Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым
- 7
- 5:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым.
"Добра, што ў нас гэты год пачынаецца з гэтага мерапрыемства. Шчыра кажучы, нам трэба актуалізаваць парадак дня Саюзнай дзяржавы і пачаць з таго, каб падвесці вынікі шляху, які пройдзены, намеціць планы на будучае. Для гэтага трэба вышэйшыя органы Саюзнай дзяржавы ў вочным фармаце ўжо сабраць і правесці адпаведнае пасяджэнне. Я думаю, што можна было б выбраць алгарытм таго, што Саўмін правядзе сваё пасяджэнне, і па выніках вызначым час пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета, які пройдзе на ўзроўні вышэйшых службовых асоб нашай Саюзнай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым галоўнымі пытаннямі ў двухбаковым парадку дня павінна быць рэалізацыя галіновых праграм, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Эканамічныя, навуковыя, гуманітарныя і іншыя праграмы, якія мы фінансуем. Скарачаць ні якім разе нельга. Трэба толькі павялічваць фінансаванне, паклаўшы ў аснову найбольш актуальныя прынцыпы і напрамкі нашай работы ў эканоміцы: імпартазамяшчэнне і гэтак далей. Тое, што трэба цяпер нашым дзяржавам, - і Беларусі, і Расіі ў тым ліку", - адзначыў Прэзідэнт.
"Калісьці мы абмяркоўвалі пытанне стварэння сумеснага медыяхолдынга. Я разумею, прэс-сакратары Беларусі і Расіі ад гэтай работы чамусьці адышлі, пакінуўшы яе на разгляд ці то Вам у адзіночку (хоць паасобку такія пытанні не робяцца). Я яшчэ раз нагадваю: наша агульнае рашэнне, прэзідэнтаў Расіі і Беларусі, - стварыць добры, моцны, абавязкова сучасны. У адваротным выпадку будзем траціць грошы, а толку не будзе. Я не прыхільнік далучаць да чагосьці, перадаваць камусьці. Нам патрэбны самастойны, адпаведны духу часу холдынг", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што таго патрабуе сам час. "Да каго мы тут сёння далучымся? Да каго Беларусь і Расія могуць далучыцца? Наш лёс - ісці разам і каб да нас хтосьці далучаўся. Таму я думаю, што гэты медыяхолдынг у бягучым годзе, пажадана ў першай палове года, павінен пачаць працаваць", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што адміністрацыі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі павінны прапрацаваць гэта пытанне сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. "Ведаем вашы некаторыя такія прапановы. Яны ў Беларусі абсалютна нармальна ўспрымаюцца. Адзінае, Дзмітрый Фёдаравіч, комплекс гэты, медыяхолдынг, павінен быць самастойным, незалежным, калі мы хочам стварыць штосьці сур'ёзнае і выканаць да канца 28 праграм, якія мы вызначылі ў свой час. Гэты рух павінен быць прадоўжаны", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка на Міністра замежных спраў Сяргея Алейніка, які таксама прысутнічаў на сустрэчы.
Дзмітрый Мезенцаў прыйшоў на сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы яшчэ з некалькімі прапановамі. Прэзідэнт закрануў некаторых з іх. "Мне абсалютна прымальная і падабаецца прапанова па дэбюракратызацыі дзейнасці і Пастаяннага камітэта (перш за ўсё вы ж чыноўнікі), і каб ад вас, ад Пасткама, ішлі асноўныя пасылы і імпульсы да таго, каб наогул дэбюракратызаваць сістэму, звязаную з работай органаў Саюзнай дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.
"І шэраг іншых, рабочых, можа, пытанняў, якія вы хацелі б абмеркаваць. Давайце іх абмяркуем - аператыўна, коратка, - дадаў Прэзідэнт. - Я думаю, што мы яшчэ сустрэнемся да пасяджэння ВДС пасля саюзнага Саўміна. Знайдзіце час, каб мы селі і выпрацавалі парадак дня Вышэйшага Дзяржсавета. Перагаварыце з Адміністрацыяй Прэзідэнта Пуціна наконт графікаў. Мы тут вызначымся. Калі трэба, я перагавару з Прэзідэнтам Пуціным, і мы вызначым парадак дня канчаткова для ўнясення на пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета. І вызначым тады ўжо час, узгоднім".