Удзел у саміце ШАС у Цяньцзіні
- 11
- 11:59
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня прыняў удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цяньцзіні.
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні канстатаваў, што цяпер вельмі няпросты час, калі адбываецца фарміраванне новага міжнароднага парадку: "Свет імкліва рухаецца ад аднапалярнай мадэлі - з яе прэтэнзіяй на выключнасць і дамінаванне пэўнай групы краін - да справядлівай шматпалярнай сістэмы, заснаванай на балансе інтарэсаў, павазе суверэнітэту і ўзаемным даверы".
"Такі пераходны перыяд спалучаны з вострымі супярэчнасцямі і канфліктамі. Мы бачым гэта ў розных рэгіёнах, у тым ліку і на Блізкім Усходзе, дзе захоўваюцца сур'ёзныя рознагалоссі паміж ключавымі ігракамі, небяспечныя на рызыкі для ўсёй нашай планеты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у шэрагу выпадкаў росту антаганізму і канфрантацыі можна было б пазбегнуць, паколькі часта яны ўзнікаюць з-за трывіяльнай адсутнасці ўзаемадзеяння на патрэбным узроўні і ў патрэбнай танальнасці.
"На жаль, не ўсе супярэчнасці абыходзяць бокам і "шанхайскую сям'ю". Але менавіта здольнасць захоўваць адкрытымі каналы камунікацыі, уменне дамаўляцца нават пры наяўнасці адрозненняў - гэта тое, што ШАС робіць па-сапраўднаму ўнікальнай і жыццяздольнай арганізацыяй. Ва ўмовах нестабільнай сусветнай абстаноўкі адзінства і з'яднанасць - нашы найважнейшыя перавагі. Як гаварыў Канфуцый, "калі людзі аб'яднаны, нават слабыя становяцца моцнымі, калі яны раз'яднаны, нават моцныя слабеюць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Беларусь ганарыцца тым, што год таму стала паўнапраўным удзельнікам ШАС. Гэта адпавядае карэнным доўгатэрміновым інтарэсам нашай дзяржавы і адкрывае дадатковыя перспектывы і шырокія сферы супрацоўніцтва. Быць часткай "шанхайскай сям'і" - наш стратэгічны выбар", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ШАС па праву лічыцца адной з самых прадстаўнічых і ўплывовых міжнародных арганізацый Еўразіі. "Заканамерна, што ў арганізацыю імкнуцца новыя дзяржавы, - сказаў ён. - Мінск падтрымлівае пашырэнне ШАС за кошт новых членаў і партнёраў. Тых, хто без агаворак падзяляе каштоўнасці і аснову "шанхайскага духу": узаемную павагу і давер, роўнасць, дыялог, імкненне да агульнага развіцця", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва становіцца неад'емным элементам новага міжнароднага парадку. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым абазначыў ключавыя пытанні дзейнасці ШАС, якія патрабуюць, на думку беларускага боку, узмоцненай увагі.
Аб стварэнні механізмаў непадзельнай бяспекі ў Еўразіі
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь прапанавала распрацаваць Еўразійскую хартыю разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі і бачыць менавіта ШАС у якасці адной з асноўных пляцовак для абмеркавання гэтай ініцыятывы.
Беларусь таксама вітае работу па стварэнні Універсальнага цэнтра ШАС па процідзеянні выклікам і пагрозам бяспецы і Антынаркатычнага цэнтра ШАС. "Неабходна зрабіць усё магчымае, каб названыя структуры пачалі функцыянаваць у бліжэйшы час", - сказаў Прэзідэнт.
Аб спрашчэнні працэдур гандлю
Аляксандр Лукашэнка вітаў актывізацыю дыялогу ў гэтым напрамку, што будзе садзейнічаць зніжэнню бар'ераў, росту тавараабароту і трансгранічных інвестыцый.
"Ужо сёння аб'ём гандлю паміж краінамі ШАС перасягнуў $2 трлн, і такія лічбы не мяжа. Разлікі ў нацыянальных валютах, стварэнне сумесных фондаў, інвестыцыі ў лічбавую эканоміку і зялёныя тэхналогіі - усё гэта будзе ў цэнтры нашай увагі", - упэўнены Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аб незалежным фінансавым механізме
"У сучасных геапалітычных умовах, калі аднабаковыя санкцыі становяцца фактарам дэстабілізацыі, відавочна патрэбнасць у незалежным фінансавым механізме ШАС. У такім, які быў бы здольны фінансаваць трансгранічныя праекты, нівеліруючы санкцыйны націск, стымуляваць выкарыстанне нацыянальных валют у гандлі, падтрымліваць развіццё ключавых напрамкаў супрацоўніцтва - ад лагістыкі і энергетыкі да лічбавай трансфармацыі і штучнага інтэлекту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў аб падтрымцы Беларуссю ідэі стварэння Банка развіцця ШАС, які надасць дадатковую ўстойлівасць эканамічным сувязям і стане важным крокам да эканамічнага суверэнітэту рэгіёна. "Але мы ўсе разумеем, што карысць ад гэтага банка будзе толькі ў тым выпадку, калі ён зможа працаваць у кожнай з краін "шанхайскай сям'і", - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аб каардынацыі намаганняў з ЕАЭС у транспартна-лагістычнай сферы
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што геапалітычныя ўзрушэнні ламаюць міжнародныя лагістычныя ланцужкі. Таму Беларусь лічыць важным краінам ШАС і ЕАЭС скаардынаваць намаганні па развіцці транспартна-лагістычнай інфраструктуры транспартных калідораў, прымяняючы лічбавыя тэхналогіі і інтэлектуальныя сістэмы ў сферы транспарту.
"Гэта ўмацуе звязанасць краін - удзельніц ШАС і Еўразійскага эканамічнага саюза, знізіць транзакцыйныя выдаткі для бізнесу, пашырыць доступ краін Цэнтральнай Азіі да рынкаў Еўропы і Кітая. І, нарэшце, павысіць узровень устойлівасці і бяспекі лагістычных ланцужкоў паставак ва ўмовах знешняга націску", - адзначыў беларускі лідар.
Аб стварэнні агульнай навукова-інавацыйнай прасторы
Беларусь лічыць вельмі важным стварэнне агульнай навукова-інавацыйнай прасторы ШАС, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ўжо сёння ёсць механізмы - ад рабочых груп да Міжбанкаўскага аб'яднання ШАС, - якія могуць забяспечыць фінансаванне сумесных НДДКР і тэхналагічных стартапаў. Гэта асабліва актуальна, калі інавацыі становяцца ключавым фактарам устойлівага росту.
"Беларусь адкрыта да абмену вопытам і рэалізацыі сумесных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі, медыцыны, ІТ і прыкладных навук", - заявіў Прэзідэнт.
Аб гуманітарным вымярэнні супрацоўніцтва
"Мы надаём вялікае значэнне ўмацаванню сувязей паміж краінамі ШАС у сферах адукацыі, навукі і культуры. Гуманітарнае вымярэнне ШАС важна напоўніць канкрэтным зместам і новымі магчымасцямі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прапанаваў стварыць паўнацэнную рэгіянальную адукацыйную платформу, напрыклад, на аснове Універсітэта ШАС. І на гэтай пляцоўцы праз праграмы ШАС фарміраваць пакаленне спецыялістаў - людзей, якія ведаюць адзін аднаго, паважаюць культурныя асаблівасці і дасягненні краін-партнёраў. "Гэта значыць, своеасаблівых "народных дыпламатаў", якія дапамогуць культываваць на міжасобасным узроўні атмасферу даверу, сфарміраваную лідарамі краін "шанхайскай сям'і", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
На заканчэнне свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Кыргызстан з прыняццем старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Ён таксама павіншаваў Старшыню КНР з 80-годдзем перамогі кітайскага народа ў Вайне супраціўлення японскай агрэсіі і заканчэння Другой сусветнай вайны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мерапрыемствы з гэтай нагоды якраз сведчаць аб тым, што вялікі кітайскі народ разам з дружнай сям'ёй ШАС не дасць змяніць гісторыю. "Там мы былі разам. Думаю, што і ў будучым, як некалі савецкі і кітайскі народы былі разам, мы будзем гэтак жа вяршыць лёс чалавецтва", - сказаў Прэзідэнт.
"Гэты знамянальны юбілей, які мы разам з вамі святкуем, сімвалізуе мужнасць і стойкасць кітайскага народа ў барацьбе супраць акупацыі і несправядлівасці. Перамога ў той вайне - не толькі нацыянальны гонар Кітая, але і важны ўклад у агульную справу міжнароднага міру і бяспекі. Ад усёй душы жадаю Кітаю працвітання, дабрабыту і далейшых поспехаў у пабудове гарманічнай і ўстойлівай будучыні", - дадаў беларускі лідар.


