Сустрэча з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым

  • 9
  • 6:10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 студзеня сустрэўся з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

"Мы год скончылі. Вельмі добра знаёмы з вынікамі года ў Расіі. Прыкладна такія ж вынікі года і ў нас. Вельмі добра, што мы ў гандлёва-эканамічных адносінах з Расійскай Федэрацыяй выйшлі на баланс гандлю. Нават крыху вышэй - сальда на карысць Беларусі. Гэта сведчыць аб тым, што тыя спробы нас удушыць, і Расію, і Беларусь, сёння фактычна праваліліся. Мы адназначна выстаім", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за мінулы цяжкі 2022 год бакі вызначылі напрамкі, па якіх павінны рухацца для таго, каб ва ўсіх адносінах захаваць суверэнітэт дзвюх краін. "Вельмі актыўна рухаемся наперад у эканоміцы па імпартазамяшчэнні. Мы з Прэзідэнтам Пуціным практычна з гэтага любую сустрэчу пачынаем. Эканоміка - фундамент. Калі будзе ўсё нармальна ў нас у эканоміцы, усе астатнія пытанні мы вырашым", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца адносін міністэрстваў замежных спраў, Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды, з даўніх часоў, называў іх узорнымі. "Калі б у нас усе ведамствы супрацоўнічалі так, як МЗС, у нас наогул не было б ніякіх праблем. І пытанняў праблемных не было б. Я заўсёды гэта гаварыў. Не толькі сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ёсць пытанні, якія неабходна абмеркаваць на сустрэчы з Сяргеем Лаўровым, прычым яны не толькі ў рамках сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі. "У нас ёсць пытанні, якія мы павінны з Вамі абмеркаваць. Вы ведаеце маё стаўленне да Вас. Я ніколі нічога не ўтойваю ад Вас. Гэта вельмі важна. Ну і параіцца па некаторых справах. Таму я прапаную асноўныя пытанні абмеркаваць, а потым пагаворым сам-насам, што называецца, па некаторых актуальных пытаннях. Гэта не таму, што мы ад Сяргея (кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік. - Заўвага) нешта ўтойваем. Абсалютна не. Але ёсць пытанні за рамкамі нашых сённяшніх афіцыйных мерапрыемстваў ", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Праблемы, звязаныя з аперацыяй Расійскай Федэрацыі ва Украіне. Усё, што я абяцаў, усё, што трэба для Расіі ў гэты няпросты перыяд (што там для Расіі… Для нас - для Расіі і Беларусі), мы робім. Думаю, Сяргей Фёдаравіч (кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік. - Заўвага) Вам вельмі падрабязна аб гэтым раскажа", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Слухаў Вашу прэс-канферэнцыю. Чуў Вашы ўсе заявы напярэдадні. Абсалютна іх усе падтрымліваю. І пры любых кантактах, якія ў нас здараюцца з Захадам, іншымі, мы гаворым аб тым, што Расія ніколі не была супраць міру. Калі ласка, давайце будзем дамаўляцца. Мы гатовы ў гэтым удзельнічаць. Вы ў гэтым не павінны сумнявацца. Калі нешта патрэбна з нашага боку і мы можам зрабіць (вы добра ведаеце, што мы можам зрабіць), скажыце адкрыта, мы будзем працаваць разам, рука аб руку. Мы не будзем тут віляць, круціць нешта", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Захад спрабуе выкарыстоўваць супраць Беларусі Украіну. "Сёння бяспека для нас, не толькі для Расіі, яшчэ больш важна. Вы ведаеце задумы нашых заходніх суседзяў. Не толькі Украіны. Яны спрабуюць і Украіну выкарыстоўваць супраць Беларусі. Але што мяне ўражвае і прыемна здзіўляе - Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хоць яе актыўна падштурхоўваюць нашы заходнія суседзі. Таксама ведаеце хто", - заявіў Прэзідэнт.

"Таму даводзіцца вытрымаць гэты час. Але тое, што мы вытрымаем, мінулы 2022 год паказаў. Тут мы з вамі аднолькавай пазіцыі прытрымліваемся. Словам, ёсць аб чым пагаварыць. Абмяркуем пытанні", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Сяргей Лаўроў у сваю чаргу падзякаваў за сустрэчу. "Перш за ўсё прывітанне ад Уладзіміра Уладзіміравіча. Хоць вы з ім сустракаецеся... мы палічылі - у мінулым годзе 10 разоў вы асабіста сустракаліся, акрамя тэлефонных кантактаў. Таму нам на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў не ўгнацца за вамі. Але так і павінна быць", - упэўнены Кіраўнік расійскага МЗС.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У гэтым годзе яшчэ больш будзем сустракацца".

Міністр замежных спраў Расіі падкрэсліў: "Пасяджэнне дзвюх калегій як ніколі своечасовае. Пытанні, якія будзем абмяркоўваць, датычацца той абстаноўкі, якая склалася ў выніку лініі нашых заходніх калег на татальнае дамінаванне, на чале з амерыканцамі, якія ўсіх астатніх пастроілі. І гэта назіраецца ў пазіцыі НАТА, само сабой, Еўрасаюза. Савет Еўропы пайшоў па гэтым шляху ўжо. І шмат праблем збіраецца ў АБСЕ".

Сяргей Лаўроў заявіў, што гэта адны з галоўных пытанняў на парадку дня пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі, "нараўне з супрацоўніцтвам у міжнародных арганізацыях, дзе нам важна не дапусціць прыватызацыі сакратарыятаў, гэта таксама Захад спрабуе зрабіць".

"Асабліва важна каардынаваць нашы дзеянні на так званым праваабарончым полі: Савет ААН па правах чалавека, іншыя механізмы, дзе Захад відавочна спрабуе палітызаваць дыскусіі, якія павінны ісці на аснове існуючага міжнароднага гуманітарнага права", - выказаў меркаванне кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Ён таксама адзначыў: "Што датычыцца спецыяльнай ваеннай аперацыі - мы прымаем разам з нашымі беларускімі саюзнікамі, сябрамі ўсе неабходныя меры, каб засцерагчы сябе ад магчымых намераў, як вы сказалі, заходніх суседзяў. Мы бачым, як на поўначы Еўропы, якая была ў многім нейтральнай тэрыторыяй, цяпер уладкоўваецца НАТА… Фінляндыя, Швецыя - усё гэта вельмі блізка ад нашых граніц".

"Цалкам згодны, што тыя дамоўленасці, якіх два прэзідэнты дасягаюць у сферы нашага ваенна-тэхнічнага, ваеннага, абарончага супрацоўніцтва, вельмі і вельмі своечасовыя з пункту гледжання гатоўнасці да любога развіцця падзей", - рэзюмаваў Сяргей Лаўроў.