Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі
- 52
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па традыцыі 9 мая прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі.
Кіраўнік дзяржавы ў Мінску ўсклаў вянок да манумента Перамогі. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам былі яго трое сыноў.
Да помніка таксама ляглі вянкі і кветкі ад прадстаўнікоў структур дзяржкіравання, грамадскіх аб'яднанняў, дыпламатычнага корпуса, ветэранаў, духавенства. Аляксандр Лукашэнка і ўсе прысутныя на плошчы Перамогі ўшанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.
Стэнаграма выступлення Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў гонар 76-й гадавіны Вялікай Перамогі:
Паважаныя суайчыннікі!
Дарагія беларусы, ветэраны!
Я звяртаюся сёння да ўсіх жыхароў нашай квітнеючай сінявокай Беларусі. Да тых, хто жыве ў сталіцы нашай рэспублікі - горадзе-героі Мінску. Да ўсіх тых, хто жыве ў гарадах і аграгарадках. Да ўсіх тых, хто жыве ў маленькіх вёсках.
Віншую ўсіх вас з Днём Вялікай Перамогі!
Мы зноў, як і раней, сустракаем пераможны май, які ў далёкім 1945-м мінулага стагоддзя прынёс свабоду беларусам і ўсім братэрскім народам нашай неабсяжнай краіны - Савецкага Саюза.
Чым далей адыходзяць у гісторыю гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш велічным і грандыёзным паўстае перад намі ахвярны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. Тых, хто выратаваў чалавецтва ад заняволення і знішчэння.
Гэта была эпахальная бітва за жыццё на зямлі, за захаванне роду чалавечага. Вялікая перамога дабра над сусветным злом.
Мы схіляемся перад гераізмам і стойкасцю воінаў-франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу, без якіх немагчыма была б Перамога.
Вы, загінулыя ў баях, памерлыя ад ран, паважаныя ветэраны, падарылі нам незгасальнае святло Вялікай Перамогі, пуцяводную зорку, якая будзе вечна свяціць многім пакаленням беларусаў, надаючы сілы для нашай стваральнай працы, для нашага руху наперад і толькі наперад, нягледзячы ні на якія складанасці, праблемы і цяжкасці. Ім было складаней. І яны сёння глядзяць адтуль на нас, і ў іх адно нямое пытанне: выстаім мы ці не? Выстаім.
Беларусь славіць герояў-ветэранаў і заўсёды будзе помніць ваш подзвіг.
Мы схіляемся перад самаадданай працай тых, хто, вярнуўшыся на папялішчы родных гарадоў і вёсак, уздымаў краіну з руін. Нам было цяжэй за ўсіх, таму што на гэтай зямлі не засталося нічога і нікога, акрамя жанчын, дзяцей, інвалідаў і знясіленых салдат, якія вярнуліся з фронту. Мы ўзворвалі і сеялі, выкарыстоўваючы жаночую і дзіцячую працу. Нават коней не засталося.
Мы ніколі не забудзем, што мільёны нашых суайчыннікаў склалі галовы на полі бітвы, згінулі ў лагерах смерці, былі павешаны, расстраляны або закатаваны ў гестапаўскіх засценках. Мы гэта помнім, а хто забыў - нагадаем.
Нізка схіляем галовы перад памяццю тых, хто загінуў.
Смуткуем па ветэранах, якія пайшлі ад нас.
Даваце сёння ўшануем нашых герояў мінутай маўчання.
(Мінута маўчання.)
Кожны год 9 мая мы прыходзім да манумента Перамогі. Прадаўжаем традыцыю сустрэч франтавікоў і партызан каля Вечнага агню і іншых памятных мясцін.
Сёння я задаюся пытаннем, як і вы: ці маглі героі вайны тады падумаць, што праз 80 гадоў іх дзецям і ўнукам давядзецца змагацца за праўду аб Вялікай Перамозе, за права ўшаноўваць у гэты святы дзень воінаў-пераможцаў?
Гэта нельга ўявіць, што ў той час, калі мы клапоцімся аб захаванні памяці, паслядоўнікі акупантаў і іх памагатых - яны папракаюць нас у мілітарызме і праслаўленні вайны. Нас, нашчадкаў тых, якія не прыйшлі з вайны. Кожны трэці. Мы як ніхто іншы зазналі гэтага гора і пастаянна гаворым аб тым, што вайна - страшна. Нам не патрэбна вайна.
Падаплёка іх відавочна. Марачы пра глабальнае панаванне, сучасныя неакаланіялісты наўмысна сеюць нацыянальную варожасць, плодзяць крывавыя канфлікты на планеце і зноў спрабуюць апрануць моладзь у карычневае адзенне - уніформу.
Робяць усё, каб мы забылі подзвіг нашых дзядоў і страшную праўду пра вайну.
Менавіта таму нам навязваюць сцягі і гімны, аганьбаваныя супрацоўніцтвам з гітлераўскімі забойцамі, замест сімвалаў Вялікай Перамогі, міру і стварэння.
Сёння мы павінны адкрыта гаварыць, што беларусы ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню ў сваёй гісторыі сутыкнуліся з масавым і планамерным знішчэннем мірнага насельніцтва.
Гэта на руках фашыстаў, паліцаяў і іншых калабарантаў кроў тысяч і тысяч, мільёнаў бязвінных ахвяр - жанчын, старых і дзяцей.
Свет павінен ведаць і помніць аб трагедыі нашага народа, беларускага народа. І мы будзем гэту тэму падымаць на самы высокі міжнародны ўзровень. Каб яны помнілі і не забывалі.
І няхай нашчадкі нацыстаў нават не мараць, што, калі пойдуць апошнія сведкі генацыду беларускага і іншых народаў, з імі пойдзе гістарычная праўда.
Дарагія ветэраны!
Вас вельмі няшмат засталося, але вы павінны помніць і, адыходзячы ад нас, перадаць тым, хто на нас сёння глядзіць адтуль: мы ніколі не здрадзім вашаму подзвігу і нікому не дазволім адабраць у нас вашу Вялікую Перамогу. Тым больш мы нікому не дазволім зганьбаваць усё тое, што вы зрабілі ў сваім жыцці, абараніўшы Еўропу ад карычневай чумы.
Сёння з намі дзеці вайны, якія на свае вочы бачылі, як гітлераўскія вырадкі, прыслужнікі-паліцаі палілі іх маці, братоў і сясцёр, як катавалі і вешалі патрыётаў, як забівалі немаўлят.
Іх галасы гучаць сёння, і мы захаваем кожны з іх у дакументах, кнігах, фільмах.
Нас не будзе, але іх сведчанні абавязкова пачуюць будучыя пакаленні.
Гэта праўда будзе жыць заўсёды!
Дарагія сябры!
Вялікая Перамога - адна з самых грандыёзных падзей у гісторыі беларускага народа, а подзвіг нашых воінаў - сімвал мужнасці, патрыятызму і чалавечнасці.
Прыклад з'яднанасці, дружбы і братэрства людзей розных перакананняў і веры. Невычэрпная крыніца магутнай стваральнай духоўнай энергіі, якая так неабходна нам сёння - у Год нашага адзінства.
Каб захаваць Беларусь, яе суверэнітэт і незалежнасць, нам трэба самае простае - быць побач, з'яднацца. Так, як гэта зрабілі савецкія воіны ў грозныя гады вайны і пасля яе, калі аднаўлялі разбураны і спалены дашчэнту вялікі бацькоўскі дом.
Трэба ўсімі сіламі ўмацоўваць адзінства народа, каб нашы дзеці, унукі і праўнукі, свята захоўваючы гераічную спадчыну продкаў, заўсёды жылі і працавалі ў прыгожай, мірнай і абавязкова шчаслівай краіне.
Дарагія сябры!
Я разумею, пасля тых падзей, якія адбыліся ў мінулым годзе, і таго, што нам абяцаюць у бягучым годзе, мы крыху, ну шчыра кажучы, перанапружылі наша грамадства. Можа, нехта залішне непакоіцца пра мір і бяспеку. Можа, нехта наогул перастаў у гэта верыць. Дык вось я цяпер звяртаюся да вас, да тых, хто не верыць, запомніце: пакуль наша пакаленне жывое, Беларусь заўсёды будзе стаяць намертва. Мы будзем жыць, мы будзем жыць на сваёй зямлі. І я клянуся вам у гэтым святым месцы, што мы ніколі не дазволім глядзець на нашу зямлю з пагардай, тую зямлю, якую вы адстаялі ў гады ліхалецця і адваявалі. Мы будзем яе абараняць, чаго б нам гэта ні каштавала. Я звяртаюся да вас, тых, хто насцярожыўся ў сувязі з апошнімі падзеямі. Нават не думайце і не хвалюйцеся за будучыню сваіх дзяцей, унукаў і за сваю будучыню. Мы зробім усё для таго, каб над нашай зямлёй ззяла вось такое сонца, як сёння, і было блакітнае неба. Мы зробім усё, каб маладыя мамы і таты са сваімі дзеткамі ў любы час сутак маглі выйсці на вуліцу і прайсціся па сваёй зямлі, як гэта было заўсёды. Так будзе. Я вам абяцаю, я клянуся, што так будзе.
І я хачу, каб нас пачулі не толькі ў Беларусі, але там, вы ведаеце хто.
Са святам Перамогі, дарагія сябры!
Кульмінацыйным эпізодам мерапрыемства стала выкананне песні "Дзень Перамогі". Адначасова на плошчы былі разгорнуты два велізарныя сцягі - СССР і Рэспублікі Беларусь. А на завяршэнне песні ў неба ўзняліся сотні шароў чырвонага і зялёнага колераў.
Кіраўнік дзяржавы цёпла пагутарыў з ветэранамі, кіраўнікамі дыпламатычных місій, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях.
Ветэраны ўсе ўсталі са сваіх месцаў, вітаючы Кіраўніка дзяржавы, хоць ён настойліва прасіў гэтага не рабіць. "Бачу, што здаровы. Малайцы, трымайцеся!" - сказаў Прэзідэнт, адзначаючы настойлівасць ветэранаў.
"І вы трымайцеся!" - сказаў адзін з іх у адказ.
"Куды дзявацца... А вы нам патрэбны, вы нам патрэбны жывыя!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Ветэраны падзякавалі Прэзідэнту, што ён адстаяў Беларусь, а некаторыя нават бадзёра запэўнілі, што самі, нягледзячы на гады, гатовы хоць цяпер стаць у строй.
"Вы нават не турбуйцеся. Мы нічога не баімся. Мы проста паказваем, хто ёсць хто. Нам складана, таму што мы іх не бачым. Нашы ветэраны, якія яшчэ жывыя і здаровыя, яны хоць бачылі ў твар сваіх ворагаў. Мы часам іх не бачым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, каб вы жылі. Вы нам патрэбны як апора, каб мы ў сябе верылі. І, шчыра кажучы, нам жа сорамна перад вамі не ўтрымаць тое, што вы нам падарылі".
Прэзідэнт пажадаў ветэранам здароўя, пацікавіўся, ці робяць яны прышчэпкі ад COVID-19. "Зрабіце на ўсялякі выпадак", - параіў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама падышоў і прывітаў іншых удзельнікаў і гледачоў на мерапрыемстве, асабліва маленькіх дзяцей, якія выступалі ў хоры.