Удзел у агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў

  • 23
  • 48:01

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка прыняў удзел у агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў.

Мерапрыемства праходзіла ў Палацы Рэспублікі. Яго ўдзельнікамі сталі амаль 450 прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму Белкаапсаюза. У першай частцы сходу, да прыбыцця Кіраўніка дзяржавы, быў выбраны старшыня праўлення. Ім стаў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.

З удзелам Прэзідэнта прадстаўнікі Белкаапсаюза абмяркуюць стан і перспектывы развіцця спажывецкай кааперацыі і стратэгіі яе развіцця ў рэгіёнах краіны.

У сваім выступленні на сходзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў запатрабаванасць у краіне спажыўкааперацыі. "Кардынальна змяніліся ўмовы працы. Перш за ўсё фінансава-эканамічныя. Але спажыўкааперацыя засталася вернай сваёй галоўнай мэце - працаваць на карысць людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Такія людзі - добрасумленныя, правераныя дзесяцігоддзямі - нам патрэбны, і мы заўсёды будзем іх падтрымліваць. Вы цяпер, можа, наогул адзіны паспяховы прыклад моднага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Калі за гэтымі словамі стаяць не балбатня і пустыя пражэкты з жаданнем хутчэй уварваць прыбытак (пажадана з бюджэту), а вынік і рэальная праца, прычым не ў самых камфортных і цяплічных умовах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дзякуючы спажыўкааперацыі ёсць упэўненасць, што ні адзін чалавек нават у самай глухой вёсачцы не застанецца без увагі. "І вы ні ў якім разе не павінны страціць свае ўзровень і статус. Зыходзячы з вашай жа ідэалогіі, накіраванай на карысць чалавека, і павінна выбудоўвацца ўся бізнес-мадэль. Думаю, новы старшыня праўлення, якога выбралі сёння, гэта разумее", - сказаў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў увагу, што сёння трэба неадкладна вырашаць самыя надзённыя пытанні, многія з якіх, на жаль, сталі сістэмнымі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ з савецкіх часоў у айчынных кааператараў ёсць выказванне - існуюць толькі дзве глабальныя сістэмы: сонечная і спажыўкааперацыі. "У гэтым жарце, як і ўва многіх іншых, толькі частка жарту. Усё астатняе - праўда. Аб тым, што такое Белкаапсаюз, сапраўды ведае кожны беларус, нават з маладога сталічнага пакалення, калі ён хаця б раз у жыцці выязджаў за межы кальцавой дарогі", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гістарычна на ўсёй постсавецкай прасторы толькі ў Беларусі спажыўкааперацыя захавана і ўдзельнічае ў фарміраванні сацыяльнай інфраструктуры краіны, займаючы ў ёй унікальнае месца: "Так, можа, выпадкова, можа, таму, што я добра ведаў, што такое спажыўкааперацыя. У свой час, працуючы ў парламенце, практычна мне аднаму ўдалося вас абараніць і выратаваць. Не для таго, каб вы мне тут дзякавалі. Гэта быў мой функцыянальны абавязак як дэпутата Вярхоўнага Савета ў той час. Таму я і маю права не толькі як Прэзідэнт, але і як чалавек, у мінулым дэпутат, з вас запатрабаваць за работу".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што складана назваць сферу, дзе спажыўкааперацыя не была б прадстаўлена. Яе паслугамі ахоплена трэць насельніцтва краіны, яна дае работу 70 тысячам пайшчыкаў. За больш чым векавую гісторыю - 104 гады - Белкаапсаюз перажыў нямала ўзрушэнняў і пераўтварэнняў.

"Вашы ваенныя подзвігі, калі вы кармілі і апраналі партызан, і пасляваенныя, калі раённыя спажывецкія таварыствы, па сутнасці, выратавалі вяскоўцаў, прывозячы мізэрныя неабходныя тавары (цукар, масла, тканіны) і мяняючы іх на прадукцыю падворкаў. Такую ж мізэрную пасля вайны - цыбулю, яйкі, ягады, збожжа. А таксама пачалі карміць вясковых дзяцей-школьнікаў бясплатным снеданнем, дастойны таго, каб мы вас падтрымлівалі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з гандлю, па сутнасці, пачалася гісторыя беларускай кааперацыі, калі яна стала размяркоўваць прадукты па картках згодна з устаноўленымі нормамі і цэнамі. "Ды і цяпер гандаль - галоўны ў вашай дзейнасці. Гэта сёння асноўная галіна Белкаапсаюза, якая займае амаль 20% усяго тавараабароту ў вёсцы. Менавіта вы абслугоўваеце маланаселеныя вёскі, дзе менш як 10 жыхароў. Такіх кропак на карце Беларусі каля 5 тыс. І для старых людзей, якія там жывуць, вашы магазіны, аўтакрамы, нарыхтоўчыя пункты - гэта ўжо цэнтр грамадска-палітычнага жыцця. А вы - галоўныя ідэолагі і прапагандысты", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Таму, даручыў Аляксандр Лукашэнка, тэндэнцыя на змяншэнне колькасці гандлёвых аб'ектаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, павінна быць сур'ёзна прааналізавана. Згодна з існуючымі данымі, у 2020 годзе ў параўнанні з 2019-м колькасць магазінаў скарацілася амаль на 300 адзінак, або на 5%, а перасовачных сродкаў развазнога і разноснага гандлю - на 2%.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на адной з апошніх нарад з Урадам узнікла дыскусія аб правільнасці ўзбуйнення або аптымізацыі ў вёсцы шэрага аб'ектаў - аддзяленняў пошты і банкаў, арганізацый сувязі.

"Яшчэ раз паўтару сваю пазіцыю: жыццё не стаіць на месцы. Прыходзяць новыя тэхналогіі. У нас няпростая сітуацыя з бюджэтам, калі трэба лічыць і эканоміць кожную капейку. Гэта ў любой краіне так. Таму галоўнае - усе паслугі павінны быць даступны сельскаму жыхару ў тых жа аб'ёмах, што і ў горадзе, і іх якасць павінна пастаянна расці. А што рабіць з занятасцю вызваляемых банкаўскіх або паштовых работнікаў? Гэта непасрэдны абавязак старшынь райвыканкамаў, якія не заўсёды хочуць займацца гэтай справай", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што аб'екты спажыўкааперацыі павінны працаваць з падыходам "якасць вышэй за ўсё".

"Калі вы не будзеце трымаць узровень сэрвісу, займацца рэканструкцыяй і абнаўленнем магазінаў і кафэ, яны не выжывуць. Сучасны ўзровень гандлю вельмі высокі. Беларусы за апошнія гады прывыклі, па сутнасці, да еўрапейскай якасці паслуг. І калі вы хочаце падтрымліваць дастойны ўзровень і ў малых населеных пунктах, аграгарадках, то асартымент і абслугоўванне там не павінны адрознівацца ад сталічных", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым плане ён заклікаў слухаць водзывы простых людзей, якія адзначаюць пэўную закасцянеласць спажыўкааперацыі. "Маральны і фізічны знос многіх гандлёвых аб'ектаў, неаптымальнае выкарыстанне плошчаў, слабае ўкараненне новых тэхналогій. Вядома, ёсць і добрыя прыклады. Але ці стала гэта сістэмай? Вось у чым пытанне", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што спецыяльна да мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі разгарнулі добрую выстаўку з узорамі прадукцыі арганізацый спажыўкааперацыі. "Вы ўмееце рабіць усё. Бязмежна ўмееце рабіць усё. Што, здавалася б, немагчыма. Дык чаму вы ўсюды не робіце гэта? Я з такім пачуццём заўсёды іду з такіх выставак", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што паказчыкі развіцця гандлю і грамадскага харчавання Белкаапсаюза складваюцца ніжэйшыя за сярэднерэспубліканскі ўзровень. Пры гэтым перавага харчовых тавараў у структуры рознічнага тавараабароту таксама застаецца праблемай.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў павышаць долю нехарчовай прадукцыі. "Не выканана. Вы проста знаходзіцеся на ўзроўні 10-12%. Новаму кіраўніку даручаю вывучыць прычыны такога стану спраў. Трэба пераламаць гэту негатыўную тэндэнцыю. Прываблівайце пакупніка больш шырокім асартыментам і канкурэнтнай цаной", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу, што спажыўкааперацыя на 90% гандлюе беларускімі таварамі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўказаў на магчымасць аб'ядноўвацца з айчыннымі вытворцамі і праводзіць акцыі, распрадажы. "Як на штогадовых сезонных кірмашах у верасні-кастрычніку. Гэту традыцыю мы нядаўна адрадзілі і насельніцтва яе цудоўна ўспрыняло. Калі ў гэтым вам патрэбна будзе дапамога, мы падштурхнём вашых партнёраў", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, не менш востра стаіць задача павышэння якасці абслугоўвання. Індыкатарам праблемы служыць паступовая страта пазіцый на ўнутраным спажывецкім рынку. "У рознічным тавараабароце ваша ўдзельная вага за апошнія пяць гадоў (з 2016 па 2020 год) упала амаль у два разы (з 7% да 3,9%). У гэтым годзе такая ж негатыўная тэндэнцыя захоўваецца", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову па лізінгу абсталявання для развіцця малых вытворчасцей спажыўкааперацыі.

"Тут вельмі правільна было ўзнята пытанне па лізінгу на абсталяванне. Гэта трэба зрабіць. Членам урада, якія тут прысутнічаюць: вам прамое даручэнне. І не таму, што я хачу спадабацца прысутным. Таму, што гэта мізэрныя грошы. Гэта ж дробнае абсталяванне. Але гэта абсталяванне не з-за мяжы вы павезяце. Вы павінны яго заказаць тут. І толькі самыя дробныя элементы, якія мы не зможам вырабіць тут вельмі хутка, вы цэнтралізавана з усёй доляй адказнасці закупіце. Таму лізінгу быць", - заявіў беларускі лідар.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў невялікую хлебапякарню ў Свіслачы, якую наведваў летам бягучага года ў ходзе адной з рабочых паездак. "Маленькая вытворчасць. І гэтым малым вытворчасцям трэба даць поўную самастойнасць і дарогу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт сарыентаваў арганізацыі спажыўкааперацыі на тое, каб у сваім развіцці яны таксама ўлічвалі сучасныя тэндэнцыі попыту і прапанавання, пашыралі тое, што яны ўжо даўно ўмеюць рабіць лепш за ўсіх.

Ён успомніў аб тым, як і чым сам харчаваўся ў дзяцінстве, у тым ліку звычайным хлебам, пасыпаным цукрам. "Мы харчаваліся вельмі проста. Добрая была здаровая ежа. Але яна не выглядала, можа, так знешне, як на Захадзе. І нашы людзі, калі разваліўся Савецкі Саюз, кінуліся на гэту ежу. Гэта таксама зразумела. Я гэта нармальна ўспрымаю. Паспрабавалі. І зайдзіце ў любы рэстаран: там жа такое накруцяць, што цяжка ўявіць, - гэта твор мастацтва. А людзі хочуць смажанку, звычайных дранікаў. Гэта значыць надышоў новы перыяд у жыцці. Гэта заўсёды маятнік: туды хіснуўся, потым сюды. І вось гэты момант. І вы не павінны яго страціць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэтыя ўсе смажанкі, дранікі, агуркі, сала і іншае. Ніхто лепш не ўмее рабіць. Дык вы рабіце гэта. І ў вас купяць у Мінску і багатыя людзі, і купяць з задавальненнем", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія з замежных дыпламатаў ходзяць не ў магазіны, а на рынак, каб купіць фермерскую прадукцыю. "Дык вы скарыстайцеся гэтым. І калі вы будзеце варушыцца, то за мной не заржавее. Я заўсёды змагу падставіць плячо", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама гарантаваў падтрымку, калі будзе жаданне развіваць невялікія вытворчасці ў любым пункце Беларусі, і ў тым ліку ў Мінску. "Мы абавязкова вам выдзелім гэтыя месцы. І не толькі выдзелім. Мы дапаможам вам стварыць гэтыя пункты. Для таго каб вы сур'ёзна маглі канкурыраваць з бюргерамі, якія тут нарадзіліся ў Мінску", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў добрыя якасці прадукцыі, якая вырабляецца ў рэгіёнах, але часта не прадстаўлена шырока на рынку краіны. "Я, Прэзідэнт, напэўна, паспрабаваў ужо ў розных частках свету за сваё жыццё ўсё. Але калі я пабываў у Свіслачы (Кіраўнік дзяржавы наведваў там хлебапякарню ў час рабочай паездкі летам бягучага года. - Заўвага), - цудоўнейшага хлеба няма. Толькі вы мне яго больш не прысылайце карзінамі. Вядома, я пачаставаў людзей, якія працуюць побач са мной, простых людзей. Яны былі вельмі рады і здзіўлены, што ў нас яшчэ ў Беларусі гэта вырабляюць. Гэта значыць вы ўмееце гэта рабіць".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт заклікаў яшчэ раз падумаць і вызначыцца, як Белкаапсаюзу папулярызаваць сваю прадукцыю, у тым ліку цэнтралізавана, праз стварэнне буйных гандлёвых кропак. Ён нагадаў, што раней арганізацыі дазволілі ствараць такія магазіны ў Мінску. "І я часта, праязджаючы тут па цэнтральным праспекце, бачу гэтыя магазіны. Але чаму вы далей не пайшлі?" - абазначыў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Аналагічна і па іншых напрамках - трэба бачыць перспектыву, ствараць невялікія запатрабаваныя бізнесы, аж да вытворчасці пончыкаў.

"Займіцеся гэтым пытаннем. Не хадзіце вы за таннымі крэдытамі, яшчэ там нешта прасіць. Мы дапаможам вам заўсёды, калі будзем бачыць, што вы самі ўпіраецеся, а не седзіце на тых ідэях, якія былі ўласцівы мінуламу перыяду. Час змяніўся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка сарыентаваў Белкаапсаюз на развіццё сегмента інтэрнэт-гандлю. "Я не параўноўваю вас з буйнымі сеткамі ў Мінску. Прывезці тавар адразу ў адзін гандлёвы аб'ект і зняць прыбытак нескладана. А вось даехаць да кожнай аддаленай вёсачкі не кожны зможа. Але і тут ёсць рашэнні. Паглядзіце, як за апошнія некалькі гадоў развіўся інтэрнэт- і электронны гандаль", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

За год, паводле даных Белстата, такім чынам прададзена тавараў на $1,1 млрд, і гэты сегмент рынку расце ў сярэднім па 20% у год.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з тым, што пажылым людзям, магчыма, будзе складана карыстацца гэтымі паслугамі з дапамогай інтэрнэту. "Але ёсць дзеці, якія могуць заказаць чалавеку. І вы па гэтым заказе зможаце ажыццявіць пастаўку. Пачніце гэта не на шкоду сабе і паглядзіце. І для мяне будзе важна, як для эканаміста, які прывык верыць канкрэтным фактам. Паглядзім, што атрымаецца ў выніку вашага гэтага эксперымента ў Белкаапсаюзе", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі вы будзеце працаваць у Мінску, то вы дакладна будзеце канкурыраваць", - дадаў ён. У якасці прыкладу ён прывёў папулярныя цяпер паслугі па заказе і хуткай дастаўцы піцы. "Заказаў - імгненна прывезлі ў гэтай каробцы. Дык калі вы будзеце займацца і тут - для таго, каб эканоміку паправіць, праз інтэрнэт прадаваць - не піцу, а сваю смажанку. Паверце, заказаў будзе дастаткова. Гэта значыць усюды трэба варушыцца для таго, каб зарабіць капейку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не дапускаць парушэнняў у рабоце сельскіх магазінаў. "Абсалютна непрымальныя факты безадказнасці і халатнасці работнікаў. Нават з глыбінкі мне паступаюць адпаведныя скаргі. І толькі не гаварыце мне, што гэта няпраўда. Я жыў там, дзе вы цяпер працуеце, - у глыбінцы. Меў з гэтым справу. Яшчэ ў тыя жорсткія планавыя часы гэтых недахопаў была куча. А цяпер жа свабода, усё можна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб аналагічных парушэннях дакладвае і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Самыя масавыя з іх - гэта продаж тавараў са скончанымі тэрмінамі годнасці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Так, у адным з магазінаў Кіраўскага райпо была выяўлена рэалізацыя 12 найменняў харчовых тавараў са скончанымі да 26 сутак тэрмінамі годнасці, а ў магазіне ў вёсцы Любонічы - пяці найменняў, тэрміны годнасці якіх скончыліся паўгода таму.

"Ставіць пад небяспеку здароўе людзей, карыстаючыся тым, што пайсці за пакупкамі ім больш няма куды, - гэта, прабачце, злачынства!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што кожны населены пункт, у якім няма стацыянарнага магазіна, павінен абслугоўвацца аўтакрамай: "Мы ж дамаўляліся, іх павінна быць не менш за тысячу. З выкананнем усіх санітарных і іншых патрабаванняў. Асартымент як харчовых, так і нехарчовых тавараў павінен быць адпаведным".

У гэтым пытанні Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў выключыць негатыўныя факты, аб якіх дакладвае Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што неабгрунтаваны рост цэн, асабліва на сацыяльна значныя тавары, недапушчальны. "Галоўнае - цэны. Унутрыведамасны кантроль за імі будзе падмацоўвацца маніторынгам Камітэта дзяржаўнага кантролю і прафсаюзамі. У бліжэйшы час мы гэты напрамак будзем узмацняць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму што аб'ектыўна - шалёны рост цэн, у свеце падаражэлі прадукты харчавання вельмі моцна. Хутка ў два разы мы атрымаем рост цэн на прадукты харчавання ў свеце. Падаражэлі металы, прыродны газ... Усё падскочыла ў цане".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў гэту сітуацыю тым, што ў час пандэміі многія вядучыя дзяржавы свету спрабавалі абараніцца лакдаўнамі: "Закрыліся і проста не працавалі. А людзям трэба было неяк жыць. Праблему вырашылі проста: узялі і надрукавалі кучу грошай. І цяпер мы адчуваем інфляцыйны націск. Гэта зразумела. Вось яна (інфляцыя. - Заўвага) і прыходзіць да нас адтуль".

Але многія, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, перш за ўсё ў гандлі, ды і вытворцы, пад шумок аб'ектыўнага працэсу росту цэн пачынаюць суб'ектыўна падстройвацца і яшчэ больш уздымаць цэны. "Мы павінны гэта бачыць і ў гэтай дзікай рыначнай вакханаліі знайсці нейкі свой шлях каб стрымаць цэны", - заявіў беларускі лідар.

"Таму мною даручана перш за ўсё прафсаюзам, Камітэту дзяржкантролю, адпаведным падраздзяленням Урада і дэпутатам звярнуць сур'ёзную ўвагу, вывучаць цэны і прымаць канкрэтныя рашэнні. Трэба перажыць гэты момант і не даць магчымасці тым, хто прывык нажывацца на росце цэн, гэта зрабіць. У адваротным выпадку прыйдзем ужо да сапраўднай рэвалюцыі. Людзі гэтага не вытрымаюць. Таму мы ўдзяляем сёння сур'ёзную ўвагу кантролю за цэнаўтварэннем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што нядаўна падпісаў адпаведны Указ: "Неабгрунтаваны рост цэн, асабліва на сацыяльна значныя тавары, недапушчальны. У гэтым яго сутнасць. Гэта застаецца маім жорсткім патрабаваннем. Ніводны чалавек не павінен пераплачваць за нечую безгаспадарчасць або жаданне напхаць кішэнь".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што за факты, калі цэны на харчовыя тавары штучна завышаюцца, вінаватых варта караць рублём: "Ад новага старшыні патрабую навесці ў асноўнай сферы сістэмы Белкаапсаюза ўзорны парадак. За гэта адказваць будзеце асабіста".

"Лішніх грошай у краіне няма. Нам трэба і ўрачам дапамагчы (за два гады на барацьбу з кавідам толькі з бюджэту патрацілі практычна Br2 млрд, і ці тое яшчэ будзе: вы бачыце ўздым захваральнасці, ва ўсім свеце проста адбылася ўспышка). І вы не ўяўляеце, колькі гэта каштуе намаганняў і грошай для таго, каб ратаваць людзей. Сёння размова ідзе аб тым, каб засцерагчы ад хваробы, абараніць, выратаваць людзей. Трэба і дзяцей падтрымаць, і старых, і дарогі трэба будаваць і гэтак далей", - сказаў беларускі лідар. 

"Дапамагаць вам, калі ў людзей яблыкі гніюць, яны памідоры-агуркі іншы раз у роў выкідваюць, не ведаюць, куды тыя ж самыя клубніцы дзяваць, бо ніхто не бярэ... (такія факты былі ў прэсе ў мінулым годзе). Я асабіста вашага старшыню Белкаапсаюза адпраўляў у канкрэтныя кропкі для таго, каб дапамагчы людзям. Прымусіць працаваць - гэта задача кіраўнікоў, у тым ліку і мая, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Больш Белкаапсаюз па сваіх паказчыках не павінен плесціся ў хвасце. І Урад з аблвыканкамамі спакойна на такі стан спраў глядзець не павінны. Вы наогул адхіліліся ад гэтай праблемы па вялікім рахунку. Зразумейце нарэшце, што ва ўмовах санкцый трэба біцца за любую магчымасць зарабіць. А тут проста золата пад нагамі валяецца. Толькі трэба зняць белыя пальчаткі і падняць яго". 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адна з ключавых функцый спажыўкааперацыі, якую наўрад ці ў гэтым нехта  зможа замяніць, - нарыхтоўчая дзейнасць. У 2020-м у насельніцтва была набыта прадукцыя на Br205 млн, у бягучым - ужо на Br230 млн. 

"Таму для Белкаапсаюза правільная арганізацыя закупачнай дзейнасці, вашай фішкі, як модна сёння гаварыць, - гэта, па сутнасці, пытанне выжывальнасці ў барацьбе з імпартам і ўнутранымі канкурэнтамі. Вядома, я часта гавару, што гэта даходы нашых вяскоўцаў, пэўная занятасць у вёсцы. Аднак у першую чаргу гэта ваш паратунак. Не знойдзеце эканоміі на сыравіне, не збераце капейку за кошт разумных закупак - ніколі не атрымаеце станоўчага прыбытку ў перапрацоўцы, а потым і на гандлёвай паліцы. Будзеце сядзець у стратах, стагнаць і ісці зноў па дзяржпадтрымку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт прывёў прыклад, наколькі ў гэтым плане ў апошнія гады лепш працуюць прыватнікі, фермеры і нават рамеснікі і самазанятыя. "Тыя, хто разумнейшы, даўно зразумелі перспектывы гэтага рынку", - заўважыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што свет сёння ў добрым сэнсе слова павернуты на экалагічна чыстай, арганічнай прадукцыі. "Гэта выгадны бізнес. І яшчэ адна ваша фішка. Чаму не раскручваць гэту тэму, закупляючы ў насельніцтва самы лепшы тавар, у якім няма ні кансервантаў, ні заменнікаў, ні фарбавальнікаў, а ёсць толькі жывыя вітаміны?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт запатрабаваў перастаць прыкрывацца нарыхтоўчай дзейнасцю толькі як сацыяльнай функцыяй. "Не яна галоўная. Гэта перш за ўсё рэзерв для ўмацавання вашага фінансавага стану і нават экспартны патэнцыял. Аб гэтым не трэба забываць", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму падаецца як дасягненне $50 млн штогадовага экспарту Белкаапсаюза і тое, што да 20% прадуктаў нарыхтоўкі ў далейшым прадаюцца за валюту. "Напэўна, для вашай сістэмы, дзе наогул раней экспартам не займаліся, гэта поспех. Толькі не забывайце, што ўсё пазнаецца ў параўнанні - агульнакраінавы сельгасэкспарт у гэтым годзе складзе $6 млрд. Таму вы нават да аднаго працэнта ў гэтым аб'ёме недацягваеце. Вось і падумайце, ёсць вам куды імкнуцца ці не. Пры гэтым вы амаль не экспартуеце гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. А асноўным рынкам застаюцца рэгіёны Расіі. Амаль няма гандлю з краінамі СНД, мізэрны экспарт у Кітай. А кантэйнеры туды ідуць. Вы маглі б пару-тройку кантэйнераў у кожным поездзе загружаць. І гэта быў бы добры валютны даход", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што крытыка ў адрас Белкаапсаюза часта аб'ектыўная. 

"На жаль, вымушаны зрабіць вывад, што разуменне такіх простых рэчаў і наогул вастрыні моманту, у якім жыве краіна, ёсць не ва ўсіх работнікаў на месцах. І крытыка ў адрас Белкаапсаюза ў сродках масавай інфармацыі за непаваротлівасць, абыякавасць, наплявацельскае стаўленне да людзей часта аб'ектыўная", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, як дакладвае Камітэт дзяржаўнага кантролю, выяўлены факты адсутнасці элементарнай інфармацыі для грамадзян аб магчымасці вывазу сабранай прадукцыі з асабістага падворка, а асобныя прыёманарыхтоўчыя пункты наогул часта закрыты па незразумелых прычынах. "У выніку пакрыўджаныя такім стаўленнем людзі пішуць скаргі ва ўсе інстанцыі. А тавар гніе і прападае", - адзначыў Прэзідэнт.

"Вы нарэшце павінны зразумець, што вы ў тым ліку прадстаўляеце ўладу там, на месцах. Па вашай рабоце сельскія жыхары даюць ацэнку і Прэзідэнту. Няўжо незразумела, што ў масавы сезон ягад, грыбоў, яблыкаў вашы кропкі павінны быць даступны круглыя суткі? Ва ўсіх ёсць мабільныя тэлефоны. І не так складана арганізаваць, каб вашых нарыхтоўшчыкаў людзі ведалі лепш, чым старшынь раёнаў. Няхай яны будуць пастаянна на сувязі і аказваюць нармальныя паслугі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама даручыў наладзіць цеснае супрацоўніцтва з кожным фермерам, уладальнікам асабістай падсобнай гаспадаркі: "Ідзіце да іх. Яшчэ да пачатку веснавых палявых работ варта прапрацаваць магчымыя напрамкі. Чаму гэта не стала нормай і сістэмай для ўсёй краіны?"

"Закупкі ў насельніцтва застаюцца на строгім кантролі, і задача новага кіраўніцтва - эфектыўна арганізаваць гэты працэс", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пытанне забеспячэння захаванасці закладзеных бульбы, агародніны і садавіны таксама патрабуе ўвагі. Рэалізацыя закупленай раней прадукцыі не толькі насычае рынак, але і рэгулюе цэны ў міжсезонне.

Сёння ў Белкаапсаюза амаль 130 сучасных сховішчаў. Аднак рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўсіх аб'ектаў для закладкі бульбы і плодаагародніннай прадукцыі трэба прадаўжаць, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Цэны на прадукты харчавання растуць і будуць расці пасля пандэміі. Мы нямала ўклалі ў вёску. Насельніцтва нас проста не зразумее, калі будзе вымушана купляць імпартныя прадукты па сусветных цэнах", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ёсць нядрэнная дынаміка ў глыбіні перапрацоўкі - ужо да 65% закупляемай сыравіны перапрацоўваецца на прадпрыемствах Белкаапсаюза. "Але колькі разоў мне давялося пераконваць вас у правільнасці гэтай стратэгіі? Як з лёнам, дрэваапрацоўкай, скурай і гэтак далей. Вядома, сыравінай гандляваць і барышы па кішэнях рассоўваць было прасцей. Чым і займаліся некаторыя вашы былыя кіраўнікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

У цэлым па краіне рэзервы ў перапрацоўцы велізарныя, звярнуў увагу Прэзідэнт. Па плодаагароднінных  кансервах доля беларускага тавару на рынку - крыху больш за 50%, па соках і марынаванай агародніне - 60%, па дзіцячым харчаванні - 85%. "І гэта вашы нішы. Займайце іх. Мы будзем вас падтрымліваць у гэтым плане. Ідзіце адваёўвайце гэты рынак. Навошта мы імпартуем столькі кетчупаў, салянак, фасолевых, грыбных кансерваў, кукурузы і гарошку? Мы ж усё гэта можам у Беларусі рабіць. Вы хваліцеся, што адраджаеце народныя промыслы, маркі, ствараеце сучасныя гандлёвыя знакі. А дзе вынік? Ваша задача - выйсці да 2025 года на 90% перапрацоўкі ва ўласнай сістэме закупак", - даручыў Кіраўнік дзяржавы. 
"Калі трэба, кааперуйцеся з абласцямі і Белдзяржхарчпрамам, якія за 15 гадоў з 64 заводаў па перапрацоўцы агародніны палову ўжо загубілі. Засталося 31 прадпрыемства. А Урад чамусьці на ўсё гэта глядзіць праз пальцы. Давайце зробім работу над памылкамі, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - У нашай краіне ёсць асобныя малыя вытворчасці прадуктаў па класічнай дамашняй тэхналогіі. Але іх адзінкі. Лічу, што на дзяржаўным узроўні ніхто, акрамя Белкаапсаюза, гэтага не зробіць. І вы дэманструеце, што ўмееце гэта рабіць. Распаўсюдзьце на ўсю краіну. І калі вам у гэтым патрэбна будзе падтрымка, нават матэрыяльная, не толькі арганізацыйная, мы вам яе акажам. Сала, каўбаса, вяленае мяса, салёная і марынаваная агародніна, мочаныя яблыкі, дзікарослыя грыбы і ягады - гэта тое, што цяпер з'яўляецца і павінна застацца вашай візітнай карткай". 

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што размова ідзе не аб тым, каб замясціць аб'ёмы вытворчасці і канкурыраваць з буйнымі мясакамбінатамі, прадпрыемствамі хлебпрама і харчпрама. "У кожнага свой спажывец: нехта купляе прадукты масавай вытворчасці, нехта шукае той самы эксклюзіў. Вырабляючы яго, вы ў пэўнай меры захоўваеце беларускія традыцыі і рэцэпты, якія ўдасканальваліся стагоддзямі. Паверце, людзі гэта ацэняць", - перакананы беларускі лідар.

"Кааператыўная прамысловасць - гэта сур'ёзны рэзерв нарошчвання ўнутранай эканомікі і атрымання дадатковага прыбытку. Тым больш у вас ёсць уласныя магазіны. Але давайце будзем сумленныя. Сярод выпускаемай вамі прадукцыі не ўсё ідзе нарасхват, ёсць і адкрыта слабыя пазіцыі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, па-ранейшаму застаецца невысокі попыт на пладовыя кансервы. На 1 верасня бягучага года іх запасы на складах эквівалентныя ўжо амаль пяці сярэднямесячным аб'ёмам вытворчасці. "І што вы робіце ў такой сітуацыі? На 22% павялічваеце аб'ёмы вытворчасці замест таго, каб змяніць рэцэптуру, асартымент, распрадаць, у рэшце рэшт, тое, што ёсць. Дзіўнае рашэнне", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, як летам пры наведванні пякарні ў Свіслачы спецыяльна цікавіўся попытам на прадукцыю. Як адказаў тады яму дырэктар, хлебабулачныя вырабы прадпрыемства з рукамі адрываюць. Мадэрнізацыя вытворчасці - гэта важна, але галоўнае - праца самога калектыву і яго назапашаны вопыт, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Разумееце, залатыя рукі і тая тэхналогія, якая там ёсць", - падкрэсліў ён.

"Для спажыўкааперацыі застаецца важнай задачай стварэнне адзінай сістэмы аптовых закупак. Менавіта ў гэтым звяне можа губляцца ад 5% да 10% дабаўленай вартасці. Вы ведаеце маё стаўленне да неабгрунтаваных пасрэднікаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На базе аптова-лагістычнага цэнтра такая сістэма ў першым набліжэнні ўжо створана. Гэты цэнтр павінен выступаць адзіным аператарам для работы з айчыннымі вытворцамі.

"Тым не менш работа да гэтага часу не завершана. Як мне дакладваюць, пастаўшчыкі прымяняюць зусім розныя падыходы да прадастаўлення скідак для арганізацый спажывецкай кааперацыі і прадстаўнікоў буйных сетак. Такім чынам і цэны для спажыўца моцна адрозніваюцца. Папярэджваю, гэта гульня з агнём. Міністр гандлю і віцэ-прэм'ер, якія прысутнічаюць тут, калі ласка, звярніце на гэта ўвагу. Тут ім трэба дапамагчы, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Глядзіце, як паводзяць сябе гандлёвыя сеткі. Яны літаральна дыктуюць пастаўшчыкам свае ўмовы, пад любой прычынай рукі ім выкручваюць па цэнавых параметрах. А вы? Мала таго што кожная структура з'яўляецца асобным пакупніком, дык яшчэ і канкурыруеце паміж сабой. Аб'яднуйцеся і памятайце, што Белкаапсаюз - самая буйная гандлёвая сетка ў краіне".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ад размоў і планаў неабходна пераходзіць да рэальных дзеянняў. "Тэрмін на завяршэнне праекта - 1 год. Больш да гэтай тэмы я вяртацца не буду", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў Старшыні КДК Васілю Герасімаву ўзяць гэтыя пытанні на "жалезабетонны кантроль".

На долю звераферм Белкаапсаюза прыпадае больш за 90% ад рэспубліканскай вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія гады зроблена нямала ў гэтай сферы, укладзены рэсурсы і, нягледзячы на спецыфіку рынку, ёсць пэўны вынік.

"Валерый Мікалаевіч Іваноў (былы старшыня Белкаапсаюза. - Заўвага) з-за сваёй аграрнай накіраванасці ўдзяляў зверагадоўлі павышаную ўвагу. Гэта відаць па Агурбаш", - заявіў Прэзідэнт.

У мінулым годзе з улікам пандэміі сусветны пушны і мехавы рынак апынуўся ў чарговым крызісе. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у Даніі на фоне гэтага загубілі 10 млн норак (з 17 млн асобін у краіне). Потым аказалася, што выйшла памылка. "Чаму не занялі рынак? Залатое дно. Потым рынак ужо разбалансавалі ў выніку такіх ідыёцкіх рашэнняў палітыкаў. Таму згодна з маім распараджэннем пад гарантыі Урада вам былі выдзелены крэдытныя рэсурсы для аздараўлення зверагадоўчых гаспадарак. Па сутнасці, проста для іх захавання ва ўмовах поўнага спынення продажаў прадукцыі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

"У далейшым работа павінна быць арганізавана так, каб гэта сфера больш не прасіла бюджэтных грошай, а прыносіла стабільны даход. Да гэтага будзе асаблівая ўвага і кантроль. Думаю, новы кіраўнік разумее, што без строгай тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны нічога не атрымаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка на агульным сходзе раскрытыкаваў эканамічны стан і зарплаты ў Белкаапсаюзе.

"Сістэмна пераламаць тэндэнцыю пагаршэння эканамічных паказчыкаў не ўдалося. Так, апошнія пару гадоў у цэлым забяспечваецца рэнтабельная работа, але гэта амаль нулявы ўзровень: рэнтабельнасць у першым паўгоддзі як 2020-га, так і гэтага года - 0,6%. Ніякага фінансавага запасу трываласці ў галіне няма. А без яго немагчымы нармальныя інвестыцыі ў новыя напрамкі. Як вы збіраецеся развівацца і выконваць свае планы? Па сутнасці, цяпер вы займаецеся простым узнаўленнем, а прасцей кажучы, бягучым праяданнем. Што не можа не насцярожваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Белкаапсаюз - асноўны даўжнік па разліках за спажывецкія тавары ў рэспубліцы. Пры гэтым ведаеце, што мяне здзіўляе пры аналізе вашых даўгоў? Вось лічбы. Ваша запазычанасць перад вяскоўцамі і іншымі пастаўшчыкамі тавараў і паслуг складае амаль паўмільярда рублёў. З іх пратэрмінаваная - Br109 млн, або 24% (чвэрць)", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пратэрміноўка па падатках у бюджэт складае Br3 млн. Пратэрмінаваная запазычанасць перад банкамі пры агульнай суме доўгу Br337 млн складае ўсяго Br2,5 млн (0,7%). "Які можна зрабіць вывад з гэтага фінансавага бардака? Вельмі просты. Больш за ўсё вашы начальнікі і вы баіцеся банкіраў, якія, калі вы з імі не расплаціцеся, заўтра не дадуць крэдыт (або палохаюць, што не дадуць). Таму вы і гоніце ўвесь свой прыбытак у першую чаргу на даўгі перад банкамі, ды яшчэ і гасіце, як вы тут гаварылі, неслабыя працэнты. Пры гэтым у грош не ставіце ні бюджэт (хоць ва ўсіх краінах бюджэт і падаткі - святое, але гэта я з Урада спытаю), ні сваіх пастаўшчыкоў, якіх да таго ж напэўна вы пасадзілі на нявыгадныя ўмовы з велізарнымі адтэрміноўкамі аплаты. Але свае абавязацельствы не выконваеце, а скардзіцеся, што нехта ў вас чормет забраў і не аплаціў своечасова. Дык вы ж самі паказваеце прыклад", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён падкрэсліў, што і банкі могуць увайсці ў становішча спажывецкай кааперацыі. "Банкі ж бачаць: няпростая сітуацыя ў галіне. Трэба ўвайсці ў становішча. Трэба кіраўнікам адпаведных падраздзяленняў Белкаапсаюза разам з банкірамі сабрацца ў чатырох сценах, а ўраду і Камітэту дзяржкантролю на ключ іх там закрыць, пакуль не дамовяцца. Але банкіры павінны зрабіць крок у бок вяскоўцаў, а не свайго прыбытку. Дык не, сваё ўварвалі і напляваць на бюджэт і ўсё астатняе. З такім падыходам пара заканчваць", - сказаў Прэзідэнт.

Новаму кіраўніку Белкаапсаюза Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу бліжэйшых месяцаў разабрацца і навесці парадак у фінансавых патоках. "Не будуць банкіры і іншыя ісці насустрач, завіце Старшыню Камітэта дзяржкантролю Герасімава. Чакаю з дакладам па выніках года", - дадаў ён.

"Трэба спыніць гульню з бюджэтам і пералічэннем туды падаткаў. Бюджэт - святое, трэба разлічвацца. Не будзеце разлічвацца з бюджэтам і плаціць падаткі, не прыходзьце з просьбамі па фінансаванні і падтрымцы. Па стратных арганізацыях таксама не зацягвайце. З кіраўнікамі гэтых арганізацый унікніце ў праблемы, стаўце задачу - праз 3-4 месяцы бізнес-план на стол. Не можа, няздольны - прымайце кадравыя рашэнні", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

Шэраг арганізацый Белкаапсаюза знаходзяцца ў розных стадыях эканамічнай неплацежаздольнасці, яны банкруты. Па выніках першага паўгоддзя стратныя амаль 20% прадпрыемстваў. Іх колькасць вырасла за год з 11 да 23, а сума чыстай страты павялічылася ў тры разы - да Br15 млн.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне эканоміка ў цэлым расце, паказчыкі нядрэнныя і толькі ў Белкаапсаюзе за год самы вялікі рост колькасці стратных арганізацый - у 2,5 раза. "Па сутнасці, надзвычайнае становішча. Шкада, што Урад і аблвыканкамы гэтага не бачаць. Прычыны на паверхні, аб іх ужо сёння сказана - галіна амаль не займаецца экспартам, дзе сёння асноўныя даходы, на затраты не глядзяць, працэнты шалёныя, тым не менш ніхто не змагаецца за зніжэнне - плацім. Таму такі вынік. Ёсць і іншыя артыкулы шалёных затрат і росту сабекошту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў у кожным аблвыканкаме з віцэ-прэм'ерам Аляксандрам Субоціным і новым кіраўніком Белкаапсаюза Алегам Мацкевічам асабіста разгледзець бізнес-планы гэтых 23 арганізацый. Па выніках года Прэзідэнт чакае з дакладам Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава, які і раскажа, як была выканана гэта задача.

"Як вынік сумнага стану фінансаў - няма чым хваліцца ў пытанні заработнай платы. А сутнасць жа ўсёй работы - колькі ты можаш заплаціць простаму чалавеку. Адсюль і якасць кадраў, і матывацыя, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Даўгоў па зарплаце няма, але гэта слабае суцяшэнне. Сярэдняя за восем месяцаў - Br761, роўна палавіна ад сярэднерэспубліканскага ўзроўню. Незразумела, якіх работнікаў вы збіраецеся прыцягнуць у галіну за такія даходы".

"Мы не вырашым ніводнай праблемы, якія я абазначыў, без нармальнай работы з органамі ўлады. Белкаапсаюз - гэта не гэтыя вялікія сеткі жулля, якія набудавалі ў Мінску. Гэта вялікая сацыяльная нагрузка, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Спажыўкааперацыя прадстаўлена ў кожным рэгіёне краіны. Пакуль аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, старшыні раёнаў не перастануць адмахвацца ад гэтых пытанняў, нічога не зрушыцца з месца. Палітыку міфічнага рынку, павольнага памірання, стагнацыі і назірання з боку (маўляў, гэта не маё) трэба спыніць".

Ён заўважыў, што спажыўкааперацыя просіць не такую ўжо і вялікую падтрымку, калі параўноўваць з той жа прамысловасцю. А значыць, ёй трэба дапамагаць, але і дарыць нічога не трэба, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Трэба развязаць гэтыя вузлы. Не грашамі завальваць іх, а дапамагчы ў канкрэтнай справе", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў: мясцовая ўлада павінна быць не проста ў курсе існуючых праблем у галіне, а бегчы паперадзе паравоза і аказваць усебаковае садзейнічанне ўсім пазітыўным пачынанням і ідэям, кіраваць, накіроўваць і пры неабходнасці прымушаць. "Эфектыўная работа арганізацый кааперацыі ў рэгіёнах - задача нумар адзін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў вывучыць вопыт Гродзенскай вобласці, дзе ідзе эксперымент па пераходзе на работу адзінай абласной кааператыўнай арганізацыі. "Але трэба разумець, што Гродна ёсць Гродна, Брэст ёсць Брэст. Там ёсць свой добры вопыт. У кожнага ёсць свае магчымасці і напрамкі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу, што работнікі спажыўкааперацыі - сапраўдныя патрыёты краіны і надзейныя людзі. "Гэта галоўнае. Мы не павінны пакрыўдзіць сваіх людзей, яны аснова нашай дзяржавы. Яны сялян яшчэ хоць трохі ўтрымліваюць, старых, пенсіянераў. Нас выбралі яны, людзі, і мы павінны адказаць гэтым людзям, каб іх падтрымаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў неабходнасць умацоўваць эканоміку краіны, каб выстаяць у геапалітычным процістаянні.

"Расхаладзіліся: рэвалюцыю выйгралі, цяпер будзем хадзіць адпачываць. Ды не, дарагія мае. Нас будуць хістаць вельмі доўга, пакуль не паставяць на калені. Але я не збіраюся на калені ўставаць. Калі вы хочаце, уставайце, але без мяне, - заявіў Прэзідэнт. - Мы ўжо сваё на каленях адстаялі".

"Цяпер трэба гэты кавалачак зямлі адстаяць, як я часта кажу, для нашых дзяцей і ўнукаў. Ім дзявацца няма куды. Не думайце, што яны, калі палякі зоймуць Беларусь (як яны хочуць), усе будуць начальнікамі тут. Трапіце пад бізун, ды яшчэ які. Я гэта ведаю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І калі мы ў эканоміцы, у дзейнасці Белкаапсаюза вытрымаем, ніякія санкцыі, ніякія палякі, амерыканцы нам не страшныя. У нас ёсць чым ім адказаць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эканоміцы сёння трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу. "А ў эканоміцы сёння ў краіне выканальніцкая дысцыпліна. Вы мой характар ведаеце: за мной не заржавее. І паўнамоцтваў у мяне дастаткова, пакуль яшчэ новую Канстытуцыю не прынялі і пакуль я яшчэ Прэзідэнт. Таму трэба пачынаць варушыцца", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў час сходу абазначыў праблемныя пытанні ў дзейнасці спажывецкіх таварыстваў і магчымыя шляхі іх вырашэння. Свае даручэнні, заявіў Прэзідэнт, ён адрасуе не толькі новаму старшыні Белкаапсаюза. У роўнай ступені гэта, паводле яго слоў, датычыцца і Урада, аблвыканкамаў, галіновых ведамстваў.

"Усе ў адной лодцы. І калі яна разгайдаецца і не дай бог перавернецца, схавацца ні ў кога не атрымаецца. Адкажа ўся вертыкаль улады. Інакш быць не можа, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Памятайце, Белкаапсаюз быў створаны людзьмі і для людзей. Ваша сістэма мае велізарны патэнцыял. Ніхто мяне ў іншым не пераканае. Вы можаце канкурыраваць па ўсіх напрамках. Галоўнае не сядзець склаўшы рукі, быць па-добраму агрэсіўнымі, прымяняць самыя сучасныя падыходы і бізнес-ідэі".

Прэзідэнт лічыць, што для гэтага ў спажыўкааперацыі ёсць усе рэсурсы: матэрыяльная база, вопытныя кадры і падтрымка дзяржавы. "Добрасумленна працуйце, давайце вынік. Пачніце з малога. Няхай будзе рэнтабельнасць 3%, 5%, 10%. Зачапіцеся за зарплату 800, потым 900, 1000 рублёў. Але кожны год трэба дэманстраваць дадатную дынаміку. Краіна не стаіць на месцы, таму вам трэба бегчы апераджальнымі тэмпамі. І гэта немагчыма без дысцыпліны і парадку. Разбярыцеся, ці ўсе кадры на сваіх месцах, ці ўсе аднолькава разумеюць неабходнасць працаваць дзень і ноч, каб хутчэй навярстаць упушчанае і развівацца далей", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

"Страціце сваё - пойдзеце батракамі да гэтых сетак і гэтых жулікаў, якіх мне даводзіцца на месца ставіць у Мінску. Таму беражыце тое месца, якое ў вас. Гэта ваша месца, дзе вы павінны зарабляць і ўтрымліваць вашы сем'і. Агульны кантроль за работай спажыўкааперацыі па-ранейшаму застаецца за Урадам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. У гэтай звязцы я вас не раздзяляю. Па выніках 2021 года чакаю даклада ў першым квартале 2022-га аб першых выніках праведзенай работы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.