Удзел у рэспубліканскім суботніку
- 21
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка традыцыйна прыняў ўдзел у рэспубліканскім суботніку, які ў гэтым годзе праводзіўся 17 красавіка.
Кіраўнік дзяржавы працаваў на сваёй малой радзіме - у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Брыгада на суботніку на чале з Аляксандрам Лукашэнкам займалася добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторыі вакол пляцоўкі, дзе штогод на Купалле праводзіцца папулярны фестываль "Александрыя збірае сяброў", які палюбіўся гасцям з розных краін.
Выбар гэтага месца на беразе Дняпра асабліва сімвалічны ў Год народнага адзінства, паколькі яно заўсёды было месцам дружбы і супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей і культур. Тут, на гандлёвым шляху "з варагаў у грэкі", праходзілі кірмашы і народныя гулянні, фарміраваліся традыцыі добрасуседства, чаго цяпер іншым часам востра не хапае ў адносінах паміж краінамі. Працягам гэтай слаўнай гісторыі стала правядзенне фестывалю - каля моста, які звязвае не толькі два блізкія сэрцу Аляксандра Лукашэнкі населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але таксама Магілёўскую і Віцебскую вобласці.
Цяпер гэты маляўнічы куток Беларусі ўпрыгожаць высаджаныя дубы, ліпы, рабіны і кустоўе. У будучым яны стануць яскравым напамінам не толькі пра добрую традыцыю праводзіць суботнікі, але таксама пра міралюбную палітыку і працавітасць беларускага народа, сімвалам клопату пра экалогію і прыгажосць роднага краю.
Пасля прыбыцця да месца правядзення суботніка Аляксандр Лукашэнка прайшоў інструктаж па тэхніцы бяспекі і распісаўся ў адпаведным журнале.
Ён прыгадаў, як у гэтым месцы, дзе цяпер стаіць сучасны мост, у гады яго дзяцінства была пераправа цераз Днепр. На процілеглым баку ракі - пасёлак гарадскога тыпу Копысь. Менавіта на яго прыкладзе ў свой час па даручэнні Кіраўніка дзяржавы пачалася мадэрнізацыя такіх населеных пунктаў па ўсёй краіне. Без празмернасцей, па-гаспадарску. "Менавіта зыходзячы з тых грошай, якія сёння ёсць. Адсюль пачыналася мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі і гарадскіх пасёлкаў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што стаіць задача ў такіх населеных пунктах за мінімальны кошт выдзяляць участкі для жадаючых пабудаваць сабе дом. "Так павінна быць усюды. Але паглядзім, ці так гэта", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з журналістамі ў час рэспубліканскага суботніка, Прэзідэнт расказаў, чаму прыехаў менавіта ў Александрыю на сваю малую радзіму.
"Гэта мой любімы занятак - упрыгожваць зямлю і тэрыторыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, якімі цяжкімі былі для краіны 90-я гады мінулага стагоддзя, і ў Год народнага адзінства была яшчэ адна нагода папрацаваць на суботніку менавіта на малой радзіме. "Адзінства ў сярэдзіне 90-х пачыналася адсюль. Я першы Прэзідэнт, на гэтай зямлі нарадзіўся. Тады ўдалося неяк аб'яднацца. Аб'ядналася краіна і людзі вакол чалавека, які нарадзіўся на гэтай зямлі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"А потым думаю: калі яшчэ прыедзеш на родную зямлю, дадому... Часу заўсёды не хапае. А тут выпадак выдаўся і папрацаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна прычына - суботнік Прэзідэнт правёў якраз на тым месцы, дзе летам на Купалле праходзіць фестываль "Александрыя збірае сяброў", які беларускі лідар назваў сваім дзецішчам. "Трэба ўпрыгожваць гэту тэрыторыю", - сказаў ён.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бягучая сітуацыя з захваральнасцю на COVID-19 у Беларусі кантралюемая і нават ніжэйшая за раней чаканы ўзровень.
"Мы чакалі, гаварылі аб гэтым, што будзе новая, трэцяя, хваля. Мы чакалі большай хвалі. Я думаю, Піневіч (Міністр аховы здароўя. - Заўвага) сказаў ужо аб гэтым, што мы чакалі ў паўтара раза вышэйшы ўздым", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы вырабляем дастаткова вакцын для таго, каб хоць на час засцерагчы ад небяспекі людзей. На паўгода, 6-8 месяцаў. Мы не ведаем, на працягу якога тэрміну вакцына будзе дзейнічаць. Тое, што яна дзейнічае і засцерагае людзей на нейкі перыяд, - гэта дакладна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў важнасць здаровага ладу жыцця, падтрымання дастатковага ўзроўню фізічнай актыўнасці з улікам, што такія вірусы могуць атрымаць распаўсюджанне і ў будучым. "Вірус актывізуе тыя хваробы, якія ёсць у чалавека, - хранічныя. Нават тыя хваробы, якія мы часам не бачым. Улічваючы, што мы ўвесь час будзем жыць з гэтымі вірусамі, не ведаю, якія будуць, нам трэба ўзяцца за сябе і за сваё жыццё. Больш працаваць, нармальна харчавацца. Колькі разоў казаў: сваё трэба есці, з нашай зямлі, а не нейкае заморскае. Гэта значыць, трэба брацца за свой лад жыцця", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сам пакуль не плануе вакцынавацца, асабліва ўлічваючы тое, што нядаўна аналіз яго крыві паказаў наяўнасць дастатковай колькасці антыцел пасля раней перанесенай хваробы. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што раней ніколі не рабіў прышчэпкі і ад грыпу.
Прэзідэнт таксама, размаўляючы з журналістамі, расказаў аб сваіх уражаннях ад фільма "Манкурты". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не глядзеў фільм непасрэдна ў момант яго выхаду, таму што выкладзеныя ў ім факты ведаў да гэтага, прытым яшчэ глыбей. "Таму што мы не ўсё маглі паказаць, ідзе следства. Вельмі многія людзі, адкрыта скажу, пад кантролем. Мы іх бачым. Рана ўсё раскрываць. Але калі пачалі мяне пытацца: глядзеў - не глядзеў, думаю, трэба паглядзець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што фільм зроблены для людзей, якія хутка схопліваюць і ў тэме. "Два разы глядзеў потым, каб зразумець, як нашы людзі, звычайныя, успрымуць. І вось з другога раза, як у моладзі прынята казаць, заходзіць. Фільм зроблены добра, вельмі якасна, на ўзроўні вышэй за сярэдні. Малайцы вы, што потым далі каментарый па асобных момантах", - заявіў Прэзідэнт.
Журналісты пацікавіліся магчымым удзелам замежных дзяржаў у падзеях у Беларусі, у прыватнасці падрабязнасцямі затрымання ў Маскве шэрага асоб.
"Я чаму аб гэтым не гавару? Таму што гэта непасрэдна датычыцца мяне і маіх дзяцей. Калі вы заўважылі, я часта гаварыў: нас будуць хістаць, гэта доўга, яны ад нас не адстануць, мы яшчэ шмат чаго не ведаем. Цяпер мы ведаем больш, але не ведаем усё. Але я прадугледжваў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі не ўдалася спроба арганізаваць спачатку мяцеж, а пасля гэтага "паўзучы пераварот". "Што цяпер яны могуць зрабіць? Зноў гэта іх фразы: усё трымаецца на Лукашэнку, трэба знесці. Мая задача зрабіць так: калі знясуць, каб у іх нічога не атрымалася. Гэта галоўная мая задача. У бліжэйшы час, я прыняў рашэнне, мы яго цяпер фармалізуем, я агучу. Гэта будзе адно з прынцыповых маіх рашэнняў за чвэрць стагоддзя прэзідэнцтва. Гэта будзе вельмі сур'ёзна. Таму нават калі мяне не будзе, па-народнаму кажучы, "толькі праз мой труп", у іх нічога не атрымаецца. Я прыняў рашэнне. Цяпер мне трэба яго фармалізаваць. Гэта будзе хутчэй за ўсё дэкрэт Прэзідэнта", - заявіў беларускі лідар.
"Другое, што ўвогуле недапушчальна. Чаму я маўчаў - пра сябе, пра сям'ю, пра дзяцей не хочацца гаварыць. Але яны ўзяліся за дзяцей. У планах захоп дзіцяці аднаго, другога, як атрымаецца. Пасадзім у склеп. Дарэчы, у Гомельскай вобласці склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу, яны правялі, паказалі, як гэта ўсё планавалі, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Затым мы выявілі работу яўна замежных спецслужбаў. Хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў... Мы выявілі іх жаданне прыехаць у Мінск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на жыццё Прэзідэнта і яго дзяцей".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па адпаведных каналах была папярэджана Расія і іншыя, каб былі ў курсе. "Не дай бог - адказ будзе самы жорсткі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца раскрыцця дзеянняў, якія рыхтаваліся адносна Прэзідэнта і яго сям'і, то Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб КДБ перадаў адпаведную інфармацыю ў СМІ, каб гэта паказалі ў эфіры.
Тым не менш, Кіраўнік дзяржавы падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі: "Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся (ехаць непасрэдна ў Мінск. - Заўвага). З ЗША прыляцелі - агентура. Прозвішча яго - нейкі Зянковіч (размова пра Юрыя Зянковіча. - Заўвага). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў тайнікі схавалі. Яны паехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты - Фядута (Аляксандр Фядута. - Заўвага). Потым сталі шырэй глядзець - Костусеў (Рыгор Костусеў. - Заўвага) з'явіўся там, у меншай ступені. Ён у Маскве не быў, мы выйшлі на яго тут. І шэраг іншых. Яны ўжо сёння бачны, таму мы можам нейкую інфармацыю агучыць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтву Расіі і непасрэдна ФСБ была накіравана просьба аказаць садзейнічанне ў арганізацыі затрымання ў Маскве адпаведных асоб. "Я папрасіў Прэзідэнта Расіі, і Тэртэль (Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль. - Заўвага) - свайго калегу Аляксандра Бортнікава, ФСБ. І мы іх там узялі. Выехала наша група захопу - 11-12 чалавек", - расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка недвухсэнсава папярэдзіў усіх нядобразычліўцаў: "Не дай бог яны дакрануцца да маіх дзяцей, якія наогул не маюць дачынення да гэтага! Не дай бог, не толькі да маіх, але і вашых! Разумееце, я цярпеў, усё чакаў, чырвоныя лініі маляваў для сябе. А цяпер мы іх будзем мачыць так, што ім мала не падасца".
"Мяне здзіўляе іншае: чаму амерыканцы сябе так паводзяць. Паставіць задачу ўстараніць Прэзідэнта, запомніце, не можа ніхто, акрамя вышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Толькі яны, ніякія спецслужбы, - адзначыў беларускі лідар. - Я скажу больш. Я ўдзячны Пуціну. Калі ён размаўляў з Байдэнам (Прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн. - Заўвага), ён яму задаў гэта пытанне. Бульканне - і ніводнага адказу! Уладзімір Уладзіміравіч мне патэлефанаваў, пра гэта сказаў, калі я з Азербайджана прыбыў".
На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы папрасіў прабачэння за эмацыянальнасць, растлумачыўшы гэта так: "Таму што гэта ўжо цераз край. Далей ніхто гэта цярпець не будзе".