Сустрэча з губернатарам Курскай вобласці Расіі Раманам Старавойтам
- 11
- 7:54
Беларусі і Курскай вобласці неабходна пераходзіць ад простага гандлю да стварэння сумесных вытворчасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Расіі Раманам Старавойтам.
У 2020 годзе ў Курскай вобласці была прынята Стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года. Прэзідэнт адзначыў гатоўнасць беларускага боку ўдзельнічаць у праграмах па мадэрнізацыі ключавых сектараў эканомікі расійскага рэгіёна. "Думаю, што Беларусь у рэалізацыі гэтых планаў знойдзе сваё месца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Нам неабходна пераходзіць ад простага гандлю да стварэння сумесных вытворчасцей. Перспектыўным уяўляецца стварэнне сумесных прадпрыемстваў, можа, нават пачынаючы са зборкі тэхнікі, якая патрэбна будзе ў вашым рэгіёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ёсць вялікі і паспяховы вопыт кааперацыйнага ўзаемадзеяння па выпуску розных відаў тэхнікі - ад аўтамабільнай да сельскагаспадарчай. "Можам падзяліцца напрацоўкамі", - прапанаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ёсць неабходныя рэсурсы для ўдзелу ў расійскіх праграмах імпартазамяшчэння. Супрацоўніцтва ў гэтым напрамку абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні.
"З Прэзідэнтам Пуціным нядаўна прынялі такое рашэнне. З нашага боку мы прапанавалі расіянам канкрэтныя праекты, якія вельмі патрэбны і будуць у бліжэйшы час запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і ў Расійскай Федэрацыі. Расіяне выдзяляюць амаль паўтара мільярда долараў на гэтыя праграмы толькі на тэрыторыі Беларусі. Мы разумеем, што без імпартазамяшчэння, асабліва па крытычных галінах, так званым крытычным імпарце, нам будзе вельмі складана развівацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Няхай мы не дасягнулі вялікіх вышынь у тавараабароце (гэта 205-210 мільёнаў долараў), але ўсё ж такі мы бачым значны прырост, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Нюанс адзін: у нас адмоўнае сальда. Але мы гатовы нівеліраваць гэты недахоп. Галоўнае, ёсць чым".
Асаблівую ўвагу, падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна сканцэнтраваць на найбольш перспектыўных напрамках узаемадзеяння: будаўніцтве, прамысловай кааперацыі, аграпрамысловым комплексе. "Мы зацікаўлены ў нарошчванні паставак у ваш рэгіён кар'ернай тэхнікі, грузавых аўтамабіляў, сельгастэхнікі, будаўнічай, дарожнай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Курская вобласць мае намер увайсці ў топ-10 расійскіх рэгіёнаў у сферы ўстойлівага развіцця. Беларускі бок гатовы аказаць садзейнічанне ў дасягненні гэтай задачы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы гатовы вам аказваць паслугі па капітальным рамонце жылля, праектаванні, правядзенні інжынерных работ. Гатовы будаваць пад ключ. Гатовы пастаўляць ліфтавае абсталяванне", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, бакі могуць паспяхова дапаўняць адзін аднаго ў галіне аграпрамысловага комплексу, уключаючы перапрацоўку прадукцыі, сельгасмашынабудаванне, племянную справу, расліводства і насенняводства. "Мы з задавальненнем падключымся да рэалізацыі гэтых праектаў у вашым рэгіёне, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Гатовы прадставіць сучасныя тэхналогіі і абсталяванне па водаачыстцы, водаадвядзенні. Чыстая вада - гэта здароўе чалавека. У Беларусі гэта праграма паспяхова рэалізуецца. Калі трэба, мы можам падключыцца і да рэалізацыі такіх напрамкаў на вашай тэрыторыі".
"Усё, што я называў, мы гатовы рабіць пад ключ. Не проста гандляваць, пастаўляць нешта ў вашу вобласць. Не без гэтага, вядома. Але вы павінны разумець і ведаеце, што прадаць - гэта адно. А вось стварыць сумесную вытворчасць, спраектаваць, пабудаваць нешта патрэбнае з сацыяльных, прамысловых аб'ектаў пад ключ - мы можам за гэта ўзяцца і гатовы несці за гэта адказнасць. Па цане - якасці канкурэнтаў нам нават у свеце цяжка будзе знайсці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў, адкуль у беларускіх будаўнікоў такія перавагі: "Усе хочуць зарабіць вялікую суму, хутчэй пабудаваць, няважна як. Мы - людзі адказныя, у нас магутнейшы дзяржаўны сектар. Мы яго не развалілі. А з прычыны таго, што дзяржава стаіць за спінай дзяржкампаній, будаўнічых трэстаў, яна і нясе адпаведную адказнасць на дзяржаўным узроўні".
"Словам, калі вы вырашыце працаваць з Беларуссю, я вам магу гарантаваць поўную адказнасць нашых кампаній, і прыватных, і дзяржаўных. Гатовы адказваць за іх работу на вашай зямлі", - рэзюмаваў беларускі лідар.