Цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам
- 33
- 34:16
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў навуковым і навукова-педагагічным работнікам дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара. Урачыстая цырымонія адбылася 26 студзеня ў Палацы Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы традыцыйна сустракаецца з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі - новаспечанымі дактарамі навук і прафесарамі - напярэдадні Дня навукі. Гэта нагода не толькі падвесці вынікі, адзначыць дасягненні беларускіх вучоных і айчыннай навукі ў цэлым, але і зазірнуць у заўтрашні дзень.
"І мне вельмі важна ведаць, як вы бачыце сваю ролю, ролю сваіх вучняў, паслядоўнікаў, ды і ўсёй навуковай супольнасці ў рэалізацыі стратэгіі Года якасці. Наколькі вы паглыблены ў задуму года, які, па сутнасці, павінен стаць пачаткам новага этапа развіцця Беларусі. Ёсць мэта - перасягнуць сябе, прытым ва ўсіх сферах жыцця. Вядома, у авангардзе руху да гэтай мэты стаіце вы, людзі навукі. Ваша праца, дакладней, яе вынікі шмат у чым фарміруюць будучыню нашай дзяржавы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што любая навуковая ініцыятыва - гэта краевугольны камень, які падтрымлівае аснову дзяржаўнасці і грамадскага дабрабыту, якасці ўсяго жыцця.
"Таму любы вучоны павінен валодаць адказнасцю архітэктара і будаўніка, ад дакладнасці дзеянняў якога залежыць устойлівасць і надзейнасць, даўгавечнасць усёй канструкцыі. Асабліва ў галіне гуманітарных ведаў, якія фарміруюць светапогляд чалавека. Нам гэтага, дарэчы, так не хапае цяпер, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Кожны вучоны, які працуе ў Беларусі, павінен быць патрыётам. Маю пазіцыю вы ведаеце: без любові да сваёй Айчыны не варта і брацца за справу. Так, навука прызначана служыць людзям, усяму чалавецтву, яна інтэрнацыянальная. А вы, беларускія вучоныя, прызначаны служыць перш за усяго свайму народу".
"І кажучы аб якасці даследаванняў, якія сталі сэнсам вашага жыцця, мы гаворым аб іх стваральным складніку. У любой навуковай задуме і пошуку чырвонай ніткай павінен прасочвацца клопат аб простых рэчах і запатрабаваннях нашых людзей. Нам не патрэбны даследаванні дзеля даследаванняў, дысертацыі дзеля дысертацый. Я гэта гавару свядома, таму што часам, калі мне дакладваюць і праз ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія. - Заўвага) праходзяць некаторыя дысертацыі, назву прачытаеш - адразу не зразумееш. А калі ў змест унікаеш - цуды і толькі. Паверце, я не крытыкан у гэтым плане. Як чалавек вельмі інфармаваны (і вопыт работы ў мяне ўжо значны) я думаю: а дзе ж гэта прымяніць? Ці патрэбна гэта нам? І гэта не тэма фундаментальных даследаванняў, гэта наша прыкладная навука, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўсе прывыклі да пэўнага камфорту ў нашым паўсядзённым жыцці. Але мала хто задумваецца, якая карпатлівая шматгадовая праца гэта забяспечвае. Ведаеце ў поўным аб'ёме ўсё гэта толькі вы".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што вучоныя заўсёды працуюць вельмі напружана, пашыраючы межы сваіх магчымасцей. "І я дзякую ўсім, хто мае дачыненне да вашага поспеху, хто быў побач. Вучонаму гэта, дарэчы, вельмі важна памятаць, вельмі-вельмі многія гэта забываюць: у кожным даследаванні ёсць часцінка таленту навуковага кіраўніка, і дапамога лабаранта, і падтрымка родных і блізкіх. Іншымі словамі, дасягненне аднаго - гэта перамога многіх. Вы стаіце на плячах многіх. Аб такіх перамогах павінны ведаць вашы суайчыннікі. І яны будуць ведаць. Традыцыйна ў бліжэйшыя дні вы станеце галоўнымі героямі выпускаў навін і друкаваных публікацый", - дадаў беларускі лідар.
"Мае пажаданні вам таксама традыцыйныя і вельмі канкрэтныя. Навуковыя дасягненні не павінны застацца прыгожай вітрынай. Нельга дапусціць, каб працы нашых вучоных стаялі на паліцы або пыліліся ў бібліятэках. Іх ужо цяпер чакаюць на вытворчасцях, у лячэбных установах, вучэбных класах (гэта я больш гавару для нашых начальнікаў, якія тут прысутнічаюць). Менавіта прыкладны характар навуковых даследаванняў вызначае надзейнасць і працвітанне нашага агульнага дома - Беларусі, умацоўвае нашу незалежнасць і нацыянальную бяспеку", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў беларускім вучоным заставацца на вастрыі навуковага пошуку, развіваць нацыянальныя навуковыя школы і ствараць будучыню роднай Беларусі.
Прэзідэнт павіншаваў усю навуковую супольнасць Беларусі з прафесійным святам. "Ведаю, якая цяжкая ваша праца. Давялося ў жыцці неяк наблізіцца да гэтага - не дакрануцца, а наблізіцца. Далей справа не пайшла, таму што я зразумеў, што вучоным быць, напэўна, не для мяне. Гэта было даўным-даўно, але з таго часу, узаемадзейнічаючы з вучонымі, я зразумеў, што зрабіў правільна. Вельмі цяжкая праца. І тыя, хто дасягае вяршынь, заслугоўваюць глыбокай пашаны і павагі", - заявіў беларускі лідар.
Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара Аляксандр Лукашэнка па традыцыі пагутарыў з вучонымі. Яны расказалі аб сваіх навуковых распрацоўках, падзяліліся меркаваннем аб розных аспектах развіцця як навуковай сферы, так і краіны ў цэлым.
"Трэба фінансаваць у навуцы тое, што нам цяпер патрэбна. Зразумела, без вывучэння і пашырэння фундаментальнай навукі немагчыма. Але давайце рухаць фундаменталізм, які будзе садзейнічаць прыкладной тэматыцы, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба больш ад жыцця (ісці. - Заўвага)".
"Ну навошта нам фундаментальная і нават прыкладная навука ў тых галінах, дзе і школ у нас няма, і наогул гэтым мы займацца не будзем, таму што гэта катастрафічна дорага?" - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць выдзеліць, якія напрамкі ў навуцы прыярытэтныя і могуць прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку. "Нам трэба дакладна вызначацца, у якім напрамку рухацца. Гэта я гавару і для арганізатараў нашай навукі, і для Міністра адукацыі, і для ВАК (Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. - Заўвага). Каб яны былі сапраўдным "чысцілішчам", каб ні ў якім выпадку не прапускалі "абы-што", як у народзе кажуць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прыклады такіх навуковых даследаванняў, якія маюць прыкладны характар, былі прадстаўлены Прэзідэнту ўдзельнікамі цырымоніі.
Прафесар кафедры вочных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Галіна Сямак расказала аб распрацоўцы і ўкараненні ў клінічную практыку метаду лячэння, які дазваляе аднавіць і захоўваць празрыстасць рагавіцы вока, не звяртаючыся да трансплантацыі. Пры гэтым выкарыстоўваецца айчынны прэпарат гіялуронавай кіслаты. Беларуская методыка лячэння ўжо зацікавіла клінікі ў Расіі, і цяпер вядзецца работа па рэгістрацыі там беларускага прэпарату. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, такія навуковыя даследаванні трэба падтрымліваць.
Размова ішла таксама аб распрацоўцы айчынных метадаў спектраскапіі, якія даюць магчымасць з высокай дакладнасцю вызначаць склад і якасныя характарыстыкі прадуктаў нафтахіміі, будаўнічай і харчовай прамысловасці, іншай прадукцыі. Гэты метад, напрыклад, выкарыстоўваецца для выяўлення падробленых вырабаў, у тым ліку прадуктаў харчавання. За яго распрацоўку вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук удастоены вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Міхаіл Хадасевіч.
"Гэта вельмі важна, асабліва ў Год якасці, гэта адносіцца і да якасці", - ацаніў распрацоўку беларускіх вучоных Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін прыклад прыкладных даследаванняў - распрацоўкі для мадыфікацыі ўласцівасцей гумы з мэтай паляпшэння яе эксплуатацыйных параметраў за кошт павышэння зносаўстойлівасці, устойлівасці да цеплавога старэння і да ўздзеяння вуглевадародных асяроддзяў. Пра гэта расказала прафесар кафедры палімерных і кампазіцыйных матэрыялаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук Жанна Шашок. Паводле яе слоў, вучоныя працуюць у цеснай звязцы з прадпрыемствам "Белшына". Дзякуючы ў тым ліку прыкладным даследаванням там вырабляюць добрыя шыны для легкавых, грузавых аўтамабіляў, сельскагаспадарчай тэхнікі. А цяпер сумеснымі намаганнямі ідзе работа над паляпшэннем якасці айчынных звышбуйнагабарытных шын. У Беларусі іх вырабляюць, і якасць, паводле слоў Жанны Шашок, нядрэнная, але хацелася б палепшыць шэраг характарыстык. Вучоныя над гэтым працуюць, ужо ёсць узоры, якія праходзяць выпрабаванні.
Рэагуючы на выступленне рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Вячаслава Даніловіча, якому была прысуджана ступень доктара гістарычных навук за даследаванне ролі моладзі ў жыцці Савецкай Беларусі ў 1921-1939 гадах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць вывучэння гэтага перыяду. "Гэта гады вялікага стварэння: індустрыялізацыя, калектывізацыя, культурная рэвалюцыя - ахоплена ўсё", - сказаў Прэзідэнт.
"Хацелі б мы гэтага ці не, ідзе змена пакаленняў. І гэта заўсёды вельмі небяспечны перыяд. Яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсці. Таму гэты вопыт для нас вельмі важны. Тады яшчэ больш глабальная ломка адбывалася ў вытворчасці, у аснове ўсяго гэтага жыцця. Калектывізацыя, індустрыялізацыя - цяжкія былі часы. Людзі справіліся. Нам цяпер прасцей: у нас вялікая база, у тым ліку і навуковая. Але ідзе змена пакаленняў, і нам тут не памыліцца б. Таму вам і вашым вучням трэба быць бліжэй тут", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што ідзе рэфармаванне палітычнага жыцця ў краіне. Так, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам, і ў яго будуць сур'ёзныя паўнамоцтвы.
"Цяпер я вельмі перажываю: канстытуцыйным органам стаў у нас Усебеларускі народны сход і іншае. Калі нехта думае, што гэта проста крэсла для Лукашэнкі - глупства поўнае. Гэта не проста. Гэта сур'ёзна. Гэта і нейкі абмежавальнік для органаў улады, і нагляд зверху. І людзі там павінны быць адпаведныя прадстаўлены. Нам бы не паўтарыць гарбачоўскі перыяд, калі мы, як мульцікі глядзелі, радаваліся: ах, шчасце прыйдзе. Краіну развалілі і ў яму трапілі. Нам гэтага нельга паўтарыць. Таму гэты орган вельмі важны для нас, яго трэба ўманціраваць у наша жыццё. Цяпер нібыта ўсё зразумела. Прэзідэнт адказвае за ўсё, ён прымае рашэнні, ён самы разумны, самы-самы - глупства поўнае, адзін чалавек нічога не можа вырашыць. А я думаю: а не дай бог прыйдзе чалавек "не зямны", і пачнём шарахацца з аднаго боку ў іншы або наогул не туды пойдзем. Таму вось гэты орган павінен у час пераходнага перыяду, змены пакаленняў быць на варце, ён павінен бачыць, што адбываецца. Таму і Ваенную дактрыну, і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі - пытанні вайны і міру (для нас яны найважнейшыя) менавіта там павінны вырашаць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу ў пераходны перыяд важна ўдзяляць і эканоміцы, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы: "Нам трэба ў гэты перыяд змены пакаленняў і якасць не страціць".
"Вы павінны вакол сябе (тым больш вы рэктар) сабраць людзей, якія павінны несці праўду, як было тады, і перакладаць на сённяшні дзень. Ні ў якім разе нельга казаць няпраўду і рабіць несправядліва. Простыя рэчы. Яны пакладзены ў аснову маёй палітыкі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Ён таксама закрануў удасканаленне дзейнасці беларускіх ВНУ і, у прыватнасці, Акадэміі кіравання. "Мы павінны мець самыя лепшыя навучальныя ўстановы, таму што ў асноўным адтуль выходзяць упраўленцы. Узровень якасці павінен быць высокі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы рыхтуем будучае - моладзь. Упраўленцы - гэта архіважнейшае пытанне ў гэтай будучыні".
На сустрэчы з вучонымі падрабязна таксама пагаварылі аб развіцці ў краіне мікраэлектроннай прамысловасці. У Беларусі яшчэ з савецкіх часоў захаваны адпаведныя навуковыя школы і вытворчасці, ёсць шэраг дасягненняў і ў суверэнны перыяд.
"Тэндэнцыі развіцця ўласнай мікраэлектроннай галіны і нанатэхналогій у Беларусі, захаванне існуючых і падрыхтоўка новых кадраў, якія валодаюць кампетэнцыямі ў гэтых галінах, абнаўленне і стварэнне новай матэрыяльна-тэхнічнай базы своечасовыя і апраўданыя", - падкрэсліла доктар тэхнічных навук, загадчыца лабараторыі "Прыкладная плазмоніка" БДУІР Ганна Бандарэнка.
Распрацоўкі ў гэтай сферы шырока запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі, і ў Беларусі вырабляюць асноўную лінейку мікраэлектроннай прадукцыі, якая патрэбна для прамысловасці, у абаронным сектары. Аднак з развіццём сучаснай тэхнікі памеры кампанентаў пастаянна змяншаюцца. Беларускія вучоныя і вытворцы ў гэтым напрамку таксама працуюць, але важна разумець запатрабаванасць, аб'ёмы рынку, ацаніць мэтазгоднасць, перш чым укладваць вялікія інвестыцыі на мільярды долараў.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане ставіць пытанне шырэй - справа нават не ў грошах, а ў перспектыве: "Мяне хвалюе, ці не атрымаецца так, што жыццё будзе рухацца наперад, спатрэбіцца і 10, і 15, і 7 нанаметраў. І мы будзем не патрэбны рынку (з цяперашняй размернасцю прадукцыі. - Заўвага)".
"Мы адпрацоўваем гэтыя тэхналогіі. Будзем гатовы (у перспектыве. - Заўвага) прапанаваць прамысловасці. Мы тут не адстаём ад сусветных дасягненняў, паэтапна зніжаем размернасць, але цяпер гэта ў шырокім маштабе не трэба. Гэта яшчэ як навуковыя распрацоўкі", - сказаў Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.
Прэзідэнт разам з тым перасцерагае ад шапказакідальніцтва і разваг аб тым, што Беларусь цяпер вырабляе дастатковую для сябе наменклатуру мікраэлектроннай прадукцыі: "Гэта найперспектыўнейшы напрамак. Без яго не можа быць ніякага развіцця. Паасобку гэта немагчыма зрабіць. І калі ў нас ёсць якая-небудзь група вучоных, практыкаў, якія могуць гэта рабіць, трэба звярнуць на гэта ўвагу. Мы пра гэта гаварылі на "Планары". Нам трэба гэтым займацца, без гэтага няма развіцця. І рынак шалёны сёння".
Аб практычным укараненні навуковых дасягненняў на мерапрыемстве таксама гаварыў рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, прафесар Артур Пуцята. Дарэчы, у навуку ён трапіў шмат у чым дзякуючы спецыяльнаму фонду Прэзідэнта, атрымаўшы на пятым курсе ВНУ стыпендыю. "Гэта надало ўпэўненасці ў сабе, і сёння мой жыццёвы шлях звязаны менавіта з навукай, адукацыйнай дзейнасцю, - сказаў ён. - Прынцып залатога трохвугольніка "навука - адукацыя - вытворчасць" сёння ляжыць і ў аснове развіцця і функцыянавання нашага ўніверсітэта. Мы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем з прадпрыемствамі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Навука толькі тады жыве, калі вытворчасць, жыццё карыстаецца распрацоўкамі і дасягненнямі навукі".
У гэтым плане ў свой час на дзяржаўным узроўні былі прыняты рашэнні, павышана роля і адказнасць кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь валодае шэрагам кампетэнцый, але ёсць сферы, дзе краіна аб'ектыўна не можа працаваць. "Нам хацелася б, можа, вырабляць касмічныя караблі лепш, чым цяпер у Еўрасаюза, ЗША, Расіі і Кітая. Нам хацелася б, каб яны былі лепшыя і больш якасныя. Але мы гэтага зрабіць не можам, ды і не трэба. У нас ёсць іншыя праблемы, школы іншыя. Мы шмат умеем рабіць іншага. Але куды рухацца - мы павінны гэта ведаць", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Ён яшчэ раз падкрэсліў важнасць развіцця навуковай думкі менавіта па тых напрамках, якія патрэбны краіне: "Навука пастаўлена ў аснову асноў. Далей мы не можам развівацца без навукі. Цяпер трэба рухацца наперад. Тыя рашэнні, якія мы прымалі на зямлі і ў цэхах, - гэта ўжо зроблена. А далей без навукі немагчыма".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што павінны варушыцца і прамыслоўцы, а недзе трэба падцягваць дысцыпліну.
Падводзячы вынік сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў і важнасць работы з моладдзю, каб на змену цяперашняму пакаленню прыходзілі падрыхтаваныя кадры, якія разумеюць, што дасягненні ў тых ці іншых сферах даюцца толькі ўпартай працай, а не ўзнікаюць з інтэрнэту.