Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі
- 42
- 11:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня прыняў удзел у адкрыцці Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
"Гледзячы сёння на вас, прыгожых, маладых і паспяховых ужо, я адчуваю гонар за Беларусь, - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да выпускнікоў. - За тых, хто ствараў незалежную краіну, у якой нашы дзеці атрымліваюць дастойную адукацыю, а лепшыя з лепшых адзначаюць свае першыя поспехі на такім высокім узроўні".
"Я ганаруся вашымі бацькамі, якія выгадавалі цудоўных людзей. Педагогамі і выкладчыкамі, якія дапамаглі вам знайсці сябе. І, вядома, кожным з вас", - дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, наколькі складана бывае зразумець сваё прызначэнне, асвоіць прафесію. Тыя, хто запрошаны на баль выпускнікоў, свой выбар ужо зрабілі, яны ўжо сталі ўладальнікамі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. "Шчыра вас віншую і жадаю хутчэй пераадолець чарговую вяршыню - стаць прафесіяналам у сваёй справе. Перайсці на новы ўзровень жыцця, дзе ваш рэальны статус будуць вызначаць не колькасць падпісчыкаў і лайкі, а павага людзей, у тым ліку будучых калег. Прызнанне і павага, заслужыць якія можна толькі сумленнай і карпатлівай працай, сваёй прыстойнасцю і справядлівым стаўленнем да людзей", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя традыцыйных святочных слоў і пажаданняў Кіраўнік дзяржавы таксама адрасаваў прысутным і сур'ёзныя, канцэптуальныя пасылы.
"Не мы выбіраем час, а час выбірае нас. У кожнага пакалення свае выклікі. Яны фарміруюць характар не толькі асобна ўзятага чалавека, але і ўсёй нацыі, - заявіў беларускі лідар. - Вам ёсць на што абаперціся. Вы новае пакаленне духоўна моцнага народа, які захаваў нацыянальную ідэнтычнасць, не маючы ўласнай дзяржавы на працягу стагоддзяў. Проста ўдумайцеся ў тое, што я сказаў. Вы наследнікі герояў, якія ў страшнай вайне разам з брацкімі савецкімі народамі абаранілі родную зямлю і выратавалі Еўропу ад нацызму".
"Ведаеце, многія часта кажуць, што, вось, багатая краіна, калі ў яе ёсць нетры, а ў нетрах шмат чаго: і газ, і нафта, і золата, і іншыя металы і неметалы - багатая нацыя. Няма нічога даражэйшага, чым той подзвіг, які здзейснілі нашы людзі. Яна (перамога. - Заўвага) нам каштавала неймавернай цаны: кожнага трэцяга чалавека ў сярэдзіне мінулага стагоддзя мы страцілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Вялікую Перамогу неабходна берагчы і ганарыцца ёю. "Ганарыцца тым, што гэта была наша перамога - нашых дзядоў, прадзедаў, нашых бацькоў. І ўсе павінны схіляцца перад тым народам, гэта значыць сёння перад намі, за тую перамогу, якую тады атрымалі нашы старыя", - заявіў Прэзідэнт.
Сучасная моладзь можа таксама ганарыцца сваімі бацькамі, якія з гонарам прайшлі выпрабаванні разрухай і нявызначанасцю 1990-х гадоў, сваёй працай стварылі незалежную дзяржаву і прадаўжаюць працаваць на карысць краіны, упэўнены Прэзідэнт.
"Іншымі словамі, у вас ёсць дастойны і магутны, як цяпер модна гаварыць, бэкграўнд. Бэкграўнд сучаснай беларускай нацыі. Таму беражыце дасягнутае - мір, спрадвечныя традыцыі і нашы каштоўнасці. Беражыце гісторыю, якой мы сёння па праву ганарымся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў выпускнікам мірнага, паспяховага і шчаслівага жыцця, а таксама быць дастойнымі тых, хто ствараў для іх будучыню. "У вас сёння вельмі вялікі дзень, і вы будзеце яго памятаць праз гады. Але гэта ўсё ж пясчынка ў вашым жыцці, - заўважыў беларускі лідар. - Усё наперадзе, і самае галоўнае - дзеці". Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, як важна думаць пра будучыню і рабіць правільна, каб потым не было сорамна перад дзецьмі.
"Кожны раз, сустракаючыся з выпускнікамі года, углядаючыся ў твары, я бачу вочы ўпэўненых, мэтанакіраваных, а галоўнае, па-добраму амбіцыйных людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён пажадаў, каб ім і ў далейшым заўсёды спадарожнічаў поспех, а побач былі добрыя настаўнікі. "Але калі раптам у пачатку працоўнага шляху не апраўдаюцца якія-небудзь спадзяванні, не спяшайцеся расчароўвацца ў выбранай прафесіі. Дайце самі сабе шанц. Магчыма, не адразу, але ўсё будзе: і прызнанне заслуг, і кар'ерны рост, і матэрыяльны дабрабыт. Усё заўсёды атрымліваецца ў людзей, якія стойка ідуць да сваёй мэты, якія адданыя сваёй справе і краіне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Не спяшайцеся пакідаць сваю краіну і бегчы на землі запаветныя, цёплыя, нібыта самыя-самыя шчаслівыя. Не спяшайцеся. Пабегчы туды прасцей, чым потым вярнуцца", - сказаў беларускі лідар.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на тое, каб прадстаўнікі маладога пакалення ў цяжкія для краіны перыяды былі асцярожней у меркаваннях і ўчынках.
"У цяжкія для краіны перыяды будзьце асцярожныя ў меркаваннях, тым больш ва ўчынках. Чаму? А каб праз гады не было сорамна за выказванні і рэпосты, якія вы і самі потым забудзеце, а інтэрнэт будзе помніць усё. І не паспееце ўсё сцерці, як некаторыя цяпер робяць. Таму не спяшайцеся, каб не было балюча і сорамна за без мэты пражытыя гады, як гаварыў класік", - сказаў беларускі лідар.
"Няхай створаны вамі ў сетках віртуальны партрэт заўсёды паказвае, што нават у такім юным узросце вы мыслілі, гаварылі, дзейнічалі правільна, па-дзяржаўнаму. Як належыць сапраўдным грамадзянам сваёй краіны", - прадоўжыў Прэзідэнт.
Асабліва важна гэта для тых, хто будуе самыя амбіцыйныя планы на жыццё, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Бо хто ведае, якія кабінеты і якое крэсла вы зоймеце заўтра. Нехта з вас будзе стаяць замест мяне на гэтым месцы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму вучыцеся ў першую чаргу думаць пра будучыню краіны і беражыце свой імідж, свой твар".
"І проста ведайце: калі мы, старэйшае пакаленне, гаворым, што працуем на карысць Беларусі, - гэта азначае на карысць нашых дзяцей, гэта значыць вас. Няма матывацыі мацнейшай за гэту. І няма нічога больш важнага, чым бачыць вас шчаслівымі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У час Рэспубліканскага балю таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання яго ўдзельнікаў. Падзякі Прэзідэнта былі ўдастоены лепшыя педагогі і выпускнікі беларускіх ВНУ.