Цырымонія ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці

  • 27
  • 3

У сучасных умовах агрэсіўнай канкурэнцыі вызначальным становіцца трэнд на якасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 студзеня на цырымоніі ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці прадстаўнікам прадпрыемстваў, прадукцыя якіх удастоена гэтай высокай ацэнкі па выніках 2025 года.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што за гады незалежнасці ў Беларусі ўдалося значна перафармаціраваць эканоміку, дабавіць самыя прагрэсіўныя напрамкі і прымножыць кампетэнцыі. "У сучасных умовах агрэсіўнай канкурэнцыі (не заўсёды, праўда, добрасумленнай) і хуткай змены тэхналогій менавіта трэнд на якасць становіцца вызначальным на ўсіх узроўнях - прадпрыемства, галіны, краіны і нават свету", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка назваў усё большыя паказчыкі ВУП і экспарту галоўным крытэрыем таго, што Беларусь на правільным шляху. "Тавары са знакам "Зроблена ў Беларусі" сёння прадстаўлены больш як у 150 краінах, і геаграфія паставак пашыраецца, - падкрэсліў ён. - Думаю, сумленная барацьба вытворцаў за Дзяржаўны знак якасці не толькі будзе матываваць, але і дапаможа замацаваць наша тэхналагічнае лідарства на рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Гэта пацвярджае вопыт прадпрыемстваў, чые тавары прызнаны лепшымі ў 2025 годзе".

Кіраўнік дзяржавы назваў Дзяржаўны знак якасці найвялікшай рэкламай прадукцыі, якая была яго ўдастоена. Ён таксама нагадаў, што за першыя 10 гадоў існавання савецкага Знака якасці права маркіраваць ім сваю прадукцыю заслужылі амаль 3 тыс. тавараў, вырабляемых на тэрыторыі БССР. 

"На 3 тыс. мы не выйдзем. Гэта не таму, што ў нас іх няма, а таму, што задача перад Урадам пастаўлена адна - толькі самыя лепшыя (павінны быць удастоены Дзяржаўнага знака якасці. - Заўвага)", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што знак якасці - гэта адна з самых прэстыжных і народных узнагарод суверэннай Беларусі. "Ушанаванне прадпрыемстваў, тавары якіх па выніках года ўдастоены Дзяржаўнага знака якасці, стала нашай новай добрай традыцыяй. Традыцыяй з моцным гістарычным фундаментам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў 1967 годзе ў Савецкім Саюзе заснавалі знак якасці, аднымі з першых яго атрымалі менавіта беларускія МАЗы, БЕЛАЗы, трактары, далікатэсы Мінскага мясакамбіната". 

У лінейцы вытворцаў, тавары якіх былі прызнаны лепшымі ў 2025 годзе, ёсць знакамітыя пагрузчыкі "АМКАДОР". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што без іх не ўдалося б пабудаваць высакакласныя дарогі, накарміць жывёлу і выехаць з заснежаных двароў пасля нядаўняга цыклону. 

Сярод пераможцаў і айчынны аўтамабіль "Белджы Х50". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго ацанілі як адзін з самых прывабных, надзейных і даступных: "Асабліва моладзь і прыгожая палавіна чалавецтва. Што вельмі сімвалічна ў Год беларускай жанчыны". 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў студзені з канвеера пад маркай "Белджы" сышла 150-тысячная машына. "Яны з поспехам прадаюцца на ўнутраным і знешніх рынках, таму што маюць аптымальныя для спажыўца суадносіны цаны і якасці. А што яшчэ трэба для сапраўднага народнага аўтамабіля?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. 

Сярод лепшых - сельскагаспадарчая тэхніка "Гомсельмаш" і "Бабруйскаграмаш". "Без яе нашы аграрыі не змаглі б хутка і якасна ўбраць рэкордны ўраджай у складаным мінулым, 2025 годзе, - сказаў Прэзідэнт. - Беларускія сельгасмашыны выдатна ацанілі фермеры ў розных кропках планеты. А ў некаторых дзяржавах Афрыкі менавіта наша тэхніка дапамагла ажыццявіць харчовую бяспеку ўпершыню ў гісторыі гэтых краін". 

Гаворачы пра рухавікі Мінскага маторнага завода, ён выказаў упэўненасць, што яны не маюць патрэбы ў рэкламе. Гэта сцвярджэнне справядлівае і для мясных і малочных прадуктаў, якія палюбілі пакупнікі ва ўсім свеце . 

"Не здаюць пазіцый знакамітая рагачоўская згушчонка, "Камунарка", Аршанскі льнокамбінат, новыя тавары якіх атрымліваюць знак якасці другі год запар. На іх прыкладзе хачу звярнуцца да ўсіх вытворцаў - ніколі не спыняйцеся на дасягнутым", - выказаў пажаданне Аляксандр Лукашэнка.

"У снежні мінулага года ў час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу мною абазначана ў ліку прыярытэтных задач на пяцігодку, акрамя якасці, яшчэ і беражлівасць. Гэта вельмі важна для нас, - нагадаў Прэзідэнт. - Зніжэнне затрат, разумная эканомія, жорсткая вытворчая дысцыпліна - бесперапынныя і вельмі важныя працэсы. Нам трэба быць адказнымі гаспадарамі на сваім прадпрыемстве, у сваёй краіне, у жыцці. І тады ў нас атрымаецца".

Кіраўнік дзяржавы шчыра падзякаваў цяперашнім лаўрэатам за выдатныя вынікі. "На бліжэйшы год на кожным ляжыць каласальная адказнасць. За ўменне матываваць астатніх, сумленна канкурыраваць, дзяліцца перадавым вопытам і кіраўніцкімі тэхналогіямі. Паколькі менавіта за лідарам цягнуцца астатнія, асабліва моладзь", - падкрэсліў ён.

"Навагоднія і калядныя святы закончыліся, са снежнымі завеямі і маразамі паспяхова справіліся - надыходзіць час канкрэтных спраў для дасягнення канкрэтных вынікаў, - заявіў Прэзідэнт. - Няхай сённяшняя цырымонія натхніць усіх нас, працаўнікоў Беларусі, на новыя прафесійныя здзяйсненні. Калі вы будзеце паспяховымі, - будзе паспяховай і наша Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры азнаёміўся са стэндамі арганізацый - лаўрэатаў сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці за 2025 год.

Размова была не толькі аб дасягненнях, але і аб перспектывах развіцця прадпрыемстваў, асваенні новых відаў прадукцыі.

"Даражэй нічога няма. Гэта самае-самае, што можа быць. Але для мяне наогул якасць - гэта пытанне нумар адзін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, уручаючы сімвалы Знака якасці.

Ён таксама нагадаў, што ўсе лепшыя дасягненні і ўзоры айчыннай прадукцыі павінны быць прадстаўлены на пастаянна дзеючай экспазіцыі ў выставачным цэнтры. "Гэта трэба абавязкова зрабіць. Кожны кавалачак павінен быць запоўнены нашымі таварамі", - заявіў Прэзідэнт.

Пры аглядзе стэнда Мінскага маторнага завода, рухавік якога ўдастоены знака якасці, Аляксандр Лукашэнка пажадаў гэтаму заводу ў перспектыве выпускаць усе тыпы рухавікоў для ўсёй лінейкі беларускай тэхнікі. "Падумайце. Мы будзем вам дапамагаць", - запэўніў ён.

Прэзідэнт пры гэтым не выключае і варыянт супрацоўніцтва ў гэтым плане з ЗША. "Нядаўна мне са Злучаных Штатаў Амерыкі Белы дом прыслаў запыт. Мы гэта не абнародавалі. "А што можа Беларусь купіць у ЗША? Вось мы гатовы ў вас там калійныя ўгнаенні, яшчэ нешта закупляць. А Беларусь што можа?" Трамп жа добры эканаміст. Прынамсі, каб быў баланс (у гандлі. - Заўвага), - падзяліўся падрабязнасцямі Кіраўнік дзяржавы. - Я так падумаў, напэўна, мы не вельмі шмат закупляем. Але калі паглядзелі, - там цэлая прасціна (пералік тавараў, якія Беларусь можа закупляць у ЗША. - Заўвага). Мы адправілі ім. Яны здзівіліся, што мы можам у іх столькі купіць. У тым ліку рухавікі асобныя".

"Таму нам трэба, каб гэта ўсё рабіў ты. Можаш з амерыканцамі. Я магу з імі перагаварыць у гэтым плане", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўніцтва прадпрыемства.

Знак якасці прысвоены легкавому аўтамабілю маркі "BELGEE" мадэлі Х50. Як далажылі Прэзідэнту, на прадпрыемстве не стаяць на месцы, працуюць над рэстайлінгам гэтай мадэлі. Новы аўтамабіль будзе ўкамплектаваны ўжо не трохцыліндравым, а чатырохцыліндравым рухавіком. Будзе ўдасканалена і электронная начынка, з'явіцца адаптыўны круіз-кантроль. Ужо зроблены першыя 20 узораў аўто.

Аляксандру Лукашэнку ад калектыву прадпрыемства ўручылі сертыфікат на аўтамабіль X50+, каб улічыць і магчымыя заўвагі Кіраўніка дзяржавы па абноўленай перспектыўнай мадэлі.

Прэзідэнт у сваю чаргу заявіў, што гэты аўтамабіль, як і ўсе такія падарункі, некаму перадорыць. "Таму што ўсе падарункі, якія асабіста мне, я накіроўваю людзям", - сказаў ён.

Што датычыцца цяперашняй мадэлі X50, было адзначана, што яна вельмі папулярна як у Беларусі, так і на расійскім рынку.

"Каб у цябе ўсе аўтамабілі атрымалі знак якасці. Ты не забывай, што мне абяцаў. Я памятаю. Нікуды не дзенешся, пакуль не зробіш 100% уласны аўтамабіль. Стаў задачу, каму хочаш, - даручыў Прэзідэнт кіраўніцтву прадпрыемства. - Але машыны ўсе павінны быць нашымі. Ну, 100% лакалізацыі гэта не разумна, і не трэба. Ты ведаеш, колькі трэба. І я ведаю".

"Дапамаглі ўбраць збожжа. Дзякуй! Ну, гэту цуда-машыну я ведаю", - падзякаваў беларускі лідар, уручаючы Дзяржаўны знак якасці за збожжаўборачны камбайн GS12А1 вытворчасці "Гомсельмаш".

Аляксандр Лукашэнка даў калектыву прадпрыемства параду на будучыню: "Цяпер няпроста прадаць сваю прадукцыю. Рабіце, няхай нават будзе крыху менш, але якасна. Трэба якасць. Калі добры механізатар працуе на гэтай тэхніцы, я не думаю, што яна горшая за заходнюю. Наш хлопец 8 тыс. тон намалаціў (размова пра механізатара прадпрыемства "Кухчыцы" Паўла Шуцілу. - Заўвага). Я наогул не ўяўляю, як гэта можна. На любым камбайне".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час яго адгаворвалі ад ідэі стварыць у Беларусі ўласны камбайн, маўляў, гэта будзе не пад сілу. "Ну вось. Зрабілі. Добры камбайн. Над якасцю працуйце і далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Добрай машынай Аляксандр Лукашэнка назваў і ўніверсальны пагрузчык AMKODOR W500C, які таксама ўдастоены Дзяржаўнага знака якасці. "Малайцы, што гэту машыну зрабілі. Вельмі патрэбная. Вялікая, прадукцыйная. Добрая. І грузіць практычна любыя грузы, выкарыстоўваецца ўсюды - ад камуналкі да кар'ера", - адзначыў ён.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, пагрузчык - гэта машына новага пакалення, на якой прыменены лепшыя напрацоўкі вучоных і канструктараў прадпрыемства. Пры гэтым пагрузчык практычна на 100% зроблены з айчынных камплектуючых.

Дзяржаўным знакам якасці адзначаны яшчэ адзін прадукт айчыннай прамысловасці - машына для ўнясення пылападобных хіммеліярантаў МШХ-9 вытворчасці "Бабруйскаграмаш". Яна прызначана для дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў. Прэзідэнт падзякаваў калектыву прадпрыемства за гэту распрацоўку.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым яшчэ раз засяродзіў увагу на неабходнасці забеспячэння высокай якасці прадукцыі, што асабліва важна для работы на замежных рынках. Напрыклад, у Афрыцы. "За Афрыкай будучыня. Яны нас любяць там. Мы па-чалавечы туды прыйшлі. Дапамагаем з тэхналогіямі, вучым людзей. Няпроста - там жа канкурэнцыя шалёная. Хто першым прыйдзе, той там і будзе працаваць. Але трэба, каб была якасць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перадаў сімвал Дзяржаўнага знака якасці калектыву Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната за згушчонку "Ягорка". "Такая смачная прадукцыя. Сёння вось гэту, са знакам якасці, я першы раз, напэўна, паспытаў. Але шмат жа не з'ясі. Нельга. Людзі любяць, асабліва дзеці. Віншую вас. Дзякуй вам вялікі", - ацаніў прадукцыю беларускі лідар.

Размова зайшла аб здаровым ладзе жыцця і аб тым, што малады калектыў прадпрыемства, працуючы з такой смачнай прадукцыяй, сумяшчае працоўную дзейнасць са спортам. "Гэта правільна. Для спартсменаў гэта важна. Вось я думаю: прыедуць дынамаўцы мінскія... Яны малайцы. І ў Маскве, і ў Піцеры выйгралі. Ну, "Лакаматыву"... Я ўжо баюся гаварыць, што будзе заўтра (чакаецца гульня з яраслаўскім "Лакаматывам". - Заўвага). Я ім (дынамаўцам. - Заўвага) часам сала перадаю. Закуплю скрыню, папрашу, каб прыгатавалі. Як у вёсцы раней. У скрыню хлеба чорнага - віцябчане рабілі. І я так па-вясковаму, па-беларуску ім перадаю. А сёння, усё гэта чытаючы, падумаў: трэба ў Рагачове заказаць ім згушчонкі. Калі яны заслужаць, мы ім падорым", - сказаў Прэзідэнт.

"Да індычкі мы ўжо людзей прывучылі? Ці яшчэ не?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка, уручаючы сімвал Дзяржаўнага знака якасці за "Рулет "Мясны арэх з індычкі" вытворчасці ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі".

Кіраўніку дзяржавы далажылі, што попыт на мяса індычкі расце як у Беларусі, так і пры пастаўках за мяжу. Плануецца і ў далейшым пашыраць вытворчасць.

"Я дома пакаштаваў. Сёння адкрываю гэты праспект, што мне Кіраўнік Адміністрацыі падрыхтаваў. Пайшоў на кухню, кажу: "Дайце мне пакаштаваць". Няма, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну зразумела, "Алёнку" (шакалад "Любімая Алёнка". - Заўвага) я не ем. Як нашы збеглыя кажуць, вагу набраў. Ну, думаю, калі вагу скідваць трэба, то ўжо "Алёнка" не падыходзіць. Рагачоўская згушчонка таксама. Праз гадзіну прывезлі. І мы з малышом паўшакаладкі з'елі, пакаштавалі індычку ў абед".

На стэндзе "Камунаркі", дзе быў прадстаўлены шакалад "Любімая Алёнка", Прэзідэнт сказаў: "Дзякуй. І дзяцінства, і юнацтва, і маладосць - усё тут. Нават не частуй. Я, напэўна, паўгода не еў ваш шакалад. А сёння саграшыў. Але на дваіх, палавіну".

Аляксандру Лукашэнку расказалі, што не спыняюцца на класічнай "Алёнцы", а пашыраюць рэцэптуру. Цяпер ужо выпускаецца каля 15 відаў "Алёнкі", у тым ліку імпартазамясцілі шакалад Kinder.

"Не спыняйцеся. Рабіце са сваімі тэхнолагамі добрую прадукцыю. Далей прадаўжайце", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.

Пакаштаваў напярэдадні цырымоніі Прэзідэнт і кобрынскае марожанае: "Ведаю, што такое. Сёння таксама саграшыў з вашай падачы. З'еў". Марожанае зроблена па класічным рэцэпце. "Я настойваю заўсёды на тым, каб мы вярнулі сабе рэцэптуру гэтага савецкага перыяду. Гэта не толькі ў вас, - адзначыў беларускі лідар. - Гэта правільна вы робіце. Не ўсё, а ў большасці сваёй наша было лепшае".

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за аўтамат для марожанага, які ў яго ёсць дома і з дапамогай якога робяць аналагічнае марожанае. "Гэта цудоўнае марожанае. І апарат ваш добры. Асабліва калі іншаземцы прыязджаюць, я іх заводжу, гавару: "Вось, глядзіце". Яны глядзяць: "Што гэта такое?" Думаюць, што зброя нейкая. Не - марожанае робіцца. Таму вы правялі добрую ідэалагічную дыверсію. Дзякуй!" - пажартаваў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках 2025 года Знака якасці ўдастоены паўільняны змякчаны плед Аршанскага льнокамбіната. Гэта ўжо другі знак на рахунку прадпрыемства. Першы быў уручаны год таму за адно з найменняў пасцельнай бялізны.

Прэзідэнту расказалі, што аршанскі плед ужо стаў нацыянальным сувенірам і многія турысты купляюць яго ў якасці сувеніра. Толькі па выніках года такіх пледаў прадалі на $1,4 млн, што для прадпрыемства з'яўляецца рэкордам. Пры гэтым камбінат у цэлым захаваў за сабой другое месца ў свеце па экспарце льняных тканін і ўзяў планку $100 млн.

"Дзякуй, малайцы! Наогул лён вельмі папулярны. Калі вы будзеце варушыцца (рэклама сякая-такая ёсць, але трэба шырэй), на поўдні, дзе лён не вырошчваюць, з задавальненнем будуць купляць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці асабліва адзначыў кабельную прадукцыю прадпрыемства "Энергакамплект".

"Дзіўна. Я не чакаў. Маладзец! Дзякуй вам за надзейную вашу прадукцыю", - сказаў Прэзідэнт, аглядаючы стэнд прадпрыемства.

Кіраўніка дзяржавы запрасілі прыехаць на вытворчасць. "Ну цяпер я абавязаны прыехаць на завод. Я з задавальненнем. Дзмітрый Мікалаевіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. - Заўвага), намецьце час", - даручыў беларускі лідар.

Сярод лаўрэатаў Знака якасці па выніках 2025 года садовыя арэлі "Александрыя". "Вось гэта "Ольса" прыдумала. Я падумаў, што трэба сабе заказаць. І што мяне падштурхнула да гэтага - гэта антымаскітная сетка. Лёг, закрыўся - ні камары, ні мухі (не турбуюць. - Заўвага). Малайцы", - ацаніў прадукцыю Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі, што гэта прадукцыя добра прадаецца не толькі ў Беларусі, але таксама ў Расіі і іншых краінах СНД, актыўна бяруць яе гандлёвыя сеткі.

У час цырымоніі ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці Прэзідэнт таксама паразмаўляў з журналістамі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ад імя Рэспублікі Беларусь падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да Савета Міру і выкананні палажэнняў Статута Савета Міру. У поўнай адпаведнасці з прадугледжанай працэдурай, якая была абазначана ў пісьме Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

"Толькі што падпісаў дакумент. Падпісаў адпаведны зварот, як яны і прасілі, у Злучаныя Штаты, што мы гатовы прыняць іх прапанову - стаць заснавальнікамі гэтага Савета", - заявіў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне аб рэальных умовах уваходжання ў Савет міру і чутках на прадмет таго, што для гэтага трэба ўнесці $1 млрд. "Гэтыя хворыя людзі чарговы раз схібілі (якія гавораць і пішуць аб гэтым. - Заўвага). Проста трэба чытаць дакумент. Ніякіх грошай не трэба", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што першыя тры гады можна ўдзельнічаць у гэтай арганізацыі ў якасці заснавальніка бясплатна. "Але калі ты хочаш праз тры гады яшчэ, каб цябе там не выбіралі, не запрашалі і не назначалі, - мільярд долараў заплаці, і праз тры гады працуй далей. Мільярд патрэбны, калі ты праз тры гады захочаш працаваць, - падзяліўся падрабязнасцямі Кіраўнік дзяржавы. - Але ёсць яшчэ ўмова. Калі будзеш супрацоўнічаць, добра працаваць у імя міру, то і без мільярда можаш далей працаваць. Я арыентуюся на другое".

"Таму хлусня гэта ўсё. Яны (апаненты. - Заўвага) не ведаюць, за што зачапіцца, каб мяне недзе крануць. Як у народзе кажуць, панізіць рэйтынг, ролю і гэтак далей. Вядома, гэта важна для мяне. Але я менш за ўсё пра гэта думаю. І калі б было за што заплаціць мільярд долараў, я заплаціў бы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Але калі хочуць маю паслугу атрымаць, як і ад іншых, каго запрасілі, ды яшчэ і мільярд долараў атрымаць… Гэта нават Трамп сабе такога не дазволіў бы. Таму гэта поўная хлусня, што мы павінны ўносіць нейкі мільярд долараў. Нічога абсалютна не патрэбна. Патрэбны вопыт, патрэбны магчымасці для таго, каб працаваць у гэтым Савеце", - падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыцца ўдзелу Беларусі ў Савеце Міру, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб'ектыўна разумее магчымасці беларускага боку. "Што мы там, для Газы вельмі дапаможам? Калі і дапаможам, то не вельмі. Але мяне прываблівае тое, што, можа, гэты Савет міру, яго нейкія дзеянні, магчымасці распаўсюдзяцца на іншыя часткі планеты. Перш за ўсё, можа, мы па Украіне нешта дапаможам, абмяркуем неяк і пасадзейнічаем міру, зможам наблізіць, паўплываць на ўкраінскае кіраўніцтва. Вось гэта мяне больш за ўсё прываблівае. А не тое, што мы ўжо там моцна дапаможам Газе. Я ведаю свае магчымасці і магчымасці нашай Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

"Я гляджу ў будучыню (прымаючы рашэнне аб удзеле ў гэтай новай арганізацыі. - Заўвага). Можа, не я, а нехта будзе іншы. Можа, дзякуй скажа. Таму не перажывайце. Ніхто грошы плаціць проста так не будзе. Гэта было першае маё пытанне, якое я задаў. Не, ніякіх грошай не трэба. МЗС сур'ёзна вывучыла гэтыя ўсе пытанні", - рэзюмаваў беларускі лідар.