Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
- 15
- 8:21
Свята Купалле заўсёды было нацыянальным здабыткам Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 ліпеня, наведваючы рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").
"Сёння мы зноў сабраліся тут, у адным з самых маляўнічых куткоў Беларусі. Сабраліся разам, каб захаваць настрой старажытнага народнага свята, якое заўсёды было нашым нацыянальным здабыткам", - сказаў Прэзідэнт.
"У ноч на Івана Купалу, дзе б мы ні жылі - у маленькай вёсцы або вялікім горадзе, мы імкнёмся туды, дзе гараць купальскія вогнішчы, рэкі і азёры ўпрыгожваюць вянкі з лугавых траў і кветак, гучаць любімыя мелодыі і песні. Мы імкнёмся туды - да сваіх вытокаў. Туды, дзе пачыналася. Таму што ў сэрцы кожнага прачынаецца невытлумачальнае жаданне стаць бліжэй да прыроды: удыхнуць водар лесу, сагрэцца каля агню і ўбачыць самае галоўнае - чыстае начное неба", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, важна тое, што гэта свята ў Александрыі дорыць не толькі радасць сустрэчы з роднымі, блізкімі і сябрамі, але на імгненне вяртае ў самую глыб стагоддзяў, дазваляе дакрануцца да старажытных ведаў, вопыту ўсіх пакаленняў і чалавецтва ў цэлым, нагадвае людзям пра тое, што яны дзеці роднай зямлі, якая спрадвеку належыць магутным плямёнам усходніх славян.
"Традыцыі, якія пакінулі нам гэтыя слаўныя, мудрыя і моцныя людзі тысячу гадоў таму, фактычна сталі часткай нашай культуры, пакладзены ў аснову сучаснага ўкладу жыцця. У іх ёсць усё, што сёння аб'ядноўвае нас, беларусаў, як народ. Гэта сакральныя веды аб прыродных стыхіях, гаючых травах і абярэгах. Веды, якія вучаць любіць прыроду, цаніць яе дары і берагчы прыгажосць, - сказаў беларускі лідар. - Гэта сувязь язычніцкіх абрадаў і хрысціянскіх сімвалаў, якая стала асновай верацярпімасці і талерантнасці. Гэта вытокі нашай адданасці традыцыйным каштоўнасцям, галоўныя з якіх - сям'я, клопат пра дзяцей, павага да старэйшых пакаленняў. Вось адкуль наш характар, нашы звычкі і нашы традыцыі - адтуль, з тысячагоддзя".
"Мы ведаем, што імкненне беларусаў да незалежнасці тлумачыцца непакорлівасцю і свабодалюбствам нашых продкаў, якія ніколі не былі ні рабамі, ні рабаўладальнікамі, - сказаў Прэзідэнт. - І ніколі ў гісторыі яны не былі агрэсарамі, але заўсёды імкнуліся захаваць мір і згоду з бліжэйшымі суседзямі. Таму адзінства народа Беларусі ў яго этнічнай, культурнай і канфесійнай разнастайнасці непахісна".
"Мы і сёння стараемся прытрымлівацца гэтых традыцый. Адсюль уся наша палітыка. Мы не прэтэндуем на чужыя землі. Мы не хочам назаляць нашым суседзям і далёкім народам. Мы хочам жыць у міры і згодзе з усімі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тэзісе: беларусы ніколі не былі рабамі або рабаўладальнікамі. "Вось таму мы і не можам сёння дазволіць сабе, каб пра нас думалі, што мы сталі рабамі. Тым больш мы не можам дазволіць сабе быць гэтымі рабамі. Мы - народ. Народ, які ўпершыню за сотні гадоў пабудаваў сваю незалежную і суверэнную дзяржаву, якая заўсёды адрозніваецца ад іншых сваім характарам, сваімі традыцыямі. Мы - беларусы, якім уласцівы ўсе нацыянальныя рысы як народа. Яны адтуль - з глыбіні. Гэта не я іх выдумаў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэспубліканскае свята не выпадкова называюць "Александрыя збірае сяброў": "Гэта таксама спрадвечная традыцыя - дзяліцца радасцю з тымі, хто прыходзіць у наш дом дзяліцца мірам і дабром. І мы, беларусы, заўсёды гатовы прыняць у сваю вялікую сям'ю ўсіх, каму блізкія нашы каштоўнасці і жыццёвы ўклад, наша гістарычная памяць".
Ён адзначыў, што на свяце выступалі прадстаўнікі розных краін і ўсе гэтыя гады яны дарылі ўдзельнікам і гасцям "Купалля" часцінку сваёй культуры. "Гісторыя купальскай ночы ў Александрыі не перарывалася, нягледзячы на пандэмію і знешнія палітычныя рознагалоссі. Так будзе заўсёды. Не стаў выключэннем і гэты год. Таму што захавальнікі гэтай традыцыі мы - народ, які выбірае свой лёс і жыццёвы шлях сваім сэрцам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка шчыра падзякаваў усім, хто стварае гэта свята, а таксама артыстам, музыкантам, якія ўпрыгожваюць гэты вечар сваім талентам і творчасцю. "Хацеў бы падзякаваць залатых рук майстрам, якія, нягледзячы на гэту афрыканскую спёку, прыехалі сюды, каб паказаць нам сваю творчасць", - сказаў Прэзідэнт.
"Няхай атмасфера любві, дружбы і згоды, якая пануе тут, падорыць усім нам, як магічная папараць-кветка, веру ва ўласныя сілы, натхніць на новыя здзяйсненні ў імя мірнай і шчаслівай будучыні роднай Беларусі", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.