Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама ў Беларусі Нгуенам Ван Нгы
- 8
- 3:30
Супрацоўніцтва Беларусі і В'етнама заўсёды прыносіла і будзе прыносіць абедзвюм краінам карысць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 сакавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама ў Беларусі Нгуенам Ван Нгы.
"Рады Вас бачыць вясёлым і бадзёрым. Значыць, не ўсё так дрэнна ў свеце нашым. Ёсць месцы, дзе і ціха, і спакойна. Я маю на ўвазе і наш дружалюбны В'етнам. Народ В'етнама заслужыў гэту цішыню і той паспяховы рост развіцця В'етнама", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў мінулым стагоддзі В'етнам перажыў вельмі складаныя часы. "Я заўсёды, калі размова ідзе пра В'етнам, успамінаю тую барацьбу в'етнамскага народа супраць тых людзей, якія хацелі знішчыць В'етнам і асталявацца ў гэтым райскім кутку, стратэгічным раёне Паўднёва-Усходняй Азіі. Тады мы былі разам. Мы разам змагаліся, мы дапамагалі В'етнаму, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - І гэта наша аснова, гэта наша гістарычная памяць ва ўзаемаадносінах дзвюх дзяржаў. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды будзем цаніць гэтыя сумесныя часы барацьбы, якія прынеслі в'етнамскаму народу мір і цяпер стабільнасць і працвітанне вашай краіне".
"Мы заўсёды будзем рабіць усё для таго, каб В'етнам развіваўся. Гэта не толькі таму, што мы любім в'етнамскі народ. Гэта сапраўды так: мы з любоўю ставімся да вашага народа. Але гэта яшчэ і таму, што з пункту гледжання эканомікі гэта выгадна. Гэты прагматызм характэрны і для нашага народа, і для в'етнамскага. Гэта супрацоўніцтва заўсёды прыносіла і будзе прыносіць карысць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы поўныя рашучасці развіваць наша супрацоўніцтва ў сферы эканомікі. Гэта фундамент нашых адносін".
"Мы будзем імкнуцца да таго, каб нашы тэхналогіі пераносіць на тэрыторыю В'етнама, ствараць там сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці прадуктаў машынабудавання", - сказаў беларускі лідар.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь таксама гатова пашыраць пастаўкі прадуктаў харчавання, мінеральных угнаенняў, што цяпер асабліва актуальна.
Прэзідэнт расказаў, што плануецца візіт Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў В'етнам. "Ужо там у дэталях можна будзе абмеркаваць і вынікі мінулых гадоў супрацоўніцтва, і перспектывы далейшага супрацоўніцтва. В'етнам заўсёды быў нашым сябрам, такім і застанецца", - запэўніў беларускі лідар.