Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў мемарыяльным комплексе "Курган Славы"

  • 22
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 ліпеня прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў мемарыяльным комплексе "Курган Славы".

Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да падножжа Кургана Славы, пасля яго кветкі да мемарыяла ўсклалі вышэйшыя службовыя асобы краіны.

Выступленне Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў у мемарыяльным комплексе "Курган Славы"

Дарагія сябры!

Сімвалічна, што сёння, 3 ліпеня, мы знаходзімся ля падножжа гэтага знакамітага помніка - Кургана Славы. Гэта месца для нас, для мінчан асабліва, ды і для ўсяго беларускага народа свяшчэннае.

Тут у сярэдзіне мінулага стагоддзя вырашаўся лёс Беларусі, ішлі баі, бязлітасныя баі за сталіцу нашай Беларусі.

Цяжка нам уявіць настрой нашых воінаў, але я ведаю адно - яны былі поўныя рашучасці адпомсціць ворагу і ўзяць рэванш за тое, што адбылося ў 1941 годзе, у пачатку вайны, калі фашысты, амаль не адчуваючы супраціўлення, прайшлі праз Беларусь, захапілі Мінск. Уявіце настрой і жаданне нашых салдат.

Вызваленчая аперацыя, якая атрымала імя "Баграціён", паказала, што ў майстэрстве перамагаць савецкія войскі перасягнулі свайго ворага. Дзень вызвалення Мінска стаў прадвеснікам нашай Перамогі, усёй нашай Перамогі ў сорак пятым.

Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны ўвасобілася ў гэтым рукатворным помніку. На месцы знакавых бітваў вырас гэты Курган.

Яго насыпалі ў літаральным сэнсе сваімі рукамі тысячы людзей, якія ведалі вайну ў твар, помнілі забітых таварышаў, смуткавалі па страчаных сваяках. 

Больш як год яны прывозілі жмені зямлі з гарадоў-герояў, раёнаў партызанскага руху. Зямлі, якая ўвабрала ў сябе слёзы маці, жонак і дзяцей загінулых воінаў, боль страт мільёнаў загубленых жыццяў.

Зноў жа ўявіце настрой тых людзей, якія тысячамі і тысячамі прыязджалі ў Беларусь, на святую зямлю Перамогі, і насыпалі гэты Курган. Тут сапраўды слёзы і настрой мільёнаў савецкіх людзей. Яны ўвасоблены - гэтыя мары, спадзяванні, настроі - тут у гэтым Кургане.

Няма, напэўна, такога святога рукатворнага месца, як гэта, дзе мы з вамі сёння знаходзімся.

Вечная слава героям Вялікай Айчыннай вайны. Давайце сёння ўсе разам ушануем іх памяць мінутай маўчання.

(Мінута маўчання.)

Для нас, беларусаў, якія страцілі ў той вайне кожнага трэцяга жыхара, Курган Славы - сакральны сімвал. Сімвал нашай незалежнасці і свабоднага жыцця. 

Тут закладзена капсула з пасланнем будучым пакаленням, гэта значыць нам з вамі і тым, хто прыйдзе пасля нас. Сутнасць гэтага паслання простая і заўсёды актуальная, а ў наш час асабліва: берагчы памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і быць патрыётамі сваёй Айчыны. Як дакладна было сказана ў тыя далёкія гады, калі быў створаны гэты помнік.

Таму ў савецкі час тут прымалі дзяцей у піянеры, давалі клятву камсамольцы, а ў нашы дні гучаць словы ваеннай прысягі. Мы прыходзім сюды ў Дзень Перамогі і Дзень нашай Незалежнасці. Сёння Курган Славы стаў новай кропкай маршруту Патрыётаў, сапраўдных Патрыётаў нашай Беларусі.

Мы, сучаснае пакаленне, помнім, што героі Вялікай Айчыннай вайны нам падарылі жыццё, і стараемся пражыць яго дастойна памяці гэтых герояў. 

Памяці тых, хто ствараў гэты помнік. 

Тых, хто адстаяў страчаныя ў 90-я традыцыі і аднавіў мемарыяльны комплекс, надаўшы яму сучасны выгляд.

Перш за ўсё, шчыра трэба сказаць, я хачу падзякаваць тут нашым прафсаюзам, якія выканалі даручэнне Прэзідэнта некалькі гадоў таму, прыняўшы фактычна на свой баланс гэты помнік, і прывялі яго ў належны стан, а таксама кіраўніцтву Мінскай вобласці, якое заўсёды падтрымлівала прафсаюзы і дапамагала даглядаць гэта светлае месца.

Наогул павінен сказаць, мы павінны ганарыцца, гэта наш гонар, што ў Беларусі няма нават маленькага помніка недагледжанага, закінутага. Нават расіяне, ведаючы пра гэта, высока цэняць стаўленне беларусаў да помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А іх на нашай зямлі тысячы, тысячы і тысячы, таму што гэта зямля не проста паліта крывёй савецкіх людзей, савецкіх салдат, беларусаў, партызан, падпольшчыкаў, усіх членаў руху супраціўлення, гэта зямля ўсеяна трупамі нашых людзей.

Я ўжо гаварыў, што тая вайна не скончылася. Яна, на жаль, набыла новыя формы сёння.

І перш за ўсё тут сёння я хацеў бы звярнуцца да студэнтаў гістарычных факультэтаў, курсантаў Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, маладых упраўленцаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Да тых, хто сабраўся сёння тут, да ўсіх вашых равеснікаў.

Вы - будучыня нашай краіны. Гэта не банальшчына. Вось тут амаль сто працэнтаў перакананых патрыётаў нашай Радзімы. Вельмі хацелася б, каб вы не страцілі гэту краіну, менавіта вы, каб вы прыйшлі да кіраўніцтва нашай краінай і захавалі ўсё тое, што мы стварылі за чвэрць стагоддзя. Вы ведаеце, наша пакаленне ў гэтым жыцці ўжо вызначылася. Мы, атрымаўшы абрубак савецкай імперыі, стварылі суверэнную і незалежную дзяржаву. Удумайцеся толькі, упершыню ў гісторыі, за шматвяковую гісторыю, тысячагадовую гісторыю Беларусі. Першая дзяржава. Гэтым наша пакаленне вызначылася, адстаяўшы тую Перамогу, якую яны нам падарылі. 

Цяпер справа за вамі. За вамі, хто тут стаіць. Яшчэ раз паўтараю, таму што вы перакананыя. Вы нікому не павінны аддаць нашу краіну, нашу зямлю, таму што вы нашы дзеці, дзеці нашага пакалення і ў некаторых ужо ў вас ёсць дзеці. Вы павінны пераканаць іх, што іншай зямлі ў іх не будзе, што гэта іх зямля, ваша зямля. І вы падумайце, пакаленне, якое ідзе на змену нашаму пакаленню, чым вы адзначыцеся ў гэтым жыцці, у гэтым жыцці зямным.

Усе мы некалі туды пойдзем, але ўсе мы павінны пакінуць на гэтай зямлі нешта. Кожны асабіста і ўсе разам. Гэта галоўная праблема і задача сучаснай гісторыі. Пераход да новага пакалення. Хацелася б, каб ён не быў, як звычайна бывае ў дзяржавах, балючым. Мы для гэтага павінны зрабіць усё.

І Курган Славы - сімвал нашай гераічнай гісторыі. Калі мы яе не абаронім сёння гэту гісторыю, то заўтра і гэты курган зраўнуюць з зямлёй. Зраўнуюць як сімвал некаму ненавіснай Вялікай Перамогі. А з ім кануць у мінулае свабода і незалежнасць Беларусі.

Таксама банальна гучыць, мы ўжо да гэтага прывыклі, але забываць не павінны, не павінны загаворваць галоўны факт сучаснасці, што нашу гісторыю хочуць перапісаць, нашу Вялікую Перамогу ў нас хочуць адабраць. Недзе я таксама ўжо гаварыў, нехта ганарыцца сваім багаццем у выглядзе прыроднага газу, нафты, золата, металаў, але няма больш каштоўнага і дарагога падарунка, чым Вялікая Перамога. Чаму яна вельмі дарагая? Таму што толькі беларусы заплацілі за яе кожнага трэцяга. Як гаварыў некалі вялікі Ленін, трэба задаць сабе пытанне: ад якой спадчыны мы адмаўляемся. Той, хто хоча забыць гэту Перамогу, яны проста вар'яты. Яны не думаюць аб тым, што мы можам страціць. Але праўда і ў тым, гэта прэтэнзія да нашага пакалення, што мы не ўмелі данесці да аблудных і іншых за мяжой нашай дзяржавы сутнасць нашай Перамогі. Мы не дабіліся ад іх, каб яны цанілі гэту Перамогу, а праз нашу Перамогу цанілі нас, што мы іх выратавалі, што мы ім падарылі жыццё. 

Трэба прызнаць: наша пакаленне тут уступіла. І вам, маладому пакаленню, трэба мець гэта на ўвазе і выправіць тую памылку, якую мы дапусцілі. Я ўжо гаварыў аб тым, што мы пачалі гэта рабіць, расследуючы злачынствы нацызму на беларускай зямлі. Гэта падобна да беларускага халакосту, або халакосту беларускага народа. Яўрэі ж змаглі гэта даказаць. Увесь свет сёння схіляецца перад імі, нават баяцца пальцам у іх паказаць, а мы, такія талерантныя, такія добрыя, нікога не хацелі пакрыўдзіць. Дайшлі таго, што нас пакрыўдзілі. Таму мы пачалі гэты працэс, але вам трэба яго прадоўжыць. Гэта вельмі важна, гэта не менш важна, чым перамогі ў эканоміцы, вынікі ў эканоміцы, у фінансах, таму што гэта датычыцца сэрцаў і душ кожнага чалавека. Калі мы страцім сэрцы і душы, паўторым тое, што было ў мінулым годзе, можа, яшчэ ў больш горшым варыянце.

Таму прыходзьце сюды сёння, заўсёды, як я гаварыў у Хатыні, прыводзьце сюды сваіх дзяцей, расказвайце ім аб подзвігах народа, вучыце любіць родную зямлю і берагчы мір. 

Тады гэты Курган Славы, які імкнецца ў неба, адкуль глядзяць на нас загінулыя героі, будзе вечна захоўваць памяць аб іх. Аб тых, хто падарыў беларусам жыццё і свабоду.

Помніце, нішто на гэтай зямлі не вечна. Ні мы, ні вы не вечныя. Мы ўсе калі-небудзь пойдзем туды. І як мы будзем ставіцца да тых, хто пайшоў, так будуць ставіцца да нас і нашы дзеці, новае пакаленне. Помніце гэта, паважаныя сябры і наша моладзь.

А сёння ў нас самае галоўнае, святое і светлае свята. Яго таксама трэба трымаць у руках і адстойваць. Ні ў якім разе нельга растварыць гэта свята ў розных заявах і прапановах аб тым, што не тады святкуем, трэба было ў іншы час і гэтак далей. З гэтага пачынаецца знішчэнне любой ідэі. Гэта наша свята, усенародна прызнанае, прызнанае на рэферэндуме. Гэта светлае свята, каштоўнае свята для нашага народа - Дзень Незалежнасці. 

І ў гэтым сакральным месцы я ўсіх вас хачу павіншаваць з гэтым светлым святам, увесь беларускі народ з Днём Незалежнасці!

Пасля цырымоніі ўскладання Прэзідэнт пагутарыў з удзельнікамі мерапрыемства.

Удзельнікі экспедыцыі на Эверэст уручылі беларускаму лідару Дзяржаўны флаг і копію Сцяга Перамогі, якія былі ўзняты імі на самую высокую кропку планеты.

"Гэта, напэўна, сёння будзе асноўнай святыняй у Палацы Незалежнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ганарыцца камандай альпіністаў, як і беларускімі ўдзельнікамі антарктычнай экспедыцыі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што іх неабходна прадставіць да ўзнагарод.

Студэнты гістарычных факультэтаў розных ВНУ краіны, маладыя педагогі ў размове з Кіраўніком дзяржавы расказалі, што ў час вучобы таксама займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, асабліва якая датычыцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, разумеючы важнасць захавання гістарычнай праўды пра той перыяд жыцця краіны. Яны папрасілі парады, як ім выхоўваць падрастаючае пакаленне, чаму ўдзяляць большую ўвагу ў выхаванні патрыятызму.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што самае галоўнае - заўсёды сумленна працаваць.

Разам з гэтым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што важна падрыхтаваць падручнік аб Вялікай Айчыннай вайне. "Калі вы, будучае наша пакаленне і моладзь, на падставе таго, што ўжо створана, новых фактаў, а таксама падручнікаў савецкага часу (тады яны нядрэнныя былі, хоць нешта замоўчвалі, нечага саромеліся, скромнічалі), на падставе таго, што было створана ў савецкі час, створыце дастойны навучальны дапаможнік - гэта будзе найвялікшая перамога. Таму што галоўнае для студэнтаў - каб падручнік быў носьбітам ведаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што ў выданні павінна быць адлюстравана велізарная роля беларускага народа: "Я хачу, каб быў добры падручнік па Вялікай Айчыннай вайне, кніга, дзе будзе адлюстравана, якую ролю мы адыгралі ў той вайне. Гэта будзе моцны ўклад. Вы гэтым займайцеся. Падручнік мы можам дапоўніць дакументамі тых часоў і тымі дакументамі, якія мы саромеліся паказваць, каб некага не пакрыўдзіць".

"Займіцеся гэтым, калі вы здольны", - даў наказ Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што можна падключыць да гэтага БРСМ і Адміністрацыю Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што можа атрымацца добрае выданне: "Нам гэта вельмі патрэбна".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў краіне створана нямала помнікаў і абеліскаў, да якіх, вядома ж, трэба прыводзіць дзяцей, расказваць ім пра гісторыю сваёй краіны. Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны мае зверствы і жах, якія ўчынялі фашысты на беларускай зямлі, і будучыя пакаленні павінны пра гэта ведаць.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што аб гэтым трэба нагадваць і заходнім краінам: "Мы павінны гэта паказваць. Ім паказваць, якія крычаць пра санкцыі супраць нас, а сёння прадаўжаюць ужо тэрарыстычныя акты на тэрыторыі Беларусі".