Даклад аб бюджэтнай палітыцы ў бягучых умовах

  • 9
  • 4:22

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка заслухаў даклад аб бюджэтнай палітыцы ў бягучых умовах.

"Бюджэт - паказчык функцыянавання эканомікі, ды і наогул стану спраў у дзяржаве. Таму хацелася б пачуць, якія меры прыняты ўрадам, як модна гаварыць у фінансістаў, па кансалідацыі бюджэту? Што мы зрабілі для таго, каб развівалася эканоміка, рэальны сектар, і ў выніку ўсіх нашых прынятых мер наколькі збалансаваны бюджэт?" - спытаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся даходамі бюджэту рэспублікі ва ўмовах шалёнага націску Захаду на эканоміку і крэдытна-фінансавую сістэму Беларусі. "Які магчымы дэфіцыт у гэтым годзе нашага бюджэту і за кошт чаго мы будзем пакрываць гэты дэфіцыт? І, самае галоўнае, у імя чаго мы тут праводзім нараду - дзеля людзей. А гэта заработныя платы, гэта нашы бюджэтнікі і, зразумела, пенсіянеры. Гэта значыць, бюджэт, як люстэрка, высвечвае сёння ўсе нашы праблемы і станоўчыя бакі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што неабходна рабіць усё для таго, каб эканоміка працавала.

"Эканоміка - перш за ўсё. Потым усе пытанні: курс, інфляцыя, усё астатняе. Гэта важна - і курс нацыянальнай валюты, суадносіны курса да іншых валют, інфляцыя, якая выліваецца ў рост цэн, або ж дэфляцыя, не дай бог. Але галоўнае - гэта эканоміка. Калі рухне эканоміка, нікому ніякі курс не патрэбны будзе, і інфляцыя, і дэфляцыя, і гэтак далей", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што ва Урада і Нацыянальнага банка часам розныя падыходы да фінансавых пытанняў, але тым не менш трэба прыходзіць да агульных рашэнняў, каб эканоміка не несла страты. "Трэба рабіць усё для таго, каб эканоміка працавала, - падкрэсліў ён. - Тады будзе курс і тады не будзе інфляцыі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за першы квартал бюджэт склаўся з невялікім прафіцытам, але гэта не значыць, што трэба расслабляцца. "Супраць нас будзе пастаянна ўзмацняцца націск", - папярэдзіў ён.

Галоўным дакладчыкам у кабінеце ў Прэзідэнта стаў Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. На даклад таксама прыйшлі Першы намеснік Прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў, Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой і Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў.

Паводле даных Мінфіна, рэспубліканскі бюджэт за першы квартал бягучага года выкананы ў межах запланаваных параметраў. "У цэлым за першы квартал з бюджэтам спрацавалі ў межах запланаваных параметраў, у выніку ў даходы рэспубліканскага бюджэту паступіла Br6,7 млрд, або на Br1,1 млрд больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года", - праінфармаваў у час даклада Юрый Селіверстаў.

У частцы расходаў за першы квартал бягучага года прафінансавана Br6 млрд. Прафіцыт бюджэту за названы перыяд склаў Br662 млн.