Сустрэча з рабочай групай па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі краіны
- 11
- 8:13
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка правёў сустрэчу з рабочай групай па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі краіны.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства нагадаў аб раней прынятым рашэнні дапрацаваць папраўкі ў Канстытуцыю на ўзроўні экспертнай групы. "Зусім нядаўна мы дамовіліся, што правядзём пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі пасля таго, як рабочая група, члены якой тут прысутнічаюць, скончаць - разам са мной, вядома, - напісанне Канстытуцыі. Яе канчатковы варыянт будзе вынесены на пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі і адразу ж на рэферэндум", - адзначыў Прэзідэнт. Гэта значыць, задача рабочай групы, як яе сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка, - прадоўжыць пачатую Канстытуцыйнай камісіяй дзейнасць.
У далейшым кваліфікаваныя юрысты дапамогуць сфармуляваць прапановы рабочай групы правільнай з юрыдычнага пункту гледжання мовай. "Наша справа - вызначыцца і прапанаваць Канстытуцыйнай камісіі і людзям варыянты будучай Канстытуцыі хаця б па асноўных момантах, якія вельмі важныя для кіравання дзяржавай і так ці інакш абмяркоўваюцца нашымі людзьмі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У склад рабочай групы ўвайшлі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і прадстаўнікі абедзвюх палат парламента, Намеснік Дзяржсакратара Савета Бяспекі Аляксандр Рахманаў, Кіраўнік Апарату Савета Міністраў Канстанцін Бурак, Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Наталля Карповіч і суддзя Вольга Сяргеева, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, памочнік Кіраўніка дзяржавы Аляксандр Косінец і доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў.
"Зразумела, тут сабраліся перш за ўсё дзяржаўнікі і ўпраўленцы са стажам, вопытныя людзі розных прафесій. Менавіта яны павінны фарміраваць аблічча новай Канстытуцыі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - З прычыны свайго статусу і вопыту кіруючай работы на высокіх пасадах вы глыбей разумееце сэнс пераўтварэнняў Асноўнага Закона, іх абгрунтаванасць, перспектыўнасць у плане развіцця нашай дзяржаўнасці і абароны нашых нацыянальных інтарэсаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу рабочай групе трэба будзе сканцэнтравацца на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў, якіх, паводле яго слоў, нямала. "Трэба кожнае дэталёва абмеркаваць у канструктыўным ключы і знайсці самыя аптымальныя рашэнні. Калі ў працэсе работы ўбачыце, што яшчэ нейкія палажэнні патрабуюць дашліфоўкі, таксама прапаноўвайце свае падыходы", - сказаў ён.
"Галоўнае ў рабоце гэтай групы над канстытуцыйнымі змяненнямі - не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Важна пазбегнуць змяшэння функцый і паўнамоцтваў ключавых органаў, забяспечыць узгодненасць іх дзеянняў", - расставіў акцэнты беларускі лідар.
Асаблівую ўвагу, на думку Прэзідэнта, трэба ўдзяліць новаму органу - Усебеларускаму народнаму сходу. "Трэба вызначыць яго статус, парадак фарміравання і кампетэнцыю. Зрабіць гэта так, каб не парушыць устойлівасць дзяржаўнага апарату, не дапусціць з'яўлення ў краіне двоеўладдзя", - акрэсліў кола задач Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым дзейнасць рабочай групы павінна быць актыўнай і аператыўнай з самага пачатку, паколькі часу на разварушванне абсалютна няма, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Вынікам дзейнасці групы стане праект Асноўнага Закона, які, як я сказаў, абмяркуем на Канстытуцыйнай камісіі і ўнясём для ўсенароднага абмеркавання. А потым ужо дашліфоўваем пасля ўсенароднага абмеркавання, і праект ідзе на рэферэндум", - растлумачыў Прэзідэнт.
Па прапанове Кіраўніка дзяржавы работа групы будзе сканцэнтравана і зведзена ў Адміністрацыю Прэзідэнта, а Кіраўнік Адміністрацыі будзе аператыўна кіраваць гэтай дзейнасцю. "Адміністрацыя Прэзідэнта - той орган, які і павінен у дадзеным выпадку займацца гэтай работай, як гэта было і ў мінулым", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што збеглая апазіцыя спрабуе пераканаць усіх, нібыта новая Канстытуцыя Беларусі распрацоўваецца пад дзеючага Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка развянчаў гэты міф: паводле яго слоў, якраз дзеючай Канстытуцыяй замацоўваецца моцная прэзідэнцкая ўлада. "Калі ўжо шчыра гаварыць, то цяперашняя Канстытуцыя - гэта дакладна пад Прэзідэнта. І лепшай Канстытуцыі, як яны мысляць, па іх крытэрыях, ніякаму прэзідэнту не трэба. Гэта Канстытуцыя сапраўды вельмі жорсткая. Многія спецыялісты кажуць, што аўтарытарнага характару ў нас улада па гэтай Канстытуцыі - гэта сапраўды так. І мы гаворым, чаму мы рабілі гэту Канстытуцыю такім чынам і пад Прэзідэнта. Таму любая іншая Канстытуцыя будзе "слабейшая, чытай, як яны кажуць, "больш дэмакратычная" за цяперашнюю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Кіраўніка дзяржавы, надышоў час на ўзроўні Канстытуцыі пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж органамі ўлады. Іх абавязкі і зоны адказнасці павінны быць разгрупаваны, але краіна ўсё роўна павінна застацца прэзідэнцкай рэспублікай, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Так, заўважыў ён, лічыць і пераважная большасць беларусаў: яны выступаюць за моцную прэзідэнцкую ўладу.
"Я абсалютна ўпэўнены, што Беларусь павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай, калі мы хочам захаваць краіну. І Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутных або дзеючы Прэзідэнт ірвецца на гэту пасаду, а для таго, каб забяспечыць, як юрысты кажуць, стрымліванне і процівагу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта адна з фундаментальных рэчаў - стрымліваенне і процівага, на гэтым грунтуюцца ўсе законы і заканадаўчыя акты, і перш за ўсё Асноўны Закон".
Прэзідэнт падкрэсліў, што новы праект Канстытуцыі павінен распрацоўвацца з улікам канструктыўных меркаванняў беларускіх грамадзян, а не з аглядкай на збеглую апазіцыю. "Мы будзем іх чуць, хочам мы гэтага ці не, але рэагаваць на кожных чых з-за межаў нашай краіны людзей, якія сёння адпрацоўваюць грошы амерыканцаў, немцаў і іншых, седзячы ў Польшчы або Літве, - тады мы перастанем працаваць і клапаціцца аб уласным народзе, і ні кавід, і ні санкцыі - ніводнага пытання мы не вырашым", - падагульніў ён.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў рабочай групы, Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на тым, што чакае ад іх ініцыятыўнасці і праяўлення актыўнай пазіцыі. "Давайце дамовімся так, што вы не будзеце прыходзіць да мяне і глядзець на мяне: а што скажа Прэзідэнт, - запатрабаваў беларускі лідар. - Гэта ж нядобра: людзі не пачулі ад Прэзідэнта на працягу двух тыдняў размоў пра кавід - згубілі з поля зроку Прэзідэнта. Госпадзі, дзе Прэзідэнт!?"
Ён адзначыў, што ў Беларусі людзі прывыклі, што Прэзідэнт пастаянна прымае ўдзел у вырашэнні самых розных актуальных пытанняў. "Прэзідэнт - кожны дзень. Але не сказаў нейкае слова - а дзе ён? Гэта не толькі таму, што мы прывучылі да гэтага людзей, а таму, што нашы людзі такія. І дзякуй богу! Добрыя, прыстойныя, якія прывыклі арыентавацца на спецыялістаў, вельмі адукаваныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я гатовы слухаць, уключацца ў работу, але вы прапаноўвайце. Вы ўжо моцныя спецыялісты, вопытныя, вы ведаеце, што можна вынесці на Усебеларускі народны сход, што пакінуць у паўнамоцтвах Прэзідэнта, каб яго не перагружаць, што павінна быць ва Урадзе, мясцовых органах улады", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на адказнасць удзельнікаў рабочай групы ў прыняцці правільных, вывераных рашэнняў, таму што любы іх няправільны крок можа разбурыць краіну.
"Не мне Аляксандра Міхайлавіча (Радзькова. - Заўвага) вучыць, або Міхаіла Іванавіча Русага, або нават маладзейшага, Міхаіла Орду вучыць таму, якой павінна быць краіна. Мы ўсе з вамі яе рабілі ўласнымі рукамі. Таму давайце прапануем варыянт Канстытуцыйнай камісіі і потым - людзям розных узростаў, перакананняў, прафесій, каб яны зразумелі, што гэта іх Канстытуцыя", - рэзюмаваў Прэзідэнт.