Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана Махмадшарыфам Хакдодам
- 8
- 5:10
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана Махмадшарыфам Хакдодам падзяліўся падрабязнасцямі сваіх ранішніх размоў з замежнымі лідарамі па тэматыцы Афганістана.
"Толькі што размаўляў з вашым Прэзідэнтам (Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. - Заўвага). Паўгадзіны ён, як найбліжэйшы сябар, расказваў аб сітуацыі, якая складваецца ў Афганістане. Дарэчы, вельмі шмат новай інфармацыі, якой у СМІ не чутна і не бачна. Вельмі сур'ёзная і напружаная сітуацыя. Я яму вельмі ўдзячны за тое, што ён шчыра мне расказаў усё, што там адбываецца. І наколькі важна нам сёння працаваць з Таджыкістанам, іншымі рэспублікамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ў Таджыкістана вялікая працягласць граніцы з Афганістанам. "Граніцу трэба ўмацоўваць, граніца складаная. Яна і ў савецкія часы была складанай. Цяпер тым больш", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсё гэта лягло на плечы таджыкскага народа і Таджыкістана. "Зразумела, што людзей - абараніць граніцу - у вас дастаткова. Патрэбны сучасныя сродкі, узбраенне", - сказаў ён.
У час тэлефонных размоў, у тым ліку з Эмамалі Рахмонам, абмяркоўвалася выпрацоўка агульнай пазіцыі, узгадненне пазіцыі па Афганістане па лініі АДКБ - ШАС. "Усё гэта мы паклалі на плечы Эмамалі Шарыпавіча ў час сустрэчы ў Душанбэ (дзе пройдуць саміты АДКБ і ШАС. - Заўвага) у сярэдзіне верасня", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Звяртаючыся да пасла, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча з ім важна напярэдадні візіту ў Таджыкістан. "Усё ж такі вы (таджыкскі бок. - Заўвага) валодаеце большай інфармацыяй, чым усе астатнія рэспублікі і нават дзяржавы ў свеце. Я абсалютна ўпэўнены. Нават вы валодаеце большай інфармацыяй, чым ЗША, якія непасрэдна там працуюць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў, што Прэзідэнт Таджыкістана, можна сказаць, дзесяцігоддзямі папярэджваў аб надзвычайна небяспечным развіцці сітуацыі ў Афганістане: "Мы так гэта ўсё слухалі, разумелі (у свеце ўсюды няпроста) і як радавую падзею, напэўна, успрымалі. І наколькі ён меў рацыю!"
"Таму і з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным мы сёння размаўлялі, я хачу яшчэ пагаварыць з Мірзіёевым (Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. - Заўвага) аб сітуацыі ў тым рэгіёне, каб мець дакладную карціну перад пасяджэннем АДКБ. І ўсе згадзіліся з маёй прапановай правесці кансультацыі па лініі АДКБ - ШАС. Усё будзе ў Душанбэ - кіраўнікі будуць там на месцы. І нам важна было б паглядзець, а якую пазіцыю зойме ШАС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць выпрацоўкі агульнай кансалідаванай пазіцыі адносна сітуацыі ў Афганістане.
"Калі пазіцыя ШАС і АДКБ будзе кансалідавана, то мы з гэтай сітуацыяй справімся. І дапаможам і афганскаму народу пераадолець гэтыя ўсе складанасці і цяжкасці. Але калі на афганскай скрыпцы кожны будзе іграць па-свойму, быць бядзе. Гэта няпросты раён, і справа не толькі ў Афганістане. Няпростая сітуацыя ў суседніх дзяржавах, на Блізкім Усходзе, радыкалізм увесь гэты, які, на жаль, мае сёння і аб'ектыўныя асновы і прычыны, - сказаў беларускі лідар. - Вядучыя заходнія дзяржавы туды ўлезлі, стварылі яшчэ горшую сітуацыю, чым яна там была. І, зразумела, спарадзілі яшчэ большы радыкалізм. Хто ў гэтым вінаваты? Вось яны і вінаватыя".
"Часткова, магчыма, і мы. Таму што мы так сядзелі і думалі: нас гэта не закране. А не, усё закране", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён папрасіў дыпламата выказаць свае ацэнкі сітуацыі ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне. "Можа, вы мяне сарыентуеце ў нечым", - адзначыў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Махмадшарыф Хакдод падкрэсліў, што ў Таджыкістане, дзе ў сярэдзіне верасня пройдуць саміты АДКБ і ШАС, заўсёды рады Прэзідэнту Беларусі. На маючых адбыцца міжнародных форумах будуць абмяркоўваць пытанні, якія хвалююць усю сусветную супольнасць, і перш за ўсё сітуацыю ў Афганістане. "Удзячны за Вашу ўвагу да гэтай праблематыкі. Ведаю, што шмат Вы паглыбляецеся ў пытанні бяспекі не толькі на прасторы СНД, але і ва ўсім свеце. Ёсць Ваш асабісты погляд на гэтыя праблемы", - сказаў дыпламат.