Сустрэча па пытаннях тэрытарыяльнай абароны ў Шклове
- 13
- 6:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня ў Шклове правёў сустрэчу па пытаннях тэрытарыяльнай абароны.
Кіраўнік дзяржавы прыбыў у Шклоўскі райвыканкам, дзе яго сустрэлі Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, Дзяржаўны сакратар Савета Б яспекі Аляксандр Вальфовіч, а таксама прадстаўнікі мясцовых органаў улады. У час кароткай размовы перад мерапрыемствам Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў назначэнне намесніка старшыні Горацкага райвыканкама Андрэя Камко кіраўніком Шклоўскага раёна.
"Усе прысутныя тут разумеюць, наколькі вострае тое пытанне, якое мы будзем сёння абмяркоўваць, - пытанне забеспячэння нацыянальнай бяспекі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу. - За мінулы год мы на сабе адчулі, як дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне, эканамічны, палітычны націск, якія ішлі з Захаду, уплывалі на светапогляд нашых людзей і штурхалі некаторых з іх фактычна на здрадніцтва ўласнаму народу. Заўсёды неабходна даваць адпор такім дзеячам, каб у памяці ворага ён застаўся на многія гады. І на гэта здольна толькі ўсенародная абарона, калі мы ўсе будзем абараняць сваю зямлю".
Прэзідэнт адзначыў, што прынятае 20 гадоў таму рашэнне аб стварэнні тэрытарыяльнай абароны за гэтыя гады пацвердзіла сваю мэтазгоднасць. "Рашэнне было аб'ёмнае і, напэўна, адносна нятаннае. Я заўсёды перажываў: трэба рабіць, не трэба. Сёння мы перакананы, што зрабілі правільна. Гэта трэба было рабіць", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, аб'яднанне мясцовых улад з насельніцтвам умацоўвае здольнасць краіны процідзейнічаць знешнім і ўнутраным пагрозам. "У пытаннях развіцця тэрытарыяльнай абароны мы зрабілі нямала: як ваенныя мне дакладваюць, удасканалены спосабы выканання задач, забяспечана ўзгодненасць дзеянняў розных сілавых структур, павышана аператыўнасць, устойлівасць сістэмы кіравання тэрытарыяльнай абароны. Праводзіцца мэтанакіраваная падрыхтоўка службовых асоб - ад губернатараў да камандзіраў рот і радавых байцоў тэрытарыяльных войскаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама вядзецца планамерная работа па забеспячэнні ўзбраеннем і тэхнікай, накопліваюцца матэрыяльныя сродкі для патрэб тэрытарыяльнай абароны гарадоў і раёнаў. "Узбраенне ўвогуле добрае, толькі трэба яшчэ раз праверыць (што мы і будзем рабіць на працягу гэтага і будучага года), наколькі ў спраўным стане знаходзяцца зброя і боепрыпасы", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Рыхтуюцца да абароны ад розных замахаў і аб'екты, неабходныя для работы эканомікі, забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў пачатку тыдня наведваў прадпрыемствы па вытворчасці стралковай зброі і боепрыпасаў. Да іх стварэння якраз і падштурхнула неабходнасць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу войскаў тэрытарыяльнай абароны. "У выпадку канфлікту кожны двор, кожны дом, галава сям'і, прынамсі, павінны змагчы абараніць сваю сям'ю, сябе і, зразумела, усе разам тую зямлю, тэрыторыю, на якой яны жывуць. Вось гэта будзе ўсенародная абарона", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, узровень падрыхтоўкі кіраўнікоў на месцах мае асаблівую значнасць у пытаннях тэрытарыяльнай абароны. "Ад таго, наколькі поўна яны валодаюць станам спраў з падрыхтоўкай сваіх падначаленых, ведаюць задачы і спосабы арганізаваць іх выкананне, залежыць агульны поспех у арганізацыі тэрытарыяльнай абароны, - сказаў Прэзідэнт. - Генеральны штаб, кіраўніцтва арміі і краіны дапаможа вам, і ваенных прышлём для сувязі і дапамогі ў кіраванні арганізацыяй работы тэрытарыяльнымі войскамі. Але гэта будзе адзін-два чалавекі. Хутчэй за ўсё, можа, нават кантралёр. Нам самім на месцах - старшыням райвыканкамаў і аблвыканкамаў - трэба навучыцца ваяваць. Трэба ведаць свае аб'екты, якія вы будзеце ахоўваць, ведаць кожнага чалавека ў твар".
Таксама кіраўнікі на месцах павінны забяспечыць хуткую мабілізацыю грамадзян, якія падпадаюць пад мабілізацыю. "Вы павінны ведаць, дзе яны знаходзяцца, каб не 5-6 месяцаў мы іх адмабілізоўвалі, а, калі патрэбна, паднялі па трывозе і на працягу сутак яны прыехалі да вас", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму забяспечанасці транспартнымі сродкамі ў час мабілізацыі. "Усе кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе гэта тэхніка сканцэнтравана, у мірны час павінны ведаць, што гэта тэхніка падлягае мабілізацыі", - адзначыў ён.
"Словам, у любы момант прыехалі, паднялі па трывозе, трое сутак - і ўсе на месцах, ахоўваюць тыя аб'екты, якія трэба тут ахоўваць, - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. - Да гэтага ў краіне ўсе павінны рыхтавацца пасля сённяшняга мерапрыемства. Адна з мэт сустрэчы - даць сігнал на месцы, каб яны такім жа чынам у кожнай зоне (у нас іх 7), у кожным раёне былі гатовы адмабілізавацца ў той тэрмін, у які будзе прынята рашэнне Прэзідэнтам. Каб усе пачулі адсюль, з гэтага кабінета, сігнал да таго, што ўсе павінны быць гатовы".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што галоўным памочнікам улады ў тэрытарыяльнай абароне з'яўляюцца мясцовыя органы ваеннага кіравання - ваенныя камісарыяты. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалькі гадоў таму яму прапаноўвалі перадаць ваенныя камісарыяты ў падначаленне мясцовых органаў улады. Тады Прэзідэнт не прыняў гэтыя прапановы, каб не ламаць добра працуючую сістэму. "Тут вельмі важна не толькі спалучэнне мясцовых ваенных камісарыятаў з Міністэрствам абароны, але і кіруемасць краіны павінна быць, мясцовых органаў улады, старшынь райвыканкамаў, аблвыканкамаў. Вось мяне тады насцярожвала, каб мы не зрабілі горш у гэтай рэарганізацыі, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Але гэта пытанне не знята, мы можам яго разглядаць і далей. Таму калі будуць разумныя, пераканаўчыя прапановы аб рэарганізацыі ваеннай вертыкалі, мы можам іх разгледзець. Але справа не ў гэтым. Пакуль працуе нядрэнна ў плане кіруемасці і тая сістэма, якая ў краіне існуе".