Удзел у рэспубліканскім суботніку ў мемарыяльным комплексе "Хатынь"
- 24
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка ў дзень рэспубліканскага суботніка наведаў мемарыяльны комплекс "Хатынь" і прыняў удзел у работах па яго добраўпарадкаванні.
Кіраўнік дзяржавы даручыў да 80-годдзя трагедыі пабудаваць тут музей і правесці ўсе неабходныя рэстаўрацыйныя работы.
"Значыць, у наступным годзе 80 гадоў. Усё вылізаць ад Мінска да "Хатыні", пачынаючы ад дарог. Усё будаўніцтва (у мемарыяльным комплексе. - Заўвага) трэба скончыць да гэтага часу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Кіраўніку дзяржавы дырэктар "Хатыні" Артур Зельскі, у мемарыяльным комплексе плануецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі. Першая чарга будаўніцтва запланавана на 2022 год. Яна ўключае ачыстку скульптуры "Няскораны чалавек", рамонт п'едэстала, манумента "Дах гумна" і мемарыяла "Вянок памяці", рэстаўрацыю гранітных пліт дарогі "Апошні шлях".
У час другой чаргі будаўніцтва прадугледжваецца адрамантаваць мемарыялы "Могілкі вёсак" і "Дрэвы жыцця", бетонныя агароджы пахаванняў, урны з зямлёй. Работы таксама запланаваны на 2022 год.
Трэцяя чарга прадугледжвае рамонт падсветкі цэнтральнай дарожкі і гукавога афармлення мемарыяла.
У "Хатыні" плануецца пабудаваць новы будынак музея. Згодна з канцэпцыяй гэта будзе аднапавярховы будынак агульнай плошчай 1 тыс. кв.м з кругавым рухам па шасці выставачных залах.
"У маі каб былі пачаты ўсе работы. Да 9 мая мне далажыце тэрміны, планы, хто будзе працаваць, экспертызы, праекты, каштарысы. Я разумею, што мы зможам пабудаваць. Але будзем акуратна аснашчаць яго. Мы павінны да гэтага юбілею зрабіць усё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Неадкладна пачынайце будаваць музей. Галоўнае - экспазіцыя, якая там будзе. Каб людзі прыйшлі і, перш чым сюды ступіць нагой, каб у іх сэрца ўжо рвала".
Наведваючы мемарыяльны комплекс, Прэзідэнт усклаў кветкі да манумента "Няскораны чалавек" і прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку.
Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што выбар мемарыяльнага комплексу "Хатынь" для работы на суботніку быў па-за канкурэнцыяй.
"З таго спіса для выбару "Хатынь" была па-за канкурэнцыяй, калі мне прапанавалі, дзе можна папрацаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Але самае галоўнае, гэта ж гісторыя - 80 гадоў у наступным годзе".
"Сімвалізм у тым, што мы сёння з вамі далі старт абнаўленню гэтага помніка і адраджэнню яго", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад, што ў адным з месцаў мемарыяльнага комплексу раней была вясковая цэркаўка каля старых могілак. "І вось яна тут, на гэтым прыгорку, проста просіцца, каб мы аднавілі яе, гэту душэўную драўляную цэркаўку. Пахадзіўшы, людзі тут змогуць зайсці ў царкву, паставіць свечку", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, да 80-годдзя ў асноўным будзе завершана абнаўленне помніка. "Мы дамовіліся, што кожны год мы нейкі элемент павінны тут уносіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт на рэспубліканскім суботніку ў складзе брыгад працаваў на закладцы парку гістарычнай памяці: усяго 149 саджанцаў - па колькасці загінулых жыхароў вёскі Хатынь. Былі таксама высаджаны пладовыя дрэвы і кусты каля сімвалічных зрубаў дамоў. "Як сімвал, што якія б цяжкасці і часы ні былі, жыццё прадаўжаецца. І тут яно таксама, нягледзячы на гэты жорсткі гістарычны сімвалізм", - адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама падкрэсліў, што ўсе заробленыя ў Беларусі на суботніку сродкі будуць накіраваны на развіццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што суботнік - адно з мерапрыемстваў, якое трэба было запазычыць з савецкіх часоў. "Мы нікога не прымушаем - справа добраахвотная. Ніхто нікога не прымушае працаваць на сваю Радзіму", - сказаў Прэзідэнт.
Ён прывёў прыклад з работамі па добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу "Хатынь": "Мы хочам аддаць даніну памяці тым людзям. Мы прыйшлі. Калі нягоднік нейкі хоча забыць гэта, перакрэсліць (гэта мы бачым па паўднёвай суседцы), гэта яго справа. Мы з гэтым будзем змагацца, і жорстка".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не раз гаварыў, што ўсё лепшае з савецкіх часоў трэба захаваць і перанесці ў нашу гісторыю. "Суботнік - адно з такіх мерапрыемстваў, якое трэба было ўзяць адтуль. Гэта традыцыі, а традыцыямі жывы наш народ", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама адмовіў заявы некаторых асоб аб тым, што суботнік - гэта нібыта парушэнне працоўнага заканадаўства. "Я гэта ведаю і гэта чуў не адзін раз. І на гэта дзікае глупства нават рэагаваць не хачу, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта дурасць, глупства несусветнае. Ніякага заканадаўства мы тут не парушаем - тое, што мы прыйшлі, замест сядзення на канапе папрацавалі".
"Таму не трэба нават слухаць гэтыя разважанні. Сумленна кажучы, яны нам і выгадныя, такія іх разважанні. Каб народ бачыў, хто ёсць хто. Калі чалавек так разважае - нягоднік. Інакш яго не назавеш. І не дай бог што здарыцца - гэта будучыя калабаранты. Таму добра, што мы іх бачым. 2020 год нас навучыў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гаворачы аб прадстаўніках заходніх краін, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў іх стала модай наведваць ваенныя мемарыялы, але на самай справе ім усё роўна на падзеі тых гадоў.
"Не верце ім, не верце. У іх гэта стала модай: прыйсці, паскардзіцца, папрасіць прабачэння, якія яны бедныя, як яны тут дрэнна зрабілі. Памятаеце, прыехалі з Аўстрыі і Германіі (у мемарыяльны комплекс "Трасцянец" у 2018 годзе. - Заўвага). Здавалася б, усё - асвяцілі нашу зямлю. Яны ніколі не дакрануцца да гэтай святыні бруднымі рукамі. Што адбылося потым: санкцыі, санкцыі, санкцыі", - сказаў Прэзідэнт, каменціруючы здарэнне ў Бухенвальдзе і рэакцыю пасла Германіі.
Прэзідэнт нагадаў, што спачатку Захад развязаў супраць Беларусі інфармацыйную, а затым і эканамічную вайну. "Таму не верце ўсім іх паклонам і гэтак далей. Яны робяць сваю англасакскую справу, як гэта ў нас прынята называць, або калектыўнага Захаду. Ім глыбока напляваць на гэту гісторыю і на тое, што адбылося з гэтымі гаротнікамі - паўтара сотнямі дзяцей, жанчын, старых. Ім на гэта глыбока напляваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што заходнія дыпламаты займаюцца ў Беларусі дзейнасцю накшталт фашызму.
"Калі-небудзь я гэта зраблю. Абагульнім усё дакументальна і вам вывалім, чым яны тут займаюцца. Вы жахняцеся. Гэта ўжо не нацыкі нават, гэта ўжо накшталт фашызму - тое, што яны тут робяць у Беларусі. Гэта бачна ў выглядзе гэтых санкцый і націску на Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Падводзячы вынікі рабочай паездкі ў Расію і наведвання касмадрома Усходні ў Амурскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адкрыта новая старонка ў нашых адносінах.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што здымаюцца ўсе забароны на ўдзел грамадзян і арганізацый Беларусі ў будаўніцтве на закрытых раней для іх тэрыторыях. "Прыняты закон у Расіі. Спецыяльна па Беларусі. Гэта выпадак рэдкі. Наогул такога не было. Беларусы дапушчаны да ўсіх закрытых аб'ектаў. А для беларускага Прэзідэнта ніколі не было забароны. Я быў на заводах, дзе вырабляюць ядзерныя боегалоўкі, ракеты. Я ведаю гэта ўсё. Больш таго, нядаўна мы з Пуціным прысутнічалі на трэніроўцы сіл стрымлівання (чытай: ядзерных сіл стрымлівання), - сказаў Прэзідэнт. - Ну і вось адкрыта новая старонка ў нашых адносінах. Зняты ўсялякія забароны на прысутнасць Беларусі на расійскіх закрытых будоўлях. Касмадром - гэта сакрэтная закрытая будоўля".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта была прапанова расійскага боку - дапамагчы дабудаваць касмадром. У тым ліку размова ідзе і пра будаўніцтва жылля. "Такая была просьба. Гэта была прапанова Прэзідэнта Расіі", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адрэагаваў на публікацыі ў заходняй прэсе аб тым, што візіт на касмадром быў для таго, каб сфатаграфавацца з Уладзімірам Пуціным разам з ядзерным чамаданчыкам. "Правільна. Мы сфатаграфаваліся. Чамаданчык я і не бачыў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта маштабна. Ракета - прыгажуня! Я, праўда, не першы раз бачу гэту ракету. Не першы раз сфатаграфаваўся на фоне гэтай ракеты. І ў нас з Пуціным фатаграфій дастаткова. Таму такія вось, ведаеце, дробныя агідныя падкавыкі. Можа, некаму зайздросна, што вялікая імперыя запрашае малодшага брата для таго, каб разам працаваць і глядзець у будучыню. Нарэшце".