Сустрэча з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам
- 12
- 9:21
Супрацоўніцтва з Ленінградскай вобласцю - прыклад рэалізацыі беларуска-расійскіх дамоўленасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным кіраўнікі дзяржаў часта сазвоньваюцца з кіраўніцтвам Ленінградскай вобласці.
"Дзякуй вам за падтрымку. Супрацоўніцтва Беларусі і Ленінградскай вобласці ў рэалізацыі нашых дамоўленасцей можа быць проста прыкладам таго, як трэба супрацоўнічаць. Рэгіён - надзейны партнёр. Вы заўсёды трымаеце слова, даводзіце пачатае да лагічнага завяршэння. Аб гэтым сведчаць і лічбы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аб'ёмы двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю няўхільна павялічваюцца, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У 2021 годзе лічбы перасягнулі рубеж $700 млн. Не збаўляюцца тэмпы і ў гэтым годзе. "Гэта вельмі высокі ўзровень", - заўважыў Прэзідэнт.
"Адыход з нашага агульнага рынку заходніх кампаній дае нам дадатковыя магчымасці па ўсіх напрамках", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што сур'ёзны патэнцыял для пашырэння ўзаемадзеяння ёсць у аграпрамысловым сектары. Нягледзячы на тое, што Беларусь і Ленінградская вобласць у гэтым напрамку часткова канкурэнты, таму што гэта галіна ў іх развіта добра, варыянтаў дапоўніць адзін аднаго шмат.
"Я памятаю, яшчэ працуючы ў сельскай гаспадарцы, мы заўсёды з глыбокай павагай уяўлялі, наколькі развіта ў вас племянная справа. Мы ў гэтым плане гатовы з вамі супрацоўнічаць. І калі ёсць хоць невялікая магчымасць нам у вас закупляць племянную жывёлу, пераймаць ваш вопыт, мы з задавальненнем будзем прытрымлівацца гэтай лініі. У сваю чаргу мы гатовы супрацоўнічаць па селекцыі сельскагаспадарчых культур. Вы ведаеце нашы магчымасці", - адзначыў Прэзідэнт.
Яшчэ адзін цікавы праект, які мае, на думку Кіраўніка дзяржавы, выдатную перспектыву, - пашырэнне вытворчасці малька каштоўных парод рыб. "Гэта залатая жыла, якую трэба распрацоўваць сумесна, - падкрэсліў ён. - У Магілёве ў нас добрая вытворчая база. Пад патрэбнасці Ленінградскай вобласці можам у разы павялічыць аб'ёмы гадоўлі".
Беларусь таксама гатова актыўна ўключацца ў работу ў такіх ёмістых сектарах эканомікі, як жыллёвае, прамысловае, дарожнае і інфраструктурнае будаўніцтва, якія Ленінградская вобласць вызначыла ў якасці драйвераў эканамічнага росту рэгіёна. "Можам не толькі пастаўляць дарожную і будаўнічую тэхніку, але і браць на сябе адпаведны падрад у гэтых абласцях", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускія вытворцы, напрыклад, ужо ўдзельнічалі ў якасці падрадчыкаў пры будаўніцтве ў вобласці модульных станцый водаачысткі і водападрыхтоўкі. У краіне гатовы прадоўжыць гэта супрацоўніцтва.
Будаўнікі з Беларусі таксама гатовы забяспечыць будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў у Ленінградскай вобласці. У планах узвядзенне школы на 825 месцаў у Ламаносаўскім раёне. Беларускія кампаніі, якія спецыялізуюцца на ўзвядзенні прамысловых аб'ектаў, ужо ўдзельнічаюць па субпадрадзе ў рэалізацыі буйных праектаў па развіцці партовай інфраструктуры і мадэрнізацыі НПЗ ва Усць-Лугу. "Калі будзе неабходнасць, мы гатовы пад ключы з моманту праектавання здаць любы прамысловы аб'ект", - заявіў беларускі лідар.
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Аляксандру Драздзенку за садзейнічанне ў вельмі знакавай для Беларусі справе - перадачы зямлі з пахаванняў савецкіх воінаў, якія загінулі на Неўскім пятачку. "Там, як вядома, кожны сантыметр прасякнуты крывёю нашых савецкіх людзей", - заўважыў Прэзідэнт.
"Так мы разам увекавечваем памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і подзвігу нашых салдат-пераможцаў. Цяпер, як ні дзіўна, гэта выходзіць на першы план. Гэта вельмі важна. Таму што шмат жадаючых не проста сказіць гісторыю, але і некаторыя нашы подзвігі забыць. Мы ні ў якім разе не павінны паддавацца на такія хітрыкі. Ведаем, чаго яны ўжо ад нас хочуць. Таму будзем дзейнічаць у тым напрамку, у якім нам патрэбна, для таго, каб не было сорамна перад нашымі сынамі. Каб тыя, хто прыйдуць нам на змену, сказалі дзякуй за гэту памяць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Ленінградскай вобласці ў сваю чаргу падкрэсліў: для ўсёй расійскай дэлегацыі вялікая пашана сустрэцца з Кіраўніком беларускай дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што прадстаўнікі ўлады на месцах у абедзвюх краінах паслядоўна выконваюць тыя даручэнні, якія ім даюць прэзідэнты на працягу 10 гадоў работы ў сумеснай камісіі Беларусі і Ленінградскай вобласці, па развіцці эканамічных, сацыяльных, культурных сувязей. Адной з такіх задач, агучаных Аляксандрам Лукашэнкам, было дасягненне тавараабароту $500 млн, а затым - $700 млн. "Хачу далажыць, што мы гэту задачу паэтапна выконваем", - сказаў Аляксандр Драздзенка.
"Хачу працытаваць Вас як класіка, дазвольце мне гэта зрабіць. Вы адзначылі адну рэч, якая мне вельмі запала, - прадоўжыў губернатар, звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі. - На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 мая Вы сказалі: "Мы проста абавязаны з'яднацца і дзейнічаць адзіным фронтам. Відавочна, гэта патрэбна ўсім і іншага не дадзена, калі мы хочам захаваць сваю дзяржаўнасць, наш саюз і на самай справе думаем аб карысці сваіх народаў". Гэта абсалютна правільныя словы. У гэтай сітуацыі, вядома, кожны рэгіён Беларусі і Расіі павінен зрабіць усё магчымае, каб мы развіваліся на карысць нашых людзей і эканамічна, і сацыяльна, і культурна. І паказалі ўсім ворагам назло, што і ў гэтых умовах, мы можам яшчэ лепш працаваць і яшчэ лепшы даваць вынік".
Паводле даных губернатара, Беларусь выйшла на першае месца для Ленінградскай вобласці як стратэгічны партнёр. "Па выніках 2021 года мы першае месца па імпарце і другое па экспарце маем з Беларуссю. У нас не было ніколі такіх лічбаў. Гэта значыць, сапраўды такі сур'ёзны рух наперад і вельмі добры патэнцыял па выніках першых пяці месяцаў (гэтага года. - Заўвага)", - падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, з часам з'яўляюцца ўсё новыя перспектывы супрацоўніцтва. Было адзначана, што ў Ленінградскай вобласці і Беларусі ўжо ёсць сумесны вопыт будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў. "Нам трэба ўважліва прааналізаваць нашу адрасную праграму для таго, каб паглядзець тыя аб'екты, якія будаўнікі Беларусі могуць узяць на генпадрад, трэба гэта абавязкова зрабіць. Тым больш, беларускі бок вызначаюць вельмі добрыя суадносіны цана/якасць. Пра гэта ўжо нават не трэба гаварыць, гэта як аксіёма", - адзначыў Аляксандр Драздзенка.
Ён лічыць перспектыўным таксама супрацоўніцтва ў галіне рыбаразвядзення. Акрамя таго, губернатар падзякаваў беларускаму боку за пастаўку водаачышчальных збудаванняў у вобласць. Раней расійскаму боку рэкамендавалі беларускія модульныя станцыі па ачыстцы вады. Ужо 31 станцыю закупілі, зманціравалі і ўвялі ў эксплуатацыю. Ёсць планы пабудаваць 130 станцый.