Удзел у пленарным пасяджэнні VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

  • 14
  • 16:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 ліпеня прыняў удзел у пленарным пасяджэнні VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

У час выступлення Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за публічную падтрымку Беларусі ў няпросты перыяд, асабліва на фоне спроб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і абваліць эканоміку. Як расказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, гэта тэматыка абмяркоўвалася і ў час сённяшняй тэлефоннай размовы лідараў дзвюх краін. "Вывад, які мы зрабілі па выніках размовы: мы не проста вытрымаем тыя атакі, якія зроблены супраць нашых дзяржаў. Мы выкарыстаем (як гэта зрабіла Расійская Федэрацыя, калі супраць яе ўвялі санкцыі) гэты момант, каб узмацніць эканамічнае супрацоўніцтва і зрабіць нашы дзяржавы абсалютна незалежнымі - не толькі з пункту гледжання эканомікі. Гэта вынік нашых перагавораў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Традыцыйныя сустрэчы, якія праходзяць пад патранатам верхніх палат парламентаў, сталі важнейшым эканамічным і камунікацыйным праектам Саюзнай дзяржавы", - адзначыў беларускі лідар.

Беларусь, паводле яго слоў, падтрымлівае цесныя кантакты з больш як 70 рэгіёнамі Расіі - ад Смаленска да Сахаліна, кожны год Мінск прымае не менш як дзясятак дэлегацый, якія ўзначальваюць расійскія губернатары.

"Гэтыя факты і сама практыка работы форумаў рэгіёнаў пацвярджаюць, што на еўразійскай прасторы няма іншай маштабнай інтэграцыйнай пляцоўкі, дзе беларуска-расійскае супрацоўніцтва развівалася б так паспяхова", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўнай адметнай рысай такіх сустрэч Прэзідэнт лічыць змястоўны, зацікаўлены, адкрыты і вельмі карысны дыялог сяброў і партнёраў. "А плён шматгадовай сумеснай працы цалкам рэальны і выражаецца канкрэтнымі лічбамі. За 7 гадоў падпісана больш за 370 пагадненняў аб супрацоўніцтве і кантрактаў амаль на $3 млрд. Прычым асабліва адзначу, што больш за чвэрць гэтай сумы - вынік мінулагодніх дзелавых сустрэч", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён упэўнены, што такая дынаміка выклікае аптымізм.

Чакаецца, што сёлетні, восьмы форум прыбавіць да агульнай сумы падпісаных пагадненняў і кантрактаў яшчэ прыкладна $800 млн, адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асобна падзякаваў за эфектыўную працу па арганізацыі форуму кіраўнікам верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі Наталлі Качанавай і Валянціне Мацвіенка. "Унікальная форма работы нашага форуму (наўрад ці мы знойдзем такую форму дзе-небудзь у свеце), дзе парламентарыі, акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў па прыняцці законаў, займаюцца так глыбока эканомікай. Форум рэгіёнаў - у першую чаргу эканамічная пляцоўка, пляцоўка для работы ўрадаў". Удзел Прэзідэнтаў у форуме, на думку беларускага лідара, дае магчымасць задзейнічаць у гэтым мерапрыемстве большую колькасць удзельнікаў.

Кіраўнік дзяржавы назваў будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі самым грандыёзным і паспяховым беларуска-расійскім праектам апошніх дзесяцігоддзяў.

"З асаблівым гонарам хачу паведаміць, што літаральна гэтымі днямі ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю першы блок Беларускай АЭС. Праз год пачне працаваць другі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Безумоўна, гэта самы грандыёзны і паспяховы беларуска-расійскі праект апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта яркае сведчанне таго, што ў беларусаў і расіян ёсць усе магчымасці і далей пашыраць эканамічныя, культурныя і проста дружалюбныя сувязі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Расія не проста адгукнулася на просьбу Беларусі пабудаваць атамную электрастанцыю, а Уладзімір Пуцін падтрымаў просьбу беларускага лідара падключыць да ўзвядзення аб'екта айчынных спецыялістаў, каб яны атрымалі каштоўны вопыт работы на такіх унікальных праектах. "Мы таксама з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што пры неабходнасці (а такая неабходнасць ужо ёсць) мы будзем гатовы сумесна з расіянамі ажыццявіць такія праекты за межамі Беларусі і Расіі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі адбываецца на фоне росту напружанасці на міжнароднай арэне, дзе пакуль прэваліруюць дэструктыўныя тэндэнцыі. У прыватнасці, сур'ёзным выпрабаваннем на трываласць і праблемай нумар адзін стала пандэмія. "У гэтых умовах Расія і Беларусь робяць усё магчымае, каб яе спыніць. Мы бачым, што расслабляцца пакуль рана. Аднак упэўнены: агульнымі намаганнямі мы справімся", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён яшчэ раз падзякаваў Прэзідэнту Расіі за аказаную падтрымку ў барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь стала першай краінай, якой Расія паабяцала паставіць распрацаваную вакцыну. Больш таго, беларускаму боку была прадастаўлена тэхналогія вытворчасці вакцыны. "Яшчэ раз, Уладзімір Уладзіміравіч, ад імя беларускага народа публічна дзякую вам не толькі за тое, што вы своечасова, у тэрмін пастаўляеце абазначаныя аб'ёмы вакцыны, але і перадалі нам тэхналогію вытворчасці. І мы паспяхова працуем, вырабляючы ў месяц больш за паўмільёна доз", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра сучасныя геапалітычныя выклікі, беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што дзяржавы - лідары заходняга свету зрабілі стаўку на сілу: яны адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, пастаянна мяняюць правілы гульні, ігнаруючы базавыя дамоўленасці.

"Мы бачым, якія намаганні прыкладае кіраўніцтва Расіі, каб захаваць няўстойлівы баланс сіл на планеце. Аднак, на жаль, на калектыўным Захадзе, у Вашынгтоне і Бруселі, не заўсёды хочуць чуць канструктыўныя прапановы. Нашы апаненты тармозяць усе слушныя, пазітыўныя ініцыятывы і правакуюць новыя крызісы. Па сутнасці, намерана разбураецца архітэктура бяспекі, створаная пасля Другой сусветнай вайны, за якую мы заплацілі ні многа ні мала амаль 30 млн жыццяў савецкіх людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Спачатку былыя саюзнікі ўзгадавалі пакаленне, якому ўнушылі, што вайну развязаў Сталін, а выйгралі Злучаныя Штаты і Англія. А цяпер яны перапісваюць гісторыю і спрабуюць рэабілітаваць нацызм", - сказаў ён.

Асобныя постсавецкія краіны ў поўнай меры ўжо адчулі гэта на сабе, але рэалізаваць такі сцэнарый у Беларусі не ўдалося, канстатаваў Прэзідэнт.

"Таму мы зведваем непрыкрыты эканамічны і палітычны прэсінг. Ён, магчыма, і не спатрэбіўся б цяпер, калі б яны выйгралі той бліцкрыг, які пачалі ў жніўні мінулага года. Нешта ў іх пайшло не так, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Разам з тым зразумела, што ўсе санкцыі - проста бесцырымонныя спробы ўстараніць эканамічных канкурэнтаў і налажыць лапу на чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы нашых дзяржаў. Захад нацэлены на стрымліванне развіцця, зрыў інтэграцыйных праектаў і змену курсу беларускай дзяржавы (і не толькі беларускай). Таму асаблівае значэнне набываюць умацаванне адзінства і пашырэнне супрацоўніцтва".

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Прэзідэнту Расіі і ўсім расіянам за падтрымку ў барацьбе за захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. "Гэта вельмі важна і каштоўна для нас, таму што мы бачым, як паступова знікае дзяржаўны суверэнітэт нашых паўднёвых суседзяў, - заявіў беларускі лідар. - Ад гэтага пакутуюць людзі. І мы не можам дапусціць разрыву братэрскіх сувязей паміж народамі".

Прэзідэнт адзначыў важнасць лічбавізацыі, якая павінна быць арыентавана на развіццё рэальных вытворчасцей і паляпшэнне жыцця людзей.

"Наш саміт прысвечаны пытанням навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ва ўмовах лічбавізацыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Лічба даўно стала неад'емнай часткай нашай рэчаіснасці і ў будучым чалавецтва напэўна чакаюць яшчэ больш глабальныя перамены. Аднак упэўнены, што ўсе яны павінны быць арыентаваны на развіццё рэальных вытворчасцей і паляпшэнне жыцця людзей".

"Цалкам відавочна, што для краін, у якіх няма патрэбных рэсурсаў, адставанне ў лічбавых тэхналогіях пагражае непераадольнай няроўнасцю. Чалавецтва не павінна стаць заложнікам такой сітуацыі", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што нельга дапусціць дамінавання адных дзяржаў над іншымі.

"Зразумела таксама, што ніхто гэтыя тэхналогіі нам не дасць. Мы павінны разлічваць толькі на ўласныя сілы і кааперацыю. Менавіта прамысловая і навуковая кааперацыя бачыцца галоўным рухавіком нашай інтэграцыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў: "Мы і самі сёе-тое можам прапанаваць нашым замежным партнёрам, калі яны гэтага захочуць. Мы ў гэтым плане не адстаём".

Ён падкрэсліў, што настаў час выпрацаваць сумесны лічбавы парадак дня, арыентаваны на практыку. Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што ў гэтай сферы ўзаемадзеянне дзвюх краін якраз адстае.

"Добрай падмогай для рэалізацыі такога парадку дня павінны быць праграмы Саюзнай дзяржавы, - перакананы Прэзідэнт. - Большасць з іх дазваляе нам ствараць і тыражаваць высокатэхналагічныя матэрыялы і вытворчасці. Тым больш што супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных па лініі акадэмічнай навукі інтэнсіўна развіваецца". 

Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Мы пашыраем узаемадзеянне ў даследаванні космасу, разам ствараем высокапрадукцыйныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі, нанаматэрыялы, працуем над праблемамі медыцыны і маем добрыя вынікі ў гэтых галінах. Эфектыўна супрацоўнічае з інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук, што яшчэ раз даказвае паспяховасць прамых кантактаў з рэгіёнамі".

Прэзідэнт выказаў меркаванне: "Ключавая задача - павышэнне глабальнай канкурэнтаздольнасці нашых краін, што ў сучасным свеце практычна немагчыма без сур'ёзных інавацый. У рэальным вытворчым сектары нашых эканомік, на жаль, доля высокатэхналагічных вытворчасцей, дынаміка яе росту вельмі недастатковыя".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што павышэнню інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Расіі будзе садзейнічаць пераход да стварэння лічбавых платформ. "Яны могуць стаць ключавымі інструментамі лічбавай трансфармацыі традыцыйных галін і рынкаў", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

У 2022 годзе завяршаецца рэалізацыя прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы, якія традыцыйна зацвярджаюцца на чатыры гады.

"Прапаную разгледзець магчымасць падрыхтоўкі доўгатэрміновай стратэгіі інтэграцыі Саюзнай дзяржавы (напрыклад, да 2030 года), напоўніць яе канкрэтнымі праектамі з улікам ключавых прыярытэтаў і вектараў развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці перспектыўнай сферы для ўзаемадзеяння ён назваў далейшае развіццё прамысловай інтэграцыі. Прэзідэнт прывёў у прыклад вытворчасць інтэгральных схем. Паводле яго слоў, гэта пытанне кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі раней.

"Нам гэта вельмі важна. Мы, на жаль, пасля распаду Савецкага Саюза крыху падразвалілі нашы прадпрыемствы, якія займаліся інтэгральнымі схемамі і ў Беларусі, і ў Расіі. Але мы дамовіліся, што ў нас задзел нядрэнны, і мы рэанімуем гэтыя прадпрыемствы. Яны будуць працаваць у бліжэйшыя гады на самым высокім узроўні. Як сказаў Прэзідэнт (Уладзімір Пуцін. - Заўвага), немагчымы без гэтых прадпрыемстваў ніякія высокатэхналагічныя прадукты: ні ў космасе, ні ў абароне, ні ў іншых галінах. Мы вельмі сур'ёзна над гэтым праектам з расіянамі працуем", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Адным з перспектыўных напрамкаў для супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы назваў стварэнне і выкарыстанне штучнага інтэлекту. Прэзідэнт адзначыў, што ў беларускім Парку высокіх тэхналогій імкліва развіваюцца дзясяткі кампаній, якія працуюць у гэтай сферы.

Паводле яго слоў, многія іх ІТ-прадукты маглі б знайсці прымяненне ў Расіі, у тым ліку ў рэгіёнах. "Вопыт у нас ёсць. Парк паспяхова канкурыруе на самых жорсткіх і патрабавальных рынках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Больш таго, дзякуючы, можа, парку, можа быць, таму што мы своечасова схамянуліся і ўзяліся за гэту тэму, у нас сёння ўжо няма праблем з айцішнікамі. У нас вельмі вялікі пласт гэтых айцішнікаў створаны ў вытворчасці і ў Акадэміі навук. І яны не проста распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне. Яны ўжо ствараюць на яго аснове канечныя прадукты. Як я кажу, ператвараюць гэта ў жалеза і атрымліваецца канечны тавар. У адрозненне ад Парка высокіх тэхналогій, дзе ствараючы праграмнае забеспячэнне высокага ўзроўню, вымушаны за паўцаны прадаваць яе вялікім кампаніям, перш за ўсё ў Злучаных Штатах Амерыкі. Вось нам трэба пераходзіць на канечныя прадукты і ў нашай Саюзнай дзяржаве", - перакананы беларускі лідар.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў свеце выказваюцца вялікія апасенні, што штучны інтэлект можа стаць інструментам маніпуляцый і галоўнай зброяй гібрыдных войнаў.

"Універсальнасць лічбавых тэхналогій, адсутнасць геаграфічнай прывязкі і шырокая даступнасць спараджаюць пытанне аб лічбавым суверэнітэце дзяржаў і іх інфармацыйнай незалежнасці. Як вынік, мы маем яшчэ адно шырокае поле для супрацоўніцтва, дзе нам трэба нарошчваць сумесныя намаганні, - гэта забеспячэнне кібербяспекі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і Расія, і Беларусь ужо сутыкнуліся з разбуральнымі наступствамі розных сеткавых тэхналогій, з дапамогай якіх у інтэрнэце ідзе пастаянная бескампрамісная барацьба за розум і душу людзей. "Гэта наша агульная пагроза, якой мы павінны навучыцца эфектыўна процістаяць, - падкрэсліў ён. - Сёння, калі адкрываюцца дзверы ў новы свет, дзе нараўне з чалавечым ужо амаль на роўных праяўляе сябе штучны інтэлект, трэба помніць, што мы не павінны страціць галоўнае - самога чалавека і ўсё чалавечае ў гэтым чалавеку".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў усё большую ролю СМІ ў суправаджэнні палітычных, эканамічных і інтэграцыйных працэсаў.

"Нам трэба ўмацоўваць саюзныя сродкі масавай інфармацыі. Узмацняць іх уплыў на агульным інфармацыйным полі, асабліва ў інтэрнэце, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Выпрацоўваць у людзей імунітэт да фэйкавай інфармацыі, забяспечваць высокі ўзровень бяспекі ў медыясферы".

На думку Прэзідэнта, Беларусі і Расіі трэба больш прадметна займацца моладдзю. "Рэальна зрабіць маладзёжную палітыку адным з галоўных прыярытэтаў Саюзнай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта пытанне плануецца абмеркаваць на маючым адбыцца пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна выхоўваць ствараючую моладзь - патрыётаў і творцаў, якія звязваюць з роднай зямлёй свой лёс і лёсы дзяцей, ствараць для іх новыя перспектывы ў саюзнай адукацыйнай прасторы.

Прэзідэнт таксама адзначыў: "Расія заўсёды была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам Беларусі, а наш братэрскі саюз - гэта каштоўнасць, якую неабходна захаваць, прымножыць і перадаць будучым пакаленням".

Ён падкрэсліў, што ў гэтым місія цяперашняга пакалення і кіраўніцтва абедзвюх краін і для гэтага будзе зроблена ўсё неабходнае.