Сустрэча з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Алегам Мельнічэнкам
- 15
- 9:49
Пензенская вобласць займае асаблівае месца ў адносінах Беларусі з расійскімі рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 сакавіка на сустрэчы з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Алегам Мельнічэнкам.
"Вы прыехалі на сваю зямлю. Вы павінны ведаць, што Беларусь - гэта родная зямля не толькі для вас - блізкіх нам тэрыторый - геаграфічна, культурна і як хочаце. Але вы павінны разумець, што Беларусь - гэта краіна, якая ў найбольшай ступені захавала ўсё тое, што трэба было захаваць пасля распаду той вялікай краіны, у якой мы з вамі пражывалі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Не буду хітраваць, скажу шчыра, што сустракаемся мы з вамі ў няпросты час. Час складаны. Але час велізарных магчымасцей. Напэўна, нам трэба было перажыць гэты перыяд, каб зразумець не толькі, у які час мы жывём, але і як нам развівацца далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, што апошнія некалькі месяцаў, можа, год-паўтара сур'ёзна нас працверазілі. Мы зразумелі, што выратаваць, абараніць сябе мы можам толькі самі. Нікому мы не патрэбны. Мы гэта раней зразумелі. Цяпер Расія гэта ўразумела, напэўна, як ніколі. І мы гатовы не прапусціць гэты час магчымасцей. Пры ўсіх складанасцях, якія мы сёння зведваем".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта перш за ўсё эканамічныя, фінансавыя санкцыі: "На Расію больш, на нас, можа, крыху менш наваліліся яны. З боку нашых, як было прынята гаварыць нашым старэйшым братам, партнёраў. Вось такія яны партнёры. Але ніхто ў гэтым сёння не сумняваецца, што мы не проста выстаім, а адродзімся, як фенікс з попелу. Нам у гісторыі не аднойчы даводзілася гэта рабіць. Не хацелася б. Але нас паставілі ў такія ўмовы".
"Пензенская вобласць займае ў шэрагу нашых узаемаадносін з рэгіёнамі асаблівае месца. Ключавым для нас напрамкам з'яўляецца гандаль і інвестыцыі. Гэта галоўнае. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць. Я не выключаю іншых напрамкаў. Не гавару аб культурным супрацоўніцтве, гуманітарным і гэтак далей. Гэта само сабой зразумела. Мы народы ад аднаго кораня, абсалютна падобныя адзін да аднаго", - сказаў беларускі лідар.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у 2021 годзе тавараабарот з вобласцю склаў каля $100 млн. "Тое, што мы змаглі ўлічыць. Зразумела, што ён большы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь валодае перадавымі тэхналогіямі ў сельскай гаспадарцы і заўсёды гатова дзяліцца існуючым вопытам і напрацоўкамі: "Такія напрамкі нашага супрацоўніцтва, як сельгаспрадпрыемствы, падрыхтоўка кадраў для сельскай гаспадаркі, тэхналогіі ў насенняводстве, жывёлагадоўлі".
Сфера будаўніцтва - яшчэ адзін напрамак, у якім можна паспяхова супрацоўнічаць. "Гэта і жыллёвае будаўніцтва, сацыяльныя, прамысловыя аб'екты. Усё гэта мы захавалі з савецкіх часоў. У тыя часы Беларусь была маяком у будаўніцтве. Да нас прыязджалі з усяго Саюза і вучыліся, як трэба будаваць. Гэта заслуга не толькі беларускіх будаўнікоў, архітэктараў, праекціроўшчыкаў, а ўсёй вялікай краіны", - сказаў Прэзідэнт.
"Асаблівы напрамак, і гэта мы з Прэзідэнтам Расіі пастаянна падкрэсліваем, гэта актыўнае стварэнне сумесных вытворчасцей. Тут і, асабліва, у вашай вобласці. У сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, навукова-тэхнічнай сферы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі акуратна дзейнічалі ў плане допуску замежных кампаній да сумеснай работы на буйных прамысловых прадпрыемствах. "Мы не вельмі ўжо ішлі на тое, каб сюды запусціць іншаземцаў. Таму ўведзеныя санкцыі па нас так не ўдарылі, як, дапусцім, па КАМАЗе. Туды ўвайшлі немцы перш за ўсё, - сказаў Прэзідэнт. - Мы гэтым напрамкам асабліва не балавалі нашых машынабудаўнікоў. У нас таксама немцы працавалі. І МАЗ - МАН і "Неаплан" у свой час на МАЗе. Кантракт закончыўся, я ім паціснуў руку, сказаў: "Дзякуй, далей мы будзем развівацца самі". Чаго б нам ні каштавала, вось гэтых цяжкасцей, складанасцей. Дарэчы, мы і ў Расіі развівалі такія напрамкі супрацоўніцтва. Але тагачасныя вашы кіраўнікі лічылі, што калі прыйдуць немцы або амерыканцы, - гэта такія тэхналогіі, гэта такое шчасце будзе..."
"Тым не менш мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што там, дзе ў нас вышэйшыя кампетэнцыі, калі ласка, скарыстаемся ўсім неабходным. Там, дзе ў Расіі ёсць перадавыя тэхналогіі, мы павінны скарыстацца. Але трэба ствараць сумесныя прадпрыемствы. Тады не будзе балбатні аб нейкай адзінай дзяржаве, адзінай валюце і інш. Эканоміка нас выведзе на той узровень і прывядзе да таго, што павінна існаваць паміж нашымі дзяржавамі. Эканоміка - гэта фундамент любых адносін. У такім напрамку мы і дзейнічаем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі 2022 год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. "Мы гэтаму надаём сур'ёзную ўвагу. 2020 год нас многаму навучыў. І вас таксама - 2021 год, а можа, і 2020-ы. І вось гэты горкі вопыт перажытага намі за апошнія два гады дае нам магчымасць не страціць арыентацыю на будучае. Я часта жартам гавару (але гэта не жарт), што вось гэтыя складанасці паказалі нам, хто ёсць хто і падштурхнулі дзейнічаць у тым напрамку, у якім трэба было дзейнічаць даўно. Нават пасля распаду Савецкага Саюза", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні Алегу Мельнічэнку выдалася магчымасць наведаць 11-ю заставу "Брэст", якая носіць імя ўраджэнца Пензенскай вобласці Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава. У свой час там служыў і сам Аляксандр Лукашэнка. "Гэта станаўленне мяне як чалавека тады. Гэта здзіўныя мясціны, нашы мясціны. Мясціны гераічнай памяці. Пагранічнікі дастойна там змагаліся, у тым ліку і застава Кіжаватава, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта быў гераічны чалавек. Застава Кіжаватава была вядома ўсяму Савецкаму Саюзу. Гэта была лепшая застава. А я служыў у пагранічным атрадзе - тады Брэсцкім - лепшым у Савецкім Саюзе. Таксама прыязджалі вучыцца. Але служыць у такім атрадзе, вядома, не дай бог. Таму што адказнасць жорсткая".
Алег Мельнічэнка ў час сустрэчы падкрэсліў, што Беларусь дапаможа Пензенскай вобласці ў імпартазамяшчэнні заходняй прадукцыі. "Мы сур'ёзна рыхтаваліся да паездкі. Уважліва прааналізавалі той асартымент прадукцыі, які нам цікавы. Паглядзелі нашу праблематыку па імпартазамяшчэнні. Сфарміравана каля 800 найменняў рознай прадукцыі. Мы можам ісці па шляху імпартазамяшчэння", - сказаў губернатар.
Ён таксама адзначыў, што часта бываў у Беларусі, практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны ў яго ёсць сябры. "Таму рэспубліка для мяне родная", - падкрэсліў губернатар.
Алег Мельнічэнка расказаў, што папярэдні раз наведваў Беларусь у жніўні 2020 года, каардынаваў наглядальнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД на прэзідэнцкіх выбарах.
"Я думаю, вы крыху парушэнняў выявілі?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
"Я хачу сказаць, што парушэнняў не было наогул. Мы ездзілі па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Я перамяшчаўся па выбарчых участках у Мінску цэлы дзень. Ніякіх парушэнняў мы не зафіксавалі", - заявіў Алег Мельнічэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасля 2020 года ў Беларусі быў вельмі сур'ёзны перыяд: у краіне рыхтаваліся да рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі. "Дэмакратызавалі яе. Трэба было рухацца наперад. І вы ведаеце, многія ў нас у грамадстве прапаноўвалі не праводзіць рэферэндум пасля падзей 2020 года. Я катэгарычна выказаўся супраць: мы паабяцалі. Рэферэндум прайшоў і, ведаеце, такая цішыня. Нават Захад уціхамірыўся: сказаць няма чаго. І вынікі рэферэндуму на паўтара працэнта лепшыя, чым на прэзідэнцкіх выбарах. У нас сапраўды спакойная сітуацыя", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што Захад спрабаваў арганізаваць у Беларусі майдан па ўкраінскім сцэнарыі, але ў яго нічога не выйшла. "Было жаданне адрэзаць тут і правесці чырвоную рысу для Расіі. У іх не атрымалася. Яны цяпер ходзяць і зубамі ляскаюць - не атрымалася, трэба неяк усё гэта перавярнуць. Таму санкцыі ўводзяць супраць Расіі і, шчыра кажучы, супраць Беларусі, каб Расія не абышла свае санкцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.