Сустрэча з Генеральным пракурорам Расіі Ігарам Красновым
- 8
- 6:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 кастрычніка сустрэўся з Генеральным пракурорам Расіі Ігарам Красновым.
"З першых крокаў сваіх у гэты візіт у Мінск Вы адчулі, што прыехалі не да чужых людзей. Як бы ні стараліся ў СМІ, асабліва, я заўважыў апошнім часам, убіць клін паміж намі. Мы людзі вопытныя, асабліва Вы - многае пабачылі ў жыцці ў сувязі са сваёй прафесіяй. Напэўна, разумееце, што вакол нас адбываецца. Таму нікуды не дзецца ад гэтага палітычнага антуражу. Але тым не менш хачу яшчэ раз пацвердзіць: Вы прыехалі не ў чужую краіну. Вы наогул прыехалі як да сябе дадому. З гэтага Вы павінны зыходзіць", - сказаў у пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы.
"Мы напярэдадні вельмі важнай падзеі з Вамі сустракаемся. 4 лістапада правядзём Вышэйшы дзяржсавет, нягледзячы на праблемы, якія вакол - і са здароўем людзей, лячэннем іх і гэтак далей. Тым не менш гэта важны Вышэйшы дзяржсавет, паколькі за апошнія паўтара дзясятка гадоў мы робім рашучы крок у нашай інтэграцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Як сказаў Прэзідэнт Пуцін, мой калега, што мы практычна тым самым здымаем многія і многія, калі не ўсе, пытанні ў сферы эканомікі. Мы ствараем такім чынам, зноў жа яго словы, фундамент нашых будучых адносін. Як ужо мы будзем нашы адносіны выбудоўваць, - я думаю, што паспяхова. Хацелася б, каб гэта быў канкрэтны моцны крок", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На маючым адбыцца пасяджэнні Дзяржсавета кіраўнікі дзвюх краін дамаўляліся падпісаць 28 саюзных праграм. Прэзідэнт адзначыў, што многія напэўна скажуць, быццам бы гэта робіцца таму, што Беларусі і Расіі "няма куды дзявяцца", паколькі ў дачыненні да абедзвюх краін дзейнічаюць санкцыі і для Беларусі застаецца адзін саюзнік. "Работа (над саюзнымі праграмамі. - Заўвага) пачалася задоўга да ўсіх падзей тут, і ў Расіі, і да гэтых санкцый, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Можа, сапраўды, мы лішні раз убачылі, хто ў нас сябры, хто ў нас сапернікі, а хто - сапраўдныя ворагі. Мы гэта бачым. Думаю, што кожны дзень будуць адкрывацца ўсё новыя і новыя факты".
На сустрэчы з Генеральным пракурорам Расіі Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на мілітарызацыю, што прадаўжаецца ўздоўж заходніх граніц Беларусі.
"Апошні факт (напэўна, і ў Расіі заўважылі): з нелегальнай міграцыяй палякі на граніцы з Беларуссю будуць змагацца з дапамогай танкаў "Леапард". Напэўна, вы здзівіцеся такому. Але як з танкамі змагацца супраць мірных жыхароў, я не ведаю. Проста шукаюць любую падставу, каб прасунуць свае войскі бліжэй да нашых граніц. Чытай - граніц Саюзнай дзяржавы. Мы гэта ўсё бачым і, зразумела, будзем вельмі жорстка на гэта рэагаваць. Мы яшчэ пачакаем некаторы час, папярэдзім іх. А потым у нас ёсць, што прасунуць бліжэй да граніц. У нас, а тым больш у Расійскай Федэрацыі. Тут мы будзем дзейнічаць жорстка, нягледзячы ні на якую крытыку з іх боку. Мы ведаем, чаго яны хочуць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі папрасіў расійскі бок далучыцца да работы па расследаванні фактаў генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
"Вы ведаеце, што мы разгарнулі вельмі сур'ёзную работу па прызнанні генацыду беларускага, савецкага народа на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па прапанове Генеральнага пракурора ідзе маштабная работа. Ведаю, што калі мы звяртаемся, расіяне нам заўсёды аказваюць садзейнічанне і падтрымку. Хачу Вас персанальна папрасіць: калі ў Вас знойдзецца хоць крыху часу, каб Вы далучыліся да гэтай работы. Думаю, мы на Беларусі не спынімся. Нам ёсць што сказаць і паказаць да Урала. Сталінград, пад Масквой, Ленінград. Самы сапраўдны генацыд", - заявіў беларускі лідар.
"Мы павінны ў гэтым напрамку працаваць, каб усім гэтым брыдкім і паскудным паказаць, якую ролю адыграў савецкі народ у гады Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай войнаў, абараняючы свой суверэнітэт, бяспеку і правы чалавека, свабоды, як яны любяць цяпер гаварыць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве па лініі генеральных пракуратур Беларусі і Расіі, Прэзідэнт звярнуў увагу, што яно заўсёды характарызавалася адсутнасцю праблем. "Жулля што ў вас, што ў нас дастаткова. І ў гэтым плане, як мне Генеральны пракурор дакладвае, ніколі не было праблем у сумеснай барацьбе. Я хачу запэўніць вас з нашага боку: вы ніколі не будзеце мець праблем, як і не мелі іх. І тут нават не мая роля. Генеральны пракурор вырашыць любыя пытанні, звязаныя з барацьбой са злачыннымі дзеяннямі і расіян на тэрыторыі Беларусі, і беларусаў на тэрыторыі Расіі. У нас тут ніякіх праблем няма ў сувязі з нашымі дамоўленасцямі, пагадненнямі, вашымі кантактамі. Усе пытанні мы можам вырашыць. Я вас у гэтым яшчэ раз запэўніваю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі будуць нейкія праблемы або ёсць праблемы, Вы адкрыта гаварыце. Яшчэ раз падкрэсліваю: Вы прыехалі да сваіх людзей, у нас агульныя задачы і разам мы іх павінны вырашаць", - дадаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Ігар Красноў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэчы. "Такіх адносін з беларускімі калегамі, якія ў нас цяпер ёсць, у расійскай пракуратуры няма ні з адной пракуратурай свету. Штогод з Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь мы звяраем гадзіннікі, улічваючы міжнародны і рэгіянальны парадак дня, фарміруем прыярытэтныя напрамкі нашай работы на бліжэйшы час", - заявіў ён.
Агульныя задачы, паводле яго слоў, рэалізуюцца ў тым ліку дзякуючы створанай у рамках Саюзнай дзяржавы аб'яднанай калегіі генеральных пракуратур Расіі і Беларусі. "На ёй мы абмяркоўваем розныя пытанні абароны бізнесу, процідзеяння кіберзлачынствам, незаконнаму абароту наркотыкаў", - адзначыў Ігар Красноў.
"Сёння асаблівую ўзаемную заклапочанасць выклікаюць спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Расіі і ў Беларусі звонку. Шляхам у тым ліку актывізацыі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных груповак. Такія выклікі набылі асаблівае значэнне ў сувязі з сённяшняй сітуацыяй у Афганістане. Мы павінны скарэкціраваць пытанні бяспекі на ўсёй прасторы СНД", - падкрэсліў Генпракурор.
У цэнтры ўвагі пракуратур таксама будуць знаходзіцца пытанні захавання правоў і свабод сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, аховы навакольнага асяроддзя, барацьбы з карупцыяй, процідзеяння дамашняму насіллю і злачынствам супраць дзяцей.