Пасяджэнне Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь
- 19
- 20:32
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка правёў пасяджэнне Савета Бяспекі ў пашыраным фармаце.
У ліку запрошаных былі Міністр эканомікі, усе губернатары, памочнік па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы. Галоўныя тэмы - функцыянаванне эканомікі, стабілізацыя знешняга гандлю і знешнепалітычная дзейнасць.
На пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка назваў галоўную мэту развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны. Яна заключаецца ў падрыве дабрабыту насельніцтва.
"Эканамічная вайна супраць Беларусі вядзецца ўжо амаль два гады. З улікам падзей ва Украіне наступленне на нас пайшло па ўсіх франтах: у гандлі, фінансах, лагістыцы. Галоўная мэта - перакрыць нашы экспартныя каналы, аслабіць праз імпартныя абмежаванні, каб у канчатковым выніку ўсё гэта паўплывала на дабрабыт нашага насельніцтва", - сказаў Прэзідэнт.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, на пасяджэнне вынесена пытанне аб сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі, яе ўплыве на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны: "Адкрыта скажу: цяпер гэта пытанне - адно з найбольш актуальных для дзяржавы і стаіць у адным радзе з забеспячэннем яе ваеннай бяспекі. Нам неабходна ацаніць, як складваецца абстаноўка ў краіне, у свеце і якія тэндэнцыі праглядаюцца. Якія высновы з гэтага вынікаюць, на што накіраваць намаганні, якія практычныя крокі рабіць".
Яшчэ адна тэма - асноўныя напрамкі знешнепалітычнага курсу Беларусі ў існуючых умовах.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад эфектыўнасці работы эканомікі ва ўмовах гандлёвай і фінансавай блакады з боку Захаду і правільна расстаўленых знешнепалітычных прыярытэтаў шмат у чым залежыць і ўнутрыпалітычная стабільнасць у краіне.
Перад удзельнікамі пасяджэння Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг пытанняў. Па-першае, як Урад ацэньвае бягучую эканамічную сітуацыю і якія пагрозы праглядаюцца на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, а таксама якія ёсць рэзервы для процістаяння санкцыям і якая агульная стратэгія Урада ў цэлым. "Пастаўлена задача адна - эканоміка. Ніхто ўвагу Урада не адцягвае ў гэтай сітуацыі на вырашэнне іншых пытанняў, акрамя эканамічных", - заўважыў беларускі лідар.
Па-другое, наколькі эфектыўна рэалізуюцца беларуска-расійскія дамоўленасці аб узаемнай падтрымцы ў сувязі з жорсткім націскам Захаду і якія неабходны дадатковыя меры. Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, якія праблемы, магчыма, патрабуюць яшчэ вырашэння на ўзроўні прэзідэнтаў.
Па-трэцяе, якія карэктывы неабходна ўнесці ў знешнепалітычную дзейнасць, якія неадкладныя меры прыняць тут і цяпер з улікам істотнага змянення сітуацыі вакол Беларусі і існуючых прагнозаў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Захад увёў бы санкцыі ў адносінах да Беларусі ў любым выпадку.
"Хуткасць прыняцця санкцый, а таксама глыбіня прапрацоўкі сведчаць аб тым, што яны рыхтаваліся даўно і дасканала. Пры гэтым зразумела, што іх увялі б незалежна ад развіцця расійска-ўкраінскіх адносін. Гэтыя санкцыі былі б, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Магчыма, уводзіліся б не адразу, а некалькімі пакетамі. Але мы іх атрымалі б у любым выпадку. І нават тут размова ідзе больш аб Расіі".
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў цэлым рыхтаваліся да такога развіцця падзей. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што яшчэ ў пачатку пандэміі гаварыў аб тым, што яе наступствы будуць вельмі сур'ёзнымі ў агляднай будучыні. "Так яно і адбылося. Тады я папярэдзіў усіх аб тым, што размова ідзе пра перадзел свету. Сёння пра гэта хто толькі ні кажа. Гэта значыць, мы ведалі, што будзе. Прынамсі, усіх я папярэджваў аб гэтай тэндэнцыі. І тады мы спрабавалі прыняць пэўныя меры", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў важную падтрымку Расіі, перш за ўсё ў эканамічным плане. "У час нядаўняга візіту ў Маскву з Прэзідэнтам Пуціным мы разгледзелі пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў прамысловасці, грузаперавозках, паліўна-энергетычнай і фінансавай сферах. Галоўнае, мы аднолькава ацэньваем сітуацыю, якая склалася вакол Беларусі і Расіі", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што тое, што адбываецца, у тым ліку з'яўляецца часткай глабальнага процістаяння паміж ЗША і Кітаем: "З'явіўся новы магутны ігрок - Кітай. Так вось, міма праходзячы, спрабуюць разабрацца з Расіяй і Беларуссю".
"Гэта частка таго глабальнага, якое ўсім нам у бліжэйшы час наканавана бачыць. Будзе вельмі дрэнна, калі саюз Беларусі і Расіі не ўстаіць. Будзе вельмі дрэнна, мякка кажучы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Для нашых краін сапраўды адкрываюцца новыя вокны магчымасцей. З выхадам заходніх кампаній з рынку Саюзнай дзяржавы вызваліліся велізарныя нішы, якія нам трэба будзе асвоіць. Пытанне ў тым, што нам перашкаджала гэта рабіць раней - лабісты, канкурэнцыя, карупцыя? Напэўна, усё ў цэлым", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што многія краіны, якія пайшлі за ўладнымі людзьмі і бяздумна далучыліся да санкцый, пачынаюць ужо задумвацца і нешта разумець: "Нават рабіць. Некаторыя заходнія кампаніі з Расіі і Беларусі пабеглі. Асобныя вяртаюцца назад. А частка і не сыходзілі. Зрабілі толькі заяву. Па сутнасці, гэтыя абмежавальныя меры ў адносінах да Расіі і Беларусі, уведзеныя ЗША і іх саюзнікамі, становяцца санкцыямі для ўсяго свету. Разбурана існуючая сістэма гандлю".
Прэзідэнт падкрэсліў, што санкцыі робяць слабейшымі дзяржавы, якія іх уводзяць. "І нават у большай ступені шкодзяць гэтым дзяржавам. Вазьміце Еўрасаюз. Не хапае паліва. Цэны падскочылі. Не хапае прадуктаў харчавання. Сельская гаспадарка вельмі насцярожылася - не хапае мінеральных угнаенняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Дзяржавы, якія гэта разумеюць, у прыватнасці Кітай, выступаюць супраць санкцый краін заходняга свету, што дэстабілізуюць сусветны рынак", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Ужо няма сумненняў, што з пачаткам расійскай аперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха. Ва ўмовах абвастрэння процістаяння вядучых ігракоў імкліва фарміруецца новы "водападзел" паміж Усходам і Захадам", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё гэта пачалося не па прычыне ваенных дзеянняў паміж Расіяй і Украінай. "Гэта пачалося даўно. Каб выйсці на сутыкненне лоб у лоб з Кітаем, Амерыцы трэба было тут разабрацца. Еўропа, Расія, Украіна, Беларусь... І пайшло-паехала. І пачалося гэта, як мінімум, з майдана. І не з апошняга, а папярэдняга перад апошнім майданам, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ім трэба было з Украінай, Беларуссю разабрацца, каб потым разбірацца з Расіяй. Што адбылося ва Украіне ў выніку двух майданаў, вы ведаеце. Наступнымі былі мы. У 2020 годзе паспрабавалі. Зламалі рогі і зубы - не атрымалася. Тады зразумела была стратэгія, я гэта выразна прадбачыў, - аб'яднаць нас з Расіяй у адну карзіну і дачакацца моманту, каб нанесці ўдар па Беларусі і Расіі".
"Калі гаварыць пра Беларусь, то наш выбар быў відавочны. Пасля выяўлення неаспрэчных фактаў аб рэальнай пагрозе нацыянальнай бяспецы (а вы помніце 2020-ы год, калі мы нават ваенныя мерапрыемствы праводзілі, выстаўляючы паў-арміі на заходнюю граніцу і паказваючы ім, што мы жартаваць не будзем) намі былі прыняты неабходныя меры для абароны сваёй краіны. Абсалютна правамерна задзейнічаны механізм ваеннай падтрымкі ў рамках нашага Саюза Беларусі і Расіі", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што амаль адразу пасля пачатку актыўнай фазы баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны Беларусь традыцыйна пастаралася наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць для тых, хто крычыць "Не вайне!". Нам вайна гэта не патрэбна. Таму што ў выніку гэтага канфлікту - двух славянскіх народаў - больш за ўсё пацярпець можам мы. Пра гэта я гаварыў з першага дня гэтага процістаяння Украіны і Расіі. Мы чарговы раз прапанавалі Расіі і Украіне бяспечнае месца для перагавораў, арганізаваўшы іх. Наша ініцыятыва была пачута і з удзячнасцю прынята. У Беларусі прайшлі тры сустрэчы расіян і ўкраінцаў, дзе былі абазначаны шляхі руху да мірнага дагавора".
"Аднак прафесійныя дзеянні нашых ваенных і дыпламатаў засталіся незаўважанымі на Захадзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бяздоказна і беспадстаўна Беларусь была аб'яўлена "хаўруснікам агрэсара". Услед за гэтым неадкладна пайшлі чарговыя санкцыі".
Прэзідэнт упэўнены, што ў сітуацыі, якая складваецца ў рэгіёне і свеце, саюзнікам важна з'яднацца. "Хачу вас запэўніць, што Беларусь і далей будзе самым жорсткім чынам адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Саюзнікі, якія пакуль яшчэ сумняваюцца, павінны зразумець - без хутчэйшага з'яднання нашай цывілізацыі, без умацавання палітычных, эканамічных і ваенных сувязей нас заўтра можа не быць. Не будзе проста", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў цяперашняй сітуацыі разам з безумоўным развіццём сувязей з дружалюбнымі дзяржавамі вельмі важна знаходзіць і пашыраць перспектыўныя напрамкі, актыўна выкарыстоўваць кропкавую дыпламатыю, дасягаць канкрэтных вынікаў.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі эфектыўна рэалізуюцца беларуска-расійскія дамоўленасці аб узаемнай падтрымцы ў сувязі з жорсткім націскам Захаду і якія неабходны дадатковыя меры. "У бліжэйшы час мы сустрэнемся з кіраўніцтвам Расіі, Прэзідэнтам Расіі. Я хацеў бы ведаць гэтыя праблемы, якія мы павінны вырашаць на ўзроўні прэзідэнтаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца перагавораў бакоў, якія прадоўжыліся ў Стамбуле, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Стамбул - гэта націск Захаду на Украіну ні ў якім разе не ехаць у Беларусь. Ім не патрэбна была міратворчая місія ў Беларусі. Паводле задумы я вам сказаў: яны ў адну карзіну нас склалі з Расіяй і вырашылі разам разабрацца. Ну якая міратворчая пляцоўка (у Беларусі. - Заўвага), трэба, напрыклад, у Стамбуле, у краіне НАТА".
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не настойвае на сваёй пляцоўцы: "Няхай там праводзяць гэтыя перагаворы. Галоўнае, каб быў вынік. Таму што вайна, яшчэ раз падкрэсліваю, гэта вялікая шкода для Беларусі".
"Я хачу проста ўпершыню вам абазначыць на сённяшні дзень нашу пазіцыю, якая даведзена да Міністра замежных спраў і даручана МЗС яе рэалізаваць. Не можа быць перагавораў без удзелу Беларусі. Калі вы нас увязалі ў гэта, перш за ўсё заходнія краіны, там, на гэтых перагаворах, зразумела, павінна прагучаць пазіцыя Беларусі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы зыходзім не з таго, што нас у адну карзіну пагрузілі з Расіяй. Не. Мы зыходзім з таго, што гэта вайна - за агароджай нашай краіны. І яна вельмі сур'ёзна ўплывае на сітуацыю ў Беларусі. Таму ніякіх сепаратных за спінай Беларусі дамоўленасцей быць не можа, - падкрэсліў беларускі лідар. - І я абсалютна перакананы і ведаю, што Расія такую пазіцыю разумее. І ў гэтым нічога дрэннага няма. Але гэта будзе супярэчыць задуме Захаду. Але гэта не значыць, што мы павінны скакаць пад дудку Захаду".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што кіраўніцтва Украіны павінна разумець: пасля вайны пачнецца перыяд адраджэння, трэба будзе аднаўляць краіну. "І калі яны думаюць, што проста так бескарысліва прыйдуць заходнія дзяржавы і Украіну адновяць, нічога падобнага! Яны калі і будуць будаваць і аднаўляць які-небудзь завод ва Украіне, гэта будзе не ўкраінскага народа завод. Гэта будзе завод той краіны, якая будзе аднаўляць. Такім чынам страшэнная небяспека ў тым, што ва Украіне наогул нічога не застанецца ўкраінскага, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Нават алігархічнага. Усё гэта будзе падмята алігархамі ЗША і буйных краін Еўрапейскага саюза".
"Таму шчасце трэба шукаць у сябе. Як я даўно гавару, тры славянскія народы павінны нарэшце, усвядоміўшы тое, што адбываецца ў свеце ў глабальным плане, сесці за стол і дамовіцца. Дамовіцца як роўныя", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У час пасяджэння Аляксандр Лукашэнка расказаў аб праведзенай Беларуссю спецаперацыі па вызваленні сваіх грамадзян ва Украіне.
"Дайшло да таго, што гэтыя нягоднікі пачалі захопліваць там нашых людзей, перш за ўсё вадзіцеляў аўтамабіляў, якія ў той час трапілі туды. Арыштавалі паўтары тысячы нашых вагонаў, захапілі нашы аўтамабілі і да сотні, па-мойму, нашых хлопцаў, якія кіравалі гэтымі фурамі. Я папярэджваў украінцаў, што мы вымушаны будзем правесці спецыяльную аперацыю па вызваленні гэтых людзей. Мы такую спецыяльную аперацыю правялі і ўсіх нашых людзей вызвалілі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт не стаў удавацца ў падрабязнасці, але даручыў Старшыні КДБ Івану Тэртэлю прысвоіць дзяржаўныя ўзнагароды ўсім, хто быў задзейнічаны ў гэтай аперацыі.
"Бліскуча правялі, нават вы не заўважылі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета Бяспекі. - Калі там у нас адзін, два, тры, пяць чалавек дзесьці засталіся, трэба жорстка паставіць умовы (няхай Макей размаўляе з гэтым паслом Украіны), што, калі гэта не будзе зроблена, мы ўжо адкажам інакш. Яны вельмі многім рызыкуюць. Бо і тут нямала на чале з паслом украінцаў, мы ж да іх ставімся згодна з законам, па-чалавечы. Але гэта ўжо не тая сітуацыя. Таму: паводзілі сябе брыдка, мы вымушаны былі рэагаваць", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.