат. Усе гэтыя і іншыя нюансы - знак асаблівай павагі прымаючага боку.
Перагаворы лідары краін правялі ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Затым прайшла сустрэча ў фармаце сам-насам.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Султан Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саід у час рабочага візіту беларускага лідара абмяняліся падарункамі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падарыў Султану Слуцкі пояс і пісталет-кулямёт сістэмы Шпагіна.
Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджванне на беларускіх землях яшчэ ў XVI стагоддзі. Такі пояс лічыўся прыкметай высакароднага паходжання, яго наяўнасць указвала таксама на дабрабыт уладальніка. Раней па даручэнні Прэзідэнта ўнікальная вытворчасць была адроджана. "Гэта наша святыня. Вельмі багатыя людзі апярэзвалі сябе гэтым поясам. Чым багацейшы чалавек, тым даражэйшы пояс", - адзначыў беларускі лідар.
Што датычыцца легендарнага пісталета-кулямёта Шпагіна, то гэта зброя адыграла сваю ролю ў справе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў цэлым у набліжэнні перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. ПКШ быў асноўнай зброяй пяхоты, а салдаты і партызаны назвалі яго паважліва - "Папаша".
"Гэта зброя Вялікай Айчыннай вайны, сярэдзіны мінулага стагоддзя. Нашы воіны змагаліся з фашыстамі", - суправадзіў Прэзідэнт каментарыем падарунак. Ён таксама, як гэта і прынята, перадаў Султану афіцыйны дакумент на зброю.
У сваю чаргу Султан падарыў беларускаму лідару традыцыйны аманскі кінжал Ханджар. Гэты выгнуты кінжал - абавязковы прадмет традыцыйнага касцюма арабаў Амана, нацыянальны сімвал краіны. "Хацелі б паднесці яго Вам як памяць пра Аман", - сказаў Хайсам бен Тарэк Аль Саід.
Аляксандр Лукашэнка ўзамен уручыў Султану манету, што традыцыйна прынята, калі прымаеш у падарунак халодную зброю. "У Палацы Незалежнасці будзе ў нас - у рэзідэнцыі Прэзідэнта", - адзначыў ён.
Вечарам 15 снежня ў Маскаце ад імя Султана таксама адбыўся афіцыйны прыём у гонар Прэзідэнта Беларусі. Лідары краін прадоўжылі сустрэчу, пачатую ў першай палове дня ў час перагавораў.