Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць
- 35
- 6
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 19 сакавіка рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць.
Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварны комплекс "Абухава" сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя І.П. Сянько. Тут яму далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці за пяцігоддзе - 2016-2020 гады. ВРП вырас на 5%. Пры гэтым вытворчасць прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі павялічылася больш як на 14%, але адбылося зніжэнне ў сферы будаўніча-мантажных работ. Рэальная заработная плата за пяцігодку вырасла ў рэгіёне амаль на 30%. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі $372,5 млн. У Гродзенскай вобласці па выніку пяцігодкі склалася дадатнае сальда ў гандлі таварамі і паслугамі ў памеры больш як $2,6 млрд.
"Нават у 2020 годзе, які для ўсяго свету быў вельмі няпросты, удалося выканаць ваша даручэнне. Валавы рэгіянальны прадукт не знізіся - 100,1% (да ўзроўню 2019 года. - Заўвага). Вельмі моцна дапамагла сельская гаспадарка, забяспечыўшы рост на ўзроўні амаль 8%. Вырас экспарт паслуг і тавараў, захаваўся былы ўзровень па прамых замежных інвестыцыях", - далажыў губернатар Уладзімір Каранік.
Ён таксама расказаў аб важнейшых сацыяльна значных інвестыцыйных праектах. Гэта, у прыватнасці, рэканструкцыя моста ў Гродне і будаўніцтва анкалагічнага дыспансера, а таксама коплексу па вытворчасці баваўнянай пражы ў Смаргоні і дрэваапрацоўчага завода ў Свіслачы. У цэлым інвестыцыйная актыўнасць не зніжаецца, развіваецца сфера лагістыкі.
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то Уладзімір Каранік расказаў, што раслінаводства забяспечвае ўстойлівае развіццё жывёлагадоўчага комплексу. Забяспечаны рост асноўных паказчыкаў па вытворчасці малака без павелічэння дойнага статка. Іншымі словамі, больш высокі вынік дасягнуты дзякуючы павышэнню прадукцыйнасці працы, укараненню сучасных тэхналогій на малочнатаварных комплексах. Адпаведна ў разы вырас чысты прыбытак сельгаспрадпрыемстваў.
Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў дасягненні, але звярнуў увагу, што больш карэктна было б параўноўваць пяцігодку з пяцігодкай. "Не трэба захапляцца такімі паказчыкамі. 2015-ы і 2020 год мы ўзялі. 2020-ы быў нядрэнны, а якім быў 2015-ы", - адзначыў ён.
Было адзначана, што тым не менш у вобласці ёсць рэзервы для павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы. "Гродзенская вобласць можа яшчэ і павінна прыбаўляць. У вас не толькі па інтэнсіўнасці (надоі, якасць малака), але і па якасці трэба расці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Абмяркоўваліся і пытанні эфектыўнасці і аб'ёмаў вытворчасці малака ў вобласці, тэхналагічнай мадэрнізацыі ферм. Уладзімір Каранік заўважыў: "Каб было малако, патрэбны тры "К" - кадры, кармы, каровы". Вядуцца работы, каб вывесці на новы ўзровень забеспячэнне кармамі, але не менш важны і ўклад па лініі племянной справы.
Па пытанні гатоўнасці да веснавых палявых работ і пасяўной Уладзімір Каранік запэўніў: "Тут рызык не бачым. Ва ўстаноўленыя тэрміны, ёсць тэхніка, людзі, насенны фонд ужо гатовы".
Прэзідэнт нагадаў аб пытанні, на якое ён заўсёды звяртае вялікую ўвагу: каб "перапрацоўшчыкі не крыўдзілі вяскоўцаў па цане" пры закупках вырабленай прадукцыі.
Старшыня СВК Валерый Шумель падрабязна расказаў пра стан спраў на прадпрыемстве. Можна сказаць, што яно ў раёне і вобласці перадавое. Сярэдняя заработная плата ў СВК дасягнула Br1350. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за пяць гадоў вырасла на Br20 млн і дасягнула Br58 млн па выніках 2020 года, чысты прыбытак - Br12 млн, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі - 26,6%. "Гэта значыць, эканоміка ў гаспадарцы складваецца. Мы працуем у гэтым напрамку. Першае - рост прадукцыйнасці. За апошнія пяць гадоў прадукцыйнасць дойнага статка мы павялічылі на 124% - прыкладна 5% у год. Рэзервы для далейшага росту ёсць", - сказаў ён.
"Гэта значыць, заўтрашні дзень ты бачыш спакойна, без дадатковых плошчаў раллі?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
Валерый Шумель адказаў сцвярджальна. Ён расказаў, што структура пасяўных плошчаў распрацавана такім чынам, каб забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі. "Мы працуем над эканомікай. Будуць грошы - будзе развіццё", - сказаў ён.
"Крэдытамі карыстаешся?" - прадоўжыў цікавіцца Кіраўнік дзяржавы.
"Не, не карыстаемся", - упэўнена заявіў Валерый Шумель.
Больш таго, развіваючы вытворчасць, прадпрыемства не забывае і пра сацыяльную сферу - сваіх работнікаў. "У мінулым годзе пабудавалі 16-кватэрны дом за кошт сродкаў гаспадаркі. І ў чатырох дамах правялі капітальны рамонт. 20 сем'яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Так, прыходзіць моладзь, прыходзяць людзі збоку. На сённяшні дзень мы чаргу з маючых патрэбу практычна задаволілі, адзін чалавек застаецца. Але ўжо ёсць людзі, якія прыходзяць, пішуць заявы, мы ставім іх на чаргу. Калі спатрэбіцца, мы зноў будуем дом. За апошнія пяць гадоў пабудавалі два 16-кватэрныя дамы за кошт сродкаў гаспадаркі", - расказаў кіраўнік СВК.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна і даволі доўга знаёміўся з работай СВК, у прыватнасці малочнатаварнага комплексу, цікавіўся дэталямі і падыходамі ў рабоце. Ужо наведваючы ў Гродне ААТ "Малочны свет", Прэзідэнт сказаў: "Паглядзелі, як вырабляюць, - вельмі добрае малако. Чысцыня там такая - не таму, што я туды прыехаў і там прыбралі. Як чалавек, які вырас на ферме, я бачу, дзе дрэнна, дзе добра. Бачу ў лабараторыі ў вас прэтэнзій да малака няма, і не толькі да "абухаўскага", але і ўвогуле ад сыравіннай зоны. Значыць, сістэма працуе".
На "Малочным свеце" Кіраўніку дзяржавы далажылі аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка наведаў некалькі вытворчых участкаў, дзе азнаёміўся з сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі малака і вытворчасцю сыру, а таксама выстаўку мясцовай прадукцыі. Тут яму прэзентавалі навінку - цвёрды сыр "Прэзідэнт". Кіраўнік дзяржавы прадэгуставаў новы прадукт, і, мяркуючы па яго рэакцыі, гэты пармезан яму спадабаўся.
На сустрэчы з работнікамі прадпрыемства "Малочны свет" Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь захавала прадпрыемствы малакаперапрацоўчай прамысловасці, і гэта адно з дасягненняў дзяржавы.
Прэзідэнт у першую чаргу растлумачыў, чаму вырашыў прыехаць у Гродна: тут сышліся як асабістыя, так і дзяржаўныя інтарэсы. "Хацелася паглядзець на вядучае прадпрыемства ў вобласці і адно з лепшых у краіне. Гэта першае. Другое - асабістае. Гадоў 15 таму я спрабаваў вас пераканаць і падштурхнуць на шлях мадэрнізацыі тых малочных прадпрыемстваў (малаказаводаў, як мы іх называлі), якія былі ў нашай краіне. Гэта адно з вялікіх дасягненняў Беларусі нараўне з дрэваапрацоўкай. Мы своечасова абдумаліся і прывялі ў парадак гэтыя прадпрыемствы. Малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Беларусі ўсе вельмі добрыя. Калі б мы тады не зрабілі, не мелі б такога эфекту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: для яго наведванне такіх прадпрыемстваў калі не свята, дык натхненне. "Адчуваю, што ты неяк прыклаў намаганні да гэтай справы", - растлумачыў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанні дыверсіфікацыі экспарту. Ён падкрэсліў, што гэтым трэба займацца, каб не залежаць ад аднаго, няхай нават і самага прэміяльнага рынку. "Трэба абапірацца на многія кропкі. Чым больш гэтых кропак, тым больш устойлівая будзе сістэма, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы неяк прабіраемся, гандлюем, прадаём і нават у далёкае замежжа: вы ўжо і ў Сінгапур забраліся".
Прэзідэнт расказаў, што дамоўленасць аб пастаўках беларускай прадукцыі ў Кітай была дасягнута на вышэйшым узроўні, інакш туды трапіць практычна немагчыма.
"Гэта велізарны рынак, туды імкнуцца ўсе. І не такія "монстры" як мы. Мы для іх малышы. Але тым не менш яны з намі маюць добрыя адносіны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я не скажу, што ён заўсёды для нас прэміяльны, гэта значыць самы лепшы. Але гэта вельмі важна для дыверсіфікацыі. Трэба, каб мы прысутнічалі на многіх рынках. Тады мы не так будзем залежныя ад аднаго пакупніка. Таму мы прарваліся на гэты рынак, разгортваемся там".
Толькі "Малочны свет" у мінулым годзе паставіў у Кітай прадукцыі на $4,5 млн. Аб'ёмы ў параўнанні з 2019-м павялічыліся ў тры разы. У цэлым беларускіх прадуктаў харчавання ў КНР было адгружана на $250 млн.
Перспектыўным рынкам для харчовых тавараў Прэзідэнт таксама лічыць Пакістан і Індыю. "Мы з індусамі з савецкіх часоў у вельмі добрых адносінах. Яны вельмі добрыя людзі, стабільныя, пастаянныя. Але гандлюем мы з імі недастаткова, а рынак каласальны", - адзначыў ён.
Беларускія прадпрыемствы таксама паступова асвойваюць і рынак Еўрапейскага саюза. "Добра, што вы маеце адносіны з Еўрасаюзам і хоць крыху туды пастаўляеце гэтай прадукцыі. Калі ўжо сцежка пратаптана, па ёй можна будзе прайсці ў любы час, нягледзячы ні на якія ўзрушэнні ў нашых адносінах. Палітыка палітыкай часам, а бізнес бачыць свае шляхі і дарогі. Таму з імі не трэба губляць адносіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы з работнікамі "Малочны свету" Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, як фарміравалася падарачная карзіна з наборам прадуктаў для расійскага лідара Уладзіміра Пуціна, прэзентаваная ў Сочы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў такія падарачныя наборы, якія ўручаюцца замежным лідарам, у тым ліку і Уладзіміру Пуціну, заўсёды адбіраюцца харчовыя навінкі. І яго расійскі калега ніколі не скардзіўся на якасць перададзеных беларускіх прадуктаў, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Падарункі - гэта не проста ўзяў з прылаўка і паклаў. Гэта навінкі. Калі ў вас на той час былі навінкі, якіх раней не было ў сетцы, то напэўна там быў і ваш прадукт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, стаўленне Уладзіміра Пуціна і ў цэлым расіян да беларускай прадукцыі самае добрае.
Адказваючы на пытанні работнікаў прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокую канкурэнцыю на рынку сярод вытворцаў вакцын ад COVID-19. "Мяне вельмі насцярожвае апошнім часам "бойка вакцын". Некалькі трыльёнаў - рынак па вакцынах. І ўсе хочуць гэты кавалак адхапіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандра Лукашэнку насцярожвае і тое, што як быццам спецыяльна падаграваюць тэму пандэміі: рэгулярна паведамляецца аб з'яўленні ўсё новых штамаў каранавіруса. Аднак Прэзідэнт адзначыў, што пакуль не робіць на гэту тэму ніякіх адназначных высноў.
Ён нагадаў, што хутка ў Беларусі пачнуць вытворчасць расійскай вакцыны "Спадарожнік V", а да канца года чакаецца атрыманне і цалкам айчыннага прадукту. "Мы дазакупілі абсталяванне і будзем рабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў выніку было прынята правільнае рашэнне не спыняць прадпрыемствы і эканоміку ў цэлым. "Камусьці гэта патрэбна было. Той, хто спыніў прадпрыемствы, дагэтуль не можа разгарнуцца. Таму ніхто нічога не спыняў, і мы мелі рацыю. Сёння праз зубы, але выгаворваюць, што Лукашэнка меў рацыю", - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі прыкладуць усе намаганні дзеля здароўя і жыцця людзей: "Не перажывайце, асабліва па дзецях. А наша справа - абараніць вас ад гэтых розных штамаў. У нас хапае месцаў, і ў Гродзенскай вобласці ў тым ліку. Трэба правакцынаваць - не хвалюйцеся, усіх правакцынуем, хто захоча. Усім уколем".
Адно з пытанняў Прэзідэнту датычылася выклікаў і цяжкасцей, з якімі краіна сутыкаецца не толькі ў сучаснасці, але і на працягу гісторыі. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што трэба больш гаварыць моладзі аб тым, што перажыў беларускі народ.
"Моладзі мы мала гаварылі, што мы вытрымалі ў гэтай гісторыі, што мы пацярпелі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў, што на нарадзе ў Мінску якраз абмяркоўвалася тэма процідзеяння гераізацыі нацызму, а таксама пытанне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "На нашу зямлю прыйшлі, спальвалі ў тысячах вёсак у хлявах і іншым. Гэта быў самы сапраўдны, страшэнны генацыд. І беларусаў, і палякаў, і яўрэяў, і рускіх, і ўкраінцаў - усіх, хто тут жыў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вось мы збіраем матэрыялы, і мы цяпер усяму свету прад'явім. І тым, хто нас сёння дэмакратыі павучае, мы ім пакажам, дзе быў генацыд і што такое генацыд беларускага народа. Гэта значыць, мы гэтага "дабра" паспыталі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Чатыры гады - прыйшлі, раздавілі краіну, знішчылі - і пайшлі праз чатыры гады. Уявіце, у якой сітуацыі жылі нашы людзі. Жах. Хто ў зямлянках, хто як мог".
У ходзе размовы было згадана і пра гадавіну заключэння Рыжскага дагавора 1921 года, па якім беларускія землі аказаліся падзелены, і іх заходняя частка была аддадзена Польшчы. "А я ж яшчэ тады, да ўсіх гэтых бурных падзей (паслявыбарных. - Заўвага), у розных месцах пра гэта гаварыў і паказваў карту 1921 года. Заканчваючы выступленні перад актывам, я гаварыў: я не хачу, каб было вось так. І паказвалі карту на ўсю сцяну. Я адчуваў нутром. У мяне не было фактаў, як цяпер, але я адчуваў, што нас пачынаюць ірваць. Я часта гаварыў, што Беларусь - на разрыў. І Расія не можа нас страціць. Таму што апошняя апора тут".
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць народнага адзінства, асабліва ва ўмовах няпростага перыяду, які перажывае ўвесь свет. "Трэба быць бліжэй адзін да аднаго. Трэба гэта перажыць. Свет ашалеў, і людзі ў гэтым свеце страцілі арыентацыю. А ў гэты момант не трэба кідацца ў розныя бакі. Таму я і аб'явіў гэты год Годам народнага адзінства", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вядома, усе мы не будзем побач. Ёсць такія, якім многае не падабаецца. Трэба пацярпець. Пераважная большасць хочуць жыць мірна і спакойна. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што людзі баяцца страціць стабільнасць і парадак у краіне. Гэта дарагога каштуе. Людзі зразумелі, што яны маглі ці могуць страціць. І нам гэтага дапусціць нельга", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў адзін з эпізодаў пачатку сваёй прэзідэнцкай кар'еры. Гэта было звязана якраз з прыездам у Гродзенскую вобласць. "Калі я паглядзеў з верталёта на Гродзенскую вобласць, я жахнуўся. Я яе бачыў у савецкі час, гэта квітнеючы край быў. І ўбачыў пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта жах. Гэта не тое, што цяпер мы бачым. Гэта страшная была вобласць. Аралі толькі сярэдзіну поля, салома раскідана, ніхто не ўбіраў. Цяжкія часы. Вось гэта было самае страшнае", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што яшчэ напярэдадні выбараў папярэджваў аб тым, што можна страціць пры пэўным развіцці падзей: "Выступаючы, я заўсёды гаварыў, што нам гэта пагражае: людзі, прачніцеся, беларусы, вы можаце атрымаць гэта. Некаторыя гэтага не пачулі, у тым ліку ў Гродне. Вы ведаеце, хто і як. Таму я, будучы тут, хачу сказаць: пры мне гэтага не будзе".
"Мы будзем адзінай дзяржавай. Мы нікому не будзем кланяцца. Мы не будзем стаяць на каленях. Горш жыць мы не будзем толькі ў тым выпадку, калі вы будзеце трымаць галаву на плячах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Вельмі правільна ўкраінцы кажуць: беларусы не пужаныя, не бітыя. А я ім адказваю: а я не хачу, каб маіх беларусаў білі, як ва Украіне, і палохалі. Вось гэта катастрофа. Гэта страшна. Так, можа, недзе жывуць не горш. Але давайце скончым з гэтай пандэміяй і ўбачыце, дзе жывуць лепш, - дадаў беларускі лідар. - Жывём як можам, і не горш за іншых. Таму трымайцеся сваёй зямлі. Будуць у вас іншыя прэзідэнты. Я вам гарантую. Тады вы, параўнаўшы ўсё, зразумееце. А цяпер проста набярыцеся цярпення".
Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму канстытуцыйнай рэформы: "Апошнім часам, калі пайшла канстытуцыйная рэформа, камісія працуе, усе пачалі там папісваць: Лукашэнка паабяцаў Пуціну канстытуцыйную рэформу. Я ніколі нікому нічога не абяцаў, акрамя вось вас - уласнага народа. Якое дачыненне мае Расія да канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі? Ніколі гэта тэма не закраналася, акрамя як у агульных рысах", - заявіў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнт Расіі проста цікавіўся яго планамі, думкамі наконт гэтага.
"Зразумела, ні аб якім транзіце ўлады, як гэта ў Расіі гавораць... Транзіт улады адзін: выбары, народ выбраў. Усё. Ніякіх дзяцей, сваякоў. Я проста клянуся, гэтага ніколі не будзе. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі, я ўжо аб гэтым гаварыў. Старэйшы сын наогул пайшоў з дзяржслужбы (Віктар Лукашэнка выбраны прэзідэнтам НАК, а да гэтага, з'яўляючыся першым віцэ-прэзідэнтам НАК, таксама займаў пасаду памочніка Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы. - Заўвага)", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб супрацоўніцтве з Расіяй, падкрэсліўшы, што Беларусь заўсёды гатова ў братэрскім ключы выбудоўваць адносіны. "Калі браты, і хочаце, каб мы былі з вамі, - дабром падцягвайце нас", - сказаў ён. Размова ў першую чаргу аб магчымасці прадаваць і купляць тую ці іншую прадукцыю на адзіным рынку без нейкіх штучных бар'ераў і абмежаванняў, што часам мела месца. "Вось у нас была такая з ім размова. І тады беларусы ніколі не будуць глядзець ні налева, ні направа. Але калі вы нас пачынаеце штучна недзе нахіляць, прабачце, мы вымушаны адказваць", - сказаў Прэзідэнт.