Інтэрв'ю амерыканскай тэлекампаніі "Ньюсмакс"
- 12
- 8:56
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю амерыканскай тэлекампаніі "Ньюсмакс".
У самым пачатку інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы жартам папрасіў інтэрв'юера Грэту Канвей Ван Састэрэн не задаваць яму брыдкіх пытанняў адносна трох чалавек.
"Я гарачы прыхільнік Трампа. У мяне ёсць сваяк, блізкі сваяк - Прэзідэнт Расіі (Аляксандр Лукашэнка часта называе Уладзіміра Пуціна "старэйшым братам". - Заўвага). І ёсць вельмі добры мой сябар (даўніх часоў яшчэ - да часоў, калі ён кіраваў дзяржавай) - гэта Сі Цзіньпін. Таму ніякіх брыдкіх пытанняў адносна гэтых трох асоб не задавайце. Жарт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да інтэрв’юера.
У інтэрв’ю Прэзідэнт расказаў аб сваім бачанні будучыні адносін паміж Беларуссю і ЗША.
Размова ішла аб перспектывах урэгулявання канфлікту ва Украіне і ролі ў гэтым працэсе Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні аб сваіх асабістых уражаннях ад размовы з шэрагам замежных лідараў, уключаючы Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і Старшыню КНР Сі Цзіньпіна.
Яшчэ адна тэма - сітуацыя вакол Венесуэлы і рост напружанасці ў адносінах з ЗША на фоне абвінавачванняў у наркатрафіку.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што цікавасць Злучаных Штатаў Амерыкі да Венесуэлы, размешчанай побач, цалкам зразумелая. Як і, напрыклад, цікавасць Расіі да сітуацыі ва Украіне. Але вырашаць усе пытанні трэба толькі мірным шляхам.
"Абсалютна перакананы, што ўсе пытанні, усе пажаданні Злучаных Штатаў Амерыкі можна сёння вырашыць абсалютна мірным шляхам, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вайна ні да чаго не прывядзе. Учора я Джону Коўлу аб гэтым гаварыў (размова аб перагаворах 12 снежня. - Заўвага). Я яму сказаў, гэта будзе другі В'етнам. Вам ён патрэбны? Не патрэбны. Таму не трэба там ваяваць. Там можна дамовіцца".
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў бліжэйшы час плануе пагаварыць на гэту тэму з Дональдам Трампам і расказаць яму шмат цікавага.
Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ён ведае аб пустых размовах сярод журналістаў пра нібы дасягнутую дамоўленасць аб тым, што Нікалас Мадура паедзе ў Беларусь і тут будзе жыць. "Ніколі на гэту тэму з Мадурам мы не размаўлялі. Мы больш з амерыканцамі наконт Венесуэлы, калі ўжо шчыра гаварыць, размаўляем, чым з Мадурам наконт яго адстаўкі і нейкіх дзеянняў. Гэта гераічны мужык", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Мадура не быў ніколі нашым ворагам і праціўнікам. Ніколі. Калі б ён пажадаў прыехаць у Беларусь, дзверы для яго тут адкрыты. Але аб гэтым ніколі, шчыра вам кажу, ніколі не было размовы, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мадура не той чалавек, які ўсё кіне і пойдзе, уцячэ. Гэта моцны чалавек. Гэта "чавіст". Гэта як Чавес. Ён моцны мужык, прыстойны, разважлівы чалавек, з якім можна размаўляць і дамаўляцца".
Аляксандр Лукашэнка падрабязна выклаў свой пункт гледжання па дзвюх найбольш вострых для ЗША тэмах у дачыненні да Венесуэлы – праблеме наркатрафіка і легітымнасці праведзеных там прэзідэнцкіх выбараў.
Па першай з іх Прэзідэнт у цэлым выказаў сумненне ў аб'ектыўнасці амерыканскіх звестак па аб'ёме наркатрафіка з Венесуэлы, а таксама адхіліў якое-небудзь дачыненне Нікаласа Мадуры да такой дзейнасці: "У вас такіх фактаў няма і ў мяне таксама. Я не думаю, што гэта так".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што разам з гандлем наркотыкамі ёсць і іншыя агульнасусветныя праблемы, сярод якіх гандаль людзьмі, прастытуцыя, незаконны абарот зброі. "Гэта рэаліі нашага часу. З гэтым трэба змагацца. Але ракетамі наркотыкі не пераможаш", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб сваёй падтрымцы ЗША і асабіста Прэзідэнта Дональда Трампа ў рашучасці весці барацьбу з незаконнай міграцыяй і гандлем наркотыкамі. "У гэтым Трамп малайчына, што ён узняў гэту тэму", - лічыць Прэзідэнт Беларусі. Але разам з тым ён указаў на асаблівы характар такіх праблем і немагчымасць дабіцца ўстойлівага доўгатэрміновага эфекту ў адзіночку і за кошт толькі сілавых метадаў. "Супраць гэтага мы будзем змагацца і пасля нас. Нашы дзеці будуць змагацца супраць гэтай бяды. Гэта новая з'ява ў новай эпосе. Ракетамі гэта не перамагчы. Трэба дамаўляцца. Трэба вызначыць сумесныя меры барацьбы", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Калі гаварыць пра наркатрафік, то гэта праблема актуальная і для Беларусі, Расіі, усяго еўрапейскага рэгіёна. І для яе вырашэння трэба разумець прычыны і прымаць прадуманыя меры. "З азіяцкага Усходу праз Расію, праз Беларусь у культурную Еўропу, у "райскі сад", ідуць наркотыкі. Чаму яны туды ідуць? Таму што там іх выкарыстоўваюць больш, чым дзе-небудзь, - растлумачыў Прэзідэнт. - Попыт ёсць вялікі, таму ідуць наркотыкі". А з краін Еўрасаюза ў адваротным напрамку ідуць сінтэтычныя наркотыкі.
У Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на граніцы ўстаноўлена жорсткая заслона для наркатрафіка і вядзецца бескампрамісная барацьба з гэтай з'явай унутры краіны. Тым не менш цалкам устараніць праблему не ўдаецца. Для гэтага патрэбны сумесныя дзеянні ўсіх еўрапейскіх краін, як гэта было раней, да таго, як еўрапейцы закрылі граніцу з Беларуссю і ўвялі санкцыі. "Мы ж з еўрапейцамі, палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі сур'ёзна змагаліся з наркотыкамі - мы іх тут затрымлівалі, тонамі спальвалі. Цяпер такога напружання няма. І я не буду іх абараняць, - сказаў Прэзідэнт. - Калі вам пятлю на шыю накінулі і падвесілі, вы што, абаранялі б тых, хто вас вырашыў пакараць? Я што, у гэтай сітуацыі павінен абараняць Еўропу? Навошта? Яны мяне душаць, а я павінен іх абараняць ад наркотыкаў?"
Праводзячы аналогіі з сітуацыяй паміж ЗША і Венесуэлай, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бакам лепш знайсці кампраміс. "Гэта з'ява (гандаль наркотыкамі. - Заўвага) не венесуэльская, не афганская. Гэта планетарная з'ява, з якой нам трэба змагацца. Не ракетамі. Нам трэба шукаць, магчыма, новыя метады. Трэба думаць, а не ваяваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца другой тэмы – прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле і непрызнання іх вынікаў Злучанымі Штатамі Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "ЗША не прызнавалі не толькі выбары ў Венесуэле. Пры Байдэне (Джо Байдэне, Прэзідэнце ЗША ў 2021-2025 гадах. - Заўвага) вы нідзе не прызнавалі выбары".
"Тое, што вы не прызналі выбары ў Венесуэле, - ды Гасподзь з вамі. Венесуэла ж выбары праводзіла не для амерыканцаў. Венесуэльцы праводзілі выбары для свайго народа, для сябе. І рэзультаты іх вядомы. Іншых рэзультатаў няма. Вы што там замест Цэнтральнай выбарчай камісіі лічылі галасы? Не", - прадоўжыў ён.
Больш таго, сітуацыя з выбарамі ў Венесуэле, на думку Прэзідэнта, у пэўнай ступені падобная да таго, што адбываецца на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. "Ды там, як у Амерыцы, - 50 на 50 сітуацыя, з невялікай перавагай Мадуры. Калі вы хочаце ўсіх венесуэльцаў аб'яднаць вакол Мадуры (амерыканцы гэтага не хочуць, напэўна, і Трамп таксама), то вы пачняце вайну супраць Венесуэлы. Ні ў якім разе гэтага рабіць нельга", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што нават у ЗША ў час выбараў Прэзідэнта фіксуюцца правапарушэнні, у тым ліку пры падліку галасоў выбаршчыкаў. Напрыклад, выбарчая кампанія 2020 года ў ЗША, калі на пасаду Прэзідэнта прэтэндавалі Дональд Трамп і Джо Байдэн, суправаджалася мноствам скандалаў і парушэнняў.
"Ну і не амерыканцам лічыць галасы ў Венесуэле. Памятаеце, калі Трампа, як у нас кажуць, кінулі на выбарах мінулых? Там бюлетэні ў вас пад агароджай знаходзілі, у вас па пошце галасавалі, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Стапрацэнтна фальсіфікаваны былі вашы выбары, калі перамог Байдэн і вы Трампа выкінулі на абочыну. Што, гэтага не было? І амерыканцы сёння з такім багажом перадвыбарным не прызналі выбары ў Венесуэле, у Беларусі або яшчэ недзе. Ды Гасподзь з вамі! Ну, не прызналі і не прызналі".
