Зацвярджэнне рашэнняў на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі органамі пагранічнай службы ў 2023 годзе
- 10
- 3:23
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 23 студзеня зацвердзіў рашэнні на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі органамі пагранічнай службы ў 2023 годзе.
Удзел у мерапрыемстве прынялі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Міністр абароны Віктар Хрэнін, Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо, начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік Міністра абароны Віктар Гулевіч.
"Хоць у нас сёння традыцыйнае мерапрыемства - штогод у пачатку года мы прымаем рашэнне аб ахове Дзяржаўнай граніцы, - але асаблівасць гэтага года ў тым, што як ніколі раней, па-мойму, абстаноўка вакол Беларусі (ваенна-палітычная абстаноўка, ды і эканамічная) не такая простая. У гэтым і ёсць асаблівасць нашай сённяшняй сустрэчы. Я хацеў бы перш за ўсё ад Старшыні ДПК пачуць характарыстыку гэтай абстаноўкі, што адбываецца па перыметры на сённяшні дзень. Зразумела, што мы не раз да гэтага пытання звярталіся - і ў мінулым годзе, і ў гэтым годзе. Але тым не менш абстаноўка мяняецца хутка, дынаміка вельмі вялікая. На сённяшнюю раніцу як характарызуецца абстаноўка на Дзяржаўнай граніцы Беларусі?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Другой тэмай сустрэчы ў Прэзідэнта стала сітуацыя з бежанцамі. "Мы добра разумеем, што, хоць паток і зменшыўся, але ўсё роўна людзі бягуць ад вайны. Няхай сабе з Украіны, гэта людзі нашы, праблем тут асаблівых няма. Хто хоча, прыязджае, застаецца ў нас на пастаяннае месца жыхарства. Нехта просіць аказаць ім пэўныя паслугі, накарміць, напаіць, абагрэць, падлячыць - гэта мы робім. Тут праблем асаблівых няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым ён канстатаваў, што не спыняецца паток руху людзей з Азіі, у тым ліку з такіх краін, як Афганістан, і шэраг іншых.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт удакладніў, прадстаўнікі якіх нацыянальнасцей, з якіх дзяржаў ідуць цераз граніцу Беларусі ў якасці бежанцаў і як мяняецца іх паток у дынаміцы.
"Трэці вельмі сур'ёзны напрамак, які датычыцца сённяшняй размовы і аховы Дзяржаўнай граніцы, - гэта армія. Мы не ўтойвалі гэта, мы прыцягнулі нямала сіл у падтрымку пагранічным войскам з боку нашай арміі. Якая сітуацыя ў гэтым плане? Вы як камандуючы гэта павінны адчуваць, ці дастаткова вам сіл і сродкаў, якія мы накіроўваем на ўзмацненне Дзяржаўнай граніцы, у тым ліку і на поўдні Беларусі, на граніцы з Украінай, - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка ДПК Анатоля Лапо. - Там і міліцыя далучаецца, ужо і мясцовыя органы ўлады, малайцы, падтрымліваюць, ні ў чым не адмаўляюць. Ну і падраздзяленні Узброеных Сіл. Аб гэтым даложыць Міністр абароны і кіраўнік Генеральнага штаба".
Традыцыйна ў пачатку года Кіраўнік дзяржавы зацвярджае рашэнне на ахову Дзяржграніцы. Але ў гэтым годзе іх падпісана два - на ахову Дзяржграніцы пагранічнікамі на зямлі і ППА - у небе.
Асноўныя намаганні ў ахове граніцы ў гэтым годзе будуць сканцэнтраваны на ўкраінскім напрамку, а таксама на ўчастках, дзе магчыма ўзнікненне новых знешніх выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы, падкрэслілі ў Дзяржпагранкамітэце. У ліку асноўных задач тут назвалі таксама павышэнне баявой гатоўнасці органаў пагранслужбы шляхам удасканалення баявой падрыхтоўкі і забеспячэння падраздзяленняў, а таксама нарошчвання баявых магчымасцей манеўраных груп, развіццё патэнцыялу ведамства па выяўленні знешніх пагроз пагранічнай бяспецы, удасканаленне інфраструктуры дзяржаўнай граніцы, якое ўключае ўзвядзенне новых рубяжоў аховы і аснашчэнне іх самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі на найбольш небяспечных участках.