Сустрэча з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам ва Уладзівастоку. Наведванне вострава Рускі
- 33
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка ва Уладзівастоку сустрэўся з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам.
Прэзідэнт адзначыў, што яму выпаў гонар пабываць на краі "нашай агульнай Айчыны". "Мы заўсёды гаворым: ад Брэста да Уладзівастока. Вось наша агульная Айчына, на якой існуюць сёння дзве незалежныя дзяржавы і дэманструюць магчымасці пабудовы гэтага адзінства", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што часам гучалі апасенні, што Беларусь уключаць у склад Расіі. "Я кажу: мы з Пуціным не будзем дзейнічаць старымі метадамі. Мы, кажу, адбудуем такое адзінства дзвюх незалежных дзяржаў, што ў нас будуць вучыцца. Будуць вучыцца! І як санкцыі пераадольваць, і гэтак далей", - упэўнены Прэзідэнт.
Беларускі лідар упэўнены, што санкцыйны перыяд - гэты час магчымасцей: "Можа, я не зусім усведамляю так глыбока гэты перыяд. Можа, нашы меркаванні не супадаюць (у нас эканомікі ўсё ж такі розныя). Але я рады, што гэтыя санкцыі нам увялі. Нарэшце мы з Расіяй пачалі супрацоўнічаць так, як мы павінны былі даўно супрацоўнічаць".
Ён адзначыў, што якія-небудзь абмежаванні ў супрацоўніцтве дзвюх краін - гэта анахранізм і такога не павінна было быць у адносінах. "Я разумею, Расія вялізная. Усе хочуць тут працаваць. Не толькі імкнуцца з нейкімі гадкімі намерамі. І я разумею, што і Прэзідэнту, і Ураду было няпроста. І тых пакрыўдзіць нельга, і гэтых. Турцыя просіць рынак, каб прадаваць таматы. Нехта - яшчэ штосьці. І трэба ўсім дагадзіць, таму што з усімі трэба супрацоўнічаць. І Кітай тут побач, што актуальна для вас. Японія, Карэя і іншыя", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.
"Ну што ж, яны зрабілі свой выбар (тыя, хто ўвёў санкцыі і прыпыніў супрацоўніцтва з партнёрамі ў Расіі і Беларусі. - Заўвага). Паверце, на шчасце не толькі нам, але і вам. Нам чаму зручна? Нас не напружвае расійскі рубель. Я даўно патрабаваў, што мы павінны пераходзіць на разлікі ў расійскіх рублях. Не патрэбны нам долары і еўра. Немагчыма было праламаць гэту сцяну. Калі ласка, сёння мы разлічваемся за энерганосьбіты і іншае ў расійскіх рублях. Нас гэта задавольвае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым ён канстатаваў, што ўскладніліся ўзаемаразлікі. "Але мы вырашым і гэта пытанне. Пачалі ўжо вырашаць. І нікому на калені нас паставіць немагчыма - вялікую гэту тэрыторыю, дзе ёсць усё, - упэўнены беларускі лідар. - Ёсць усе рэсурсы, сыравіна, высокія тэхналогіі. Проста трэба крыху перабудавацца і ад гэтага ашалелага рынку адысці. Не ўсё вырашыць рынак. Трэба, каб і чалавек удзельнічаў у рэгуляванні тых ці іншых працэсаў".
"Я рады, што Беларусь у эканамічным плане будзе прырастаць Прымор'ем. Мы тут маем сур'ёзны намер працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў часы Савецкага Саюза Беларусь была высокатэхналагічным рэгіёнам, "зборачным цэхам" з вытворчасцямі, арыентаванымі на ўсю вялікую прастору. "Тады ў Беларусі стварылі вельмі залішнюю вытворчасць. Калі б Беларусь была незалежнай, мы ніколі гэтага не стваралі б", - заўважыў ён.
Тым не менш цяпер шэраг такіх беларускіх кампаній займае значныя долі ў сусветнай вытворчасці па тых ці іншых напрамках, напрыклад БЕЛАЗ.
Акрамя таго, Прэзідэнт адзначыў высокі ўзровень развіцця акадэмічнай навукі ў Беларусі, якая мае як фундаментальныя, так і практыка-арыентаваныя распрацоўкі.
"Нам ад Савецкага Саюза засталася вялікая школа. Ад зямлі да космасу. І я паціху гэтыя школы падтрымліваў. І яны аказаліся запатрабаванымі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ёсць магчымасць развіваць адпаведныя напрамкі ў супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расіі, уключаючы Прымор'е. "Невялікая Беларусь, але мы можам гэтыя кампетэнцыі пераносіць на гэту зямлю", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што, знаходзячыся ва Уладзівастоку, рады магчымасці пабываць на востраве Рускім, рашэнне аб развіцці якога ў свой час прымалася асабіста расійскім лідарам.
"Гэта перш за ўсё заслуга Уладзіміра Уладзіміравіча, што мне на новым вітку нашага развіцця выпала пабываць на краі нашай агульнай Айчыны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Прэзідэнт Расіі мне шмат разоў гаварыў, каб я абавязкова пабываў ва Уладзівастоку на востраве Рускім. Я гавару: добра, з'езджу, пагляджу. Усё ж такі гэта ад яго залежала. Я ведаю, як прымалася рашэнне. Было няпроста. Ад яго залежала, ці будзе добраўпарадкаваны гэты востраў, будзе ён такім знакавым ці не. Учора якраз гэты момант абмяркоўвалі".
Кіраўнік дзяржавы коратка пераказаў гісторыю таго, як прымалася лёсавызначальнае рашэнне адносна вострава: "Усё, прынялі рашэнне - нічога не будзем рабіць. Грошы вялікія. Гаворыць (Уладзімір Пуцін. - Заўвага), раніцай прыйшоў, сеў, падумаў: "Не, трэба пабудаваць. Таму што потым не пабудуем". Ён мне ўчора (на сустрэчы ў Амурскай вобласці 12 красавіка. - Заўвага) расказваў гэту гісторыю ў дэталях".
"Усё ж такі я так разумею, што ў Расіі ёсць знакавыя аб'екты пуцінскага перыяду. Я іх называю помнікамі, якія ўзводзіць Кіраўнік дзяржавы. Усе мы нешта маем такое, што стварылі ў час сваёй працы. І вось ён ганарыцца востравам Рускім, яшчэ мне называў некалькі аб'ектаў. А ўчора паказаў у Амурскай вобласці чарговы ўнікальны праект (размова пра касмадром Усходні і інфраструктуру вакол яго. - Заўвага), якім будзе не толькі ганарыцца Расія. Гэта сусветнага ўзроўню. І самі тэхналогіі аналагаў не маюць у свеце наогул", - сказаў Прэзідэнт.
На завяршэнне перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Алег Кажамяка абмяняліся падарункамі.
Прэзідэнт перадаў губернатару карзіну з беларускімі прадуктамі, дамашнія загатоўкі, варэнне, напіткі. "Я, як звычайна, беларускага табе. На ўсялякі выпадак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі спадабаецца, будзем завозіць".
"Але вось гэта - асаблівае, - прадэманстраваў Кіраўнік дзяржавы копію Слуцкага пояса. - Думаю, табе ён спатрэбіцца на краі нашай Айчыны".
Алег Кажамяка прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку карціну вядомага расійскага мастака, ураджэнца Прыморскага края Сяргея Чаркасава, збор твораў даследчыка Далёкага Усходу Расіі Уладзіміра Арсеньева і мясцовы сувенір - вялізную ракавінку "з шумам Японскага мора".
Кіраўніку дзяржавы таксама былі перададзены архіўныя фатаграфіі яго першага візіту ў Прымор'е ў 1998 годзе. Іх сабралі ў спецыяльны альбом. "Здорава, што знайшлі гэтыя фатаграфіі. Вельмі каштоўныя!" - заявіў Прэзідэнт.
Яшчэ адным унікальным падарункам стала старажытная сувенірная талерка з выявай пагранічнікаў. Яна была зроблена ў Беларусі амаль сто гадоў таму. "Гэта Вам як чалавеку, які пачынаў сваю службу на граніцы", - сказаў губернатар.
Алег Кажамяка, як і Кіраўнік беларускай дзяржавы, любіць хакей. Ёсць у яго і джэрсі беларускай дружыны з першым нумарам - у такой майцы выступае Аляксандр Лукашэнка. Таму пасля абмену падарункамі губернатар папрасіў Прэзідэнта пакінуць на ёй свой подпіс. Хакейную майку перададуць у музей каманды "Адмірал".
"Адмірал" гэты гадкі, часам мы яму прайграём, хоць вы і нядаўна стварылі каманду. Такія гадкія гэтыя хлопцы", - жартам заўважыў Кіраўнік дзяржавы, але пажадаў клубу з Уладзівастока яркіх перамог.
Пасля перагавораў з губернатарам Прыморскага края Прэзідэнт Беларусі разам з Алегам Кажамякам наведаў востраў Рускі ва Уладзівастоку, дзе будуецца шматфункцыянальны культурна-адукацыйны цэнтр. У яго ўзвядзенні задзейнічаны і беларускія спецыялісты. Як далажылі Прэзідэнту, цяпер на аб'екце працуюць 44 чалавекі з Беларусі. Плануецца, што да канца красавіка сюды будуць накіраваны яшчэ 50 чалавек, а да сярэдзіны мая - яшчэ 50, праінфармаваў Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч. Паводле яго слоў, беларускія спецыялісты задзейнічаны ў асноўным на будаўніцтве жылых памяшканняў, інтэрнатаў.
Як расказаў прадстаўнік кампаніі "Будтрансгаз", якая з расійскага боку адказвае за будаўніцтва цэнтра, у Беларусь накіравана праектная дакументацыя на ўзвядзенне тэатра і праект адпаведнага дагавора. Яны знаходзяцца на стадыі разгляду.
Аляксандр Лукашэнка адносна ўдзелу беларускіх спецыялістаў у будаўніцтве нагадаў аб сваім галоўным патрабаванні: "Калі не можаш - не бярыся. Калі ўзяўся - трэба зрабіць".
На востраве Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў галоўны корпус Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта. Яму расказалі аб перадавых студэнцкіх тэхналагічных распрацоўках, прадставілі праекты ў сферы экалогіі. Ёсць праекты і ў сферы космасу, што напярэдадні абмяркоўвалі лідары краін на касмадроме Усходні ў Амурскай вобласці. Цікавасць таксама выклікалі распрацоўкі ў медыцыне і землекарыстанні.
Яшчэ адным аб'ектам наведвання Кіраўніка беларускай дзяржавы на востраве Рускім стаў навукова-адукацыйны комплекс "Прыморскі акіянарыум". Прэзідэнту прадэманстравалі невялікі паказ.
Пасля асноўнай часткі праграмы візіту Аляксандр Лукашэнка і Алег Кажамяка згадзіліся адказаць на пытанні журналістаў. Яны, у прыватнасці, пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы ўражаннямі ад наведвання Далёкага Усходу Расіі, перспектывамі супрацоўніцтва Беларусі з Прыморскім краем.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія паказалі ўсяму свету, што такое інтэграцыя ад Брэста да Уладзівастока. "Мы паказалі, яшчэ і не гэта пакажам", - заявіў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, яго візіт на касмадром Усходні і перагаворы там з Кіраўніком расійскай дзяржавы Уладзімірам Пуціным сведчаць шмат аб чым. "Пачакайце, мы з Прэзідэнтам Пуціным пакажам ім. Як я ўчора сказаў: "Слухай, Уладзіміравіч, мы з табой ім дадзім дыхту", - дадаў беларускі лідар.
Гаворачы пра супрацоўніцтва з Прымор'ем, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ствараць у Прыморскім краі Расіі сумесныя прадпрыемствы.
"Просты гандаль - гэта зразумела: прывязі, прадай. Мы дамовіліся, што павінны рушыць наперад у стварэнні сумесных зборак тут. Каб менш вазіць туды-сюды, а вырабляць тое, што патрэбна, тут", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Алег Кажамяка адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка ўжо наведваў Прымор'е 24 гады таму - у 1998 годзе. "Важна было паглядзець, што змянілася ў горадзе, што змянілася ў краі. Цяпер стаяць новыя задачы, - падкрэсліў ён. - Мы ў тры з паловай разы павялічылі тавараабарот. Мы бачым і беларускія прадукты, і беларускую тэхніку. Мы павінны быць яшчэ больш інтэграваны адзін з адным".
У размове з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка расказаў, што марыць пабываць у розных месцах Далёкага Усходу Расіі.
"Мая мара была пабываць на Сахаліне, калі Алег Мікалаевіч (Кажамяка, губернатар Прыморскага края, які раней таксама ўзначальваў Сахалінскую і Амурскую вобласці Расіі. - Заўвага) кіраваў гэтай тэрыторыяй. Напэўна, калісьці мы пабываем, і вы былое ўспомніце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка рэгіёна.
Беларускі лідар таксама адзначыў, што яму было б цікава наведаць у Расіі Камчатку, Магадан, Чукотку, возера Байкал. "Для мяне гэта вялікая цікавасць. Усё астатняе я больш-менш уяўляю", - растлумачыў ён.
Кіраўніка дзяржавы таксама спыталі, ці плануе ён наведаць Усходні эканамічны форум, які адбудзецца ў верасні 2022 года ва Уладзівастоку, і Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум у чэрвені гэтага года.
"Калі ўсё будзе нармальна, абавязкова. А потым трэба і на Сахалін, і на Камчатку", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама расказаў, што даўно хоча пабываць і ў Алтайскім краі.
Беларускі лідар падкрэсліў, што за гады свайго прэзідэнцтва аб'ехаў увесь свет і можа сцвярджаць, што Расія - унікальнае месца. "На лыжах пракаціцца - няма лепшага курорта, чым Сочы", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на экалогію, чысцейшае паветра ў такіх мясцінах, як Прыморскі край. "Паглядзець, падыхаць свежым паветрам - толькі тут, Еўропа побач не стаяла, - сказаў ён. - Еўропа загадзіла не толькі сваю тэрыторыю, але і нам ад яе дасталося".
Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі шлях барацьбы з каранавірусам цяпер запатрабаваны ў іншых краінах.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: уплыў каранавіруса яшчэ трэба будзе прааналізаваць. Разам з тым ён падкрэсліў, што ў Беларусі, змагаючыся з COVID-19, зыходзілі з існуючых акалічнасцей і магчымасцей. Час паказаў, што беларускі шлях аказаўся правільным і цяпер запатрабаваны іншымі краінамі, заявіў Прэзідэнт.
"Мы ішлі сваім шляхам, зыходзячы з той сітуацыі, якая ў нас складвалася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нам неабходна ў будучым адказаць на пытанне: свет цяпер пачалі сячы на часткі і дзяліць, ідзе перадзел свету, якую ролю пандэмія адыграла ў гэтым? Напэўна, і гэты фактар будзе, калі мы ўсё супаставім", - звярнуў увагу яшчэ на адзін нюанс Кіраўнік дзяржавы.
На сустрэчы з журналістамі Алег Кажамяка падкрэсліў, што для расіян беларусы - гэта братэрскі народ, таму ніякія адлегласці не стрымліваюць развіццё дружалюбных сувязей, а наадварот, падштурхоўваюць да ўзаемадзеяння. Да таго ж у многіх жыхароў Далёкага Усходу, як і ў самога губернатара, ёсць беларускія карані.
"Гэта працавіты і прыстойны народ, - ахарактарызаваў беларусаў Алег Кажамяка. - Калі з беларусамі дамовіўся, усе пытанні адназначна будуць вырашаны". Упэўненасці, паводле яго слоў, дабаўляе і пазіцыя Кіраўніка беларускай дзяржавы адносна ўмацавання сувязей з Расіяй: "Калі ёсць гарант, то і ты разумееш, што не павінен падвесці, і яны не падводзяць. Таму праекты рэалізуюцца ўзаемавыгадна на ўсіх тэрыторыях, дзе мы працавалі".
Аляксандр Лукашэнка, дапаўняючы адказ губернатара, падкрэсліў: у развіцці паспяховага супрацоўніцтва краіны з далёкаўсходнімі рэгіёнамі Расіі ёсць значная асабістая заслуга Алега Кажамякі. Яшчэ з'яўляючыся губернатарам Амурскай вобласці, ён прыехаў у Беларусь, трапіў на прыём да Кіраўніка дзяржавы і ініцыятыўна прапанаваў узаемадзеянне ў розных галінах. Потым, у перыяд яго кіравання Сахалінскай вобласцю, там быў рэалізаваны маштабны праект па будаўніцтве малочнатаварнага комплексу з выкарыстаннем беларускіх матэрыялаў і тэхналогій. "Я памятаю, на самалётах перавозілі пародзістую жывёлу - кароў. Мы яго стварылі, ён да гэтага часу працуе", - адзначыў беларускі лідар.
"Гэта яго ўся заслуга, што ён кінуў вока ў свой час на Беларусь. А мы людзі спагадлівыя, гатовы тут працаваць і ствараць сумесныя вытворчасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля наведвання вострава Прэзідэнт Беларусі накіраваўся ў аэрапорт, дзе яго праводзілі губернатар Прыморскага края Алег Кажамяка і Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.