Перагаворы са Старшынёй Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ынам
- 21
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка правёў перагаворы са Старшынёй Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ынам.
Кіраўнік беларускай дзяржавы перш за ўсё падзякаваў лідару КНДР за запрашэнне наведаць гэту краіну з візітам і за гасцінны прыём, асабліва адзначыўшы, што гэта першы яго візіт у КНДР. Звярнуў увагу Прэзідэнт і на пэўнае гістарычнае падабенства Мінска і Пхеньяна, якія былі моцна разбураны, практычна сцёрты з зямлі ў выніку ваенных дзеянняў, а потым была праведзена маштабная работа па аднаўленні гэтых гарадоў.
"Я вам па-сяброўску магу сказаць, як чалавек, які ўбачыў ужо ўсё ў гэтым свеце: вашу краіну чакае вялікая будучыня з гэтым працавітым, дысцыплінаваным народам. І другое, што я ўбачыў: вы ўмееце рабіць усё, і вы гэта робіце так, як ніхто іншы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя словы сказаны ім не проста ў знак павагі, яны адлюстроўваюць рэчаіснасць.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларускі і карэйскі народы збліжаюць агульныя інтарэсы - патрыятызм, захаванне гістарычнай памяці і глыбокая павага да старэйшага пакалення.
"Дружалюбныя адносіны нашых дзяржаў, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перапыняліся. Сёння ў выніку ўсебаковага паступальнага развіцця мы пераходзім на прынцыпова новы этап. З вялікім спазненнем, але тым не менш пераходзім на новы этап, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Так, мы сапраўды не мелі цеснага супрацоўніцтва, у асноўным па нашай віне. Але я вельмі рады адзначыць, што ўзаемадзеянне паміж намі цяпер значна актывізавалася". У прыватнасці, адноўлена работа міжурадавай камісіі пад кіраўніцтвам намеснікаў, кіраўнікоў урадаў дзвюх краін, плённа супрацоўнічаюць знешнепалітычныя ведамствы.
У час перагавораў зроблены яшчэ адзін важны крок у нарошчванні двухбаковай дагаворна-прававой базы - падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве.
Прэзідэнт Беларусі, гаворачы аб важнасці гэтага дакумента, звярнуў увагу на яго фундаментальны характар. Паколькі там дакладна і адкрыта выкладзены мэты, прынцыпы двухбаковага ўзаемадзеяння, вызначаны інстытуцыянальныя рамкі будучых узаемавыгадных працэсаў.
"Новы міждзяржаўны дагавор будзе прававым фундаментам, які ў далейшым гарантуе стабільнае развіццё двухбаковых адносін", - ахарактарызаваў дакумент Кім Чэн Ын.
"У сучасных рэаліях глабальнай трансфармацыі, калі ўладнымі людзьмі адкрыта ігнаруюцца і парушаюцца нормы міжнароднага права, незалежным краінам неабходна ўзаемадзейнічаць больш цесна, кансалідаваць намаганні, накіраваныя на абарону свайго суверэнітэту і паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь, як і КНДР, выступае за шматпалярны свет, заснаваны на ўзаемнай павазе прынцыпаў роўнасці дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.
"Я, як і Вы, прыхільнік таго, каб мы развівалі нашы адносіны, не азіраючыся на іншыя краіны, якія, вядома, будуць не ў захапленні ад нашых адносін. Таму што яны - канкурэнты", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Кім Чэн Ына.
"Нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, мы патрэбны адзін аднаму, і ў гэтым напрамку давайце рухацца. Мы зробім высновы з мінулага, са сваіх памылак. І зробім усё для таго, каб адносіны паміж КНДР і Беларуссю былі ўзорнымі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Старшыня Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ын у сваю чаргу цёпла вітаў Кіраўніка беларускай дзяржавы, заўважыўшы, што гэты візіт і перагаворы кіраўнікоў дзвюх краін праходзяць упершыню, але ў цэлым адносіны Беларусі і КНДР маюць даўнія традыцыі і гісторыю.
Лідар КНДР адзначыў, што абедзве краіны імкнуцца да пабудовы шматпалярнага свету, заснаванага на прынцыпах самастойнасці і справядлівасці, а таксама прытрымліваюцца падобнай пазіцыі па многіх пытаннях міжнароднага парадку дня. "Думаю, што гэта служыць перадумовай магчымасці далейшага пашырэння і развіцця двухбаковых адносін у адпаведнасці з узаемнымі інтарэсамі дзвюх краін", - сказаў ён.
"Мы выказваем салідарнасць і поўную падтрымку ў адрас Беларусі, якая імкнецца праводзіць адпаведную сваёй рэальнасці самастойную палітыку, дасягнуць міру і развіцця, прадаўжаючы пры гэтым развіццё адносін з традыцыйна дружалюбнымі краінамі, - падкрэсліў Кім Чэн Ын. - Мы выступаем супраць неправамернага націску на Беларусь з боку Захаду і выказваем падтрымку і разуменне мерам кіраўніцтва Беларусі, накіраваным на сацыяльна-палітычную стабільнасць, эканамічнае развіццё".
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на тое, як Урад і народ Беларусі "дасягаюць вартых увагі поспехаў у справе абароны суверэнных правоў і інтарэсаў, у сферы бяспекі, а таксама ў стабільным развіцці эканомікі".
Кім Чэн Ын падкрэсліў зацікаўленасць КНДР у далейшым развіцці і нарошчванні супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку ў кантэксце прынятага нядаўна ў краіне перспектыўнага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў, у якім перад дыпламатычнай службай ставілася задача далей развіваць адносіны з незалежнымі, самастойнымі дзяржавамі, уключаючы Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка ў час афіцыйнага візіту ў КНДР абмяняўся падарункамі з Кім Чэн Ынам.
Лідар КНДР перадаў Кіраўніку беларускай дзяржавы ў падарунак шаблю і вялікую вазу, дэкарыраваную ў традыцыйнай для гэтай краіны стылістыцы з выкарыстаннем мноства разнастайных ракавінак, а таксама сувенірную залатую манету, вырабленую з нагоды візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНДР.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў Кім Чэн Ыну падарункі ад беларускага боку. Традыцыйна гэта былі айчынныя прадукты харчавання, у тым ліку шакалад "Прэзідэнт", беларускі зефір і чорны хлеб.
Асаблівым падарункам для лідара КНДР стаў аўтамат VSK. "Стралковая зброя заўсёды патрэбна будзе для салдата", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў Беларусі арганізавана вытворчасць уласнай стралковай зброі і боепрыпасаў.
Кім Чэн Ына зацікавіў гэты падарунак. Лідар КНДР выказаў словы ўдзячнасці, уважліва вывучыў аўтамат, удакладніў яго характарыстыкі і нават паспрабаваў перазарадзіць. "Усё правільна! Зброяй валодае Кім Чэн Ын", - заўважыў наконт гэтага Прэзідэнт Беларусі.
"На ўсялякі выпадак, калі ворагі з'явяцца", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама падарыў карэйскаму лідару слуцкі пояс, растлумачыўшы, што гэта беларуская святыня. Такія доўгія шырокія паясы з прыгожым рысункам і складаным пляценнем з каштоўных нітак былі распаўсюджаны на беларускіх землях некалькі стагоддзяў таму і сведчылі аб высакародным паходжанні іх уладальнікаў. Пазней унікальная вытворчасць была адроджана па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Элегантны ювелірны букет васількоў перададзены ў падарунак жонцы Кім Чэн Ына, а мастацкая шкатулка - яго дачцэ.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама прыняў удзел у афіцыйным прыёме ад імя лідара КНДР. "Нашы краіны вельмі падобныя. Падобныя нашымі народамі - працавітымі, якія вельмі рупліва ставяцца да сваёй справы", - сказаў Прэзідэнт, падняўшы тост за народы Беларусі і КНДР.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што сам па сабе візіт хоць і не вельмі працяглы, але вельмі важны, ён адкрывае новую старонку ў супрацоўніцтве дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за тры дзесяцігоддзі з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін можна было б рушыць і значна далей у супрацоўніцтве паміж Беларуссю і КНДР. "Але так ужо склалася, што нам давядзецца даганяць той час, які мы ўпусцілі, - сказаў ён. - І мы пройдзем вельмі хутка гэты перыяд часу дзякуючы таму, што нас звязваюць вузы дружбы. Мы добра ведалі, а цяпер пераканаліся, што нашы краіны аб'яднаны агульным поглядам па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня".
Аляксандр Лукашэнка разам з Кім Чэн Ынам наведаў прымеркаваны да візіту ўрачысты канцэрт, на якім карэйскія артысты выканалі як нацыянальныя творы, так і вядомыя беларускія песні.
Старшыня Дзяржаўных спраў КНДР Кім Чэн Ын асабіста праводзіў Кіраўніка беларускай дзяржавы ў аэрапорце.
Лідары краін цёпла развіталіся. На цырымоніі ў аэрапорце разам з членамі дэлегацый прысутнічалі некалькі соцень чалавек і аркестр.


