Сустрэча з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Глебам Нікіціным

  • 15
  • 19:15

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 мая сустрэўся з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Глебам Нікіціным.

Гаворачы аб супрацоўніцтве Беларусі з Ніжагародскай вобласцю, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэты рэгіён супрацоўнічае са 145 краінамі і Беларусь у гэтым супрацоўніцтве займае першае месца. У мінулым годзе ўзровень тавараабароту дасягнуў $700 млн, і тэндэнцыя яго павелічэння захоўваецца ў гэтым годзе. "Гэта вельмі вялікі ўзровень. І трэба сказаць, што мы пастаянна прыбаўляем, - сказаў беларускі лідар. - Мы блізкія да таго залатога мільярда, аб якім мы калісьці даўно марылі з губернатарам. Я думаю, што мы з вамі дасягнём гэтага ўзроўню. Тым больш у нас ёсць імкненне да нарошчвання тавараабароту, у нас ёсць і вялікія рэзервы. Самы галоўны рэзерв, як ні дзіўна, гэта санкцыі". Свой пункт гледжання Прэзідэнт растлумачыў тым, што менавіта санкцыі падштурхнулі Беларусь і Расію да больш цеснай кааперацыі і развіцця ўласных кампетэнцый.

Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікі патэнцыял у супрацоўніцтве з Расіяй, у тым ліку з Ніжагародскай вобласцю. Да нарошчвання ўзаемадзеяння, паводле яго слоў, падштурхоўвае і санкцыйны націск з боку Захаду. "Гэтыя санкцыі ўсё ж такі шмат у чым нас падштурхнулі займацца сваімі справамі, не глядзець па баках. Бачыць не толькі тое, што там добра, але і ствараць гэта добра ў сябе, - сказаў беларускі лідар. - Кажуць "санкцыі, санкцыі"... А я ўсё больш задумваюся над тым, што Захад, таго не разумеючы, падштурхнуў нас да больш інтэнсіўнага развіцця - Расію і Беларусь. Калі хто-небудзь да нас гатовы ў гэтым плане далучыцца, то яны атрымаюць сур'ёзны эфект".

Адзінае, гэты эфект будзе не імгненны, а спатрэбіцца некаторы час, каб перабудаць эканомікі дзяржаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка: "Нам проста трэба крыху часу. Таму што разгарнуць такую махіну не так проста, галін шмат. Прамысловасць, сельская гаспадарка, іншыя сферы - велізарныя. Патрэбны час, каб разгарнуцца".

Прэзідэнт прапанаваў кіраўніку Ніжагародскай вобласці шырокі спектр супрацоўніцтва па ўсіх напрамках: ад машынабудавання, будаўніцтва да сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, лёгкай прамысловасці. "Паглядзіце на аграпрамысловы комплекс, пачынаючы ад аграгарадкоў і заканчваючы насеннем. Калі вам гэта падыходзіць, мы гатовы з вамі працаваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба сельскую гаспадарку ў парадак прыводзіць, пачынаючы з аграгарадкоў. Трэба ўсё ж такі вёску выратоўваць у Расіі. Не можа быць ні Беларусі, ні Расіі, ні Украіны без вёскі. Таму трэба ствараць нармальныя ўмовы для жыцця людзей". У гэтай частцы беларускія спецыялісты гатовы дзяліцца вопытам, разам спраектаваць і пабудаваць аграгарадкі паводле ўзору айчынных. Ёсць зацікаўленасць Беларусі і ў тым, каб удзельнічаць у будаўніцтве інфраструктурных аб'ектаў у Расіі, прычым рабіць гэта па кошце значна ніжэйшым, чым прапануюць іншыя будаўнічыя кампаніі.

Пытаннем нумар адзін для эканомік дзвюх краін Прэзідэнт назваў імпартазамяшчэнне. "Мы вельмі сур'ёзна размаўлялі з Прэзідэнтам Расіі зусім нядаўна. Днямі мы сустрэнемся зноў па гэтых напрамках, будзем іх абмяркоўваць. Мы паглядзелі ўжо, якія нам праграмы трэба рэалізаваць, мы палічылі, колькі на гэта пойдзе грашовых сродкаў. Я вам павінен сказаць: у параўнанні з гэтай махінай, якую мы маем у Беларусі і Расіі (размова пра эканомікі дзвюх кран у цэлым. - Заўвага), - зусім няшмат", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, урадам Беларусі і Расіі ўжо былі дадзены даручэнні па гэтай тэматыцы, і прэзідэнты збіраюцца на асабістай сустрэчы абмеркаваць, як гэтыя даручэнні выконваюцца. "Мы дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам, што сядзем і паглядзім. Праграма ёсць. Як яна рэалізоўваецца? Яна для нас і для Расіі з'яўляецца важнейшай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, прамысловасць дзвюх краін мае патэнцыял, каб вырабляць практычна любую прадукцыю, але ў асобных галінах патрабуецца палепшыць якасць, каб яна была на сусветным узроўні. На гэта, безумоўна, спатрэбіцца некаторы час. "Добра, не будзем ездзіць у гэты час на мерседэсах. Пакуль праедземся на сваіх аўтамабілях, якія ў нас былі", - заўважыў наконт гэтага Аляксандр Лукашэнка.

Прадаўжаючы тэму імпартазамяшчэння, Прэзідэнт звярнуў увагу, што нядаўна Расія заявіла аб намеры выпускаць лады, масквічы. "А што дрэннага? Гэта ўжо не тыя масквічы савецкія, зразумела. Але, магчыма, яшчэ і не мерседэсы. Настане час - будуць у нас і свае мерседэсы. На гэта часу шмат не трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Тым больш што айчынныя спецыялісты ўжо атрымалі вопыт работы з буйнымі замежнымі кампаніямі, перанялі ў іх шэраг кампетэнцый.

"Выйдзем мы з гэтых санкцый і атрымаем ад гэтага салідны эфект. Не ўвялі б заходнікі, амерыканцы, супраць нас санкцыі, то вы нафту і газ абменьвалі б на прадукцыю рэальнага сектара эканомікі Германіі або ЗША. А так мы будзем рабіць гэта ўсё самі. Калісьці мы не адставалі ні ад Амерыкі, ні ад іншых краін, забяспечвалі сябе самі. Таму справімся мы з гэтымі санкцыямі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Так, санкцыі - гэта не цукар. Але тым не менш у гэтай сітуацыі нам трэба жыць і развівацца. І мы поўныя рашучасці гэта зрабіць".

Разам з тым Беларусь цяпер не сутыкнулася з такімі складанасцямі, як Расія, ад таго, што заходнія вытворцы аўтамабіляў пакінулі рынак. "У Беларусі мы, дзякуй богу, іншаземцаў не клікалі да сябе. А калі і клікалі, то толькі невялікі пакет акцый (прадавалі ім. - Заўвага), а кантроль быў за намі. Таму я нават не заўважаю такой размовы, што ў нас нехта пайшоў і мы ахнулі. У нас гэтага няма. Мы рабілі стаўку на сваё. Не спяшаліся ўсё і ўся прыватызаваць", - растлумачыў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што эфектыўнасць работы дзяржаўных кампаній для краіны і народа значна вышэйшая, чым у прыватных: "Які б ні быў прыватнік, а ён усё роўна глядзіць у сваю кішэнь".

"Эканоміка такім чынам кіруемая. Яшчэ раз падкрэсліваю: так, нам патрэбна імпартазамяшчэнне. Але па асобных, невялікіх пазіцыях, нават не па галінах, каб канкурыраваць на рынках у Расіі, Кітаі, іншых краінах", - заявіў беларускі лідар.

Адным з важных напрамкаў імпартазамяшчэння ў абедзвюх дзяржавах лічаць вытворчасць паўправаднікоў і іншай інавацыйнай прадукцыі. "Не сказаць, што мы нічога не ўмеем у гэтым плане рабіць. Але нам трэба дасягнуць таго ўзроўню, які ў гэтай частцы (з мікрасхемамі, мікрачыпамі) мае свет", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Мы з Пуціным дамовіліся: колькі гэта ні каштавала б, мы павінны іх вырабляць (паўправаднікі. - Заўвага). Магчыма, гэта будзе крыху ніжэйшы ўзровень, чым у ЗША, Японіі, Карэі, але самалёты, ракеты будуць лятаць, аўтамабілі будуць перамяшчацца. Мы маем гэтыя кампетэнцыі", - сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, для Беларусі імпартазамяшчэнне важна яшчэ і з пункту гледжання развіцця прамысловасці, атрымання больш высокіх кампетэнцый.

Акрамя таго, тэмай сустрэчы двух лідараў стане і прамысловая кааперацыя: "Нам трэба дакладна вызначыцца: калі мы, напрыклад, можам вырабляць добрыя камбайны, то нам трэба аб'ядноўвацца з "Растсельмашам" і не канкурыраваць адзін з адным, а канкурыраваць з замежнымі ўзорамі. Не паўтарыць вопыт мінулага", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі з часоў Савецкага Саюза было вельмі развіта машынабудаванне, і з набыццём незалежнасці гэта галіна ў краіне не была развалена, а наадварот прадпрыемствы значна рушылі наперад. І быў час, калі айчынная прадукцыя канкурыравала з расійскай. "Сёння гэтыя праблемы зняты - агульны рынак. Калі ласка, давайце будзем рухацца, развівацца, і пэўная падтрымка ёсць з боку Расійскай Федэрацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць што прапанаваць таксама і высокатэхналагічным галінам Расіі. Напрыклад, запатрабаваны кампетэнцыі і прадукцыя Беларусі на такім вельмі тэхналагічным аб'екце Расіі, як касмадром Усходні. У прыватнасці, размова пра спадарожнік з высокім распазнаваннем. У сваю чаргу расіяне дапамаглі беларускім спецыялістам набыць веды і вопыт у атамнай энергетыцы пры будаўніцтве Беларускай АЭС.

На думку Прэзідэнта, у аснове эфектыўнага супрацоўніцтва з Расіяй - моцныя эканамічныя, кааперацыйныя сувязі: "Калі мы гэтыя кампетэнцыі маем, значыць, трэба рабіць упор на іх і такім чынам эканомікі ўвязваць".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Расія развіваюць супрацоўніцтва як дзве незалежныя дзяржавы і ў пытанні саюзнай інтэграцыі трэба рухацца паэтапна. "Тады мы не будзем крычаць, што нам трэба неадкладна адзіную валюту ўводзіць, тэрмінова адзіны парламент, нібыта гэта галоўнае, - сказаў ён. - У нас ёсць Парламенцкі сход. Дык давайце задзейнічаем гэта. У нас ёсць агульны ўрад. Давайце яго раскруцім. У нас ёсць вышэйшы калектыўны орган улады (Вышэйшы Дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы. - Заўвага). Давайце іх задзейнічаем. Выдыхнуцца - будзем думаць, што ствараць узамен".

"Не, вось трэба абавязкова ўзбаламуціць народ і там, і тут, што ўжо вось нехта страчвае незалежнасць, нехта некага паглынае. Пайшлі ўжо такія тэндэнцыі. Нібыта нам няма чым сёння займацца! Ну, супрацоўнічаем жа, дзве незалежныя дзяржавы? Супрацоўнічаем, прычым па ўсіх напрамках, нават усяго не раскажаш публічна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі захавалі і развіваюць прамысловую базу, вырабляючы многія віды прадукцыі, у тым ліку ў сферы ваенна-прамысловага комплексу.

"Мы дамовіліся з Пуціным. Мы купілі ў вас патрэбную нам колькасць гэтых "Іскандэраў", С-400, узброілі нашу армію. Цяпер гэта ўжо зусім іншая армія з такім узбраеннем. Прынамсі, непрымальны ўрон гэта зброя можа нанесці каласальны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"З Пуціным абмяркоўвалі праблему ракетабудавання. Дапамогуць нам давесці да розуму новыя ракеты, якія мы ствараем. Мы значна рушылі наперад, але з расіянамі мы хутчэй створым нармальную ракету - кампетэнцый у іх больш. Мы самі яе зробім, але для гэтага спатрэбіцца больш за год. А калі разумны чалавек прыйдзе і падкажа, што мы не так робім, то да канца года атрымаем ужо ракету тыпу "Іскандэр". Вельмі добрая зброя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.