Даклад Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенкі

  • 9
  • 4:06

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 верасня прыняў з дакладам Старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенку.

У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы адрасаваў словы ўдзячнасці дэпутатам і асабіста Ігару Сергяенку за тое, што яны, сустракаючыся з людзьмі ў розных рэгіёнах, прадастаўляюць зрэз настрою грамадства. "Гэта вельмі важна для мяне. Усё ж такі дэпутаты - гэта людзі незалежныя, аб'ектыўныя, - сказаў Прэзідэнт. - У абагульненым выглядзе розныя пытанні, якія ставяць перад дэпутатамі іх выбаршчыкі. Для мяне гэта вельмі важна. Я даручыў сёння Ураду разабрацца дэталёва ў кожным пытанні, прыняць меры і праз вас дэпутатам далажыць. Гэту работу трэба прадаўжаць, яна для дзяржавы і для мяне вельмі важна".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аб гэтай і іншай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў трэба інфармаваць людзей, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі. "Палата прадстаўнікоў працуе так ціха, спакойна. Але я бачу. Малайцы, што з людзьмі працуеце. Гэта для нас галоўнае. Тым не менш усе павінны ведаць, што ёсць у нас парламент, які займаецца ціха, спакойна сваімі справамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт падзякаваў Старшыні Палаты прадстаўнікоў і ў цэлым парламентарыям за тую работу, якую яны праводзяць на міжнародным трэку па пашырэнні інтарэсаў краіны, у тым ліку знешнеэканамічных. У якасці прыкладу такой работы ў пазітыўным ключы кіраўнік дзяржавы прывёў нядаўні візіт Ігара Сергяенкі ў В'етнам, дзе размова вялася ў тым ліку аб магчымасцях супрацоўніцтва з БЕЛАЗам і Белшынай. "Гэта якраз тое, чаго не хапае сёння, і нават членам Урада. Калі ты паехаў у камандзіроўку, значыць адтуль трэба нешта прывезці канкрэтнае, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Няхай няшмат. Але пакрыху трэба заходзіць на рынкі. Гэта добры прыклад камандзіровак чалавека, які нібыта не мае дачынення (па сваёй пасадзе не абавязаны займацца гандлёва-эканамічным развіццём. - Заўвага). У нас няма такіх людзей, якія не маюць дачынення да эканомікі (асабліва сёння), да знешняга гандлю".

"Вы адчуваеце і ведаеце, што гэта самая вялікая праблема сёння ў Беларусі - замясціць той аб'ём, які мы не можам сёння прадаць па пэўных, аб'ектыўных прычынах у Расійскай Федэрацыі, і на трэку далёкай дугі мы павінны ў гэтым плане працаваць", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым сэнсе Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў правільнасць курсу на супрацоўніцтва з В'етнамам - гіганцкай краінай з шырокім рынкам, якая развіваецца вельмі магутна. Тым больш добрую аснову для ўзаемадзеяння ствараюць дружалюбныя сувязі, якія склаліся з часоў Савецкага саюза (у тым ліку ў перыяд прысутнасці ў В'етнаме ваенных спецыялістаў з Беларусі і іншых рэспублік СССР) і кантакты на вышэйшым узроўні, добрыя адносіны паміж лідарамі дзвюх краін. "З Прэзідэнтам (В'етнама. - Заўвага) мы сустракаліся ў Кітаі. Я яго ведаю даўно, вельмі моцны прыстойны чалавек. Тым больш і ён, і краіна нацэлены на супрацоўніцтва з намі", - заўважыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час разам з МЗС будзе разгледжана пытанне аб абмене візітамі. "Мы з задавальненнем у любы час гатовы запрасіць і прыняць яго тут і дэлегацыю. І будзем самі разглядаць пытанні візіту ў В'етнам. З гэтай краінай трэба супрацоўнічаць", - удакладніў Прэзідэнт.

Адной з тэм размовы стала заканадаўчая дзейнасць Палаты прадстаўнікоў і гатоўнасць да чарговай сесіі. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідзе работа над законапраектамі, якія прынцыпова важныя, значныя дакументы знаходзяцца ў рабоце і будуць разгледжаны на маючай адбыцца сесіі.

"Дзякуй, што парламент спакойна, ціха працуе. Усе ўвайшлі ў сваю каляіну", - звярнуўся Прэзідэнт да Ігара Сергяенкі, які быў выбраны Старшынёй Палаты прадстаўнікоў у сакавіку 2024 года. "Не ведаю, як Вы там - прыжыліся, не прыжыліся... Для Вас - новая работа, але работа цікавая, хоць і няпростая, таму што дэпутат - велічыня сам па сабе, яго выбіраюць канкрэтныя выбаршчыкі. Я быў дэпутатам, ведаю, што гэта такое", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ігар Сергяенка далажыў Прэзідэнту аб падрыхтоўцы да трэцяй сесіі цяперашняга склікання. На гэты момант у парламенцкім партфелі знаходзіцца 21 законапраект. Асобныя з іх будуць разгледжаны ў другім чытанні, але большую частку давядзецца разгледзець у першым чытанні. Кіраўніку дзяржавы было падрабязна даложана аб законапраектах, ходзе іх разгляду ў камісіях. Дакументы датычацца розных пытанняў, у тым ліку абараназдольнасці, праваахоўнай, міжнароднай дзейнасці, ёсць і істотны сацыяльна-эканамічны блок.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на рабоце дэпутатаў у выбарчых акругах і актуалізаваў гэту задачу. Менавіта ў ходзе сустрэч з грамадзянамі на месцах дэпутаты атрымліваюць пэўны зрэз інфармацыі аб абстаноўцы, што ў далейшым дакладваецца і Кіраўніку дзяржавы.

Ішла таксама размова аб міжнароднай дзейнасці. Акцэнт робіцца на пашырэнні прысутнасці Нацыянальнага сходу Беларусі ў міждзяржаўных парламенцкіх аб'яднаннях. "Мы атрымалі статус наглядальніка ў Панафрыканскім парламенце, у Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Рыхтуемся атрымаць такі ж статус наглядальніка, ёсць адпаведнае запрашэнне і пацвярджэнне, у Арабскім парламенце", - расказаў Ігар Сергяенка.

Адзін з важных напрамкаў - работа Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. "Гэта і работа па мадэльных законах з акцэнтам на выраўноўванне правоў грамадзян Беларусі і Расіі па розных напрамках. Таксама правядзенне мерапрыемстваў патрыятычнага характару", - адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.