Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 10
- 8:29
Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася 29 снежня ў Санкт-Пецярбургу.
У якасці месца для правядзення сустрэчы быў выбраны Канстанцінаўскі палац у Стрэльне.
Перагаворы даволі працяглы час ішлі ў фармаце сам-насам у рабочым кабінеце, а затым лідары краін зрабілі заявы для прэсы. Размова ішла аб развіцці супрацоўніцтва па лініі Саюзнай дзяржавы, у тым ліку паглыбленні кааперацыі, узаемадзеяння ў абаронным і ваенна-прамысловым комплексе.
Напярэдадні ў Санкт-Пецярбургу Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у нефармальным саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД. На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным ён станоўча ацаніў вынікі гэтай шматбаковай сустрэчы.
"Гэта было добрае вельмі мерапрыемства - добрае, цёплае. Мы яшчэ раз убачылі, што кіраўнікі постсавецкіх рэспублік, і Беларусь у тым ліку, цудоўна разумеюць сітуацыю, якая вакол нас, і разабраліся ва ўсіх хітраспляценнях сусветнай палітыкі. Дзякуючы Расіі. Вядома, Расіі дастаецца заўсёды і дасталося ад гэтага. Але вы паказалі тым самым сваю надзейнасць. І гэтыя вось паводзіны ўсіх нас - кіраўнікоў дзяржаў - сведчанне таго, што мы разумеем, што адбываецца. Людзі разумеюць у нашых дзяржавах. І вельмі вялікі крэн (я ўжо чалавек вопытны ў гэтым плане) адбыўся ў бок нашага яднання - разам вырашаць пытанні", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць праведзеная напярэдадні сустрэча лідараў краін СНД мела нефармальны характар, тым не менш удалося выйсці на прынцыповыя пытанні, асабліва па тых напрамках, дзе не атрымлівалася. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на гуманітарнай галіне - пытаннях, звязаных з навукай, рускай мовай і гэтак далей. "Прыемна здзівілі ўсе калегі нашы, якія падтрымалі Вашы прапановы па многіх гуманітарных пытаннях. Я думаю, Вы потым з часам аб гэтым самі скажаце людзям", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму расійскаму калегу за падтрымку ў складаны санкцыйны перыяд.
"Зразумела, Вы ведаеце сітуацыю ў Беларусі. Я Вам вельмі ўдзячны, Вам асабіста перш за ўсё, за тое, што Вы зрабілі для Беларусі. І за тую падтрымку, якую Вы аказваеце нам. Не хачу перад Вамі ліслівіць. Справа не ў ліслівасці. А справа ў тым, што любую прапанову, якую мы ўносім, або просьба - Вы робіце даручэнне тым ці іншым людзям, адгукаюцца. І кампаніі расійскія, і Урад, і банкі ідуць насустрач, падтрымліваючы нас у гэты цяжкі санкцыйны час. Нас прадаўжаюць душыць. Пяць пакетаў увялі, пагаворваюць пра шосты нейкі пакет. Прытым бязглуздыя, нікому не патрэбныя гэтыя санкцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "І тое, што мы прыбавілі тавараабарот, і ВУП у нас вырас за гэты санкцыйны год на фоне пандэміі, - у гэтым вялікая заслуга Расійскай Федэрацыі і нашых сяброў, няхай у меншай ступені, на міжнароднай арэне. Я публічна шчыра Вам за гэта дзякую".
Прэзідэнт падкрэсліў, што, як бы ні складваліся адносіны, беларусы ў даўгу ніколі не застануцца. "Думаю, што мы многае яшчэ зможам зрабіць, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Па ўсіх напрамках мы супрацоўнічаем. І гэта будзем рабіць заўсёды".
Беларускі лідар адзначыў, што за апошні час бакі змаглі значна падштурхнуць працэсы кааперацыі, сумеснай работы ў плане імпартазамяшчэння. "Аказваецца, мы можам многае зрабіць", - сказаў ён.
У час сустрэчы Прэзідэнт Расіі адзначыў добрае развіццё беларускай эканомікі. "Што датычыцца эканомікі, хацеў бы адзначыць, што і нашы эксперты лічаць, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў добрым стане", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Ён падкрэсліў, што Беларусь для Расіі - надзейны партнёр не толькі з пункту гледжання палітычных адносін, але і эканамічных паказчыкаў. "Мне здаецца, мы шмат чаго дабіліся за апошні год. Спадзяюся, што так будзе і ў далейшым", - дадаў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што з расійскага боку добрым крокам быў допуск беларускіх прадпрыемстваў да дзяржзакупак у Расіі. "Гэта істотна пашырае магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў. І для нас гэта на карысць, таму што гэта павышае ўзровень канкурэнтнасці на рынку", - сказаў расійскі лідар.
"Лепш мы будзем канкурыраваць з расійскімі кампаніямі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта так і ёсць. Узровень унутранай канкурэнцыі павінен быць забяспечаны. У гэтым сэнсе абсалютна свядомы крок, які пойдзе на карысць як Беларусі, так і Расіі", - дадаў Прэзідэнт Расіі.
На сустрэчы лідары Беларусі і Расіі таксама дамовіліся аб кааперацыі ў авіябудаванні.
"Мы дамовіліся, ужо можна сказаць. Дзякуй зноў жа, што Вы падтрымалі кааперацыю ў авіябудаванні. У нас ёсць і цывільныя, і ваенныя заводы па авія. Мы вельмі многае можам рабіць па кааперацыі. Тым больш, яны запатрабаваны для расійскага авіябудавання", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Абсалютна, - згадзіўся Уладзімір Пуцін. - Гэта будзе па выніках нашай сустрэчы яшчэ адно з даручэнняў Ураду".
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што даўно прасіў расійскага калегу, каб краіны не спыняліся ў супрацоўніцтве ў абароннай галіне, ваенна-прамысловым комплексе. "Вы мяне заўсёды падтрымлівалі ў гэтым плане. Я вось звярнуўся да Вас, каб мы не спынялі нашы сумесныя вучэнні. Каб мы прадоўжылі стварэнне цэнтраў па абучэнні нашых хлопцаў, перш за ўсё новым узорам ваеннай тэхнікі, якую мы ў Расіі закупляем. Мы гэта робім", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Ведаю, Вы і вашы ваенныя разглядаеце мае прапановы па вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Хацелася б, каб гэтыя рашэнні былі прыняты Вамі. Гэта на карысць беларуска-расійскім адносінам будзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін у сваю чаргу заявіў: "Як Вы і прапаноўвалі, мы правядзём у пачатку года. Там ваенныя ўзгадняць. У сакавіку-лютым. Не ведаю, калі яны вырашаць".
Пасля перагавораў кіраўнікі дзяржаў прынялі ўдзел у таварыскім хакейным матчы, які адбыўся ў піцерскім комплексе "Стрэльна Арэна". На лёд Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выйшлі ў адной камандзе. Удзельнікамі гульні таксама сталі славутыя савецкія і расійскія хакеісты.
Прэзідэнты перад удзелам у хакейным матчы сустрэліся з легендарнымі савецкімі хакеістамі Валерыем Каменскім, Аляксеем Касатонавым і Аляксандрам Якушавым. Ім былі ўручаны высокія расійскія дзяржаўныя ўзнагароды. Аляксандр Лукашэнка асабіста павіншаваў хакеістаў, паразмаўляў з імі, падзяліўся сваімі ўспамінамі як балельшчыка.