Наведванне Пекінскага ўніверсітэта

  • 26
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочага візіту ў Кітай наведаў Пекінскі ўніверсітэт.

У ВНУ адбылася сустрэча з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта, старшынёй педагагічнага савета, намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Хаа Пінам.

"Мы са Старшынёй (КНР. - Заўвага) даўнія сябры. Таму што мы аднолькава ацэньваем абстаноўку ў свеце і аднолькава глядзім на сусветныя перспектывы. Пасля нашай сустрэчы перагаворы прадаўжаюцца ва Урадзе на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. Усе нашы вялікія намеры, дамоўленасці трэба прызямліць, перавесці ў канкрэтныя праекты. Па даручэнні Сі Цзіньпіна і маім даручэнні віцэ-прэм'еры якраз гэтым займаюцца", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама заявіў пра неабходнасць узмацняць камунікацыю паміж народамі дзвюх краін: "Сёння асаблівы акцэнт на гэтым зрабіў Старшыня КНР. Камунікацыю ўзмацняць паміж маладзёжнымі групамі, маладымі людзьмі ў цэлым. Таму што за імі будучыня".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у тым ліку абмяркоўваліся пытанні студэнцкага абмену. "Нам трэба ўзмацняць, інтэнсіфікаваць гэты абмен. Трэба пашыраць супрацоўніцтва, не замыкацца толькі на біятэхналогіях. Нам трэба ў галіне хіміі, фізікі, матэматыкі... Ёсць цікавасць з боку Кітая наладжваць супрацоўніцтва", - адзначыў Прэзідэнт.

Хаа Пін расказаў, што ў 2015 годзе ў час дзяржаўнага візіту Старшыні КНР у Беларусь ён таксама знаходзіўся ў складзе дэлегацыі на пасадзе намесніка Міністра адукацыі і асабіста змог адчуць гасціннасць і дружбу з боку жыхароў Мінска.

"Вы нагадалі перадгісторыю нашых адносін. Адна са старонак  звязана з вамі. Гэта вельмі прыемна. Вы ведаеце Мінск, былі ў Мінску. Значыць, нам лягчэй будзе ўжо ў сферы адукацыі інтэнсіфікаваць нашы кантакты", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе цяперашняга візіту каля чатырох гадзін размаўляў са сваім вельмі добрым і даўнім сябрам Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. "Ён успамінаў, калі мы сустрэліся ў Мінску ўпершыню. Ён быў намеснікам Старшыні і наведваў Мінск. І мне вельмі прыемна было, што ён памятае нават нюансы нашай сустрэчы", - сказаў Прэзідэнт.

У час наведвання ўніверсітэта Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у трэніроўцы і таварыскім матчы з хакейнай камандай ВНУ.

"Згодна з планам сёння адбудзецца хакейны матч. Многія нашы хакеісты ноч не спалі, хвалююцца. Наш універсітэт у розны час прымаў больш за 70 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Але, мабыць, гэта першы раз, калі кіраўнік замежнай дзяржавы згуляе ў хакейны матч з нашымі студэнтамі", - гаварыў Хаа Пін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выйшаў на лёд пад легендарную песню "Касіў Ясь канюшыну".