Даклад Міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі
- 8
- 6:03
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка прыняў з дакладам Міністра юстыцыі Сяргея Хаменку.
Сяргей Хаменка на гэтай пасадзе працуе крыху больш за паўгода. Але, адзначыў Прэзідэнт, нагрузка на дзяржслужачых у Беларусі вялікая, а значыць, тэрмін службы можна павялічваць удвая.
"Мы з Вамі дамаўляліся, што Вы свежым вокам пагледзіце на Мінюст. І як чалавек, можа, не так звязаны з нарматворчасцю і асабліва кантролем, арганізацыяй нарматворчага працэсу, падумаеце над тым, як удасканаліць работу Міністэрства юстыцыі, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Хацелася б пачуць, якая сітуацыя, якая выканальніцкая дысцыпліна ў Вашым ведамстве і як працуюць кадры. Кадравая работа пытаннем нумар адзін заўсёды была, ёсць і будзе. Ваш пункт гледжання ў сувязі з гэтым".
Разам з Сяргеем Хаменкам на даклад да Аляксандра Лукашэнкі прыйшла і Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна былі прыняты змяненні ў Канстытуцыю Беларусі, такім чынам створаны "новы каркас дзяржавы ў сферы законаў і заканатворчасці". "Зразумела, мы павінны былі даўно палічыць, колькі нам патрэбна змяненняў і дапаўненняў, колькі законаў прыняць у развіццё той Канстытуцыі, якая прынята на рэферэндуме і сёння дзейнічае. Гэту работу трэба неадкладна разгортваць, - паставіў задачу Прэзідэнт. - Вам абодвум давядзецца гэтым займацца перш за ўсё. Мы ўсе будзем да гэтага працэсу мець дачыненне, таму што нарматворчасць не можа залежаць толькі ад двух чалавек або ж ад двух ведамстваў. Гэта выключана. Уся краіна павінна займацца гэтымі працэсамі".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як бачаць гэту работу ў Міністэрстве юстыцыі і калі плануецца яе пачаць. Прэзідэнт заўважыў, што заканадаўства павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй на працягу двух гадоў, і гэты час праляціць вельмі хутка. "Таму трэба асноўныя законы прымаць цяпер", - падкрэсліў ён.
"Я так разумею, што Мінюст у нас у тым ліку кантралюе работу адвакатуры. Будзем адкрыта гаварыць: я спадзяюся, што і кіраваць будзе працэсамі, звязанымі з адвакатурай. І натарыят. Гэта няпростыя структуры, якія ствараліся ў свой час зацікаўленымі асобамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму яму даводзіцца актыўна ўмешвацца і кантраляваць работу адвакатуры і натарыята: "Там некаторыя хацелі нечага займець, перш за ўсё, для сябе. І гэта на вашай памяці. Вы памятаеце, як мне давялося разбураць гэту, як я яе тады груба называў, "банду", якая там была створана. Не думаю, што мы там вырашылі ўсе пытанні".
"Адвакатура павінна быць пад кантролем, але павінна дзейнічаць згодна з законам і павінна быць сапраўднай адвакатурай. Адвакат павінен выконваць свае функцыі, не баючыся нічога, але ў той жа час мы павінны разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І яго дзеянні павінны быць заснаваны на нормах закону, а не нейкіх прыдуманых нормах - свабоды слова і іншых свабод. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды. Дзякуй богу, убачылі, якую свабоду нам сюды нясуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на будучую вялікую работу ў партыйным будаўніцтве і навядзенні парадку ў грамадскіх аб'яднаннях. "Абавязкова трэба людзям і грамадству дакладна даць сігнал, што такое грамадзянская супольнасць, з чаго яна ў нас складаецца, і гэта адлюстраваць у законах. Заканадаўства дакладна павінна гэта вызначаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы асобна пацікавіўся работай службы прымусовага выканання, якая значны час таму была выдзелена ў адзіную структуру: "Як яны функцыянуюць сёння? Чаго не хапае?"
"І пытанне ў сувязі з гэтым, якое адзначалася на апошняй нарадзе, - выкананне рашэння судоў, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Запазычанасць у бюджэт павінна быць жалезабетонна выканана. І Вы як генерал, лепш, чым хто-небудзь, павінны разумець, што гэта павінна быць вырашана. Гэта пакаранне, прынятае судом".
"Трэба выконваць рашэнні судоў. Таму да канца года трэба ўсё гэта зачысціць і запатрабаваць выканання. Не выконваюць - вы ведаеце, што трэба рабіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.