Удзел у рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме да гадавіны хатынскай трагедыі
- 25
- 16:00
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка прыняў удзел у рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме "Лампада памяці", прымеркаваным да 78-й гадавіны хатынскай трагедыі.
Спачатку Прэзідэнт усклаў кветкі да помніка Непакоранаму чалавеку. Пасля прагляду літаратурна-музычнай кампазіцыі адбылася цырымонія ўскладання кветак да Вечнага агню.
У час мітынгу-рэквіема з удзелам кіраўнікоў чатырох вядучых традыцыйных рэлігійных канфесій адбылася Усебеларуская малітва аб міры. Ад усіх канфесій выступіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
На мітынгу-рэквіеме таксама прысутнічалі сыны Кіраўніка дзяржавы і вышэйшыя службовыя асобы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства і суайчыннікаў:
Паважаныя суайчыннікі!
Госці Беларусі!
Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак і гарадоў з такім жа лёсам - гэта боль, які не сціхае ў сэрцы беларусаў, усіх савецкіх людзей. Сёння мы, прадстаўнікі розных пакаленняў, рэлігійных канфесій, філасофскіх і палітычных поглядаў, сабраліся разам, каб ушанаваць памяць бязвінных і абараніць праўду аб той вайне.
Гэта праўда жорсткая, гэта памяць цяжкая. Удумайцеся: акупанты і іх саўдзельнікі-паліцаі спалілі 9200 беларускіх вёсак. З іх больш як пяць тысяч - разам з жыхарамі. І мы ведаем, з чаго гэта ўсё пачынаецца: з ідэй расавай і генетычнай, любой іншай перавагі адных народаў над іншымі, з падзелу на вышэйшых і другарадных. Страшна тое, што гэтыя тэорыі і сёння знаходзяць сваіх прыхільнікаў ва ўсім свеце. Але, дзякуй богу, фашысцкая ідэалогія чужая для нашых беларусаў, чыя генетычная памяць стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам.
У гэтай памяці шмат болю і пакут, у ёй трагічны гістарычны вопыт. Гэта факт. Другая сусветная была не проста вайной, яна стала планамерным знішчэннем нашых славянскіх народаў.
У гэты памятны вечар напярэдадні чарговай гадавіны хатынскай трагедыі я хацеў бы звярнуцца да тых, хто свядома спрабуе адрадзіць сімвалы нацызму. Няхай гэта адзінкі (як кажуць, у сям'і не без вырадка), але такія, на жаль, ёсць у сучаснай Беларусі.
Я звяртаюся да ўсіх, хто ўпэўнены, што фашызм "нёс на нашу зямлю цывілізацыю"; хто гераізуе забойцаў; хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі чыніўся генацыд беларускага народа. Мы заняліся гэтай праблемай, і мы дакажам і пакажам усяму свету, што такое генацыд і што тыя, хто сёння нас спрабуюць павучаць, як жыць, як мінімум не маюць на гэта права, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Усім вам, аблудным і адурманеным, гавару: "Ідзі і глядзі!" Ідзі ў Хатынь, Боркі, Алу, Дальву, Усакіна, Шунёўку, Азарычы, да мемарыялаў "Трасцянец", "Яма", "Чырвоны Бераг".
Глядзі: вачамі дзіцяці, якое выжыла над целам забітай маці; вачамі дзяцей, кінутых паміраць у калодзеж; вачамі застрэленай цяжарнай жанчыны, якая так і не спазнала шчасце мацярынства; вачамі бацькі, які дастаў з попелу мёртвага сына; вачамі павешаных бездапаможных старых.
Ідзі і слухай Хатынскі звон, у якім разам зліліся дзіцячыя крыкі, мацярынскі плач і горкі бацькаўскі смутак мільёнаў беларусаў. Беларусаў, зведаўшых нечалавечыя пакуты, але не пакораных і не пераможаных. Мы гэта павінны з вамі помніць заўсёды і не баяцца ў вялікія святы, якая б бяда ні нахлынула на нас (пандэмія кавід або іншыя хваробы), прыходзіць у светлы Дзень Перамогі і аддаваць належнае ім, якія загінулі дзеля нас. Таму што, калі б яны не загінулі, нас не было б.
І няхай гэтыя галасы з мінулага кожнаму пакаленню нагадваюць аб тым, які няўстойлівы свет, якое каштоўнае чалавечае жыццё і як лёгка ўсё гэта страціць. І пакуль гучыць гэты звон, Беларусь памятае.
Нам ніколі не забыць страшэнныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ніколі не даруем жорсткасць, бесчалавечнасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі. Мы гэта памятаем, і ў гэтым наша сіла.
Вечная памяць забітым, закатаваным і змучаным. І схілім жа галовы і ўшануем іх памяць мінутай маўчання.
На заканчэнне рэспубліканскага мітынгу-рэквіема Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць шанаваць помнікі і святыні.
"Гэты мітынг-рэквіем завершаны сёння, але ён не можа завяршыцца ніколі", - сказаў беларускі лідар.
Ён падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства за тое, што ў гэты непагодны дзень прыехалі ў памерлую вёсачку, але якая жыве ў сэрцах людзей. "Вы павінны памятаць: пакуль мы праходзім да помнікаў і святынь нашай Беларусі, мы - людзі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Значыць, мы будзем жыць, і будзе існаваць наша краіна. Як толькі мы забудзем гэтыя сцежкі, гэтыя дарогі да святых мясцін, мы загінем як народ і як нацыя", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён таксама заклікаў людзей часцей прыходзіць у такія мясціны і прыводзіць сваіх дзяцей, каб яны разумелі і цанілі наша жыццё.