Урачысты сход у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
- 11
- 32:50
Выступленне Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасці
Паважаныя суайчыннікі!
Дарагія ветэраны вайны і аднаўлення нашай дзяржавы!
Віншую вас з Днём Незалежнасці Беларусі!
Гэта свяшчэннае для нас свята сімвалізуе перш за ўсё народнае адзінства, якое дапамагло беларусам вытрымаць самы моцны ўдар лёсу, выжыць як нацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перамагчы.
Мы былі адзіны 25 гадоў таму, калі выбраў сваім галоўным дзяржаўным святам дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзіныя мы і сёння - у імкненні абараніць гераічную спадчыну, памяць аб Вялікай Перамозе, суверэннае права на выбар гістарычнага шляху. І няма ніякай іншай даты ў нашай гісторыі, якая так глыбока прымушала б задумацца аб каштоўнасці міру, незалежнасці і свабоды.
77 гадоў таму змучаная вайной Беларусь была пазбаўлена ад фашысцкага прыгнёту. Раздаўленыя горам страт і страхам за ўласнае жыццё людзі сталі свабодныя. І толькі яны, відавочцы і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай, ведаюць, што такое сапраўдныя свабода і незалежнасць. Таму што ўсё гэта тады было ўмомант страчана. А перыяд акупацыі ператварыўся для іх у сапраўднае пекла. Беларусаў зажыва спальвалі ў іх жа ўласных дамах, як у Хатыні, Дальве, Але. Зганялі ў канцэнтрацыйныя лагеры, як у Трасцянцы і Азарычах, адкуль выхад быў толькі адзін - у агульную магілу. У прамым сэнсе пілі кроў беларускіх дзяцей, як у вёсачцы Чырвоны Бераг. З вен падвешаных на спецыяльныя станкі дзяўчынак і хлопчыкаў нацысцкія садысты выціскалі літаральна ўсё да кроплі на патрэбы салдат рэйха. След, які пакінула на нашай зямлі гітлераўская Германія, не сатрэ час.
Жудасна і, магчыма, не для святочнага дня гучаць гэтыя факты. Але нам нельга іх забыць. І я буду гаварыць аб фактах крыху ніжэй, якія таксама не будуць гучаць святочна. Але вы іх павінны ведаць. Таму што спробы акупацыі Беларусі ва ўмовах сучаснай гібрыднай вайны ўспыхнулі з новай сілай.
Паглядзіце, як і 80 гадоў таму, мы чуем аб "новым парадку" ад такіх жа носьбітаў "еўрапейскіх каштоўнасцей". На чале - тыя ж заходнія эліты. У сумежных дзяржавах ды і ў нас выраслі новыя выканаўцы, гатовыя для сваіх новых гаспадароў зрабіць усю брудную работу. Мы разумеем, што гэтыя працэсы адбываюцца, як і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, насуперак волі народаў еўрапейскіх дзяржаў, якія паважаюць і цэняць беларусаў як добрых, надзейных і беспраблемных суседзяў. Нашы сапраўдныя сябры ў бліжэйшых краінах нас зразумеюць. Мы не можам дапусціць, каб гісторыя паўтарылася. Таму вымушаны агучыць непрыемныя для іх памяці эпізоды.
Мы доўга маўчалі. Саромеліся. Мы не хацелі закрануць пачуцці дружалюбных нам народаў, якія не павінны адказваць за грахі ваенных злачынцаў: такіх як літоўскія "лясныя браты", бандэраўцы, бандыты Арміі Краёвай, іншыя забойцы мірнага насельніцтва Беларусі. Мы памятаем, што ў гэтым шэрагу здраднікаў былі і беларусы, збеглыя, якія не змаглі рэалізаваць свае палітычныя амбіцыі на Радзіме. З-за Буга тады яны вярнуліся на нашу зямлю з карнымі атрадамі СС. Вярнуліся, каб забіваць.
Боль аб усіх злачынствах, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, да гэтага часу ў сэрцах беларусаў. І мы рана супакоіліся, думаючы, што ўсе пераможаныя і змучаныя той вайной дзяржавы гэтак жа, як і мы, мараць зберагчы мір. Мір, за які савецкі народ заплаціў самую высокую цану.
Вайна забрала ў нас герояў, якія, нагадаю асобным грамадзянам еўрапейскіх краін, пралівалі кроў за свабоду і жыццё ў тым ліку іх суайчыннікаў. У адной толькі Польшчы палегла больш за 600 тыс. савецкіх салдат.
Аказваецца, усё забыта. А мы доўгі час як быццам гаварылі з нашымі суседзямі на розных мовах. Прычым не толькі ў лінгвістычным сэнсе. Ну што ж, давядзецца перайсці на адзіную, зразумелую для ўсіх мову міжнароднага права. Крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа здыме ўсе маскі і прад'явіць свету новыя факты з імёнамі, архіўнымі фота- і відэадакументамі.
Мы ўжо ведаем некаторых, якія, магчыма, ледзь ходзяць там на Захадзе. І мы звярнуліся, каб яны адказалі, каб яны былі выдадзены на тую зямлю, дзе ўчынялі свае злачынствы. Вы, напэўна, здагадваецеся, што ніхто іх нам не выдасць. Але гэта таксама факт.
Тым, хто сёння марыць аб рэваншы, хто прагне забраць і падзяліць Беларусь, скажу адно. Дзякуй, што падштурхнулі нас на тое, што даўно былі абавязаны зрабіць у імя справядлівасці і памяці ахвяр вайны. Мы паставім кропку ў пытанні гістарычнай праўды і адказнасці за злачынствы супраць чалавецтва.
Дарагія ветэраны! Дарагія сябры, тыя, хто палажыў сваё жыццё на аднаўленне нашай Беларусі пасля вайны!
Я разумею, як балюча вам глядзець на спробы перакроіць летапіс часоў, назначыць новых пераможцаў, абяліць злачынцаў і навязаць нашай моладзі фальшывых герояў. Нават не сумнявайцеся, вашу Вялікую Перамогу мы нікому не аддадзім! Гэта справа гонару не толькі нашага пакалення.
Усім тым, хто свядома скажае факты, і тым, хто заблытаўся, нагадаю: гэта не кааліцыя заходніх саюзнікаў гнала гітлераўскіх агрэсараў ад Масквы да самога Берліна, не саюзнікі знішчылі карычневую чуму там, дзе яна зарадзілася, не яны вызвалілі ад захопнікаў Савецкі Саюз, нашу Беларусь і Мінск. Гэта савецкі народ, мы, беларусы, не пакарыліся. Народ паўстаў на абарону сваёй Радзімы. Мільёны людзей - воіны Чырвонай Арміі, падпольшчыкі і партызаны - змагаліся з ворагам з першага да апошняга дня. Тыя, хто не ваяваў, дапамагалі атрадам правізіяй, хавалі і лячылі параненых, штодзень рызыкавалі сваім жыццём у імя выратавання Айчыны.
Таму подзвіг савецкага народа непахісны, як і дата святкавання Дня Незалежнасці Беларусі.
Мы ведаем, што многія з выклікаў нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту, з якімі мы сутыкаемся сёння, ідуць сваімі каранямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Скажу больш, мы сутыкнуліся з феноменам адкладзенага дзеяння калабарацыянізму ў рэаліях нашага часу.
Не ўпершыню ў гісторыі Беларусі з'яўляюцца "змагары", якія страчваюць сувязь з роднай зямлёй і ўдзельнічаюць у злачынствах супраць уласнага народа. Так было ў перыяд Айчыннай вайны 1812 года, калі частка мясцовай эліты стала пад сцягі напалеонаўскай арміі. Так было ў Першую і Другую сусветныя войны, калі здраднікі прысягнулі кайзераўскай і гітлераўскай Германіі. Так, на жаль, часткова здарылася і ў нашы дні. На авансцэну выйшлі сучасныя калабаранты - ідэйныя паслядоўнікі, сярод якіх ёсць і патомныя наследнікі нацыстаў.
Я ўжо гаварыў: мы думалі, што чарговы этап, як вы яе называеце, каляровай рэвалюцыі, а дакладней сказаць, мяцяжу чыста эканамічны. Пры гэтым я заўсёды вас папярэджваў, што гэта яшчэ не канец. Мы не ўсё ведаем і не ведаем, што яны зробяць потым. Дык вось, мы думалі, што гэта эканоміка. Як аказалася сёння (і гэта ўжо пацверджана), гэта не чыста эканамічныя санкцыі. Гэта тэрор. Факты? Калі ласка.
Сёння выкрыты створаныя "спячыя" тэрарыстычныя ячэйкі, так званыя атрады самаабароны - так яны сябе называюць. Мэта гэтых тэрарыстычных "спячых" ячэек (пра якія нядаўна гаварыў затрыманы Раман Пратасевіч, нам гэта даўно было вядома) - насільная змена ўлады ў дзень ікс. Яны самі пакуль не ведаюць, што гэта за дзень ікс: да яго трэба падвесці наш народ, як яны лічаць, нашу дзяржаву.
Каардынатары - Літва, Польшча, Злучаныя Штаты Амерыкі, Украіна і Федэратыўная Рэспубліка Германія. Створаны Telegram-рэсурс, называецца "Атрады самаабароны Беларусі". У ім 2,5 тыс. падпісчыкаў. Не скажу, што ўсе гатовы ўзяцца за зброю, але гэта іх баявы рэзерв. Мы іх ведаем у твар. І ўвага: уладальнік чата - грамадзянін Германіі спадар дэ Хофман, раней грамадзянін Расіі і Украіны. Асноўны мадэратар гэтага дзеяння - грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дуднікаў.
Што паспрабавалі зрабіць літаральна ў апошнія дні? Пачалі з таго, што паспрабавалі знішчыць вялікую колькасць лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах. Прозвішча выканальніцы, якая сама вызвалася, Н.Мацвеева. Перахоплена групай "Альфа", арыштавана і дае паказанні. У бліжэйшы час мы вас азнаёмім з імі. Якая мэта? Падпаліць калону аўтамабіляў ноччу, выкласці гэта ў інтэрнэце і паказаць: глядзіце, мы жывыя, мы змагаемся і звергнем гэты рэжым. Гэта было 8 чэрвеня - яе затрыманне. Замах не ўдаўся.
Наступнае, больш сур'ёзнае мерапрыемства, якое было арганізавана зусім нядаўна, 27-28 чэрвеня, - замах на падрыў вузла сувязі Ваенна-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, радыёстанцыя "Антэй". Вы, напэўна, ведаеце, што нядаўна мы размаўлялі з Прэзідэнтам Расіі. Мы аб гэтым не паведамлялі, таму што тады аперацыя яшчэ не была завершана. Але мы самым сур'ёзным чынам абмеркавалі і гэту праблему. Вынік гэтага абмеркавання вы разумееце. Усе ўдзельнікі тэракта, у тым ліку тыя, хто ажыццяўляў і арганізоўваў, на працягу двух сутак былі знойдзены і арыштаваны.
У мяне адразу потым могуць спытаць, калі я далей не прадоўжу: а прозвішчы? Калі ласка - Гулевіч, Ашурак, Глотаў, Гаспадараў. Пры спробе збегчы ва Украіну і Літву ўсе да аднаго былі злоўлены. Малайцы хлопцы з групы "Альфа" і іншыя, якія іх затрымалі.
І яшчэ адзін замах на злачынства, якое можа прывесці ў жах (прынамсі, усю гэту залу): спроба забойства нашага журналіста Рыгора Азаронка. Гэта здарылася мінулай ноччу: 1 ліпеня. Мэта (цытую) - абезруховіць, захапіць, кінуць у багажнік. Вывезці ў лес у самае глухое месца, адрэзаць язык. Узяць нажніцы, каб сам гэта зрабіў. Калі не зробіць сам - той, хто быў наняты за дзесяць тысяч долараў (грошы былі пералічаны), павінен быў ажыццявіць гэту аперацыю, засняць на камеру і выкласці ў інтэрнэт.
Гэта як папярэджанне: глядзіце, мы вас усіх перарэжам, як мінімум адрэжам язык, каб маўчалі. Дэмакратыя. Калі не атрымаецца - забіць. Пісталет быў прывезены з Украіны і схаваны ў тайніку ў Гомельскай вобласці, як і іншыя прыборы (цеплавізары і іншае), якія выкарыстоўваліся пры спробе падарваць вілейскую станцыю сувязі Расійскай Федэрацыі з ваенна-марскім флотам у Атлантыцы. Усе былі выкрыты, знойдзены тайнікі. Аперацыя прадаўжалася доўга. Зноў спытаеце прозвішча? Калі ласка, гэта Сасноўскі. Арыштаваны і дае паказанні.
Але ў сувязі з гэтым я хачу адзначыць сапраўднага мужыка Рыгора Азаронка. Я заўсёды гляджу на экран і ацэньваю людзей, нават не журналістаў - усіх. Я заўсёды думаў: калі мужыкі нашы выходзяць і змагаюцца на экране, а як у рэчаіснасці? Яны тройчы спрабавалі яго захапіць або забіць. Мэта была - зайсці ў кватэру і ў кватэры. Я даручыў спецслужбам, каб дасканалым чынам папрацавалі з сям'ёй і самім Азаронкам. Мы маглі іх узяць далёка на подступах. Але нам зноў сказалі б: ай ну, гэта ж як з самалётам, гэта ж іншае.
Падключыўся генерал Тэртэль да гэтага. Мы вялі доўгія перагаворы з бацькамі. Яны адразу згадзіліся: "Так, мы гатовы да гэтай аперацыі ў кватэры". Але яны пабаяліся прыйсці ў кватэру. Потым запатрабавалі ад гэтага Хофмана, які кіраваў аперацыяй з Германіі (поўнасцю ўсё задакументавана), грошай. Было выдзелена $10 тыс. І ўчора вечарам, задзейнічаўшы незарэгістраваны аўтамабіль, прыехалі для таго, каб абезруховіць, вывезці і ўчыніць гэты тэракт.
Я папрасіў таксама спецслужбы, каб яны перагаварылі з Рыгорам, каб ён згадзіўся, што называецца, на жыўца. Гэта было небяспечна. Але ён, як сапраўдны мужык, пайшоў. І што дзіўна: ён першым з бандытам, які ішоў на яго (і ён ведаў, што ён узброены), пачаў бойку. Ён паваліў яго і пачаў з ім бароцца. Літаральна секунды - і былі захоплены гэтыя нягоднікі. Я хачу падзякаваць бацькам за гэтага хлопца.
Тыдзень таму на граніцы з Літвой (коратка мы давалі гэту інфармацыю) быў перахоплены пагранічнікамі беспілотнік. Мы доўга вялі размову з літоўцамі, адкуль і што. Да гэтага часу невядома. І тады, праз некалькі гадзін усялякіх перагавораў, было прынята рашэнне знішчыць яго. Мы збілі гэты беспілотнік. Была прычэплена каністра са ўзрыўчаткай - абясшкоджана. І ў бліжэйшы час мы і гэты эпізод вам пакажам.
Дык хто ж учыняе злачынствы на граніцы? Я адкрыта сказаў, што мы не будзем больш трымаць тых, каго вы даймалі ў Афганістане, Іране, Іраку. У нас няма на гэта ні грошай, ні сіл у выніку вашых санкцый. І, разумееце, ніхто не ведае, што адбываецца ў Літве і на граніцы, гэта проста факт.
Шмат можна называць гэтыя факты, але скажу адно, скажу наступнае, каб вы мяне зразумелі: я распарадзіўся, каб усе гэтыя эпізоды былі выкладзены канкрэтна ў сродках масавай інфармацыі, і даручыў праваахоўным органам правесці, груба кажучы, зачыстку па ўсёй краіне. Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць не можам.
Міністэрству замежных спраў даручана (можа, ужо і рэалізавана) запрасіць паслоў Германіі, Літвы, Злучаных Штатаў Амерыкі, якія непасрэдна маюць дачыненне да гэтых акцый, і папярэдзіць катэгарычна, каб нам былі выдадзены гэтыя злачынцы.. Усе факты задакументаваны, і мы дакажам іх віну. Там і даказваць не трэба: яны самі ім пра гэта раскажуць. І вы ўбачыце іх сапраўдны твар: і немцаў, і амерыканцаў, і палякаў, і літоўцаў.
Але што здзіўляе: велізарная колькасць (аб чым я гаварыў яшчэ ў мінулым годзе, многія мне не верылі) зброі паступае з Украіны ў Беларусь. Таму я даручыў пагранічным войскам цалкам перакрыць граніцу з Украінай.
Да нас могуць прыехаць толькі лячыцца людзі і мірныя грамадзяне. Усіх астатніх у палон браць не будзем.
Цяпер вы бачыце: яны хочуць павярнуць гісторыю назад, рэабілітаваць сваіх дзядоў і прадзедаў і завяршыць пачатую імі справу. Таму выйшлі знішчаць суверэнную дзяржаву. Гэта неймаверна: да сакральных месцаў нашай дзяржаўнасці яны рушылі пад сцягамі фашысцкіх наймітаў - паліцаяў. І апошнім часам нашы сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты аб тым, што ў касцёлах хочуць памаліцца (заўтра, ці то сёння) пад "Магутны Божа". Глядзіце, нарвяцеся.
Мы павінны былі абараніць свой суверэнітэт і краіну. І час паказаў, што мы зрабілі правільна. Ужо, напэўна, няма аблудных, падманутых у краіне, якія не пераканаліся б, што адбывалася ў рэчаіснасці ўчора і адбываецца сёння. Засталіся толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта не так, гэта іншае. І вы павінны гэта разумець.
Я шчыра ўдзячны людзям у пагонах. У напружаны перыяд яны былі з народам. Вы абаранілі мірных грамадзян, якія вераць у вас, цэняць нацыянальнае адзінства, свабоду і не жадаюць разбураць свой дом - Беларусь. Вы, як і пакаленне пераможцаў, паказалі, што толькі апора на сваіх людзей і сваю зямлю дае сілы і маральнае права адстойваць інтарэсы народа. Толькі патрыятызм служыць трывалай асновай усіх пачынанняў. Вы, людзі ў пагонах, перажылі ўсё (я гэта ведаю, таму што быў не толькі побач) - і так званае насілле, і "карнікамі" былі, кім толькі мы тады не былі. Але мы цярпелі. Той, хто церпіць, той перамагае. Людзі ўсё зразумелі.
Зламаўшы спраўна працуючы да гэтага часу гібрыдны механізм бліцкрыгу, па сутнасці, вы сталі на шляху новай экспансіі на Усход. Некаторыя эксперты за мяжой лічаць, што Беларусь палажыла канец каляровым рэвалюцыям як геапалітычнай з'яве. Так гэта ці не - убачым. Але ў чым абсалютна перакананы, мы паказалі прыклад таго, як трэба адстойваць нацыянальныя інтарэсы, што павінен рабіць кожны, хто даражыць сваёй незалежнасцю.
Размова з пазіцыі сілы на нашай зямлі з нашым народам бесперспектыўная! Так было і так будзе заўсёды! І яны за мяжой павінны гэта чуць.
Вы мяне зразумейце: я не нейкі тут вялікі герой-адзіночка або які з вамі выйшаў для таго, каб паваяваць. Я абсалютна мірны чалавек. Я вырас у страшэннай беднасці ў вёсцы, дзе адзін аднаму дапамагалі, дзе стараліся падтрымаць адзін аднаго. Нават калі ў п'янцы нехта біўся, то назаўтра яны ішла, разам працавалі. Усё было мірна. Усё маё жыццё звязана з мірам. Мая праца была звязана з вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў (праўда, жалезабетонных). Я вырошчваў хлеб, я бачыў простых сялян, я бачыў рабочых.
Я абсалютна мірны чалавек. Але калі я адступлю, калі я хоць недзе завагаюся, а тым больш загуляюся ў палітыку і краіна загіне, - вы ж мне ніколі не даруеце. Таму ў мяне няма іншага выйсця, як стаяць з гэтымі хлопцамі насмерць. Гэта наша работа.
Некалі з гэтай трыбуны я вам гаварыў... мы ўсе хочам незалежнасці. І сёння ўсе хочуць незалежнасці. Усе хочуць суверэнітэту. Але я вас тады, яшчэ два гады, па-мойму, таму папярэдзіў: дарагія мае беларусы, незалежнасць - штука вельмі дарагая. Незалежнасць вельмі дорага каштуе. Я, праўда, верыў, што гасподзь мілаваў нас і мы не пройдзем ні праз войны, ні праз выпрабаванні. Аказваецца, не. Напэўна, ён нам падсунуў гэта выпрабаванне. Можа, нават добра. Дай бог нам прайсці гэтыя выпрабаванні без гарачай вайны. І мы, людзі ў пагонах, абавязаны зрабіць усё, каб людзі,нават наш народ, ды і нашы суседзі і госці нават не заўважылі, што мы вядзём сёння гібрыдную вайну. І мы гэта зробім. Пакуль нам гэта ўдаецца.
Гэты экзамен мы вытрымаем, таму што Беларусь - краіна герояў. Такіх, як нашы сучаснікі, лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка, якія выратавалі сваіх суайчыннікаў цаной уласнага жыцця. Як 12-гадовы Рома Кагадоўскі, які вынес з агню маленькага брата.
Такіх, як нашы медыкі, якія бясстрашна адказалі на выклік пандэміі і прадаўжаюць заставацца на пярэднім краі вайны з небяспечным вірусам. Як нашы сяляне, рабочыя, будаўнікі, якія ў няпростых умовах добра зрабілі сваю работу і забяспечылі рост эканомікі. Нішто нас не спыніла. Мы паспяхова рэалізавалі ўсе нашы праграмы і планы. Сталі краінай мірнага атама, у Мінску адкрываем новыя станцыі метро, нядаўна пачалі трэцюю лінію. Па ўсёй краіне пабудаваны дзясяткі новых бальніц, школ і дзіцячых садоў, басейнаў і спартыўных пляцовак.
Мы вучылі і выхоўвалі дзяцей. Сеялі і збіралі ўраджай. І ўсё гэта - у год інфармацыйнага, гібрыднага цкавання і спроб раскалоць наша грамадства. Бязмерная ўдзячнасць усім, хто па прычыне сваёй прафесійнай дзейнасці і грамадзянскага абавязку на працоўных месцах, у медыяполі, сацыяльных сетках штодзённа змагаецца за аўтарытэт роднай Беларусі, наш суверэнітэт і вялікую гістарычную спадчыну.
Загінулым жа героям мінулага, цяперашняга часу - ад нас нізкі паклон і вечная памяць.
Дарагія беларусы!
Нашы адзінства і незалежнасць - каштоўнасці, не раз правераныя выпрабаваннямі.
Эканамічнае развіццё Беларусі - курс, з якога нас немагчыма збіць ні санкцыямі, ні правакацыямі, ні тэрорам. Колькі іх было на нашай памяці... Але пытанне не ў гэтым, а ў тым, калі ўжо нашы заходнія так званыя партнёры зразумеюць, што для нас, наследнікаў пакаленняў, якія змаглі аднавіць краіну пасля ваеннай разрухі за неймаверна кароткі час, праца - гэта спосаб жыцця, цяжкасці - стымул для руху наперад.
Мы ведаем, што ў нас невялікая краіна, у яе нетрах няма вялікай колькасці нафты, газу і золата, мы не маем ядзернай зброі (мы яе добраахвотна аддалі). Самае каштоўнае, што ў нас ёсць, - народ. Горды, незалежны і працавіты. Народ, а не навязанае Захадам абстрактнае паняцце "грамадзянскай супольнасці". Народ, менталітэту якога не ўласцівы насаджаемыя нам індывідуалізм і культ нажывы. Таму правакацыі, прызначаныя падарваць эканамічную ўстойлівасць дзяржавы, не спрацавалі і не спрацуюць.
Нашы людзі ў востры перыяд падставілі плячо дзяржаве, уладзе, паказалі сябе сапраўднымі захавальнікамі суверэнітэту. Мы вытрымалі ўдар пандэміі лепш, чым тыя краіны, якія лічаць сябе больш развітымі і цывілізаванымі. Таму што мелі смеласць думаць сваім розумам і мужнасць прымаць, можа, і непапулярныя рашэнні.
У нашай самастойнасці калектыўны Захад бачыць небывалую дзёрзкасць. А мы бачым у гэтым суверэннае права самім вызначаць свой лёс. Ва ўчыненай з іх боку палітычнай блакадзе мы знойдзем новыя магчымасці для эканамічнага, тэхналагічнага развіцця сваёй дзяржавы за кошт правераных часам і якасна новых узаемаадносін з Еўразійскім рэгіёнам, краінамі Садружнасці, Расіяй, Кітаем і іншымі нашымі сябрамі.
Дарагія суайчыннікі!
Наша незалежнасць - гэта яшчэ і нацыянальная годнасць. Яшчэ ў VI стагоддзі пра нашых старажытных продкаў - славян - з захапленнем пісалі ўсходнія гісторыкі і падарожнікі. Ужо тады летапісцы адзначалі свабодалюбства, храбрасць і непакорнасць народа, які жыве на гэтых землях. Мы ганарымся тым, што нашы продкі ніколі не насаджалі веру, культуру і палітычныя погляды агнём і мячом, а заўсёды дарылі святло асветы і міралюбнасці.
У многіх прарыўных для сваіх эпох гістарычных падзеях мы ўбачым след беларусаў - вялікіх дзеячаў свайго часу. Не толькі на роднай зямлі, але і па ўсім свеце сярод нацыянальных герояў мы знойдзем і нашых з вамі суайчыннікаў. Іх дасягненні сталі арыенцірам у культурным і духоўным развіцці розных народаў. І нам не хопіць гэтага вечара, каб назваць усе імёны.
Але мы дакладна ведаем, што ў кожным з нас ёсць мудрасць, смеласць, маральная сіла, інтэлектуальны і творчы патэнцыял вялікіх людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Гэта спадчына і з'яўляецца нашым галоўным нацыянальным багаццем і здабыткам. Мы прадоўжым наш гістарычны шлях. Мы зробім усё, каб захаваць незалежнасць роднай зямлі. Незалежнасць, падораную нам лёсам, слаўным подзвігам і сумленнай працай мільёнаў беларусаў.
Са святам вас, дарагія суайчыннікі, з Днём Незалежнасці!