Дабрачыннае свята ў рамках акцыі "Нашы дзеці"
- 19
- 7:56
Кожны маленькі беларус не на словах, а на справе ведае, што бясконца дарагі і патрэбны сваёй краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 снежня ў час выступлення на дабрачынным свяце ў рамках акцыі "Нашы дзеці".
"Вельмі рады бачыць вас сёння - прыгожых, па-святочнаму апранутых і, самае галоўнае, з усмешкай - на галоўнай ёлцы нашай краіны ў галоўнай зале нашай дзяржавы ў Палацы Рэспублікі. Мы праводзім нашу ёлку ўжо больш як чвэрць стагоддзя. І нават самыя маленькія гледачы першых навагодніх спектакляў, магчыма, ужо самі сталі бацькамі. А нехта, можа, прывёў сюды свайго малыша", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", якая стала цудоўнай традыцыяй, жыве і звязвае ўжо два пакаленні беларусаў. "Беларусаў, якія растуць і становяцца дарослымі на добрых і прыгожых гісторыях, расказаных на гэтай сцэне нашымі любімымі артыстамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што для яго як Прэзідэнта прысутнічаць на гэтым свяце - гэта таксама своеасаблівы падарунак. "Гэта магчымасць на імгненне адысці ад палітычных спраў, часам не вельмі прыемных, і разам з вамі акунуцца ў свет дзяцінства - у свет, у якім ёсць казка, дзе ёсць месца марам і, самае галоўнае, цудам, - заявіў ён. - Я шчаслівы, што за гады правядзення дабрачыннага праекта "Нашы дзеці" кожны маленькі беларус не на словах, а на справе ведае, што ён бясконца дарагі і патрэбны сваёй роднай краіне".
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім, хто сёння робіць дзяцінства хлопчыкаў і дзяўчынак шчаслівым і бесклапотным: настаўнікам і выхавальнікам, якія дапамагаюць асвоіць важныя веды; урачам, якія кожны дзень клапоцяцца пра здароўе дзетак; будаўнікам, якія ўзводзяць школы, дзіцячыя сады, палацы спорту, пляцоўкі і паркі для адпачынку; усім, хто вырабляе прыгожае дзіцячае адзенне, цацкі, любімыя прысмакі і карысныя прадукты, рыхтуе снеданні і абеды ў школах і дзіцячых садах.
"Перш за ўсё хачу падзякаваць нашым міліцыянерам і ваенным, людзям у пагонах, якія ахоўваюць мір на нашай зямлі і даюць нам магчымасць дзень пры дні быць шчаслівымі і пад Новы год збірацца ў такім складзе ў гэтай цудоўнай зале. Я ўдзячны арганізатарам навагодніх дзіцячых свят, якія стараюцца ажыццявіць усе вашы пераднавагоднія чаканні і мары. У гэтыя пераднавагоднія дні няма ніводнага дзіцяці ў краіне, якое не было б акружана нашым цёплым клопатам і ўвагай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Дарагія нашы дзеці, заўсёды ведайце і помніце: усё, што мы робім напярэдадні Новага года і пасля яго ў звычайныя рабочыя дні, - робім з любоўю і верай у вас", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў хлопчыкам і дзяўчынкам выдатнага настрою, моцнага здароўя і радасці ад святочнага спектакля.
Пасля завяршэння паказу Аляксандру Лукашэнку паднеслі падарунак ад імя ўсіх дзяцей краіны.
Дзеці ўручылі Кіраўніку дзяржавы цацку "Сімвал года" ў выглядзе паласатага тыграняці, які ўсміхаецца. Ён трымае ў лапе снежны шарык, упрыгожаны блакітнымі сняжынкамі, на яго шыі завязаны белы шалік з арнаментам і надпісам "Мы" як сімвала Года народнага адзінства. Цацку зрабілі з лямцу школьніцы Хрысціна Дзерангоўская і Настасся Семянчук - навучэнкі аб'яднання па інтарэсах "Вельмі ўмелыя ручкі" гродзенскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Спектр".
У якасці яшчэ аднаго падарунка Прэзідэнту ўручылі пано "Студзень". Пано, выкананае роспісам па шкле, зрабіла навучэнка гомельскай гімназіі № 58 імя Ф.П.Гааза Дар'я Лукіна. На ім адлюстраваны дзеці, якія гуляюць на вуліцы, побач з імі - сабакі і кошкі, а на заснежанай агароджы - снегіры. У рабоце дзяўчынка пастаралася перадаць атмасферу марознага сонечнага дня.