Сустрэча з губернатарам Хабараўскага края Міхаілам Дзегцяровым
- 13
- 10:36
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 мая сустрэўся з губернатарам Хабараўскага края Міхаілам Дзегцяровым.
"Нягледзячы на вялікую адлегласць паміж Беларуссю і Хабараўскім краем, я хачу, каб ідэалагічна правільна мяне разумелі. Я лічу, што ад Брэста да Уладзівастока - гэта наша агульная Айчына. І, нягледзячы на тое, што на гэтай прасторы агульнай з'явіліся суверэнныя, незалежныя дзяржавы, мы як людзі разумныя павінны адысці ад розных умоўнасцей і арганізаваць нармальнае ўзаемадзеянне, каб было не горш, чым у Савецкім Саюзе", - заявіў беларускі лідар падчас сустрэчы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры гэтым трэба дзейнічаць так, каб не напружваць нікога ні ў Расіі, ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах. "Але зрабіць так, каб мы былі запатрабаваны, наш вопыт быў запатрабаваны і прыцягальны для іншых рэспублік. Гэта ідэалогія мая з сярэдзіны 90-х пасла распаду Саюза. Я не здраджваў свайму крэда і не адступаў ад гэтай ідэалогіі, - сказаў Прэзідэнт. - Яна грунтуецца на тым, што ўсходнеславянская цывілізацыя - гэта адна з апор і асноў наогул сусветнай цывілізацыі. І знішчыць яе - гэта значыць знішчыць паўпланеты як мінімум. Але мы павінны на гэтым стаяць, мы павінны вытрымаць. Гэта сёння вельмі актуальна".
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва пытанне адлегласцей цяпер не мае вялікай ролі. "Сродкі сувязі ў нас нармальныя. Таму мы павінны гандляваць. А гандаль - аснова ўсякай эканомікі. Мы можам пастаўляць вам і абсталяванне, і тэхніку розную, і будматэрыялы, і прадукты харчавання, і прамысловую прадукцыю, - сказаў Прэзідэнт. - Але гэта вельмі проста. Трэба пераходзіць да кааперацыі. І цяпер не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло - момант, каб ствараць кааперацыйныя прадпрыемствы. Мы гатовы да таго, каб не толькі вы да нас прыязджалі і стваралі тут па кааперацыі прадпрыемствы, мы гатовы працаваць у вас - у Хабараўску, ва Уладзівастоку. Калі будзе такое пажаданне. Вы ведаеце нашу эканоміку, яна з лішкам для Беларусі - экспарт у нас амаль столькі, колькі мы спажываем. Таму мы можам развіваць некаторыя напрамкі і ў іншых краінах, рэгіёнах Расійскай Федэрацыі".
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што можна развіваць кааперацыю ў вытворчасці грузавых аўтамабіляў, дарожна-будаўнічай, лесанарыхтоўчай, камунальнай тэхнікі, пасажырскага транспарту. "Гэта тое, што мы захавалі яшчэ з часоў Савецкага Саюза, і нам удалося дастаткова сур'ёзна ў гэтым напрамку рушыць наперад", - сказаў ён.
Ён адзначыў, што адпаведнае пытанне абмяркоўвалася і на яго сустрэчах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і перашкод для развіцця кааперацыі няма: "Мы дамовіліся, што момант для выбудоўвання цесных кааперацыйных сувязей".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна абмяркоўваліся пытанні ваенна-прамысловага комплексу. Добрыя напрацоўкі па тых ці іншых напрамках ёсць і ў Беларусі, і ў Расіі.
Традыцыйна Беларусь прапануе супрацоўніцтва ў АПК: "Мы не ўступаем па сучасных тэхналогіях у агракомплексе ні адной вядучай краіне свету. І сітуацыя цяперашняя паказала і пацвердзіла тое, што мы канкурэнтаздольныя".
Прэзідэнт падкрэсліў, што размова ідзе не толькі аб пастаўках прадукцыі сельскай гаспадаркі, але прапануецца больш сур'ёзная сумесная работа ў АПК. "Вопыт у нас ёсць у Амурскай вобласці, на Сахаліне. Мы будавалі малочнатаварныя комплексы, аснашчалі іх, і яны сёння добра функцыянуюць. Спецыялістаў мы гатовы падрыхтаваць у Беларусі", - сказаў ён.
Беларусь таксама гатова будаваць у Хабараўскім краі спецыяльныя сховішчы для сельгаспрадукцыі, што актуальна для рэгіёна.
Яшчэ адзін напрамак - узаемадзеянне ў будаўнічым комплексе, рэалізацыя інвестпраектаў. "Мы гатовы працаваць "пад ключ". У тым ліку жыллёвае будаўніцтва, школы (мы паказалі ўжо ў Расіі, як мы можам рабіць), дзіцячыя сады, універсітэты. Мы па просьбе Прэзідэнта Расіі падключыліся да будаўніцтва магутнейшых аб'ектаў ва Уладзівастоку, касмадром "Усходні" - асобная тэма. Мы там пачалі ўжо працаваць. Гатовы працаваць і ў Хабараўскім краі, калі ў вас будзе такая неабходнасць. Інфраструктурныя аб'екты - масты, дарогі - гэта наша тэма, у нас дастаткова спецыялістаў у гэтым плане. І па цане, і па якасці мы па-за канкурэнцыяй будзем", - запэўніў беларускі лідар.
Ёсць таксама гатоўнасць пастаўляць у Хабараўскі край абсталяванне і ствараць аб'екты па водаачыстцы, водаадвядзенні. У цэлым Беларусь прапануе гэтаму расійскаму рэгіёну шырокі спектр прадукцыі і паслуг.
Кіраўнік рэгіёна Міхаіл Дзегцяроў у сваю чаргу падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць наведаць Беларусь і правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні: "Я асабіста тут упершыню, але адчуваю сябе як дома. Гэта наша вялікая краіна - Саюзная дзяржава, руская мова, агульная Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне". Ён адзначыў, што ў Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці, а гэта асабліва актуальна ў той перыяд, калі Беларусь і Расія адчуваюць беспрэцэдэнтны санкцыйны націск з боку Захаду.
"Вераломна ўводзяцца санкцыі, праводзіцца фактычна экспрапрыяцыя ўласнасці нашых краін за мяжой. Гэта выбар Захаду, не наш выбар. У існуючай сітуацыі мы хочам і гатовы выбудоўваць яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі Беларусі. Са мной прыехала каманда ўрада Хабараўскага края і бізнес-місія: будаўнікі, аграрыі, лесанарыхтоўшчыкі і, вядома, прадпрымальнікі, занятыя ў сферы гандлю, якія хочуць дыверсіфікаваць закупкі і нарошчваць пастаўкі ў Хабараўскі край якаснай беларускай прадукцыі", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
Акрамя таго, з дэлегацыяй прыбыў кіраўнік саюза, які аб'ядноўвае больш за 15 вытворцаў рыбнай прадукцыі і кансерваў, яны гатовы прапанаваць сваю прадукцыю беларускаму спажыўцу. "Для нас, як рэгіёна аддаленага, важна хутка ўключыцца ў інтэграцыйныя працэсы, і мы гэта абавязкова зробім", - дадаў губернатар.
"Калі гаварыць аб узаемадзеянні з Беларуссю, то мы за 20 гадоў ужо сфарміравалі добрую базу, а цяпер настаў час для рыўка", - падкрэсліў Міхаіл Дзегцяроў. Паводле яго слоў, дэлегацыя мае намер наведаць шэраг беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, прадукцыя якіх асабліва цікавіць расійскіх прадпрымальнікаў. Гэта, у прыватнасці, МАЗ і БЕЛАЗ. Дарэчы, у прадукцыі апошняга Хабараўскі край адчувае істотную патрэбнасць. "Сёння гарнарудная справа ў Хабараўскім краі развіваецца імклівымі тэмпамі. Мы здабываем олава, вугаль, медзь, золата. Нам патрабуюцца самазвалы, у тым ліку шахтавыя. Рэгіён заяўкі свае прывёз - іх больш за 30", - сказаў губернатар.