Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 6
- 2
Беларусь і Расія, аб'яднаўшыся з саюзнікамі, разам здолеюць пераадолець санкцыйны націск Захаду. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 сакавіка ў Крамлі на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прадаўжалася больш за 5 гадзін у розных фарматах.
У самым пачатку размовы Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з паспяховым правядзеннем рэферэндуму па пытанні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Ён адзначыў высокую яўку на ўчастках для галасавання і падтрымку грамадзян Беларусі.
"Больш, чым на прэзідэнцкіх выбарах, дарэчы, на паўтара працэнта", - заўважыў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка.
"Думаю, што гэты палітычны працэс, які Вы ініцыявалі, дыялог, які Вы ведзяце з людзьмі, надзвычай важны для таго, каб сітуацыя была ўстойлівай і стабільнай. Толькі пры такой сітуацыі можна гаварыць і аб эканамічным развіцці", - падкрэсліў Кіраўнік расійскай дзяржавы.
Пытанне сумесных дзеянняў ва ўмовах жорсткага санкцыйнага націску Захаду першапачаткова было на парадку дня перагавораў. Выклікі, з якімі апошнім часам сутыкаюцца краіны, няпростыя, але Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўсё гэта можна пераадолець. "Яшчэ як вытрымаем! Назло ворагам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы журналістам на ўваходзе ў Крэмль.
Ужо на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным беларускі лідар прапанаваў канкрэтны план.
"Я хачу прапанаваць Вам: слухайце, вы заўсёды дапамагалі сваім саюзнікам. Казахам дапамагалі. Ды ўсім. Рынак вы некаторым адкрылі. Не буду іх называць, яны крыўдзяцца. Ну, дык нам трэба неяк сабрацца ў АДКБ, нам трэба ў ЕАЭС сабрацца, з'яднацца разам. Усе ж гаварылі аб тым, што нам трэба разам быць. Ну дык давайце збяром. І, паверце, яшчэ дабавіўшы гэтыя рынкі, мы праз месяц забудзем, што ў нас ёсць санкцыі. Таму АДКБ і ЕАЭС, вось я ўношу прапанову (думаю, Вы мяне падтрымаеце), - нам трэба сабрацца ў Маскве, сесці за стол перагавораў і дамовіцца: мы вам гэта прадаём, вы нам - гэта. І выбудоўваем нашу агульную эканамічную палітыку", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Таму я сёння ў Маскву прыехаў з нармальным настроем, упэўнены ў тым, што мы лепш зробім, чым у нас заўсёды было пасля распаду СССР і нават у Савецкім Саюзе. Сітуацыя не тая, каб перажываць за нейкія падзеі. Час проста патрэбны. Вялікае бачыцца на адлегласці", - упэўнены беларускі лідар.
Санкцыйны націск Аляксандр Лукашэнка назваў часам магчымасцей. "Я Вам па тэлефоне не аднойчы гаварыў: і Расійская Федэрацыя, а мы тым больш - заўсёды пад санкцыямі. Сёння яны больш маштабныя, але мы ўжо да гэтага, выбачайце мне, свінства Захаду прывыклі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Чаму свінства, таму што гэта ўсё нелегітымна, як яны любяць гаварыць, гэта ўсё незаконна, у парушэнне ўсіх міжнародных пагадненняў і дагавораў. Таму яшчэ раз кажу: гэта проста свінства, з майго пункту гледжання. Я ўжо гэтага нацярпеўся. І вы наеліся ўжо".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі і Расіі ўсё ёсць, каб у існуючых умовах развіваць сваю эканоміку: "Абыдземся без іх (заходніх партнёраў. - Заўвага). У нас усё ёсць для таго, каб нармальна жыць і працаваць".
"Гэта час магчымасцей. Калі мы з вамі сарыентуемся, паверце, праз паўгода - да канца года людзі забудуць, што гэта здарылася. З пункту гледжання эканомікі. І не трэба гаварыць: "перажывём - не перажывём санкцыі...". Слухайце, мы іх (санкцыі. - Заўвага) перажывалі колькі хочаце. Нам трэба адбудаваць нашу эканоміку", - падкрэсліў беларускі лідар.
З Аляксандрам Лукашэнкам згодны і яго расійскі калега. "Спробы абмежаваць наша развіццё, стрымаць яго рабіліся заўсёды, робяцца і цяпер. Цяпер гэта, вядома, у большым маштабе, гэта відавочна. Але ўпэўнены, што мы пройдзем праз гэтыя цяжкасці і, наадварот, набудзем больш кампетэнцый, больш магчымасцей адчуваць сябе незалежнымі і самастойнымі. У рэшце рэшт гэта пойдзе на карысць, як гэта было папярэднія гады, - перакананы Уладзімір Пуцін. - Цяпер наносіцца масіраваны ўдар па эканоміцы. Але практыка апошніх гадоў паказала, што там, дзе заходнікі ўвялі супраць нас абмежаванні, мы набылі новыя кампетэнцыі і адноўлены старыя на новым тэхналагічным узроўні. Гэта ўсё работа. Мы, вядома, сталі ў гэтым сэнсе мацнейшымі".
Ён адзначыў, што цяперашні санкцыйны перыяд - гэта час магчымасцей для далейшага руху ў напрамку ўмацавання тэхналагічнага і эканамічнага суверэнітэту. "Ваша праўда абсалютна: Савецкі Саюз сапраўды жыў увесь час ва ўмовах санкцый, развіваўся і дасягаў каласальных поспехаў. Нават пасля 1990 года ў адносінах да Расіі захоўваліся і потым перайшлі ўжо ў навейшы час санкцыі з часоў Савецкага Саюза. Гэта абмежаванні ў галіне высокіх тэхналогій. Усё гэта было, так і ёсць", - дадаў расійскі лідар.
Дарэчы, на фоне санкцый гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі развіваецца ў станоўчым рэчышчы. "У мінулым годзе ў нас больш як на трэць павялічыўся тавараабарот - больш за 34%", - заўважыў Уладзімір Пуцін.
Важнай тэмай перагавораў стала таксама сітуацыя ў рэгіёне і непасрэдна ва Украіне, дзе Расія праводзіць спецаперацыю.
"Я, безумоўна, праінфармую Вас і аб сітуацыі на ўкраінскім напрамку. І перш за ўсё аб тым, як ідуць цяпер перагаворы, якія праводзяцца практычна на штодзённай аснове. Там ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі, як мне далажылі перагаворшчыкі з нашага боку", - сказаў у пачатку сустрэчы Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ужо людзі ўсё больш пачынаюць разумець рэальную сітуацыю і сутнасць таго, што адбываецца: "Чым далей, тым больш людзі разумеюць. Не мы на іх напалі. Не мы! Прэвентыўна. УСУ пачалі страляць, калі яшчэ мы з Вамі за два дні былі ў Вас дома. Мы з Вамі сядзелі ў верталёце (пасля перагавораў у Крамлі 18 лютага ў час мінулага візіту ў РФ Аляксандра Лукашэнкі кіраўнікі дзяржаў накіраваліся ў загарадны комплекс, дзе прадоўжылі сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы. - Заўвага). Дакладвалі пастаянна. Яны пачалі. А я Вам цяпер пакажу, адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (4 пазіцыі, я цяпер пакажу - карту прывёз), яны атакавалі б нашы войскі - Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях".
"Таму не мы развязалі гэту вайну. У нас сумленне чыстае. Добра, што пачалі. Біялагічная зброя, самыя вялікія электрастанцыі атамныя... І ўсё гэта было гатова - узарваць", - адзначыў беларускі лідар.
"Цяпер мы бачым, што ў Чарнобылі робіцца. Вы мяне папрасілі электрычнасць падвесці, а ім (ва Украіне. - Заўвага) не трэба. Вы разумееце, ім не трэба. І няхай там што хочаце робіцца, яны адпіхваюцца. Мы сілай падвялі туды электрычнасць, як я і паабяцаў - да Чарнобыльскай станцыі", - сказаў Прэзідэнт.
Уладзімір Пуцін падзякаваў за гэта Кіраўніку беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Таму людзі паціху пачынаюць разумець, што ёсць што, і за кім стаіць гэта праўда. Не зрабілі б гэта за суткі да таго, паверце, праз некалькі дзён мы зазналі б усё гэта з вялікімі стратамі. Яшчэ раз кажу: яны не толькі па Данбасе рыхтаваліся нанесці ўдар. Яны выбудавалі пазіцыі для нанясення па Беларусі ўдару".
"Таму не трэба апраўдвацца ні перад кім. Я бачу, як нашы, вашы некаторыя паводзяць сябе: бачыце, не тое зрабілі. Яны зазналі б гора больш, чым у сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі гэтыя фашысты на нас рухаліся", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў апасенні і наконт дзеянняў ва Украіне замежных наёмнікаў. "Гэтыя замежныя наёмнікі ідуць уздоўж граніцы Беларусі да Чарнобыльскай станцыі. Тры моманты: яны хочуць перарэзаць шляхі руху расійскіх войскаў - у спіну ўдарыць, як я казаў; другое - яны хочуць ударыць па пазіцыях тых войскаў, якія ў нас засталіся з беларуска-расійскіх вучэнняў; і яны не страчваюць надзеі нас уцягнуць у гэту бойню непасрэдна, каб мы агалілі заходні ўчастак", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Не такія яны простыя. І што яны хочуць у Чарнобылі зрабіць, нам яшчэ давядзецца з Вамі разгадаць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.