Сустрэча з актывам Гомельскай вобласці
- 13
- 31:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 снежня правёў сустрэчу з актывам Гомельскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы прадставіў актыву назначанага напярэдадні новага кіраўніка рэгіёна Івана Крупко. Раніцай 22 снежня Гомельскі абласны Савет дэпутатаў зацвердзіў Івана Крупко на пасадзе старшыні аблвыканкама.
У час сустрэчы Прэзідэнт нагадаў: у рэгіёне была праведзена вялікая работа па аднаўленні зямель пасля чарнобыльскай аварыі.
"Гамяльчане для мяне больш чым свае людзі, таму што на ўсіх прэзідэнцкіх выбарах, якая б ні была электаральная кампанія, больш за ўсё мяне тут падтрымлівалі людзі. Я за гэта вам вельмі ўдзячны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але і я заўсёды стараўся для гамяльчан зрабіць усё, што можна было".
Хоць многія палітыкі і іншыя дзеячы выкарыстоўвалі тэму аварыі на Чарнобыльскай АЭС для самапіяру і прыязджалі ў Гомельскую вобласць толькі з такой мэтай. "Я ўспамінаю свае першыя крокі па Гомельскай вобласці (я яшчэ быў дэпутатам, калі адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС), калі сюды ездзілі некаторыя чыноўнікі з кавалачкам хлеба і масла (недзе куплялі на поўначы), разгортвалі і на калене ў лесе елі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - На Чарнобылі, на гэтай бядзе, многія палітыку і кар'еру сваю зрабілі".
"Тут рабілася палітыка, а я паехаў спецыяльна паглядзець, як жывуць тут людзі", - растлумачыў Прэзідэнт.
Ён успомніў таксама свой прыезд у Гомельскую вобласць ужо ў статусе Кіраўніка дзяржавы, калі губернатарам рэгіёна быў Мікалай Вайцянкоў. Прэзідэнт расказаў, як кіраўнік рэгіёна тады настойваў на развіцці вобласці, але шукаў падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым пытанні, апасаючыся, што за ім адным людзі не пойдуць. "Для мяне Гомельская вобласць - гэта было нешта святое. Як Сочы, гэта наш беларускі поўдзень", - сказаў Прэзідэнт.
Каб пераканаць людзей, што ў Гомельскай вобласці можна жыць, асвойваць тэрыторыі, апрацоўваць зямлю, Аляксандр Лукашэнка асабіста кожны год наведваў рэгіён і жыў тут некаторы час са сваімі блізкімі. "Я ўвесь час ездзіў у гэту чарнобыльскую зону, дэманструючы, што вельмі палітызавана гэта праблема, што нельга страціць гэты край, што мы тут будзем жыць".
"Мы вельмі шмат разам з вамі за гэты час зрабілі. Гэта не я адзін тут такі герой. Вы проста паверылі, і мы пачалі працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы не можам загубіць Гомельскую вобласць, і мы яе не загубім. Гэта выключана. Нават калі ўсе вы адмовіцеся ад гэтай ідэі аднавіць моц гомельскай зямлі, мы пойдзем з іншымі людзьмі. Але мы павінны аднавіць Гомельшчыну. Гэта цудоўны край, і лепшага кутка ў нас няма. Гэта асаблівы край Беларусі, і мы яго абавязкова захаваем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прадстаўляючы новага кіраўніка рэгіёна, Прэзідэнт падкрэсліў важную ролю губернатараў у сістэме кіравання дзяржавай: "Без губернатараў, без выканкама не зможам кіраваць краінай. Гэта ключавая пасада ў нашай дзяржаве. Сем чалавек (кіраўнікоў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. - Заўвага) - яны павінны быць як крэмень".
Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў новага губернатара Гомельскай вобласці Івана Крупко як вельмі падрыхтаванага і адукаванага спецыяліста, удумлівага чалавека. Паводле слоў Прэзідэнта, ён і не хацеў, каб Іван Крупко пакідаў пасаду Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, але ўсё ж такі пры выбары новага старшыні Гомельскага аблвыканкама было прынята рашэнне спыніцца на яго кандыдатуры.
На гэту пасаду разглядаліся некалькі чалавек, і, як прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, ён вагаўся да апошняга моманту. На канчатковае рашэнне паўплывала абяцанне віцэ-прэм'ера, упаўнаважанага Прэзідэнта ў Гомельскай вобласці Юрыя Назарава аказаць усялякую падтрымку Івану Крупко пры рабоце ў гэтым рэгіёне. "І вось гэта звязка (я ж іх абодвух ведаю) адыграе сваю ролю", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, як Іван Крупко на пасадзе Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання пачаў паспяхова разбірацца з сітуацыяй у жывёлагадоўлі, падзяжом жывёлы ў гаспадарках. Цяпер свой вопыт ён прыменіць і пры рабоце ў вобласці.
Пры гэтым асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў таксама на работу сілавых структур у рэгіёне - яна павінна ісці ў звязцы з мясцовымі ўладамі і ў інтарэсах рэгіёна і краіны ў цэлым. Праваахоўныя і следчыя органы, пракуратура, МУС, упраўленні КДБ у Беларусі маюць незалежны статус (залежаць яны толькі ад закону), у іх свая вертыкаль кіравання, заўважыў Прэзідэнт. Разам з тым ён указаў на адказнасць праваахоўнікаў за абстаноўку і парадак у рэгіёне. "Улічыце: яны ўсе члены выканкама. Я іх зацвярджаю як членаў выканкама. І рашэнні выканкама - закон для ўсіх праваахоўных органаў. Калі вы, даючы ўказанні, парушаеце закон, яны, вядома, неадкладна даложаць Міністру, Міністр праінфармуе мяне, - сказаў беларускі лідар. - Але гомельская праваахоўная сістэма павінна працаваць на Гомельскую вобласць і на краіну ў цэлым. Я хачу, каб гэта пачулі людзі ў пагонах і вы гэта ўлічылі".
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Шастайлы і спытаў, як выканана яго даручэнне па забеспячэнні захаванасці буйной рагатай жывёлы і навядзенні парадку ў гэтай сферы.
Аляксандр Шастайла далажыў, што ў цэлым аператыўная абстаноўка ў Гомельскай вобласці застаецца складанай. Ёсць зніжэнне колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, у сферы кіберзлачыннасці, стала менш злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі. "Ёсць і негатыўныя тэндэнцыі. Эфектыўна працавалі сёлета па выяўленні фактаў нарказбыту. На жаль, назіраецца рост злачынстваў у нарказбыце непаўналетнімі", - далажыў кіраўнік УУС.
"Актуальнай для нас застаецца і сфера АПК. У бягучым годзе супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і іншых праваахоўных органаў выяўлена 77 злачынстваў у сферы АПК, звязаных з крадзяжом буйной рагатай жывёлы", - прадоўжыў Аляксандр Шастайла.
Паводле яго даных, у адпаведнасці з указаннем Прэзідэнта і па распараджэнні Міністра ўнутраных спраў з 14 кастрычніка па 10 снежня 2021 года сіламі органаў унутраных спраў праводзілася масавая адпрацоўка сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Было праверана 189 сельгаспрадпрыемстваў, на якіх вядзецца гадоўля буйной рагатай жывёлы. Па выніках гэтых праверак узбуджана 31 крымінальная справа, шэраг службовых асоб прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, выяўлены некалькі схем крадзяжу БРЖ. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, запэўніў кіраўнік УУС.
"Калі будзе гэта ўсё закончана па вашай частцы?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Гэта пастаянная работа. Мы на працягу года працуем па кантролі за правядзеннем пасяўной, уборачнай кампаніямі, - адказаў Аляксандр Шастайла. - З улікам дадзенага вамі распараджэння, работа па кантролі за захаванасцю буйной рагатай жывёлы будзе праводзіцца пастаянна".
У час сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці Аляксандру Лукашэнку далажылі аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэгіёне. Паводле слоў намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Прывалава, у вобласці выбудавана эфектыўная сістэма аховы здароўя, нядаўна былі рэканструяваны некалькі ўстаноў аховы здароўя, прадаўжаецца мадэрнізацыя бальніц і паліклінік. Да верасня 2022 года плануецца дабудаваць бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, на яе адкрыццё запрасілі і Прэзідэнта.
Гаворачы аб эпідэміялагічнай сітуацыі, намеснік старшыні аблвыканкама адзначыў, што захваральнасць на каранавірус знізілася каласальна. "Мы сёння маем 23 працэнты да ўзроўню гэтай хвалі", - звярнуў ён увагу. Больш за палову жыхароў вобласці прышчэплены першым кампанентам вакцыны ад COVID-19.
"Тая праблема, з якой мы сутыкнуліся, паказвае нам сёння і рэзервы, дзе трэба сканцэнтраваць увагу", - дадаў Уладзімір Прывалаў.
"Асаблівасць нашай сістэмы барацьбы з кавідам у тым, што ў нас вірусолагі і спецыялісты ў гэтай сферы хворых не лечаць. У нас вірусолагі па бальніцах паехалі і навучылі звычайных урачоў лячыць гэту заразу. Калі б мы зрабілі стаўку толькі на вірусолагаў (а іх жа ў краіне няшмат), мы ніколі не справіліся б з лячэннем. Кажуць, дзякуй урачам за тое, што лечаць. Не, дзякуй урачам за тое, што навучыліся лячыць кавід. Яны за кароткі перыяд часу навучыліся лячыць хворых", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама заявіў, што Беларусі ўдалося справіцца з цяжкімі перыядамі пандэміі, як ніводнай іншай дзяржаве. Ён канстатаваў, што ў заходніх краінах сістэма аховы здароўя не спраўляецца з наплывам хворых, з-за чаго там высокая смяротнасць ад каранавіруса. "Прыватная ўласнасць у ахове здароўя да гэтага прывяла: ёсць грошы - лечым, няма грошай - да пабачэння, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Хіба ў нас такое было нават у самыя складаныя часы?"
Сустракаючыся з актывам рэгіёна, Прэзідэнт падкрэсліў важнасць стварэння і захавання ў райцэнтрах невялікіх вытворчасцей, каб мясцовыя жыхары былі забяспечаны работай.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта ж тэма ўзнімалася напярэдадні ў час яго сустрэчы з сям'ёй касманаўта Алега Навіцкага, які родам з Чэрвеньскага раёна. Яшчэ ў савецкія часы там быў шэраг невялікіх вытворчасцей, якія выпускалі розную запатрабаваную прадукцыю.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія гады многія раённыя цэнтры былі прыведзены ў парадак, але за гэтай работай часткова забылі аб стварэнні працоўных месцаў. "Галоўнае для чалавека - работа, вытворчасць павінна быць нейкая", - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што размова менавіта аб невялікіх вытворчасцях. Напрыклад, на 100-120 працоўных месцаў. "Каб яны былі прывязаны да гэтага раённага цэнтра. Калі мы з раённых цэнтраў знімем такія вось фундаментальныя вытворчасці, работы не будзе, людзі пачнуць выязджаць, - сказаў ён. - Каб у нас было раўнамернае размяшчэнне прадукцыйных сіл, трэба мець вытворчасці".
Як варыянт, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Гомельская вобласць багата на лясныя рэсурсы і попыт на драўніну і тавары з яе велізарны. У тым ліку і ў гэтым сегменце магчыма стварэнне і развіццё перспектыўных вытворчасцей у невялікіх гарадах.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая праблема з дэфіцытам працоўных месцаў датычыцца не ўсіх райцэнтраў, але па некалькі такіх у кожнай вобласці ёсць. "Вось гэта трэба нам мець на ўвазе", - сказаў ён.
"Трэба арыентавацца на мясцовую сыравіну. Я ўжо не гавару пра былую "Сельгастэхніку", у нас - "Райаграсэрвіс". Слухайце, без іх жа нельга. Яны павінны быць у кожным раёне адноўлены. Далей - ПМК (перасовачная механізаваная калона. - Заўвага) будаўнічыя. Што за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма будаўнічай арганізацыі? Ну дзе-нідзе дарожныя ПМК, меліярацыя... Вось гэтыя групы трэба мець. Няхай па 4-5 чалавек, але яны павінны быць у "Сельгастэхніцы" сканцэнтраваны для таго, каб аказваць людзям дапамогу і падтрымку", - падкрэсліў беларускі лідар.
Выступаючы перад актывам Гомельскай вобласці, Прэзідэнт пазітыўна ацаніў развіццё рэгіёна ў апошнія гады. Як звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, Гомельская вобласць - буйнейшы па тэрыторыі рэгіён, тут пражывае 15% насельніцтва краіны, сканцэнтравана пятая частка яе прамысловай вытворчасці. "Уяўляеце, моц!" - заўважыў Прэзідэнт.
"У той жа час вам больш за ўсіх дасталося ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Тады, на заранку майго прэзідэнцтва, я зазнаў гэта гора, перажыў разам з вамі часы бесперспектыўнасці і безнадзейнасці, - нагадаў беларускі лідар. - Сказаць, што мы ўжо ўсе пытанні па Чарнобылі вырашылі, не. Таму мы не адыходзім ад гэтага. У бліжэйшыя вясну - лета я хачу прынцыпова паглядзець на тыя чарнобыльскія землі, пабываць у тым запаведніку, як мы яго называем, каб зрабіць канчатковыя вывады, якім чынам будзем там працаваць".
"І тыя землі, і Гомельшчына з таго часу абнавіліся, вельмі шмат зроблена", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у апошнія гады дынаміка развіцця прамысловасці, асваення інвестыцый у асноўны капітал апярэджвала сярэдні тэмп па краіне. Экспарт у гэтым годзе вырас на 32% (і гэта без рэспубліканскіх прадпрыемстваў). Назіраецца дадатная дынаміка па шэрагу сельскагаспадарчых напрамкаў. Па ўзроўні сярэдняй заработнай платы Гомельская вобласць умацавалася на трэцім месцы ў краіне (Br1250 у вобласці супраць Br1410 па краіне).
Значны ўклад у дасягненне такіх вынікаў унёс былы губернатар Генадзь Салавей і актыў рэгіёна, канстатаваў Прэзідэнт. "Вы, Генадзь Міхайлавіч, як моцны гаспадарнік, у пэўнай меры расшавялілі мясцовую вертыкаль. Чалавек, увогуле ж, збоку, з Міншчыны, а вельмі блізка да сэрца прыняў праблемы, якія існуюць на Гомельшчыне. І, вядома, хацеў бы падзякаваць Вам, Генадзь Міхайлавіч, за работу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Пры той падтрымцы, якая аказваецца пацярпелым раёнам у пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, вобласць пакуль не раскрыла свой патэнцыял", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў рэгіёне вырабляюцца амаль усе кормаўборачныя і збожжаўборачныя камбайны, мінеральныя фосфарныя ўгнаенні, больш за 95% сталі, амаль палова аўтамабільнага бензіну і дызельнага паліва, тэрмапаліраванага ліставога шкла. Акрамя таго, у рэгіёна выгаднае геаграфічнае становішча і развітая транспартная інфраструктура. Па тэрыторыі вобласці праходзяць транспартныя калідоры Поўнач - Поўдзень і Захад - Усход і іх важнейшыя магістралі. "Я хацеў бы разам з вамі пабудаваць і дарогу з Усходу на Захад. Вядомая дарога ёсць, але ніякая. Я хацеў бы зрабіць такую, як з Мінска да Гомеля", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"У сукупнасці з багатай мінеральна-сыравіннай базай і высокай лясістасцю тэрыторыі гэта адкрывае ўнікальныя магчымасці для інвестыцыйных прапаноў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У час сустрэчы Прэзідэнт расказаў аб магчымым адказе на забарону паставак цераз Клайпедскі порт.
"І калі тэма транзіту з Еўрасаюзам ужо ўсім нагнала аскому, то неяк зусім не ўспамінаюць, што ўзаемны тавараабарот Украіны, напрыклад, толькі з Літвой цераз нашу краіну ў гэтым годзе склаў амаль тры мільёны тон, у тым ліку цераз гомельскі ўчастак дзяржаўнай граніцы, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Я не разумею, чым літоўцы думаюць, напіраючы на нас. Мы закрыем гэты транзіт, няхай ездзяць цераз Германію або паспрабуюць цераз Польшчу - будзе ў тры разы даражэй".
На яго думку, тут ёсць вельмі салідны патэнцыял для адказу на "ўсю гэту літоўскую чахарду па Клайпедскім порце".
Нельга ігнараваць і багатую гісторыка-культурную спадчыну, і развіты турысцка-рэкрэацыйны патэнцыял вобласці, дадаў Прэзідэнт. На яго думку, у гэтым напрамку ў рэгіёне зроблена нямала: "Калі прыязджаеш у Гомель, асабліва я зверху часта бачу - гэта наогул вельмі прыгажы горад, асабліва ранняй вясной. Прыгажосць неверагодная. Гэта трэба берагчы!"
"Таму ў рэгіёна няма падстаў быць сераднячком па выніках развіцця. А пакуль выглядае гэта менавіта так, калі не горш", - канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў рэальным сектары Гомельскай вобласці на працягу апошніх гадоў адсутнічае эканамічны рост. За два гады валавы рэгіянальны прадукт скараціўся на 0,1%.
"Гэта пацвярджае і штыль у дзелавой актыўнасці Гомельскай вобласці. Колькасць суб'ектаў гаспадарання застаецца практычна нязменнай - паводле маіх даных, 13,9 тысяч адзінак. Хоць нам жыццёва важна ствараць новыя канкурэнтаздольныя прадпрыемствы і новыя рабочыя месцы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Уклад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў эканоміку рэгіёна таксама невысокі - 16%, пры тым што ў сярэднім па краіне ў нас 27%".
Прэзідэнт адзначыў, што Гомельская вобласць, як і Віцебскі рэгіён, павінна адыходзіць ад залежнасці ад буйных прадпрыемстваў і максімальна дыверсіфікаваць свае кропкі росту.
Асабліва непакоіць Кіраўніка дзяржавы сітуацыя ў вёсцы. Аб'ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за два гады зніжаны больш як на 1%. Пры гэтым рэспубліка ў цэлым вырасла амаль на 11%. Спад прадаўжаецца і ў бягучым годзе. Вобласць займае перадапошняе месца ў краіне і з'яўляецца адзіным рэгіёнам, які скараціў вытворчасць да ўзроўню 2018 года.
"Пытанне ў эфектыўнасці вытворчасці і выкананні тэхналагічнай дысцыпліны", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, дадаў Прэзідэнт, нягледзячы на выдзяленне бюджэтных сродкаў на набыццё мінеральных угнаенняў (па праграме ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС), іх унясенне склала толькі палавіну ад патрэбнасці.
"Як вынік - ваша сельскагаспадарчая галіна стабільна мае страту ад рэалізацыі прадукцыі і адмоўную рэнтабельнасць продажаў, займаючы апошняе месца сярод рэгіёнаў краіны", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Вобласцю сур'ёзна не займаюцца, і яна заслугоўвае большай увагі да сябе. У першую чаргу гэта датычыцца Урада", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Перш за ўсё, паводле слоў Прэзідэнта, ён павінен усяляк садзейнічаць завяршэнню буйных інвестыцыйных праектаў з выхадам на праектную магутнасць. Гэта комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, прамысловая распрацоўка Петрыкаўскага радовішча калійных солей.
Таксама, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, неабходна хутка рэагаваць на любыя замінкі ў рэалізацыі праектаў па вытворчасці паперы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната і Добрушскай папяровай фабрыкі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб планах па стварэнні там дадатковых вытворчасцей. Як удакладніў віцэ-прэм'ер, упаўнаважаны Прэзідэнта ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў, у Мінску і Гродне пратэсціравалі ўжо стварэнне ўпакоўкі з атрыманага ў Добрушы кардону. Ён будзе выкарыстоўвацца замест польскіх матэрыялаў.
"Добра, будзем ісці ўглыб. Трэба больш высокая дабаўленая вартасць. Але і не забывайце аб невялікіх вытворчасцях, якія павінны быць і прадукцыя якіх карыстаецца попытам. Як у гандлі: ні ў якім разе нельга загубіць магазіны крокавай даступнасці. Павінна быць канкурэнцыя, альтэрнатыва, паколькі з часам гэтыя вялікія сеткі пачнуць вас душыць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама нагадаў, што была аказана значная дзяржаўная падтрымка нашаму Беларускаму металургічнаму заводу, і гэтай магчымасцю трэба разумна распарадзіцца. Юрый Назараў адказаў, што на БМЗ ужо сфарміраваны пакет заказаў на 2022 год і прадпрыемства ўпэўнена глядзіць у будучыню.
"Трэба цяпер дапамагчы Гомельскай вобласці, каб яна ва ўвесь рост стаяла, а не целяпалася на каленях. Але перш за ўсё ўсіх прымусіць працаваць. Калі людзі працуюць, стараюцца нешта зрабіць і ёсць вынік, але крыху недзе не хапае, то і сэрца ляжыць дапамагчы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб транспартна-лагістычным патэнцыяле рэгіёна, Прэзідэнт адзначыў, што выкарыстанне выгаднага прыгранічнага становішча вобласці на скрыжаванні транспартных шляхоў павінна быць больш поўным і выгадным.
"Не забывайце аб "чарнобыльскіх" тэрыторыях. Гэта нашы землі, і іх трэба асвойваць, што мы і будзем рабіць, акуратна, не спяшаючыся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Асабліва слабай, на яго думку, выглядае кіраўніцкая вертыкаль у аграпрамысловым комплексе. Напрыклад, у 24 са 192 сельскагаспадарчых арганізацый яшчэ застаюцца вакантнымі пасады кіраўнікоў. Аляксандр Лукашэнка даручыў знайсці рашэнне гэтага пытання.
Прэзідэнт дадаў, што цяперашні губернатар Гомельскай вобласці Іван Крупко ведае гэтыя праблемы і не ў апошнюю чаргу менавіта гэтыя абставіны прадвызначылі яго назначэнне старшынёй аблвыканкама. Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў Івана Крупко як вопытнага чалавека, які добра ведае спецыфіку работы аграпрамысловага комплексу і ўмее прымаць вывераныя кіраўніцкія рашэнні, бачыць перспектыву.
Прэзідэнт паставіў перад губернатарам задачу аб'яднаць у рэгіёне людзей і не сячы з-за пляча, прымаючы рашэнні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ў хуткім часе будзе праведзена важнейшая палітычная кампанія і наконт гэтага не павінна быць празмернага хвалявання. "Але аб'яднаць вобласць трэба, сабраць добрых людзей, не трэба сячы з-за пляча, - сказаў ён. - Людзям заўсёды трэба даваць шанц".
Аднак з тымі, хто па нейкіх прычынах не жадае працаваць, трэба расставацца без усялякага шкадавання, упэўнены беларускі лідар. "Час вельмі спрасаваны, напружаны. Таму трэба дзейнічаць, трэба бегчы. Хто ўпаў, захварэў і іншае - будзем лячыць. Хто пачаў кульгаць - таксама падлечым. Але той, хто не хоча (працаваць. - Заўвага) - не крыўдзіцеся", - дадаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да новага старшыні Гомельскага аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка пажадаў: "Поспехаў! Я вельмі хачу, каб у цябе атрымалася".
"Гэты чалавек, калі вы яго падтрымаеце, можа вам сур'ёзна дапамагчы, усёй краіне дапамагчы зрабіць з Гомельскай вобласці проста квітнеючы край. Ён можа, ён ведае, як рабіць. Асабліва ў сельскай гаспадарцы. Гэта - галоўнае пытанне. Трэба мабілізаваць і прамысловасць на тое, каб дапамаглі вяскоўцам. Але абавязкова трэба падняць сельскую гаспадарку, чаго б ні каштавала", - заявіў беларускі лідар, звяртаючыся да актыву рэгіёна.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба ў тым ліку глядзець на тыя культуры, якія можна вырошчваць ва ўмовах Гомельскай вобласці ў рамках імпартазамяшчэння. Напрыклад - бахчавыя. "У нас хапае хлеба, збожжа. Калі на гэтых землях па імпартазамяшчэнні мы нешта можам, трэба вырабляць", - сказаў Прэзідэнт.
На заканчэнне ён падкрэсліў, што вельмі любіць Гомельшчыну і паважае яе жыхароў: "Гэта сапраўдныя людзі, сапраўдныя беларусы. Я вельмі разлічваю, што мы яшчэ нямала з вамі зробім. Поспехаў вам, дзякуй. Прыміце яго (Івана Крупко. - Заўвага), як свайго чалавека".