Сустрэча з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук

  • 13
  • 19:20

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 снежня сустрэўся з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук.

У пачатку мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на парадку дня - сур'ёзная размова аб тым, як будзе развівацца навука, перш за ўсё акадэмічная, і як жыць далей - з навукай ці без. "Адказ адназначны", - заўважыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Без эфектыўнай акадэмічнай навукі развіццё краіны будзе праблематычным. Але з такой навукай, як у нас (Нацыянальнай акадэміяй навук), мы не паскорымся і поспехаў не даб'ёмся".

Такая выснова, паводле слоў Прэзідэнта, вынікае з прадстаўленых яму матэрыялаў. Але ўсё ж гэта не сцвярджэнне, і ў ходзе цяперашняй сустрэчы, а таксама далейшых мерапрыемстваў давядзецца абмеркаваць ключавыя праблемы акадэмічнай навукі і знайсці шляхі іх устаранення.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што атрымаў даклады аб стане спраў у навуковым асяроддзі не толькі ад рабочай групы, але і ад кіраўніцтва НАН "Актуалізаваную інфармацыю аб выніках функцыянавання Нацыянальнай акадэміі навук". Палажэнні гэтага даклада, як заяўляецца, з'яўляюцца кансалідаванай пазіцыяй кіраўніцтва НАН і навуковай супольнасці акадэміі. У такой сітуацыі Прэзідэнт лічыць правільным спачатку сустрэцца з рабочай групай па аналізе дзейнасці НАН, прааналізаваць са спецыялістамі, вучонымі палажэнні даклада НАН, а далей - сабрацца ў Акадэміі навук і на сходзе ў НАН абмеркаваць усё падрабязна, каб прыйсці ў выніку да нейкага адзінага меркавання.

"Тэма для краіны - архіважная, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Далей мы без навукі развіваць краіну не зможам. Усё, што мы маглі выціснуць інтэнсіўна і экстэнсіўна з таго, што ў нас ёсць у краіне, перш за ўсё ў эканоміцы, мы ўжо зрабілі. Далей трэба развівацца, абапіраючыся на навуку. Без навукі - нікуды. Інвестыцыі ў навуку і тэхналогіі сталі ключавой умовай дабрабыту дзяржавы, залогам паступальнага канкурэнтнага развіцця".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі ўкладваюцца ў айчынную навуку, падтрымліваюць новыя навуковыя напрамкі, ствараюць максімальна спрыяльныя ўмовы.

"На жаль, Акадэмія навук не стала драйверам апераджальнага навукова-тэхнічнага развіцця краіны на цяперашнім этапе. У нас крытычна мала прарыўных навуковых дасягненняў, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Ад дзейнасці акадэміі мы не бачым той аддачы, на якую разлічвалі. Няма манетызацыі даследаванняў і распрацовак Акадэміі навук. А гэта галоўны крытэрый ацэнкі эфектыўнасці". У адваротным выпадку, як адзначыў Прэзідэнт, паўстае пытанне, ці патрэбна краіне Акадэмія навук у такім выглядзе або лепш сканцэнтравацца на галіновай, вузаўскай навуцы.

Ёсць пункт гледжання, што навуцы трэба даваць больш грошай. На гэта Прэзідэнт слушна заўважыў: "Будзе вынік - бясплатна працаваць ніхто не будзе. У даўгу не застанёмся".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на недахопы ў дзейнасці НАН, але пры гэтым падкрэсліў, што названыя праблемы адносяцца не толькі да Акадэміі навук, але і да Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) і галіновых міністэрстваў. "Можа, нават перш за ўсё да іх, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзе каардынуючая і кіруючая роля ДКНТ? А гэта ж ваша асноўная функцыя, для чаго вы і ствараліся".

Паводле слоў Прэзідэнта, аналіз навуковых праграм паказвае, што міністэрствы ў іх фактычна не ўдзельнічаюць. Іх практычна няма ў ліку заказчыкаў. "І гэта каласальная недапрацоўка Урада. Няўжо ў галін няма запыту на навуковыя распрацоўкі? - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Ва Урадзе, Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, Прэм'ер-міністр. - Заўвага), працуюць як дачаснікі дзень да вечара - і добра. А далей? А перспектыва? Без навукі нельга".

"Як можна было дапусціць, што настолькі запатрабаваныя, напрыклад, і найбольш фінансуемыя дзяржавай напрамкі, такія як беспілотнікі, космас, лічбавыя і біятэхналогіі, у прамым сэнсе аддадзены на водкуп самой Акадэміі навук? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Яна сама сабе заказчык, выканаўца і кантралёр. Як у гэтых сферах можна абысціся без спецыялістаў-практыкаў, якія разумеюць, што менавіта патрэбна эканоміцы?" Таму, як заўважыў Прэзідэнт, няма ні выніку, ні вінаватых - патрабаваць няма з каго.

"Даследаванні дзеля даследаванняў, калі яны не адпавядаюць задачам развіцця краіны, - гэта сізіфава праца", - дадаў ён.

Пытанне аб тым, як зрабіць, каб у навуковай сферы быў вынік, які адпавядае запатрабаванням рэальнага сектара эканомікі, у Беларусі ўжо абмяркоўвалася, і цяпер пара ўжо, нарэшце, канчаткова выпрацаваць канкрэтныя меры, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

"У новую пяцігодку навука ва ўсіх яе формах - акадэмічная, галіновая, вузаўская - павінна ўвайсці практыка-арыентаванай, сканцэнтраванай на той жа вынік, што і эканоміка краіны", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

На разгляд Прэзідэнту ўнесена другая справаздача рабочай групы па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з прапановамі па ўдасканаленні яе работы.

"Размовы аб тым, што "вось, там Герасімаў, зноў Камітэт дзяржкантролю, яны ж нічога не разумеюць", беспадстаўныя. Таму што былі прыцягнуты да аналізу дзейнасці акадэмічнай навукі спецыялісты, вучоныя і чыноўнікі. Як і павінна быць. Мне патрэбна рэальная карціна, якая складваецца ў Акадэміі навук. Мне не трэба на некага наязджаць, наступаць і гэтак далей. Патрэбна рэальная карціна. Каб краіна развівалася", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта група пастаянна дзейнічае, каб прааналізаваць кожны пласт у арганізацыі і дзейнасці НАН. У складзе рабочай групы людзі непасрэдна з навуковага асяроддзя, здольныя з веданнем справы разабрацца ў існуючых праблемах.

Ад удзельнікаў мерапрыемства Прэзідэнт чакае прапаноў, рэалізуемых на практыцы: "Ніякіх навуковых спрэчак тут быць не павінна. Усе прапановы павінны таксама ўлічваць бягучую сітуацыю ў айчыннай навуцы і, галоўнае, перспектывы яе развіцця", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Наступным этапам работы стане правядзенне сходу ў Акадэміі навук з запрашэннем туды членаў Урада, ДКНТ, іншых зацікаўленых для таго, каб па выніках прыняць канчатковыя рашэнні аб далейшым развіцці акадэмічнай навукі ў краіне.

Рабочай групай, якую ўзначальвае Старшыня КДК Васіль Герасімаў, праведзены аналіз дзейнасці НАН па пытаннях практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак.

"Адсутнічае адзіная стратэгія фарміравання навуковых праграм. Акадэмія ў адной асобе выступае і заказчыкам, і выканаўцай навуковых праграм. Пры гэтым сама іх і ацэньвае, прычым па розных падыходах. Адсюль такая колькасць распрацовак, якія проста пыляцца на паліцах. З пяцігодкі ў пяцігодку ў праграмы даследаванняў уключаюцца падобныя заданні, - звярнуў увагу Васіль Герасімаў на адну з праблем. - У выніку выконваюцца даследаванні, адарваныя ад патрэб рэальнага дзяржсектара, а галіновыя дзяржорганы часта не праінфармаваны аб распрацоўках акадэміі, якія могуць быць ім карысныя. Як вынік - важныя напрамкі застаюцца без належнай увагі".

Кіраўнік рабочай групы агучыў яшчэ шэраг недахопаў і праблемных момантаў у рабоце навуковай галіны і канкрэтна НАН.

Напрыклад, распрацоўкі Акадэміі навук не аказваюць істотнага ўплыву на імпартазамяшчэнне. Значная частка работ выконваецца для ўласных патрэб інстытутаў НАН або ўкараняецца толькі на сваіх магутнасцях, гэта значыць не маштабуецца. ДКНТ у сваю чаргу пакуль не змог выбудаваць эфектыўнае кіраванне інавацыйнай сферай. Ды і Савет па стратэгічных праектах пакуль не выконвае сваіх функцый, канстатаваў Васіль Герасімаў.

Ёсць пытанні і да размеркавання бюджэтнага фінансавання ўнутры НАН. Члены рабочай групы ўпэўнены, што значна большы працэнт трэба накіроўваць менавіта на практыкаарыентаваныя праграмы.

Часткова такая сітуацыя можа быць звязана і з неабходнасцю ўтрымання грувасткай структуры акадэміі, якая сама па сабе неэфектыўная. У яе ўваходзіць больш за сотню юрыдычных асоб, але створаныя ў сістэме НАН дзяржаўныя вытворчыя аб'яднанні часам не выконваюць ускладзеныя на іх кіраўніцкія функцыі.

Асобную ўвагу Васіль Герасімаў звярнуў на наяўнасць розных падыходаў да цэнкі вынікаў навуковых праграм. Крытэрый ацэнкі ўстаноўлены толькі для навукова-тэхнічных праграм.

"Акадэмія, выступаючы замест міністэрстваў заказчыкам галіновых праграм, сутыкаецца з праблемамі ўкаранення распрацаванай прадукцыі і нізкай акупнасці бюджэтных сродкаў", - канстатаваў кіраўнік групы.

Ёсць праблемы і ў сферы кадравай палітыкі. Тут у тым ліку пытанні наконт долі даследчыкаў, якія маюць вучоную ступень, і ў плане амаладжэння кадраў, забеспячэння зачыну на будучыню. Часткова прычына таго ў шэрагу выпадкаў і адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці.

Васіль Герасімаў агучыў шэраг прапаноў, якія былі выпрацаваны рабочай групай. У далейшым іх давядзецца разгледзець на агульным сходзе з вучонымі, які анансаваў і даручыў падрыхтаваць Прэзідэнт Беларусі, каб сумесна прыйсці да фінальнага выніку.

Па-першае, прапануецца на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы зацвярджаць прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, на падставе якіх на наступную пяцігодку будуць фарміравацца дзяржаўныя праграмы навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічныя праграмы.

Адпаведны праект Указа пасля дапрацоўкі будзе ўнесены Урадам на разгляд Кіраўніка дзяржавы.

"Гэты Указ, стаўшы асновай навуковай і інавацыйнай дзейнасці, дасць магчымасць забяспечыць улік навуковых прыярытэтаў пры фарміраванні галіновых стратэгій, праграм і інавацыйных праектаў", - растлумачыў Васіль Герасімаў.

Другое - прапануецца даручыць Савету Міністраў арганізаваць кантроль за наяўнасцю ў галіновых стратэгіях міністэрстваў навукова-тэхнічнага блока для адпаведнага напаўнення праграм, навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічных праграм. Унесці змяненні ў дзеючы парадак фарміравання фундаментальных праграм навуковых даследаванняў. Вызначыць умовы па накіраванні акадэміяй не менш як паловы бюджэтнага фінансавання на выкананне работ у інтарэсах галін.

"Вызначыць крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці праграм навуковых даследаванняў, параметры якіх зацвярджаць пры іх фарміраванні на пяцігодку. Напрыклад, працэнт пераходу завершаных фундаментальных даследаванняў у навукова-тэхнічныя праграмы. Гэта створыць аснову для забеспячэння трансферу акадэмічных распрацовак у вытворчасць. Вызначыць важныя вынікі навуковых даследаванняў, якія могуць укараняцца без праходжання этапу ўключэння ў навукова-тэхнічныя праграмы. Прадугледзець удзел маладых вучоных у навуковых калектывах, што будзе садзейнічаць прыцягненню моладзі ў навуку. Вызначыць колькасць падрыхтаваных кандыдацкіх, доктарскіх дысертацый на падставе выкананых навуковых даследаванняў", - пералічыў прапановы кіраўнік групы.

У гэтым жа блоку - прапановы па змяненні падыходаў да фінансавання навукова-тэхнічных праграм, вызначыўшы іх заказчыкамі галіновыя міністэрствы. "Акадэмія застанецца заказчыкам толькі ў сваіх сферах па статуце. Напрыклад, нана- і біятэхналогіі, космас і іншыя. Або можа ініцыяваць тэмы перад міністэрствамі. У такіх умовах акадэмікам давядзецца зацікавіць канкрэтнага галіновага міністра ў сваёй распрацоўцы, які спачатку добра падумае і падлічыць, як ён будзе ўкараняць яе ў вытворчасць і які эфект у выніку атрымаецца. Гэта ўзмоцніць адказнасць міністэрстваў за якаснае напаўненне праграм, арыентаваных на вынік", - заявіў Васіль Герасімаў.

У рабочай групе таксама бачаць неабходнасць вызначыць незалежны дзяржаўны орган, які будзе ацэньваць прапанаваныя акадэміяй і міністэрствамі праграмы на адпаведнасць стратэгічным мэтам развіцця галін і дзяржавы. "Рэгулятарам можа быць і ДКНТ. Пры гэтым неабходна трансфармаваць работу гэтага ведамства, узмацніць яго ролю і адказнасць за прынятыя рашэнні", - сказаў кіраўнік групы.

Трэцяе - на ўзроўні міністэрстваў прапанавана прапрацаваць не менш як адну значную навукова-тэхнічную праграму для фарміравання новай эканомікі краіны і не менш як адзін значны праект для ўключэння ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця на наступную пяцігодку.

Заслухаўшы асноўнага дакладчыка (Старшыню КДК, кіраўніка рабочай групы па аналізе дзейнасці НАН Васіля Герасімава. - Заўвага), Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем астатніх удзельнікаў нарады. Першым вырашыў выказацца Намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу, член рабочай групы Аляксандр Косінец.

Перш за ўсё ён звярнуў увагу, што ў краіне фактычна не падлічваюць навукаёмістасць ВУП. Гэта значыць, сумы, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на навуковую дзейнасць, кожны год розныя і прычым вельмі моцна адрозніваюцца адна ад адной. "Такія ваганні не павінны быць. У нас павінен быць дакладна спланаваны, спрагназаваны фінансавы інструмент суправаджэння навукі", - упэўнены Аляксандр Косінец.

Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяліць матывацыі навуковых кадраў. Аляксандр Косінец лічыць, што заработная плата прафесарска-выкладчыцкага складу павінна быць не ніжэйшая, чым у шахцёраў. "Яны павінны думаць толькі пра навуку", - падкрэсліў Намеснік Старшыні УНС.

Акрамя таго, дадаў ён, патрэбны новыя крытэрыі выбрання правадзейных членаў і членаў-карэспандэнтаў НАН. Цяперашнія крытэрыі, лічыць Аляксандр Косінец, заніжаныя і проста даюць магчымасць запоўніць вакантныя месцы. Таксама важна завяршыць мадэрнізацыю навуковых прадпрыемстваў, каб давесці праекты да лагічнага завяршэння, і наладзіць больш цесную работу паміж міністэрствамі і Нацыянальнай акадэміяй навук.

"Давайце без агітацый. Гаварыць аб тым, што членам-карэспандэнтам і шахцёрам патрэбна зарплата роўная, - гэта з вобласці папулізму. Вы не назвалі ні адну крыніцу. Забяром у шахцёраў грошы і аддадзім вучоным? Хацелася б, каб былі прапановы, дзе ўзяць. Вось гэта будзе важна", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Косінец лічыць, што вучоныя не змогуць ахапіць усе напрамкі дзейнасці: проста не хапае кадраў і кампетэнцый. А значыць, Нацыянальная акадэмія навук павінна сканцэнтравацца на экспертнай дзейнасці і стаць своеасаблівым дарадчыкам, калі, напрыклад, на тыя ці іншыя прадпрыемствы закупляюцца замежныя тэхналогіі. "Напрыклад, тая ж атамная энергетыка, біяіндустрыя або нафтахімічны комплекс. Каб не дапусціць у далейшым памылак, патрабуецца сур'ёзны экспертны падыход. І ў будучым мы не можам страчваць значныя рэсурсы. Гэтых грошай хопіць на 100 гадоў, каб заплаціць заработную плату прафесарска-выкладчыцкаму складу", - заявіў член рабочай групы.

"Якіх?" - удакладніў Прэзідэнт.

"Якія сэканомім на правільным падборы магутнасцей, абсталявання, не дапускаючы памылак пры закупцы пэўных установак, якія ў далейшым не могуць перапрацаваць зададзеную колькасць", - растлумачыў Аляксандр Косінец.

"Я хачу пачуць пункт гледжання членаў рабочай групы. Потым мы вызначымся, як дзейнічаць, каб выйсці на сход тых самых акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, спецыялістаў галіновай, вузаўскай навукі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Можа, у нас сапраўды дактары і акадэмікі, кандыдаты зарабляюць не тую заработную плату, трэба ім павялічыць яе ў пяць разоў (не ведаем толькі, дзе грошы знайсці). Мы зыходзілі з таго, што павінен быць вынік. І за вынік ні ў якім разе нельга шкадаваць грошай".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад распрацоўку беспілотнікаў. На яго думку, гэтаму напрамку вучоныя надаюць мала ўвагі, а гэта ўзбраенне сёння як ніколі актуальна. "Але я гэта адношу не столькі да вучоных і Акадэміі навук, колькі да Урада. Не працуе Урад", - заявіў Прэзідэнт.

"Справа не ў зарплатах. У нас што, усе на акладах будуць сядзець? Па 8-10 тысяч мы будзем дактарам і кандыдатам плаціць, і ўсё добра? А за што плаціць? І потым. Вы што не разумееце, як у нас абараняюць доктарскія і кандыдацкія? Пры тым жорсткім кантролі, які сёння ажыццяўляецца з боку Прэзідэнта. І потым вы кажаце: трэба плаціць, як шахцёру. Але шахцёр накапаў і на-гара падняў - можна палічыць. А тут, калі цяпер плаціць па вашым раскладзе, ні дактары, ні кандыдаты нічога не будуць рабіць напалову, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Я не супраць таго, каб людзі атрымлівалі, але грошы павінны быць заробленымі".

"Усе мяне хваляць: ах, Вы малайчына, Аляксандр Рыгоравіч, захавалі Акадэмію навук. Але я яе захаваў для таго, каб яна вынік давала. Таму перш чым уносіць прапановы аб зарплатах (непапулярна перад выбарамі сказана, але ніколі папулізмам не займаўся), называйце крыніцу, дзе возьмем. Мы не пашкадуем грошай, калі будзе вынік", - рэзюмаваў беларускі лідар.