Сустрэча з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі
- 30
- 22:05
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лютага правёў сустрэчу з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.
"Самае важнае - мы захавалі пераемнасць і якасць класічнай адукацыі. Была рызыка кінуцца ў рэформы і эксперыменты. Нас вельмі актыўна спрабавалі ўцягнуць у іх дзеячы розных замежных фондаў. Гэта рабілася не выпадкова. І, давайце адкрыта гаварыць, дзе-нідзе мы туды ўступілі. Будзем сумленнымі: савецкая вышэйшая школа дала свету геніяльныя адкрыцці, праслаўленыя на ўвесь свет імёны. Тады атрыманыя ў нашых ВНУ веды былі на вагу золата. І цяпер у Беларусь едуць вучыцца, таму што мы захавалі лепшыя савецкія традыцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для такой кампактнай краіны, як Беларусь, 30 тыс. студэнтаў больш як са 100 краін свету - гэта добры паказчык. "Экспарт адукацыйных паслуг за 2023 год склаў больш за $90 млн. Таксама нядрэнна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што ў 90-я ў краіне зрабілі немагчымае, каб захаваць навуковыя школы і кампетэнцыі па падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. "Бераглі кожную капейку, укладвалі ў сферу немалыя сродкі. І вынік: колькасць ВНУ вырасла з 33 да 50, а студэнтаў - у паўтара раза", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аднак Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу, што важна не толькі колькасць, але і якасць.
Беларусь таксама адкрывала ВНУ ў рэгіёнах. У 2004 годзе ў Баранавічах і ў 2006 годзе ў Пінску. Так вышэйшая адукацыя стала яшчэ больш блізкай і даступнай у кожным кутку краіны. Прычым гэта рабілася ў перыяд, калі эканоміка толькі-толькі пачала аздараўляцца пасля фінансавага калапсу першых гадоў незалежнасці.
"У Баранавічах, Пінску, недзе яшчэ прыватныя ВНУ мы адкрылі. Але пытанне сёння ў тым, наколькі яны загружаны, асабліва ў Пінску і Баранавічах. Тады губернатары слёзна прасілі адкрыць гэтыя ВНУ, каб на рэгіянальным узроўні рыхтаваць спецыялістаў. Які вынік?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта значыць, мы не проста вызначылі тады стратэгічны прыярытэт дзяржаўнага развіцця, а зрабілі яго практыкай. Усё прадугледзелі: умацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, абнавілі лабараторыі і вучэбныя аўдыторыі, пабудавалі і прадаўжаем будаваць новыя карпусы і інтэрнаты, абнаўляем старыя", - пералічыў Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, цяпер работы вядуцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і іншых установах.
У Беларусі амаль год прысвяцілі самым вострым пытанням адукацыі, і цяпер трэба толькі ўжо дашліфоўваць пэўныя падыходы. "Прынялі канчатковыя рашэнні па арганізацыі ўступнай кампаніі ў ВНУ, разабраліся са школьнай адукацыяй. У гэтай тэме паставілі кропку. Цяпер трэба дашліфаваць канкрэтныя падыходы. Сёння перад намі стаіць задача ўзварухнуць ВНУ: адукацыю, навуку ў ВНУ - усё, чым займаюцца ВНУ", - заявіў беларускі лідар.
Ён даручыў, каб да 1 верасня рэктары ВНУ разам са сваімі калектывамі прынялі неабходныя рашэнні. Арыенцір - забеспячэнне якаснай адукацыі, у тым ліку ў параўнанні з замежнай. "Вашы выпускнікі павінны дакладна ўсведамляць і разумець, што наша вузаўская адукацыя ў Беларусі лепшая. Многія, хто ўцёк туды (за мяжу. - Заўвага) за адукацыяй, хутка пачынаюць разумець розніцу. Многія вяртаюцца, але не ўсе. Гэтага хістання быць не павінна. А гэта - праграмы, гэта выкладанне, выкладчыкі і якасны вынік. Як вы будзеце гэта рабіць - гэта ваша праблема. Але да верасня, папярэджваю Урад, Адміністрацыю і Міністра, мы, як па школе, збяромся і спытаем з кожнага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Задачу ведаеце: наша моладзь павінна вучыцца і працаваць тут. І пераставайце бегаць да мяне з нейкімі чарговымі навацыямі. Народ разброду ў адукацыі не прыме. Таму ціха, спакойна працуем у ВНУ. Яшчэ раз падкрэсліваю: праграмы, падручнікі, выкладчыкі. І выходзіць здаровы нармальны выпускнік, які можа працаваць у тых сферах вытворчасці, дзе ён марыў да паступлення, - падкрэсліў беларускі лідар. - Зроблена для сферы вышэйшай адукацыі шмат. Створаны ўмовы. Навуковыя школы, інтэлектуальны патэнцыял сёння беражом як зрэнку вока. Таму мы ўсе: абітурыенты, студэнты, іх бацькі, нашы прадпрыемствы і арганізацыі, ды і я ў тым ліку - маем права чакаць аддачы".
Прэзідэнт таксама нагадаў, што дэвіз Года якасці - перасягнуць сябе: "Каб нармальна канкурыраваць на ўсіх рынках і выжыць. Гэта значыць, узнімаем планку патрабаванняў да сябе і сумленна прызнаём, дзе недапрацавалі".
"Пытанні жыццё ставіць нам з вамі прынцыповыя і вострыя. Вы людзі разумныя, вучоныя са ступенямі, разумееце і меру сваёй адказнасці, і сутнасць гістарычнага моманту. Ведаеце, як важна не ўпусціць яго ў эпоху змены пакаленняў. Трэць стагоддзя таму нам удалося прайсці па краі прорвы, не звярнуўшы з дарогі, якую пракладвалі нашы продкі. Паглядзіце на тых, хто звярнуў з гэтай дарогі, - Прыбалтыка, Украіна і іншыя. Загублены прамысловасць і сельская гаспадарка. Куды рыхтаваць кадры? Зразумела: для тых краін, на чые падачкі жывуць. Вось такая нацыянальная ідэя. Гэта не наш шлях", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў пытанне запатрабаванасці якаснай адукацыі на прыкладзе Узбекістана, куды ён гэтымі днямі зрабіў афіцыйны візіт. Нараўне з новымі тэхналогіямі павінны быць і падрыхтаваныя кадры, спецыялісты.
"Але і нам расслабляцца ні ў якім разе нельга. І нельга недаацэньваць выклікі сённяшняга дня", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з рэктарамі ВНУ назваў пяць галоўных праблем, характэрных для сістэмы вышэйшай адукацыі, і чакае іх вырашэння.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на нарадзе па актуальных пытаннях дзейнасці БДУ 25 жніўня 2023 года ён абазначаў шэраг праблем у сістэме вышэйшай адукацыі. Прэзідэнт пацікавіўся, што было зроблена з таго часу для іх вырашэння, і канкрэтызаваў найбольш актуальныя праблемныя пытанні. Яны датычацца, у прыватнасці, запатрабаванасці і якасці нацыянальнай адукацыі, размеркавання і адпрацоўкі пасля навучання, сітуацыі з кадрамі ў прафесарска-выкладчыцкім складзе, а таксама ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнтамі.
Першая праблема, абазначаная Прэзідэнтам, - разрыў паміж попытам і прапанаваннем на рынку працы. "Не дай бог вам рыхтаваць тое, што нам не патрэбна ў краіне", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы як быццам забыліся, як у 90-я пачалі рыхтаваць натоўпы юрыстаў, эканамістаў, якія, атрымаўшы дыплом, пайшлі працаваць таксістамі і разносчыкамі піцы. Ды і цяпер пасля заканчэння ВНУ многія выпускнікі працуюць не па профілі", - заўважыў Прэзідэнт, дадаўшы, што неаднаразова звяртаў увагу на гэту тэму.
"Падрыхтоўка няпрофільных спецыялістаў, нізкая замацавальнасць на першым працоўным месцы, сыход з прафесіі - гэта недапушчальная раскоша для нашай дзяржавы. Што, нам грошы няма куды траціць? А калі ўлічыць, колькі дзяржава плаціць, то што гэта, калі не эканамічнае злачынства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў ад адказных асоб растлумачыць факты ўхілення ад адпрацоўкі, а яшчэ горш - "дагаварнякі" паміж наймальнікамі і ВНУ. "Прычым на паперы не падкапаешся. Дзе ваш кантроль? Атрымліваецца: выпусцілі і забылі. Так справа не пойдзе, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - І нагадаю: вы не камерсанты - вы рэктары ВНУ і думаць абавязаны па-дзяржаўнаму".
Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на тое, каб у першую чаргу рыхтаваць кадры пад патрэбнасць айчыннага рэальнага сектара. Пакуль сістэмнай работы міністэрстваў эканомікі, адукацыі, працы і сацабароны, ды і губернатараў у гэтым пытанні не відаць, заўважыў Прэзідэнт. Урад, паводле яго слоў, таксама не стаў каардынатарам тых працэсаў, якія адбываюцца ў адукацыі.
Другая праблема, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, - гэта імкненне выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Такая тэндэнцыя, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць, але яна не катастрафічная.
Кіраўнік дзяржавы спытаў у прысутных, ці з'яўляецца гэта нейкай модай або аб'ектыўным выбарам. "Гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся? Канкрэтнае пытанне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ. Вядома, яны могуць вярнуцца, але з поўнасцю перавернутай свядомасцю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"І чаму БДУ, БНТУ, медыцынскія ўніверсітэты ці БДУІР не з'яўляюцца для нашых вундэркіндаў прыярытэтам для паступлення?" - задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што сацыялагічныя апытанні сведчаць аб наяўнасці такой праблемы.
Асобна Прэзідэнт пацікавіўся, як пабудавана работа ВНУ са школамі, як яны прэзентуюць сябе выпускнікам, як узаемадзейнічаюць з прадпрыемствамі, якія павінны быць заказчыкамі кадраў.
"Як тлумачыце дэфіцыт кадраў па запатрабаваных спецыяльнасцях? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Паводле маёй інфармацыі, мэтавая падрыхтоўка не вырашае праблему. І для чаго мы стварылі столькі профільных класаў, калі менш як 30% выпускнікоў гэтых класаў паступае па профілі?"
Размова ішла таксама аб якасці навучальных праграм: ці своечасова іх абнаўляюць, ці ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі ў навучанне. "У мяне ёсць даныя: ледзь ці не палова студэнтаў сёння незадаволены якасцю адукацыі. Мы апыталі і старшакурснікаў, і першакурснікаў. Вы чым там займаецеся? Дакладваюць, вы не паспяваеце за тэхналогіямі, маладыя спецыялісты давучваюцца на вытворчасці. А мы ж патрабуем у заказчыка гарантаваць першае працоўнае месца. Каму патрэбны такія "спецыялісты"?" - абазначыў праблемныя моманты Кіраўнік дзяржавы.
"Але з іншага боку, калі спецыялісты не адпавядаюць запатрабаванням заказчыкаў, то дзе іх, заказчыкаў, удзел у працэсе навучання? - прадоўжыў Прэзідэнт. - Чаму яны не прыходзяць у ВНУ або не вязуць сваіх будучых спецыялістаў да сябе на канвеер? Чаму вытворцы самі не ідуць у аўдыторыі? Пытанні ўсім: рэктарам, галіновым міністрам і перш за ўсё Ураду".
Прэзідэнт канстатаваў, што моладзь не вельмі ахвотна ідзе ў навуку і выкладанне, і гэта трэцяя праблема для сістэмы вышэйшай адукацыі. "А мы пры гэтым яшчэ і даём магчымасць сабе раскідвацца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Не думайце - звяртаюся да кіраўнікоў ВНУ, - што на ваш век хопіць выкладчыкаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт не выключае, што пры належным размеркаванні кадраў і пераўтварэнні вучэбных праграм дэфіцыту выкладчыкаў не будзе, а хутчэй, наадварот, узнікнуць дадатковыя незадзейнічаныя кадры. Гэта ў першую чаргу сфера адказнасці рэктараў ВНУ, якія павінны ініцыяваць як абнаўленне праграм навучання, так і ўзмацніць запатрабаванне з выкладчыкаў. "Калі выкладчыкі хочуць большую заработную плату, як на Захадзе, дык трэба і працаваць, як на Захадзе - з раніцы да ночы (асабліва моладзі), каб зарабіць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на якасць падручнікаў. Прэзідэнт расказаў, што нядаўна азнаёміўся з падручнікам па філасофіі для студэнтаў ВНУ, па якім вучыцца малодшы сын Мікалай. "Слухайце, які кашмар! - даў сваю ацэнку Аляксандр Лукашэнка. - Што яны напісалі - гэта жах! Савецкія падручнікі давалі дакладныя структураваныя адказы на ўсе пытанні, а там такі хлам... Ніводны студэнт гэта не вывучыць". У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў сваё патрабаванне прывесці ў парадак падручнікі, асабліва школьныя, выклаўшы інфармацыю ў іх нармальнай, даступнай для вучняў мовай.
Закранаючы праблему старэння прафесарска-выкладчыцкага складу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што справа не столькі ва ўзросце. "Мы заўсёды беражліва ставімся да напрацаванага гадамі вопыту і мудрасці. Дай бог многім сіл і здароўя як мага даўжэй дзяліцца сваімі ведамі з моладдзю, калі гэтыя веды ёсць і яны ўдасканальваюцца ў нашых мудрых і ва ўзросце выкладчыкаў. Не жоўтыя канспекты дрыжачымі рукамі трымаць на трыбуне, а нармальныя каб былі выкладчыкі, - сказаў Прэзідэнт. - Непакоіць іншае. Хацелася б бачыць дастойную змену. Заўтра, пасля нас хто будзе? Асабліва па тых спецыяльнасцях, у якіх мае вострую патрэбу наша краіна сёння і ёсць перспектыва ў будучым".
"Запомніце, пакуль вы не пакладзяце мне новую методыку выкладання, новыя праграмы, новыя падручнікі і выкладчыкаў, якія жадаюць працаваць, - аб зарплаце забудзьце размову, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы знойдзем грошы, каб заплаціць, але дайце якасны вынік. Спакойнага жыцця з сённяшняга дня ў вас не будзе. Пачынайце вярцецца, круціцца. Вы ведаеце самыя сучасныя ўзоры і ўзроўні адукацыі. Зрабіце ў сябе лепш. Вось і Год якасці".
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што сітуацыя з прафесарска-выкладчыцкім складам у вышэйшай адукацыі не крытычная, аднак па асобных напрамках, у першую чаргу тэхнічных, яна насцярожвае. Таму ён чакае ад усіх адказных асоб канкрэтных прапаноў па акрэсленай тэматыцы.
Самае важнае, што запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы, - нідзе не павінна быць самазаспакоенасці. "Гэта датычыцца ўсіх і па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ёсць сур'ёзная насцярожанасць па асобных напрамках у вышэйшай адукацыі. І наконт гэтага Прэзідэнт адрасаваў шэраг пытанняў Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандру Гучку: ці ўсе тэмы кандыдацкіх і доктарскіх актуальныя, ці самі іх пішуць прэтэндэнты на тую ці іншую ступень?
"Адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай. Вы не проста даяце прафесію, вы фарміруеце светапогляд маладых людзей, - звярнуў увагу Прэзідэнт, гаворачы пра наступную праблему ў сістэме вышэйшай адукацыі. - Скажу адкрыта: вы першыя адказваеце за нацыянальную бяспеку і нясеце адказнасць за захаванне суверэнітэту краіны. Калі сярод вас да гэтага часу працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы і нашу палітыку, дзяржаўную ідэалогію, калі вы працаўладкоўваеце ўчарашніх хістальнікаў "рэжыму", то якія высновы я павінен рабіць пра вас? Пытанне для разважання і прыняцця рашэнняў".
"Гэта вашых студэнтаў, адурманеных заходнімі каштоўнасцямі, мы бачылі на плошчах у 2020-м. І многія "сэнсы", якія іх вывелі на вуліцу, былі закладзены, на жаль, у вашых аўдыторыях", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Пятай праблемай для сістэмы вышэйшай адукацыі Аляксандр Лукашэнка назваў нездавальняючую ідэалагічную і выхаваўчую работу з моладдзю: "Махровы бюракратызм! Усё для адчэпкі: і маладзёжныя арганізацыі, і прафсаюзы, і студэнцкія саветы, і іншае!" Наконт гэтага ў Прэзідэнта шмат пытанняў да ВНУ, Міністэрства адукацыі, Урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, маладзёжнай арганізацыі: "Спыніць гэты фармалізм. Нікому нічога для птушачкі не трэба".
"Аб чым гаварыць, калі асобныя выкладчыкі, мякка кажучы, самі не з'яўляюцца ўзорамі патрыятызму. Што мы можам патрабаваць ад студэнтаў, калі, напрыклад, прафесар не можа ці не хоча кампетэнтна адказаць ім на складаныя жыццёвыя, палітычныя пытанні? - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы. - У такой сітуацыі ніякія канцэрты, шоу-праграмы і іншыя флэшмобы не навучаць дзяцей шчыра любіць Радзіму, паважаць старэйшае пакаленне, берагчы гістарычную праўду". Ды і яркіх мерапрыемстваў на ўзроўні ВНУ, якія сталі б падзеяй і з'ядналі б моладзь, паводле слоў Прэзідэнта, не назіраецца.
Часта адказныя за сферу вышэйшай адукацыі захапляюцца статыстыкай і самасправаздачамі, крытычна заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, Міністр адукацыі Андрэй Іванец да гэтага часу не прапанаваў кандыдатуру на вакансію намесніка Міністра па ідэалогіі, хоць яна была адкрыта па яго просьбе ў лістападзе 2023 года.
"У самыя кароткія тэрміны ўнясём прапановы", - запэўніў Міністр.
Падагульніўшы ўсё вышэйсказанае, Прэзідэнт адзначыў, што размова будзе няпростая: "Папярэджваю катэгарычна ўсіх, хто хацеў выступіць: самасправаздачы, самалюбаванне, вялікія "дасягненні" нам не патрэбны. Тут - савет рэктараў, які павінен прапанаваць далейшыя шляхі ўдасканалення нашай адукацыі". Тым больш што асноўныя напрамкі развіцця іншых ступеней адукацыі (у прыватнасці, дашкольнай і школьнай, сістэмы паступлення) ужо вызначаны. "З дзіцячымі садамі вызначыліся: там хапае праблем, але ведаем куды ісці. Са школай, уступнымі экзаменамі - таксама. Настаў час ВНУ", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт даручыў стварыць рабочую групу для праверкі сістэмы адукацыі па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна з сістэмай аховы здароўя. "Нам трэба, Андрэй Іванавіч (Міністр адукацыі Андрэй Іванец. - Заўвага), групу, як у ахове здароўя, стварыць і праверыць ВНУ. Трэба іх узварухнуць. Закасцянелі да неймавернасці!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У першую чаргу Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць увагу на змест і якасць праграм навучання і разгледзець магчымасць скарачэння часу падрыхтоўкі па асобных спецыяльнасцях: "Нам трэба дакладна паглядзець у ходзе працы гэтай рабочай групы, якія будуць праграмы і пад гэтыя праграмы - адпаведную адукацыю. Можа, не пяць гадоў недзе, не чатыры гады, а тры і чатыры гады".
"Да 1 верасня мы павінны дакладна вызначыцца, што будзем рабіць. І калі трэба (а хутчэй за ўсё, трэба будзе), сустрэнемся ў канцы жніўня пасля работы той камісіі, якая будзе створана і праверыць усе ВНУ, паглядзіць, як і ў ахове здароўя. Мы падвядзём вынікі і зробім высновы, з кім далей будзем працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да рэктараў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы - інтэлектуальны пул краіны. У вашых руках сотні тысяч маладых людзей. За кожнага вы несяце адказнасць. Мною прынята рашэнне аб стварэнні Рэспубліканскага савета рэктараў з такімі шырокімі паўнамоцтвамі не для таго, каб ён ператварыўся ў нейкі дыскусійны, фармальна-бюракратычны клуб. Вы павінны былі стаць лакаматывам развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі".
На сустрэчы Прэзідэнт падкрэсліў, што без навукі і адукацыі не можа быць ніякай якасці.
"Навуцы трэба ўдзяліць першарадную ўвагу. Трэба спланаваць маю работу ў ВНУ, Акадэміі навук, навуковых установах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што калі раней для яго было больш актуальна працаваць у палях, на канкрэтных прадпрыемствах, то сёння многія практычныя пытанні вырашаны, і трэба працаваць на больш высокім узроўні. "Навука - вось, што нам патрэбна. Гэта асноўнае звяно, за якое, ухапіўшыся, мы можам выцягнуць увесь ланцуг. І адукацыя. Ніякай не можа быць якасці без навукі і адукацыі", - упэўнены беларускі лідар.
Паводле яго слоў, для гэтых мэт у тым ліку неабходна пераарыентаваць фінансаванне і грашовыя патокі, дзе неабходна. "Але толькі пад канкрэтны вынік. І вельмі жорсткае запатрабаванне за выкананне", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з рэктарамі ВНУ, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рабоце з моладдзю важны не фармальны падыход, а рэальныя цікавыя мерапрыемствы. Пры гэтым кожная арганізацыя павінна займацца сваёй справай, не дубліруючы функцыі іншых.
"Як кажуць: "Ну, не кожны павінен быць у БРСМ". Не кожны там будзе, зразумела. Не хоча і іншае. Але змагацца БРСМ павінен за кожнага. Але не проста прыйсці там, казку нейкую расказаць або зацягнуць сілай, а сваімі мерапрыемствамі. Нармальнымі, нефармальнымі. Не толькі для таго, каб у тэлевізары паглядзеў Прэзідэнт або яшчэ хто-небудзь. Трэба не фармальна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Выказаўся Кіраўнік дзяржавы і наконт работы розных маладзёжных аб’яднанняў, ці гэта на базе БРСМ, прафсаюзаў, студэнцкіх саветаў пры ВНУ і гэтак далей: "Трэба, каб кожны займаўся сваёй справай. Каб дубляжу не было. Вызначцеся. Вось аб’ём работы са студэнтамі: гэты кусок - БРСМ, гэты - прафсаюз, гэты - студэнцкі савет. Кожнаму сваё. Тады не будзе дубляжу. І разам яны павінны працаваць. Усё гэта накіроўвае рэктар".
У час сустрэчы з рэктарамі Аляксандр Лукашэнка параіў змагацца з фэйкамі і дэзынфармацыяй жывым словам і актыўнай грамадскай працай.
"Інтэрнэт (выклікі, якія ён спараджае. - Заўвага) - гэта яшчэ семечкі або кветачкі. Штучны інтэлект - як мы будзем заўтра змагацца супраць гэтага?" - паставіў пытанне беларускі лідар.
На сустрэчы Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, выступіла на тэму ролі вышэйшай школы ў выхаванні асобы і грамадзяніна. Яна ў тым ліку гаварыла аб важнасці дыялогавых пляцовак, работы непасрэдна з моладдзю.
"Правільна вы сказалі - дыялогавыя пляцоўкі. Жывое слова. Да людзей трэба ісці. У нас кіруемая краіна, мы можам дастукацца да кожнага. Прыйсці і абвергнуць тое, што яны ўбачаць (у сваіх смартфонах. - Заўвага), - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У гэта поле пераходзіць барацьба. Там і палітыка, і фінансы. Усё будзе там. І выбары, і нявыбары. Таму нам трэба рыхтавацца тут працаваць".
"Таму трэба акунуць моладзь у жывую работу. Жывое слова - узяў павёў, і яны будуць тады верыць табе. Мы ад гэтага (сучасных тэхналогій і інтэрнэту ў тым ліку. - Заўвага) пазбавіцца не можам. Тым больш, інтэрнэт і вялікае станоўчае мае значэнне. Гэта вялікая падмога і дапамога. Але трэба ўмець працаваць перш за ўсё з моладдзю - тымі, хто пораху не нюхаў. І мы ад гэтага нікуды не дзенемся", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка даручыў да верасня вырашыць усе выяўленыя ў вышэйшай адукацыі праблемы: "Маё патрабаванне пасля сённяшняй нашай сустрэчы: усе праблемы агучаны, трэба іх пералапаціць, паглядзець. Гэта праблема ёсць - яе трэба вырашаць, гэта не так прагучала - убок або ставім 25-й праблемай. Усё гэта па ранжыры выбудаваць і вырашыць. Да верасня гэта павінна быць вырашана. Вы павінны арганізаваць гэты працэс. Тут члены Урада, вышэйшыя службовыя асобы прысутнічаюць і рэктары ВНУ. Арганізуйце гэта. Спагнанне будзе сур'ёзным. Да 1 верасня мы павінны на маім узроўні сабрацца. І вы мне павінны і паказаць, і далажыць. І падручнікі, і іншае. Пачніце з гуманітарнага (напрамку. - Заўвага)".
Што датычыцца падручнікаў, Прэзідэнт канстатаваў, што не так шмат тых дысцыплін, дзе трэба сапраўды грунтоўна папрацаваць з вучэбнымі матэрыяламі. Напрыклад, у дакладных дысцыплінах такой неабходнасці, як правіла, няма. У астатнім жа падрыхтоўку абноўленых падручнікаў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць рэктарам ВНУ: "Давайце дадзім па падручніку кожнаму рэктару. Няхай ён арганізуе напісанне гэтага падручніка".
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым арыентуе, каб матэрыял выкладаўся зразумелай мовай, а нешта, магчыма, варта ўзяць у тым ліку з савецкіх падручнікаў.
Прэзідэнт у час сустрэчы актыўна цікавіўся ўсімі праблемамі, якія ёсць сёння ў сістэме вышэйшай школы, і тым, чаго не хапае для іх вырашэння. Былі закрануты тэмы фінансава-эканамічнага складніка дзейнасці ВНУ, кошту платнага навучання і рэнтабельнасці работы ўстаноў вышэйшай адукацыі. "Паглядзіце эканоміку дзейнасці ВНУ", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка жорстка запатрабаваў, у тым ліку ад Урада і Міністэрства адукацыі вырашаць існуючыя праблемы дакладна, своечасова і з улікам сучасных запатрабаванняў.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец падрабязна далажыў аб прынятых мерах па павышэнні якасці вышэйшай адукацыі.
"Нам неабходна вызначыць перспектывы развіцця вышэйшай школы. Па-першае, аптымізацыя структуры падрыхтоўкі. Важна вызначыць аптымальную структуру, выключыць дубліраванне спецыяльнасцей, а самае галоўнае - кожная ВНУ павінна атрымаць свой профіль падрыхтоўкі і павінна рыхтаваць тых спецыялістаў, якіх у стане рыхтаваць. Праводзім поўную інвентарызацыю адкрытых у ВНУ спецыяльнасцей з аналізам узаемадзеяння з заказчыкамі і размеркавання выпускнікоў. Гэта работа пакуль толькі пачата і наперадзе яшчэ шмат трэба зрабіць", - сказаў Андрэй Іванец.
У сваім дакладзе ён у тым ліку расказаў аб магчымасцях ранняй прафарыентацыі школьнікаў, мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, патрабаваннях да кадравага складу ў ВНУ, практычнай падрыхтоўцы студэнтаў, прапановах па замацаванні кадраў на працоўных месцах пасля вучобы ў ВНУ, падыходах у рабоце з моладдзю, экспарце адукацыйных паслуг.
Аб ролі Рэспубліканскага савета рэктараў і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі на мерапрыемстве далажыў старшыня гэтага савета, рэктар БДУІР Вадзім Богуш.
"За апошнія два гады мы правялі вялікую работу па ўкараненні новых адукацыйных стандартаў і ў цесным супрацоўніцтве абнаўляем кваліфікацыі, распрацоўваем новыя спецыяльнасці", - адзначыў ён.
У мадэрнізацыі вучэбных дапаможнікаў імкнуцца "ісці ад зямлі", задзейнічаючы тэхналагічную базу арганізацый і спецыялістаў-практыкаў.
Вадзім Богуш адзначыў і вялікую праведзеную работу ў частцы пашырэння магчымасцей для падбору матываваных абітурыентаў, але канстатаваў, што трэба больш актыўна дзейнічаць яшчэ на ўзроўні школ. Не менш важная тэма - умацаванне сувязі адукацыі, навукі і вытворчасці, далучэнне студэнтаў да прафесійнай дзейнасці.
Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок расказаў аб праблемах павышэння эфектыўнасці ўзнаўлення кадравага патэнцыялу навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Ён канстатаваў некаторыя трывожныя тэндэнцыі ва ўзнаўленні навуковых кадраў. Цэнтральныя - гэта павелічэнне сярэдняга ўзросту навуковых кадраў і зніжэнне колькасці прысуджаных вучоных ступеней кандыдата навук.
Нягледзячы на гэтыя моманты, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць зніжэння планкі патрабаванняў да суіскальнікаў на атрыманне той ці іншай вучонай ступені. "Абы кандыдаты, абы дактары - яны нам не патрэбны, - сказаў ён. - Вы павінны жорстка стаяць на варце нарматыўна-прававой базы, якая фарміруе патрабаванні да гэтых суіскальнікаў. Ніякага тут паслаблення быць не павінна. Нам не патрэбны дысертацыі дзеля дысертацый. Самае жорсткае запатрабаванне тут павінна быць. "Ах, у нас менш кандыдатаў будзе!" Ну няхай будзе менш, але гэта будуць сапраўдныя вучоныя. Гэтак жа, як і дактары навук. Доктар навук - гэта свяціла".
Рэктар Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў расказаў аб развіцці сістэмы падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэбнасцей рынкаў працы. Размова тут і аб мэтавай падрыхтоўцы, практыкаарыентаваным падыходзе, стварэнні прывабных умоў для работы маладых спецыялістаў.
Аляксандр Лукашэнка асобна цікавіўся арганізацыяй вучобы ў ВНУ тых, хто працуе ўжо ў сельскай гаспадарцы, але хацеў бы атрымаць дадатковыя веды, развівацца ў прафесіі. Тут, падкрэсліў ён, важна не напужаць людзей завышанымі патрабаваннямі або перагружанай адукацыйнай праграмай, а мэтанакіравана даваць студэнтам менавіта тыя веды, якія ім неабходны. Кіраўнік дзяржавы абазначыў гэта пытанне ў тым ліку на ўласным вопыце, таму што ў свой час скончыў сельгасакадэмію па эканамічным профілі.
"Гэта трэцяя ўжо была адукацыя пасля палітычнай (першая - гістарычная. - Заўвага). Я свядома прыйшоў на эканамічны факультэт, таму што я ведаў, што ў сельскай гаспадарцы мне і патрэбна будзе эканоміка. Усё астатняе - раслінаводства, жывёлагадоўля і іншае, - я там асвою на практыцы. Я - вясковы", - сказаў ён.
Аднак у час вучобы там былі і куды менш профільныя для работы ў сельскай гаспадарцы прадметы. "Статыстыка на такім узроўні! Я, Прэзідэнт сёння, успамінаю і думаю: "Навошта гэта мне было?" Таму задаю пытанне і прад'яўляю патрабаванні да вашых праграм і бачу загадчыцу фермы, якая папрацавала крыху пасля каледжа. Выдатны спецыяліст, але да вас яна не пойдзе - яна баіцца вашай праграмы, яна баіцца вучыцца ў гэтай акадэміі, - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. - Спрашчацца не трэба. Але трэба прапанаваць тое, што ім патрэбна".
Кіраўнік дзяржавы і ў дадзеным выпадку, і ў цэлым патрабуе адыходзіць ад фармалізму. Гэта датычыцца не толькі працэсу вучобы ў ВНУ, але і ўступных экзаменаў, адбору перспектыўных студэнтаў, падыходаў у рабоце з моладдзю і замацаванні кадраў.
"Адыходзіць трэба ад фармалізму. Для мяне важна, каб мы не страцілі яшчэ і прывабнасць беларускай адукацыі. Я жорстка стаўлю гэта пытанне не таму, што ў нас зусім дрэнна. Не. 30 тыс. навучаюцца з-за мяжы і плацяць добрыя грошы. Значыць, не ўсё дрэнна. Але трэба ўзварухнуцца, каб было лепш. Таму што заўтра страцім той узровень, які ёсць", - сказаў Прэзідэнт.
Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў наступным годзе будзе сур'ёзнае спагнанне з усіх за прыём абітурыентаў і камплектаванне ВНУ: "У адваротным выпадку навошта рэктар патрэбны? А ўжо рэктар павінен закруціць усіх. Гэта ж нікуды не варта: збіраемся і тут адзін аднаму расказваем, якія у вас праблемы і цяжкасці. Ну вы іх вырашайце на сваім узроўні. І трэба спыніць гэту балбатню і ўсякія размовы".
Прэзідэнт растлумачыў, чаму ён так жорстка ставіць гэтае і іншыя пытанні. "У нас ідзе змена пакаленняў. Усе, хто сядзяць тут, рана ці позна сыдуць. А хто прыйдзе за намі? Ці не будзем мы сябе дакараць, што нешта не зрабілі? Трэба ўсім заварушыцца! Ад нас жа з вамі залежыць, што будзе заўтра ў Беларусі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы сёння павінны думаць, хто прыйдзе пасля нас. Нам трэба для нашых дзяцей выбудаваць нармальную сістэму і пакінуць яе. І мы ж не паміраем. Мы будзем глядзець збоку, будзем локці кусаць: чаму мы гэтага не зрабілі, чаму не вырашылі. Трэба прывесці да розуму вышэйшую школу. Без гэтага мы нікуды не рушым".