Нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД
- 3
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД. Беларускі лідар раніцай 28 снежня прыбыў у Расійскую Федэрацыю з двухдзённым рабочым візітам.
Мерапрыемства прайшло ў Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Б.М.Ельцына. Лідары краін падвялі вынікі старшынства Беларусі ў Садружнасці ў 2021 годзе, абмяняліся думкамі па вырашэнні агульных актуальных праблем, абмеркавалі далейшыя меры па павышэнні эфектыўнасці супрацоўніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця краін СНД. Сустрэча знамянальная яшчэ і тым, што ў снежні споўнілася 30 гадоў з дня ўтварэння СНД.
Адкрываючы нефармальны саміт, Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што бягучы год асаблівы для СНД - Садружнасці споўнілася 30 гадоў. "За мінулыя гады і дзесяцігоддзі многае кардынальна змянілася. Але само стварэнне арганізацыі было, безумоўна, апраўданым", - падкрэсліў расійскі лідар.
Ён адзначыў: інтэграцыя паглыблялася ў розных аспектах, у тым ліку ў сферах забеспячэння бяспекі, эканомікі. А сувязі, якія захаваліся яшчэ з часоў СССР, адыгрываюць сваю станоўчую ролю. Больш таго, многае ўдалося не толькі захаваць, але і развіць на зусім новай базе. Гэта, упэўнены Прэзідэнт Расіі, дае магчымасць краінам праходзіць цяжкі час пандэміі, захоўваючы тыя магчымасці і канкурэнтныя перавагі, якія ім дасталіся з мінулага.
Адна з тэм нефармальнай сустрэчы - агульная барацьба з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі. "Нашы калегі супрацоўнічаюць вельмі канкрэтна, глыбока", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
На сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў запрасілі кіраўніка Федэральнай службы па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека - галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Расіі Ганну Папову, якая выступіла па гэтай праблематыцы. Лідары СНД, рэагуючы на яе выступленне, агучылі сваё бачанне сітуацыі і задалі спецыялісту свае пытанні.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што для кіраўнікоў дзяржаў важна разумець, як будзе развівацца сітуацыя з пандэміяй у будучым. "Галоўнае пытанне для нас - пытанне прагнозу", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды з першых месяцаў пандэміі патрабаваў ад сваіх спецыялістаў даць прагноз як па канкрэтным штаме каранавіруса, так, магчыма, і на будучае. Былі кантакты наконт гэтага і з расійскімі спецыялістамі, аднак у цэлым ні адзін прагноз у поўнай меры, у прыватнасці па тэрмінах, не апраўдаўся. "Можа, вы скажаце нам, што будзе заўтра? Учора або сёння - дэльта, заўтра - амікрон. Паслязаўтра што будзе, на што нам арыентавацца?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
Ганна Папова адказала, што пытанне, як будзе развівацца сітуацыя ў будучым, даволі складанае. "Ні ў каго ў свеце адназначнага адказу, што будзе заўтра, няма. Але абсалютна дакладна: калі мы сёння не будзем прышчэплівацца і прымаць тыя санітарныя меры, якія прымаем, заўтра будзе значна горш, - падкрэсліла яна. - Які ні прыйшоў бы штам, гэта штам такога ж віду, і таму вакцынная ахова будзе працаваць".
"Я размаўляў з кіраўніком Інстытута імя Гамалеі, яны правялі даследаванне: "Спадарожнік V" дакладна нейтралізуе новы штам амікрон. Ён мне расказаў, што толькі клініка можа даваць канчатковы адказ на пытанне, у якой ступені, але ўзровень нейтралізацыі вельмі высокі", - заявіў у сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у галоўнага санітарнага ўрача Расіі, ці трэба пасля амікрона чакаць новых штамаў каранавіруса.
"Ні адзін вірус не спыняецца ў сваім развіцці і чакаць, што амікрон будзе фінальным варыянтам... Які будзе наступны, сёння сказаць нельга, але любы вірус жыве толькі тады, калі ён мяняецца", - растлумачыла Ганна Папова.
"Скажыце, амікрон, калі гаварыць па-народнаму, лягчэйшы за дэльту?" - задаў яшчэ адно ўдакладняючае пытанне Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Як расказала галоўны санітарны ўрач, расійскія спецыялісты пабывалі ў ПАР, каб вывучыць амікрон-штам. Высветлілася, што ў гэтай краіне вірус не выклікае цяжкага праходжання хваробы, акрамя тых, хто не прышчэплены або мае спадарожныя захворванні. Аднак, растлумачыла Ганна Папова, магчыма, гэта з-за таго, што сярэдні ўзрост жыхароў ПАР да 30 гадоў, а маладыя людзі лягчэй пераносяць захворванне.
Не зусім паказальная, паводле яе слоў, і сітуацыя з амікронам у Вялікабрытаніі: там агульны ўзровень імунізацыі перавышае 80%.
"Нейкіх іншых сур'ёзных эпідэміялагічных назіранняў пакуль не апублікавана - мы вельмі ўважліва за гэтым сочым. Але тое, што ён (амікрон-штам. - Заўвага) больш заразны, больш людзей адразу заражаецца, - гэта вельмі важна. Таму што, калі ў віруса такая актыўнасць, у поле яго дзеяння з вялікай верагоднасцю трапляюць людзі, для якіх захварэць на любы варыянт гэтага віруса - высокая рызыка. Гэта можа выклікаць перагрузку (сістэмы аховы здароўя. - Заўвага)", - адзначыла Ганна Папова.
У цэлым жа пакуль спецыялісты не могуць сказаць, што пандэмія ідзе на спад, і рыхтуюцца процідзейнічаць распаўсюджванню новага штама, прадаўжаць абараняць людзей, падагульніла галоўны санітарны ўрач Расіі.
Далейшае абмеркаванне эпідэміялагічнай сітуацыі на прасторы СНД і іншых тэм, якія датычацца развіцця інтэграцыйных працэсаў, лідары Садружнасці прадоўжылі ўжо ў закрытым фармаце.