Сустрэча з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам
- 10
- 8:49
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу ў Мінску з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.
"Я вас вітаю ў Беларусі. Дзякуй, што вы знаходзіце час пабываць у Беларусі. Час няпросты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы.
"Я думаў, што сказаць перш за ўсё. Але, як бы гэта ні прагучала банальна, я хачу падзякаваць вашаму Прэзідэнту (не таму, што я тут падхваліць яго хачу, гэта мне не ўласціва) за тыя намаганні, якія ён прыкладае ў напрамку міру, і перш за ўсё ў нашым рэгіёне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Сем, шэсць спыніў войнаў або канфліктаў - няважна. Ён спыніў нямала канфліктаў. Кажу як гісторык і як Прэзідэнт, які ўжо доўга працуе: ніводны Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі не прыкладаў столькі намаганняў і такіх намаганняў, каб на планеце быў мір. Думаю, з эканомікай, з пошлінамі вы разберацеся самі. Тым не менш я ўдзячны, Джон, твайму сябру Дональду за тыя намаганні, якія ён ажыццяўляе ў сусветнай палітыцы сёння".
"Дзякуй! Вельмі высока цаню вашы словы", - адказаў на гэтыя словы Джон Коўл.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць таго, каб ЗША і далей прадаўжалі дзейнічаць у гэтым напрамку: "Галоўнае цяпер, як я гэта бачу (не толькі я, вы ведаеце, што нядаўна адбылася нарада ШАС, шмат пра гэта гаварылі, асабліва ў кулуарах), каб Дональд, нягледзячы на яго такі бурны, узрыўны характар, не астыў да гэтай тэмы. Галоўнае, каб вы - амерыканцы - вытрымалі той трэнд, які вы сёння задалі ў частцы мірнага пагаднення. Асабліва тут у рэгіёне - у канфлікце Расіі і Украіны".
"І, галоўнае, жадаю вам больш аб'ектыўнасці. Слухаць трэба ўсіх, гэта Дональд умее рабіць, але высновы ён павінен рабіць сам", - дадаў беларускі лідар.
Ён прапанаваў абмеркаваць шэраг пытанняў, да якіх бакі падступаліся не аднойчы. "Па-першае, гэта ўвесь комплекс беларуска-амерыканскіх адносін. Я прапаную таксама шчыра закрануць пытанні сітуацыі ў свеце ў кантэксце інтарэсаў ЗША і Беларусі. Нікуды не адыдзем ад пытанняў вайны і міру", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Слухаючы нядаўна Трампа, я так зразумеў, з вашай падычы хутчэй за ўсё, яго вельмі хвалююць пытанні, як ён сказаў, заложнікаў або як там... Палітзняволеных і яшчэ нечага... - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я не супраць. Давайце абмяркуем і гэту тэму так глабальна. Яшчэ гэта важна чаму - таму што ў Еўропе, і асабліва нашы збеглыя (мы іх называем), яны так хочуць прымазацца да гэтай тэмы. Ну, Крыс (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт, які таксама прысутнічаў на сустрэчы. - Заўвага), ты гэта добра ведаеш. Я добра інфармаваны - ты з імі перагаворы вядзеш і з намі".
"Калі ласка. Гэта ваша справа, з кім весці перагаворы. Але ў сувязі з тым, што шмат тут усялякага фальшу, я думаю, што нам варта абмеркаваць гэту тэму, закрануць яе. Я вам выкажу сваю пазіцыю. Яна ўсім у Беларусі вядома. Мы абсалютна не прыхільнікі таго, каб гэтыя людзі знаходзіліся ў папраўчых калоніях. Тым больш яны не за палітыку асуджаны. У нас артыкулаў такіх няма ў Крымінальным кодэксе. Калі Дональду цікава (напэўна, не вельмі), мы яму можам па кожным чалавеку прадставіць сутнасць яго правапарушэнняў і злачынстваў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Але я гатовы абмеркаваць гэту тэму. І калі Дональд настойвае на тым, што ён гатовы забраць да сябе гэтых усіх вызваленых, калі ласка, давайце паспрабуем выпрацаваць глабальную здзелку. Як любіць спадар Трамп (гаварыць. - Заўвага), вялікую здзелку. Ён гэта так называе. Таму шчыра гавару, што мы тут нічога не хаваем. Давайце і гэта пытанне абмяркуем, хоць яно для мяне абсалютна не галоўнае. Ды і для вас, напэўна, таксама. Хапае ў свеце праблем", - дадаў беларускі лідар.
Найважнейшым пытаннем ён таксама назваў сферу эканомікі: "Думаю, ёсць інтарэсы ў вас да Беларусі і праз Беларусь да Расіі ў галіне эканомікі. Зразумела, у нас вялікі інтарэс да вашай глабальнай краіны ў плане эканомікі".
Джон Коўл у час сустрэчы нагадаў аб важнай тэлефоннай размове, калі Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку з борта прэзідэнцкага самалёта па дарозе на Аляску. "Вельмі плённая, вельмі добрая размова, пасля якой ён даручыў мне перазваніць Вам яшчэ раз, што я і зрабіў", - сказаў прадстаўнік Прэзідэнта ЗША.
"Хачу зусім афіцыйна цяпер тут заявіць, што мы знялі санкцыі з "Белавія". Гэта афіцыйна. У мяне была сустрэча з Прэзідэнтам Трампам, у якой удзельнічалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта рашэнне было прынята Прэзідэнтам, які сказаў: "Зрабіце гэта неадкладна". У адносінах да "Белавія". Цяпер гэта рашэнне, якое ўжо зацверджана, прынята ўсімі адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі, якія ўключаны ў гэту работу. І Дзярждэпартамент, і Міністэрства гандлю, і Міністэрства фінансаў, і астатнія арганізацыі, якія ў гэта ўключаны. Гэта рашэнне прынята", - падкрэсліў Джон Коўл.
"Мы вельмі хочам нармалізаваць нашы двухбаковыя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі і гатовы зрабіць усё для таго, каб гэта нармалізацыя адбылася. Зняцце санкцый (адносна авіякампаніі "Белавія". - Заўвага), аб якім мы цяпер на гэтай сустрэчы аб'явілі, - гэта толькі пачатак. І калі мы прыйдзем да правільных рашэнняў у ходзе нашага абмеркавання, нашай сустрэчы па астатніх асобах, якія ўтрымліваюцца (па зняволеных), я думаю, што мы зможам дасягнуць вельмі многага на шляху нармалізацыі", - адзначыў прадстаўнік Прэзідэнта ЗША.
"Перш за ўсё, спадар Прэзідэнт, у мяне для Вас нешта ёсць. Дазвольце мне зачытаць гэта пісьмо ад Прэзідэнта Трампа Вам", - сказаў Джон Коўл.
У пісьме, у прыватнасці, гаворыцца: "Паважаны спадар Лукашэнка, Меланія (жонка Дональда Трампа. - Заўвага) далучаецца да мяне ў тым, каб перадаць нашы найлепшыя пажаданні з нагоды Вашага дня нараджэння".
"Пры выпадку адзначым. Хоць у нас не прынята гэта ў Беларусі", - адрэагаваў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
У пісьме ад амерыканскага лідара таксама згадваецца пра нядаўнюю перамогу беларускі на тэнісным турніры US Open: "Прызнаём бліскучую перамогу беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленка на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Ёрку. Яна прадстаўляе самае лепшае з таго, чым з'яўляецца ваша краіна. І мы ведаем, што вы вельмі ганарыцеся яе дасягненнямі".
"Сочыць, малайчына!" - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
"Мы молімся за Ваша здароўе і дабрабыт, а таксама за прагрэс, які прадаўжаецца па дасягненні нашых сумесных мэт ад імя народаў ЗША і Беларусі", - гаворыцца ў пісьме.
Джон Коўл асабліва адзначыў той факт, што Прэзідэнт ЗША ў канцы падпісаў пісьмо "Дональд". "Ён вельмі рэдка падпісваецца сваім першым імем. Гэта асаблівы знак дружбы", - растлумачыў прадстаўнік амерыканскага лідара.
На сустрэчы ў Мінску Джон Коўл уручыў Аляксандру Лукашэнку падарунак ад Дональда Трампа. Гэта запанкі, на якіх адлюстраваны Белы дом - афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнтаў ЗША ў Вашынгтоне.
"Я ўжо выходзіў з Авальнага кабінета. Ён мяне спыніў і папрасіў: "Пачакай, стой, стой, не забудзь вось гэта перадаць Прэзідэнту", - падзяліўся падрабязнасцямі Джон Коўл.
"Так, цікавыя запанкі. З выявай Белага дома, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, разглядаючы падарунак. - Ну, я пастараюся ў даўгу не застацца".


